КРЭН (ад галанд. krengen класці судна на бок),

нахіл набок судна або лятальнага апарата. У судна К. узнікае пры несіметрычнай загрузцы і ўздзеянні хваль у час бартавой качкі, вымяраецца крэнометрам; у лятальнага апарата К. узнікае пры разваротах і інш. манеўрах, вымяраецца авіягарызонтам.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА курэй яечнага кірунку. Выведзена скрыжаваннем пеўняў пароды легорн с мясц. курамі. Прамысл. значэння не мае, гадуецца ў прыватных гаспадарках.

Паводле целаскладу падобныя да курэй легорн, адрозніваюцца высокай жыццяздольнасцю. Грэбень лістападобны, прамастойны ў пеўняў, звіслы набок у курэй. Апярэнне белае. Дзюба і лапы жоўтыя. Маса пеўняў 2,9—3,2, курэй 2,1—2,2 кг. Яйцаноскасць 200—230 яец за год, маса яйца 58—60 г. Не наседжваюць.

М.​Ц.​Гарачка.

Руская белая парода курэй.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ КУРАПА́ТКАВЫЯ КУ́РЫ,

парода курэй яечнага кірунку прадукцыйнасці. Вядомы таксама пад назвай карычневых, ці бурых, легорнаў.

Выведзены ў Італіі на аснове мясц. курэй. На Беларусі гадуюць птушкаводы-аматары.

Тулава выцягнутае, звужаецца да хваста. Галава невял., дзюба жоўтая, грэбень лістападобны, вялікі, у курэй звісае набок, у пеўняў прамастойны, вушныя мочкі белыя. Апярэнне курэй карычнева-шэрае з залаціста-жоўтай грывай, канцы крылаў і рулявое пер’е хваста чорныя; у пеўняў чырвона-карычневае тулава і чорны хвост з зялёным адценнем. Жывая маса дарослых пеўняў 2,5, курэй 1,8 кг. Яйцаноскасць — 200 і больш яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія курапаткавыя куры.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГО́РН,

асноўная яйцаноская парода курэй. Выведзена ў Італіі ў 19 ст. скрыжаваннем італьян. белых курэй з міноркамі, іспанскімі, байцовымі і інш. пародамі, у 1852 завезена ў ЗША, дзе палепшана. Назва ад італьян. г. Ліворна (англ. Leghorn). Разнавіднасці Л. адрозніваюцца складам цела, формаю грэбеня.

Сярэдняя маса пеўняў 2,5—2,7, курэй 1,8—2 кг. Апярэнне шчыльнае, белае. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, хвост прыўзняты, доўгі, з моцна развітымі коскамі. Грэбень лістападобны, звіслы набок. Нясуцца з 4,5—5 мес. Яйцаноскасць да 300 і больш яец за год. Маса яйца да 62 г. Не наседжваюць На Беларусі выведзены высокапрадуктыўны 3-лінейны крос Беларусь-9. Племянная работа вядзецца на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі (г. Заслаўе, Мінскі р-н) і на племптушказаводзе «Івянецкі» (Валожынскі р-н).

М.​Ц.​Гарачка, Л.​Л.​Галубкова.

Легорн.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)