хілі́ць, хілю́, хі́ліш, хі́ліць; незак.

1. што. Прыгінаць уніз, нахіляць.

Вецер хіліць бярозку да зямлі.

2. што. Нахіляць набок.

Вецер хіліў лодку.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго-што і безас. Ахопліваць, адольваць каго-н. (пра сон, дрымоту).

Яго хіліць сон.

Дзяцей хіліла на дрымоту.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., на што. Хіліцца, набліжацца да чаго-н.

Хіліла (безас.) ужо на вечар.

5. перан., што да чаго, куды і без дап. Накіроўваць да чаго-н. (думку, справу і пад.).

Было зразумела, куды ён хіліць гутарку.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., каго да каго-чаго. Прыцягваць, вабіць; гарнуць, цягнуць.

Сумны настрой не хіліў да песень.

Яго хіліла (безас.) да навукі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

наваро́чаць сов. (во множестве)

1. (ворочая, наложить, набросать) навороти́ть, наворо́чать;

н. ку́чу каме́ння — навороти́ть (наворо́чать) ку́чу камне́й;

2. (повалить набок, перевернуть кверху дном) опроки́нуть, повали́ть;

бура́н наваро́чаў мно́га дрэў — бура́н опроки́нул (повали́л) мно́го дере́вьев;

3. см. навярну́ць 1

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

узвы́ць, ‑выю, ‑выеш, ‑вые; зак.

Разм. Нечакана завыць, пачаць выць (пра жывёл). / Пра плач, крык чалавека. [Малады чалавек] адпіхнуў Косцю набок. — Я цябе зараз!.. — узвыў Шмыг, узняў угору кулак. Мыслівец. / Пра вецер, матор і пад. Узвыла паветра пад гарачым свістам снарадаў. Лынькоў. Узвыў рухавік, і серабрысты знішчальнік камандзіра палка памчаўся на старт і з ходу пайшоў на ўзлёт. Алешка. // перан. Прыйсці ў стан адчаю, жаху. У павеце падпалена некалькі памешчыцкіх маёнткаў і асадніцкіх фальваркаў .. Памешчыкі .. узвылі. Дамагаліся ад стар[а]сты паслаць усе сілы, якія ёсць, на ратаванне маёнткаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хілі́цца, хілю́ся, хі́лішся, хі́ліцца; незак.

1. Прыгінацца ўніз, нахіляцца, нагінацца.

Да вады хіліліся вербы.

Буйныя каласы хіліліся да зямлі.

2. Нахіляцца набок.

Судна пачало х. на той бок, дзе была прабоіна.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., да чаго. Набліжацца да чаго-н., да якой-н. мяжы.

Кароткі снежаньскі дзень хіліўся да вечара.

Час хіліўся да восені.

4. перан., перад кім-чым. Здавацца, пакарацца.

Не нам х. перад цяжкасцямі.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Накіроўвацца, ісці да чаго-н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.).

Было відавочна, куды хіляцца падзеі.

Справа хіліцца ў патрэбным напрамку.

6. Туліцца, гарнуцца да каго-н.

Хлопчык хіліўся да матулі.

7. перан. Мець цягу, сімпатыю да каго-н.

Сын больш хіліўся да бацькі, чым да маці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перакулі́цца, ‑кулюся, ‑кулішся, ‑куліцца; зак.

