ультыма́тум, ‑у, м.

1. Дыпламатычная нота з рашучым катэгарычным патрабаваннем, невыкананне якога пагражае разрывам дыпламатычных адносін і прымяненнем сілы. Часовы ўрад не прыняў і паўторнага ультыматуму. Гурскі.

2. Разм. Катэгарычнае патрабаванне чаго‑н., якое суправаджаецца пагрозай. [Усевалад:] — Вы ставіце мне ультыматум: або працуй так, як мне трэба, або — не гамінай. Скрыган. Мы ўжо ведалі: чуць што не так — доктар адразу ставіць ультыматум. Шамякін.

[Лац. ultimatum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́клік, ‑у, м.

1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.

2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.

3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адмаўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. аднаўляць — адмовіць і адмаўляцца — адмовіцца. // Адмоўны адказ на просьбу, патрабаванне і пад. [Лінкевіч] уяўляў, што яго просьбу можа задаволіць старшыня, і таму зразумеў словы Шаманскага, як адмаўленне. Дуброўскі.

2. Непрызнанне чаго‑н. Сіла рамана [«Трэцяе пакаленне»] Кузьмы Чорнага ў адмаўленні старога і сцверджанні новага, у вялікай мастацкай праўдзе, з якой робіць гэта. Галавач.

3. Тое, што фактам свайго існавання адмаўляе, выключае магчымасць існавання чаго‑н. іншага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́зунг, ‑а, м.

1. Заклік, які выражае ў кароткай форме кіруючую ідэю, задачу, патрабаванне. Выставіць лозунг. □ Рабочыя пачынаюць пераходзіць ад эканамічных стачак да стачак палітычных, да арганізацыі палітычных дэманстрацый пад баявым лозунгам «Далоў самадзяржаўе!». «Полымя». // Вядучы, галоўны прынцып чаго‑н. Праз усю дакастрычніцкую творчасць .. [Купала] пранёс, як сцяг, свой гуманістычны лозунг «людзьмі звацца». Івашын.

2. Плакат з такім заклікам. Прыбраная сцягамі, лозунгамі на шырокіх чырвоных палотнішчах .. электрастанцыя стаяла, нібы ў казцы. Шамякін.

[Ням. Losyng.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задаво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; заг. задаволь; зак., каго-што.

1. Выканаць, ажыццявіць чыё‑н. патрабаванне, жаданне і пад. Задаволіць попыт спажыўцоў. □ Нікіфаровіч ахвотна задаволіў .. просьбу [Шавейкі]. Броўка. // Заспакоіць, наталіць. Хлопцы ж, сярод іх і Барыс, мелі добры апетыт, але не заўсёды мелі чым яго задаволіць. Лось. Я застаюся адна. І ніяк не магу задаволіць сваю прафесійную цікавасць: з кім я еду, хто мой сусед... Васілевіч.

2. Даць, прынесці каму‑н. задавальненне чым‑н. Адказ зусім задаволіў маладую жанчыну, а Пракоп адчуў некаторую палёгку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́пытпатрабаванне на рабочую сілу, тавар, патрэба’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), укр. по́пит ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба; папулярнасць’, польск. popyt ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба, папулярнасць’. Насуперак Банькоўскаму (2, 702), які лічыць польск. popyt калькай ням. Nachfrage ’тс’, можа разглядацца як самастойнае славянскае аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- і семантыкай выніковасці дзеяння ад пытацца (гл.), як і шэраг падобных утварэнняў, параўн. пабо́р, пада́так, паку́пка, рус. побо́р, поку́пка, по́дать, польск. pobór, podatek, ст.-польск. pokup, popłat, podaz, чэш. poptávka, славац. poplatok ’плата, збор’, славен. poprašanje ’запрос, пытанне, апытванне’, poplača ’заробак’, popúst ’зніжка’, якім адпавядаюць рознапрыставачныя, у тым ліку беспрыставачныя формы з ням. мовы: Kauf ’пакупка’, Lohn ’заробак’, Befrage ’запрос’, Unterlass ’зніжка’ і інш. У першасным значэнні попыт, імаверна, азначала ’запытанне, распытванне пра належнасць тавару’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спрос м.

1. (действие) запыта́нне, -ння ср.; папыта́нне, -ння ср.; патрабава́нне, -ння ср., спагна́нне, -ння ср.; см. спроси́ть 1—3;

уйти́ без спро́са пайсці́ без папыта́ння;

2. (требование на товары) эк. по́пыт, -ту м.;

спрос вызыва́ет предложе́ние по́пыт выкліка́е прапанава́нне.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́клік, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выкліка́ць — вы́клікаць (у 1 знач.); выкліканне.

2. Патрабаванне, запрашэнне з’явіцца куды‑н. З’явіцца па выкліку. □ [Ваўчок:] — Антон Ягоравіч прывёз тэлеграму з выклікам на рэспубліканскую нараду дырэктараў эмтээс і іх намеснікаў. Хадкевіч. Валя з дня на дзень чакала выкліку на экзамены, а з педвучылішча не было ніякай весткі. Васілевіч. // Запрашэнне, прапанова ўдзельнічаць у чым‑н. — Выклік на.. спаборніцтва прымаем, — сказаў Тамаш. Гурскі.

3. Гатоўнасць уступіць у барацьбу. Кінуць выклік грамадству. □ Дуб стаяў нерухома, з горда прыўзнятай вершалінай-галавой, нібы кідаючы выклік грознай стыхіі. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыка́л 1, ‑а, м.

1. Матэматычны знак (√), якім абазначаюць дзеянне здабывання кораня, а таксама вынік здабывання кораня.

2. Устойлівая група атамаў, здольная пры хімічных пераўтварэннях пераходзіць без змен з малекулы аднаго рэчыва ў малекулу другога.

•••

Свабодныя радыкалы — кінетычна незалежныя часцінкі, якія характарызуюцца наяўнасцю няспараных электронаў.

[Ад лац. radicalis — карэнны.]

радыка́л 2, ‑а, м.

1. У капіталістычных краінах — член палітычных партый, у праграмах якіх змяшчаецца патрабаванне дэмакратычных рэформ у рамках і ў інтарэсах буржуазнай дзяржавы. Партыя радыкалаў.

2. Прыхільнік крайніх поглядаў, рашучых дзеянняў. Малады і даволі вядомы прафесархімік Палынскі, вядомы ў Пецярбургу як крайні радыкал у сваіх палітычных перакананнях, прыехаў да .. [Пілацеева] на час летніх вакацый. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ля, -і, ж.

1. Здольнасць ажыццяўляць свае жаданні, пастаўленыя перад сабой мэты.

Сіла волі.

Выхаванне волі.

2. да чаго. Свядомае імкненне да ажыццяўлення чаго-н.

В. да перамогі.

3. Жаданне, патрабаванне.

Дыктаваць сваю волю.

Апошняя в. (запавет).

4. Улада, права.

Гэта ў тваёй волі.

Ваша добрая в. або в. ваша (рабіце, як лічыце патрэбным). На волю лёсу (без падтрымкі, дапамогі, нагляду).

5. Свабода ў праяўленні чаго-н.

Даць волю пачуццям.

Рукам волі не давай (не біся).

6. Свабода, незалежнасць; проціл. няволя.

Змагацца за волю і незалежнасць народа.

7. Становішча, пры якім жыццё чалавека, жывёл, птушак не абмежавана ўмовамі зняволення.

Выйсці на волю.

Выпусціць жураўля на волю.

8. Прастор, прыволле.

Тут дзецям в.

|| прым. валявы́, -а́я, -о́е (да 1 і 4 знач.).

Валявыя рашэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)