Прыло́ж (прыло́ш) ’абложная зямля’ (іван., ДАБМ). Фанематычны карэлят з рэгулярным чаргаваннем зычнага асновы (магчыма, пад уплывам абло́жны) да незафіксаванага *прыло́г, якое працягвае прасл. *prilogъ < *priložiti < *ložiti, гл. таксама лажы́ць. Рус. дыял. прило́га ’прырэзаны зямельны ўчастак’, стараж.-рус. прило́гъ ’дадатак’ (Сразн., XI ст.), польск. przylóg, przyłóg, przełóg ’цаліна’, славен. prilog, priloga, серб.-харв. прилог, балг. прилог ’дадатак, дабаўка’, ст.-слав. прилогъ ’прыбаўка, прыбаўленне, дадатак’. Гл. таксама Скок, 2, 282; БЕР, 5, 719. Звяртае на сябе ўвагу семантычнае супадзенне з рум. pêrlóg ’аблог’, запазычанае ў сваю чаргу з балг. прелог ’тс’ (БЕР, 6, 94).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кава́лак ’кусок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Выг., Гарэц., Грыг., Касп., Нас., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Шат., Яруш.), кавалак ’кусок вымешанай гліны’ (палес., Вярэн.), ’зямельны надзел квадратнай формы’ (палес., Выг.), ’тоўстае бервяно’ (БРС), у выразе кавалак дурня (Сцяц.), кавалачак (ТСБМ, Нас.). Больш шырока, чым кавал (гл.), распаўсюлжаны паланізм. Гэта можа тлумачыцца або больш раннім пранікненнем яго ў бел. гаворкі, або тымі ж чыста моўнымі семантычнымі асаблівасцямі, паводле якіх кусок больш ужывальнае, чым кус. Неабходна адзначыць, што, як і ў выпадку са словам кавал, пашыралася менавіта значэнне ’частка цэлага’. Аб этымалогіі гл. кавал.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
го́лад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Адчуванне патрэбы ў ежы, моцнае хаценне есці. Адчуць голад. Прагнаць голад. □ Мікола ўжо і забыў, калі наядаўся ўволю. Нават у сне яго мучыў голад. Новікаў. // Працяглае недаяданне з-за недахопу ежы. Пухнуць з голаду. □ Выскачыў з бярлогі сумны воўк, Ад голаду сухі, бы корч. Бядуля.
2. Недахоп або адсутнасць харчовых прадуктаў як масавае няшчасце з прычыны неўраджаю, вайны і пад. У голад намруцца, у вайну налгуцца. Прыказка. // перан. Увогуле недахоп чаго‑н. жыццёва важнага, неабходнага. Рэпертуарны голад. Кніжны голад. □ Зямельны голад гнаў селяніна ў кабалу да памешчыка. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прырэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.
1. каго. Перарэзаўшы горла, дабіць, паскорыць смерць. Каб скаціна доўга не мучылася, маці збегала па суседа дзядзьку Марку, і той прырэзаў яе. Лось. // Забіць на мяса (пра некаторых свойскіх жывёл). Было два выпадкі, калі Антось лічыў справу ўладжанай і нават збіраўся прырэзаць цялё на вясельную закуску. Нядзведскі.
2. што і чаго. Прыбавіць зямлі, зямельны ўчастак шляхам межавання, дадатковага размеркавання. Людзі ведалі, што каля дрэў збожжа расце меншае і радзейшае і згадзіліся прырэзаць на цень. Пальчэўскі. [Анісіму] прырэзалі зямлі, і цяпер ён адчувае сябе як бы і не прымаком. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уча́стак, -тка, мн. -ткі, -ткаў, м.
1. Асобная частка якой-н. паверхні.
У. магістралі.
Пашкоджаны ў. скуры.
2. Частка зямельнай плошчы, занятая чым-н. або прызначаная для чаго-н.
Зямельны ў.
Працаваць на прысядзібным участку.
Доследны ў.
3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае падраздзяленне чаго-н.
Выбарчы ў.
Урачэбны ў.
4. Частка фронту, зона дзеяння якой-н. воінскай часці, вайсковага злучэння.
На ўчастку стралковага палка.
5. Галіна, сфера якой-н. грамадскай дзейнасці.
Адказны ў. работы.
6. У царскай Расіі: падраздзяленне, аддзяленне гарадской паліцыі.
Адвесці ва ў.
|| прым. участко́вы, -ая, -ае (да 3 і 6 знач.).
У. ўрач.
Участковая выбарчая кампанія.
У. ўпаўнаважаны.
У. інспектар (афіцэр міліцыі, адказны за парадак на даручаным яму ўчастку; у 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Садзі́ба ’сядзіба; зямельны ўчастак на якім знаходзіцца хата з гаспадарчымі пабудовамі; сад’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Яшк., Інстр. 2, Нар. лекс., Шушк.), ’засяленне, выган’ (Нас. гіст.), ’засяленне, аселасць’ (Гарб.). Укр. сади́ба ’сядзіба’, польск. sadyba < усходнеславянскіх (Брукнер, 479). Слова з не вельмі ясным статусам. Лаўчутэ (Лекс. балг., 21; Балтизмы, 130) зыходзячы з лінгвагеаграфіі і суфіксацыі (балт. суф. ‑yba пры слав. *‑ba), крыніцай слова лічыць літ. sodýba ’сядзіба’ < sod‑inti ’садзіць, сажаць’ + суф. ‑yba. Супраць Трубачоў (ЭССЯ, Проспект, 78), які лічыць слова праславянскім дыялектызмам, і Слаўскі (SP, 1, 62), паводле якога слова з’яўляецца познім славянскім утварэннем ад прасл. *saditi + суф. ‑iba, дзе ‑i‑ ўзята з інфінітыва. Параўн. сядзіба.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сядзі́ба, ‑ы, ж.
1. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку (у сельскай мясцовасці). Перад .. [Нявідным] раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Колас. Суровая, марозная была зіма, снегам замяло дарогу, што вяла з лесу ў далёкую панскую сядзібу. Лупсякоў. — Я так мяркую, — казаў .. [Ксяпевіч] далей, — што хоць сядзіба Несцяровічаў у нізіне, з гарышча хаты ці з вышак адрыны ўся шаша як на далоні. Новікаў. // Памешчыцкі дом як цэнтр маёнтка. Відны фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». // Гаспадарчы і жылы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (саўгаса, калгаса і пад.). Люся другі месяц жыла з бацькамі на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Дружба». Даніленка. Ад эмтээсаўскай сядзібы метраў з чатырыста — і поле. Лобан. // Разм. Наогул — месца, дзе размяшчаецца якая‑н. установа. У грамадзянскую вайну цеснаватыя пакоі гэтага, дома на нейкі час сталі сядзібай польскай дэфензівы і, напэўна, нямала б маглі расказаць аб мужнасці перад вачыма смерці барацьбітоў антыбелапольскага падполля і беларускіх партызан 1919 года У. Шумскага, С. Плашчынскага і інш. Ліс.
2. Зямельны ўчастак, заняты збудаваннямі ў адрозненне ад зямлі пад палямі, лугамі, лесам. [Сымон:] — А якая ў мяне сядзіба! Шостая частка яго [Халусты]. Чарнышэвіч. Сядзіба ў Мацея Глоткі шырокая, а от жа наважыў новую хату паставіць ледзь не ўпрытык да суседскіх акон. Марціновіч. // Зямельны ўчастак каля дома, заняты агародам, садам; прысядзібны ўчастак. Усё забрала мачыха, прыхапіўшы і тое, што вырасла на сядзібе. Шамякін. На сядзібе былі яблыні, слівы і розныя садовыя пусты. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уча́стак, -тка м., в разн. знач. уча́сток;
зяме́льны ўча́стак — земе́льный уча́сток;
пашко́джаны ўча́стак (ску́ры) — поражённый уча́сток (ко́жи);
у. заражэ́ння — воен. уча́сток зараже́ния;
ва́жны ўча́стак рабо́ты — ва́жный уча́сток рабо́ты;
вы́барчы ўча́стак — избира́тельный уча́сток;
урачэ́бны ўча́стак — враче́бный уча́сток;
у. абаро́ны палка́ — воен. уча́сток оборо́ны полка́;
паліцэ́йскі ўча́стак — уст. полице́йский уча́сток
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Лабя́к 1 ’залобак’ (Янк. Мат.), ’вальма’ (Мат. Маг.), ’зашчытак у хляве’ (ДАБМ, к. 230), ’франтон’ (Мат. Гом.), лъбя́к ’тс’ ’падфрантонная сцяна ў будынку’ (міёр., Нар. сл.), ’вільчык’ (паст., Сл. паўн.-зах.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад лоб 3 і суф. ‑ʼак. Гл. таксама лаба́к 1.
Лабя́к 2 ’прыстасаванне, якім рэгуляваўся ход плыта’ (Інстр. 3), лобя́к ’прыстасаванне, прыс, жардзіна, шост, якімі на лодцы адпіхваюць ад берага’ (ТС). Да лоб 1. Гл. таксама лаба́к 2.
Лабя́к 3, лабячок ’прыродны курганок на полі з жоўтага пяску’ (КЭС, лаг., Юрч., Вытв. сл.), лыбя́к ’схіл ці верх пагорка’ (Яўс.), лъбя́к ’зямельны ўчастак на высокім, адкрытым месцы, па якім дрэнна родзіць’ (Нар. сл.), ’незасеяны кавалак зямлі’ (Мат. Маг.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад лоб 1 (гл.) і суф. ‑як. Сюды ж лыбікава́ты ’ўзгоркаваты’ (Яўс.).
Лабя́к 4 ’абібок, няўклюда’ (Мат. Гом.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад лоб 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыда́нае ’пасаг’ (Растарг., Ян., ЛА, 3), пры́дань, пры́дано, прыда́нэ, пры́данна, пры́даная ’тс’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ТС), прыда́нне (prydánje) ’зямельны надзел у пасаг маладой за межамі ўласнай вёскі’ (Маш.), прыда́нства ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.). Сюды ж назвы вясельных чыноў: прыда́нка, рэдка м. р. прыда́нак, часцей мн. л. прыда́нкі, прыда́ныя, прыда́ные, прыда́ні ’шаферкі нявесты, якія дапамагаюць ёй шыць пасаг, а на вяселлі збіраюць на яе карысць падарункі; удзельніцы вяселля — замужнія жанчыны сярэдніх гадоў, маладзіцы ці дзяўчаты, звычайна госці з боку маладой, якія дапамагаюць пры падрыхтоўцы і перавозцы прыданага, пасагу; удзельнікі вяселля, якія прыйшлі без запрашэння з падарункамі для маладых’ (Нас., Кос., Федар., Касп., Хрэст. дыял.; чырв., віл., З нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Сіг., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., Цых.), прыда́ны, прыда́нкі ’госці вясельныя’ (Нар. Гом.), прыда́нэ ’маладыя з бацькамі маладога ў гасцях у бацькоў маладой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Аддзеяслоўныя ўтварэнні ад прыда́ць < прасл. *pridati, прэфікс, да *dati (гл. дар). Параўн. рус. прида́ное, укр. при́да́не ’пасаг’, а таксама адно са значэнняў балг. прѝдав ’пасаг (не жывёльны)’, якое ад прыдавам (БЕР, 5, 707).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)