Разм. Перавярнуцца дном, нізам уверх; паваліцца набок, абярнуцца. На павароце каля моста машына з’ехала пад адхон і перакулілася. Жычка. Бітончык, неасцярожна крануты нагою, перакуліўся, і малако пацякло па пыльным тратуары. Пальчэўскі. // Упаўшы, перавярнуцца на спіну, перакаціцца. Варона перакулілася дагары, выставіла ногі з сагнутымі кіпцюрамі і падрыхтавалася да абароны. Якімовіч. // Перавярнуцца цераз галаву. Цела мешкавата перагнулася, перакінулася цераз галаву і пляснула нагамі ў ваду. Лобан. // Перакінуцца цераз каго‑, што‑н. Перакуліцца цераз плот. □ [Міхась] не мог супакоіцца, пакуль знясілены, паранены ў абедзве нагі, той [Сёмка Ларывонаў] пад раніцу не перакуліўся цераз бруствер траншэі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сусе́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да суседа, належыць яму. Суседская хата. Суседская дачка. □ Пачнеш араць — глядзі, каб незнарок суседскі не крануць шнурок. А. Вольскі. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку. С. Александровіч. Калі ў суседскім садзе пачынаюць пунсавець гронкі рабіны, значыць, лета канчаецца. Кандрусевіч. // Які мае адносіны да суседзяў і іх узаемаадносін. Супрацоўніцтва [партызан] з мясцовым насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль.

2. Які жыве па суседству. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначніка, .. [Вася] бадзёра на[йгра]ваў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.

2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.

3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.

4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Аслабіць, адпусціць крыху што‑н. туга нацягнутае, закручанае. Паслабіць гайку. □ Варанецкі лёгка саскочыў з сядла, паслабіў каню папругі і пусціў яго папасвіцца. Дуброўскі. Сева расшпіліў кашулю, паслабіў гальштук і ссунуў яго набок. Карпаў.

2. перан. Знізіць, аслабіць сілу, напружанасць чаго‑н.; зменшыць размах, інтэнсіўнасць чаго‑н. Новая бяда на нейкі момант паслабіла .. ўвагу [Веры Паўлаўны] да дзяцей. Якімовіч. Віктар нічога не гаварыў, толькі часта заглядваў у праект, я адчуваў набліжэнне бурнай размовы, але ніякіх захадаў не рабіў, каб яе паслабіць. Савіцкі. Ваяўнічая, неспакойная, якой мы ведалі заўжды байку, сёння ў некаторых нашых байкапісцаў як бы паслабіла сваю адказнасць перад грамадствам. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разміну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Ідучы адзін другому насустрач, не сустрэцца; разысціся. Каб не размінуцца з Янкам, Лабановіч рашыў зайсці на яго ранейшую кватэру. Колас. А Жэня магла б і размінуцца з калонай, не заўважыць чалавека ў цывільным. Кулакоўскі.

2. Разысціся пры сустрэчы, не дакрануўшыся адзін да другога; не зачапіўшы адзін другога. — Пане Сурвіла, — сказаў вусаты шляхціц, — падайцеся крыху набок, і мы пройдзем паўз вас, размінёмся. Чорны. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі. // Прайсці міма, не прыпыняючыся адзін каля другога. Глянулі [падпольшчыца і Клумаў] адзін на аднаго, ён пазнаў яе, не гледзячы на «маскарад», кіўнулі адзін аднаму — і размінуліся. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакулі́ць, ‑кулю, ‑куліш, ‑куліць; зак.

Разм.

1. каго-што. Перавярнуць уверх дном, нізам; паваліць набок, абярнуць. Перакуліць човен. Перакуліць воз. □ Конь ірвануў убок і перакуліў сані. Корзун. // што. Выліць, вываліць змесціва якой‑н. пасудзіны, перавярнуўшы, паваліўшы яе. Буйка замітусіўся па кузні, перакуліў вядро вады, і яна разлілася на ўтрамбаваную ботамі зямлю. Даніленка. // каго. Перавярнуць цераз галаву, нізам уверх, на процілеглы бок. Магутная плынь прагна падхапіла .. [Макоўчыка], панесла, упарта стараючыся перакуліць на спіну. Мележ. // каго-што. Нагвуўшы, перакінуць цераз каго, што‑н. Перакуліць цераз борт. □ Ігнась кінуўся на спіну, падхапіў за ногі Ключэню і перакуліў цераз сябе. Чарнышэвіч.

2. што. Выпіць да дна (чарку, шклянку і пад.). Позірк .. [Рамана] упаў на бутэльку з гарэлкай. Ён, нічога не думаючы, наліў шклянку і перакуліў яе ў рот. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)