Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус. опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус. опри́чь ’апрача’, дыял. опричи́, опро́чь, опрочи́, укр. опрі́ч, опрі́че, дыял. опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск. oprócz, prócz ’апрача’, памор. proč ’тс’, ст.-польск. oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен. opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус. прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав. прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыилішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск. precz > бел. прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус. прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш. pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр. опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел. опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьный ’асобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз 1, ‑у; мн. разы, ‑оў; м.

1. У спалучэнні з колькаснымі і неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі або без іх абазначае аднакратнасць дзеяння. Раз на тыдні прыязджаў бацька, прывозіў харчы. Мурашка. Тры разы на дзень Вася мяняе ваду, чысціць клетку. Пальчэўскі. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. Лепш, адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Прыказка. // З парадкавымі лічэбнікамі і з прыметнікамі ўказвае, каторы раз адбываецца дзеянне. [Рыбак:] — Закінуў другі раз вудку. Зноў той шчупачышча-дурнішча папаўся. Якімовіч. [Валя] чакала, .. што Мішка нарэшце пачне, скажа ёй тое, што яна ўжо мо тысячны раз (ды дзе там тысячны!) кажа яму ўсёй душой. Брыль. Нецярпліва перабіралі нагамі сапуноўскія коні, не разумеючы, відаць, што апошні раз вязуць сваіх гаспадароў. Асіпенка.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і ўказальнымі займеннікамі ўказвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў. У мінулы раз. □ Стрэльбу [Лаўрэну] пан купіў новую — на гэты раз двухстволку. Якімовіч. Нячутна носяцца кажаны, кожны раз знячэўку нагадваючы летам птушак. Брыль.

3. У спалучэнні з прыназоўнікам «у» і колькаснымі або неазначальна-колькаснымі лічэбнікамі выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта або аб’екта дзеяння, якой‑н. уласцівасці і пад. [Лясніцкі:] — Трэба дабіцца, каб да мая месяца мы выраслі ў шмат разоў, арганізавалі новыя атрады. Шамякін. Дзесяць варожых эшалонаў — асабісты рахунак Кастуся. Рахунак брыгады.. трохі большы, — прыблізна разоў у дзесяць — пятнаццаць. Брыль.

4. нескл.; у знач. кольк. ліч. (пры падліку). Адзін. «Раз... два... тры» — лічыць Цімох і раптам .. грымнуў выбух. Колас. / у знач. пабочн. [Толя:] — Адзін я ўсё роўна сажалкі не выкапаю. Гэта раз. А па-другое, жывучы разам, адной сям’ёй, хіба можна думаць толькі пра сябе? Рунец.

•••

Аднаго разу — аднойчы.

Ва ўсякім разе — а) пры любых абставінах. Ва ўсякім разе ў партызана павінна быць вінтоўка і шырокі патранташ, які замяняе яму папругу. Якімовіч; б) (у знач. пабочн.) усё-такі.

Вось табе і раз гл. вось.

Другі раз — тое, што і іншы раз.

Другім разам — калі-небудзь, не цяпер.

За раз — у адзін прыём.

Іншы раз — часам, у некаторых выпадках.

Не раз (і не два) — многа разоў, неаднаразова.

Ні ў якім разе — ні пры якіх умовах, ні пры якіх абставінах; ніколі.

Па той раз — пасля таго; з таго часу (не паўтараецца што‑н.).

Раз-два і гатова — вельмі хутка, зараз жа.

Раз-другі — некалькі разоў (пра невялікую колькасць).

Раз за разам — тое, што і раз-пораз.

Раз (і) назаўсёды — канчаткова, рашуча, беспаваротна.

Раз на раз не прыходзіцца — не заўсёды бывае аднолькава.

Раз плюнуць гл. плюнуць.

Раз-пораз; раз-поразу — бесперапынна, пастаянна, зноў і зноў.

Раз у раз — у такт, адначасова.

