спрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Весці спрэчкі (у 1 знач.); пярэчыць каму‑н., даказваючы што‑н. Спрачацца не прыйшлося — аднагалосна прызналі, што агонь важней. Маўр. А дзівакі Спрачаюцца заўзята, Які там да вайны Стаяў будынак. Аўрамчык. Доўга спрачаліся, нарэшце згадзіліся на тым: капаць студню. Ігнаценка. // Выступаць супраць чаго‑н., не згаджацца з чым‑н. Не прыходзіцца спрачацца, што паэтызацыя прыроды ў Коласа не ідзе ні ў якое параўнанне з пейзажнымі малюнкамі яго папярэднікаў. Навуменка. // Разм. Сварыцца. У Даўгінаве ўчора зноў крычалі, спрачаліся. Бажко. Суседзі цяпер не спрачаюцца, не злуюць адзін на аднаго. Прокша.

2. Аспрэчваць права на валоданне чым‑н. Спрачаюцца імператары і каралі За ўладу на добрай чужой зямлі. Куляшоў. Не будзем спрачацца за камні і вежы. Панчанка.

3. перан. Змагацца з чым‑н.; супраціўляцца чаму‑н. А нямоўчнае мора Спрачаецца з нордам. Макаль. Сцяпан будзе спрачацца з жыццём — і ўсё будзе іншым. Каваль. // Сапернічаць з кім‑, чым‑н.; не ўступаць каму‑, чаму‑н. Як на экспарт паветра. Азёры, Бары, Хоць ты з раем Спрачайся, Партызанскі мой краю! Барадулін. Красою спрачаюцца з небам яны [дываны тайгі], красою спрачаюцца з морам. Дубоўка.

4. Выступаць у спрэчках (у 4 знач.). Я не чуў, што рашалі, З кім спрачаўся Бурло, Покуль слова да Валі Па чарзе не дайшло. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скара́ч ‘ручнік (з доўгімі махрамі)’ (ТСБМ; гродз., Шн. 1; Выг., Сл. Брэс.), ‘ручнік з апошняга куска палатна, якое выткана на канцах з “анучамі”’, г. зн. з ніткамі, якія недатканыя і звіваюцца ў шнуркі (гродз., Шн. 3; Сл. Брэс., Уладз.; астрав., смарг., воран., навагр., іўеў., лід., трак., шальч., Сл. ПЗБ), ‘кухонны ручнік, брудная ануча’ (трак., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк., Інстр. 1), ‘абрус’ (Жд. 1, Скарбы), ‘абрус, якім накрываюць хлебную дзяжу’ (Жд. 2), ‘тоўстае палатно’ (Кольб.), сюды ж перан. ‘брудны чалавек; хто выпэцканы’ (шчуч., трак., свісл., Сл. ПЗБ), скара́чка ‘кужэльны ручнік’ (Сцяшк. Сл.), скара́чык памянш. (ваўк., Сл. ПЗБ); слова вядома яшчэ ў пагранічных польскіх гаворках: skaracz ‘ручнік з кутасамі на канцах’, skarińis ‘такі ручнік, ануча, кухонны ручнік’. Хутчэй за ўсё, літуанізм. Урбуціс (Baltistica, VI (2), 152) узводзіць да літ. дыял. skarínis (skarinys) ‘ручнік’ з субстытуцыяй суф. ‑ínis (‑inys) слав. ‑ач або да skarõčius ‘ручнік, сурвэтка’. Аднак Лаўчутэ (Балтизмы, 38) дапускае магчымасць адваротнага запазычання skarõčius з беларускай у літоўскую і ў гэтым выпадку імавернай крыніцай запазычання лічыць літ. skarà ‘вялікая хустка’. Аналагічна Цыхун, Лекс. балтызмы, 53. Да лінгвагеаграфіі гл. яшчэ Непакупны (Связи, 195), які бачыць працяг слова ў палескай форме з метатэзай роска́ч ‘тс’ (хутчэй, да ра́сы ‘махры, растрапаныя канцы, акраўкі’ (ТС), гл. раса 2). У сувязі з недастатковай аргументаванасцю балтыйскай этымалогіі цікавымі падаюцца спробы звязаць слова з серб.-харв. дыял. škora ‘вузел, пятля’, skȍrak ‘тс’, польск. дыял. skory ‘вузлікі на моцна скручаным шнурку’, што паводле асноўнай прыкметы ‘апошні кавалак палатна з заплеценымі ў вузлы канцамі асновы’ дазваляе рэканструяваць зыходнае *skora ‘вузялок, пятля’, што да і.-е. *sker‑ ‘круціць, скручваць’, якое можна разглядаць як раннюю праславянскую інавацыю, выцесненую амонімам *skora ‘кара, шалупайка, шкарлупа, скура’, гл. скорка (Борысь, Czak. stud., 83–85). У народнай мове захоўваецца сувязь з скара́ць ‘пакараць’, паколькі скарачом каралі малых дзяцей за непаслухмянасць (Цых.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́шата 1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата 2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата 3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата 4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата 5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)