Самы раз; у самы раз — а) тады, калі трэба, у час, у патрэбны момант. — Няйначай, як папаўненне. А добра, у самы раз! Лынькоў; б) каму якраз падыходзіць хто‑н. або што‑н. [Настаўнік:] — І пра зямлю ў іхняй праграме так як след сказана. У самы раз мужыку гэтая партыя. Галавач; в) добры, такі, як трэба; добра, так, як трэба. Два акны на вуліцу, тры ў двор, самы раз хата. Ермаловіч. — Каля акна яно бывае холадна, а вось тут самы раз. С. Александровіч.

У такім разе — у такім выпадку, калі ўжо так выйшла.

раз 2, прысл.

Аднойчы. — Вось неяк раз прапала ў пана пара валоў. С. Александровіч. Раз убачыў Толяк: бялявы .. хлапец пайшоў з Зосяю раней, як заўсёды. Чорны.

раз 3, злучнік умоўны.

Ужываецца ў даданых умоўных сказах, у якіх умова з’яўляецца абгрунтаваннем таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то», «дык»); калі (у 2 знач.). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае. Колас. [Слімак:] — Я закону заўсёды падпарадлуюся. Раз абавязаны зарэгістравацца, значыць і выконваю. Лынькоў. — Мала ведаць, трэба дамагацца, раз ты чаго хочаш. На гэтым свет стаіць і стаяць заўсёды будзе. Чорны. І ў спалучэнні са злучнікамі «а», «і», якія ўзмацняюць, падкрэсліваюць умову. [Перагуд:] Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. каго-што, без дап. і з дадан. сказам. Заўважыць, прыкмеціць; згледзець. Зямлянкі былі пабудаваны так, што іх адразу нельга было ўгледзець — глыбока ў зямлі, пад разлапістымі дрэвамі. Шчарбатаў. Звечарэла. Перастала імжыць, аціхла, — не ўгледзелі калі. Пташнікаў. [Аўгінка] выйшла з двара на агароды, а адтуль .. пачала выбірацца на дарогу, каб не ўгледзелі суседзі, куды пайшла. Асіпенка. Зінаіда Антонаўна, абышоўшы забалочаны ўчастак, угледзела, што ўжо вечарэе. Кавалёў. // Успрыняць зрокам, убачыць. Насця азірнулася, каб лішні раз угледзець Васькаву постаць. Лынькоў. Тутэйшыя майстры стараліся так аформіць вазкі, каб яны яшчэ і цешылі вока кожнага, хто іх угледзіць. «Помнікі».

2. каго-што і без дап. Апынуўшыся дзе‑н., атрымаць магчымасць самому пабачыць што‑н. А пойдзеш, у Ліпава лясамі, Напэўна стрэнешся з ласямі, І зайца ўгледзіш і вавёрку. Колас. Каб хату пабачыць бедную, І неба, дзе бусел ляціць, Каб могілкі мог я ўгледзець, Дзе маці мая ляжыць. Караткевіч. // Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. [Рыгор:] — Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй. Гартны. Можа больш я ніколі не ўгледжу ні Сяргейкі, ні Марылькі. Сабаленка.

3. за кім-чым. Разм. Дагледзець, прасачыць за кім‑, чым‑н. Паколькі брыгада цяпер вялікая ды разбіта на звенні, аднаму брыгадзіру цяжка ўгледзець за ўсім і ўсімі. Кулакоўскі. [Суседка:] — Ці ж угледзіш за ёй [Надзяй] такою, ці ж утрымаеш у хаце!.. Галавач.

4. каго-што. Паглядзеўшы на каго‑, што‑н., выявіць, заўважыць, адкрыць для сябе што‑н. [Турсевіч] яшчэ раз акінуў поглядам Лабановіча, нібы хочучы ўгледзець яго прытоеныя мыслі. Колас. І які куток гаспадаркі ні ўзяць, усюды ўгледзіш парадак, руплівасць. «ЛіМ». // Выявіць, распазнаць скрыты сэнс, прыкметы чаго‑н. у кім‑, чым‑н. Зорын ажывіўся, ён у субяседніку ўгледзеў сталага чалавека, які разумее і цэніць яго работу. Гурскі. Ва ўсёй гэтай кароткай і такой звычайнай гісторыі капітан Крайко чамусьці ўгледзеў невялічкую недакладнасць. Ваданосаў.

5. што. Устанавіць, выявіць, знайсці, убачыць што‑н. Крытыка, як вядома, ацаніла аповесць [«Адшчапенец» Коласа] даволі стрымана, угледзеўшы ў ёй нямала хібаў і ўпушчэнняў. Мушынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак.

1. што. Спыніць, затрымаць што‑н. у час руху. Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага. Караткевіч. // Заўважыць, сустрэць (позірк, усмешку і пад.). [Васіль] хмурна адарваў вочы, .. паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Мележ.

2. каго. Затрымаць, спыніць каго‑н. У доўгім інстытуцкім калідоры [Антанюка] перахапіў зяць. Шамякін. Адразу пасля прыёму.. два браты Таркайлы перахапілі.. [Алеся] і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Караткевіч. Сказалі [казакі], з каровамі ды авечкамі мы далёка не заедзем: немец насцігне і перахапіць нас з усім нашым скарбам. Якімовіч. Пасля адной з .. удалых вылазак Марата партызаны перахапілі важнага гітлераўскага начальніка. В. Вольскі. // каго-што. Ідучы наперарэз, перагарадзіць шлях, дарогу каму‑н. І ніхто яго [самалёт] у такую ноч не перахапіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Шамякін.

3. каго-што. Захапіць каго‑, што‑н., прызначанае для іншых; схапіць раней за іншых. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне. Лынькоў. Хутка зайгралі танга, юнак амаль подбегам падаўся да Чыліты, баючыся, каб яе не перахапілі. Скрыпка. // Захапіць што‑н. чужое ў час дастаўкі, перадачы адрасату. Фашысты маглі перахапіць і расшыфраваць... [радыёграму], і тады смельчакоў чакаў верны правал. Шашкоў. «А што калі перахапіць пісьмо?! Перахапіць — і канцы ў ваду», — працяла Веньку нечаканая думка. Шыловіч.

4. каго-што. Абвязаць, абвіць, аперазаць; перавязаць. Гэткім жа лоўкім рухам .. [Коўбец] адразу ж перахапіў аорту і, спыніўшы кровацячэнне, пачаў сцягваць яе швом. М. Ткачоў.

5. што. Размясціцца ўпоперак чаго‑н. А праз масток, які перахапіў .. [рэчку] ў адным месцы, на сядзібу РТС узыходзіла дарожка. Гроднеў.

6. што. Сціснуць спазмай. Там сядзела Мацючыха. Хацелася крыкнуць, каб і яе сюды, за гэты паркан, але нешта перахапіла голас, і Галя хуценька выбегла з залы на свежае паветра. Сабаленка. Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла перахапіў пякучы боль. Гамолка. / у безас. ужыв. Сэрца неяк тужліва сціснулася і ў горле адразу перахапіла. Алешка.

7. што. Схапіць, абхапіць рукамі што‑н. інакш або ў другім месцы. Дотык пальцаў з чырвоным лакам манікюру на пазногцях быў непрыемны, і Васіль непрыкметна, нібыта трэба было перахапіць лейцы, вызваліў руку. Савіцкі.

8. што і чаго. Пазычыць на кароткі час. Лепш перахапіць у каго лішні рубель, чым ісці ды ніякавата адводзіць убок вочы, пакуль прадаўшчыца запісвае ў тоўсты сшытак твой даўжок. Даніленка.

9. што і чаго. З’есці чаго‑н. на скорую руку, перакусіць. Пасля .. [Джыавані] думаў збегаць на суседнюю вуліцу перахапіць парудругую сасісак у знаёмым ларку. Лынькоў. — Дзякую, не хачу. Я там у буфеце перахапіў сёе-тое, — адмовіўся я, бо пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

10. што і без дап. Разм. Перабраць меру, праявіць празмернасць у чым‑н. Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца. Мележ.

•••

Дыханне перахапіла — тое, што і дыханне заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)