І́дал ’язычаскае бажаство; прадмет абажання або нізкапаклонства; нягоднік’ (ТСБМ), ’чорт, д’ябал’ (Нас., Касп., Шат.), і́дыл ’чорт’ (Бяльк.), і́дальшчына ’недарэчнасць, чартаўшчына’ (Нас.); параўн. рус. и́дол ’ідал, балван’ (Даль), смал. ’лаянка’, и́долыццна ’недарэчнасць’, укр. і́дол ’аб недарэчным, дурным або бяздушным чалавеку’, и́дал ’ідал, чорт’ (Грынч.). Ст.-бел. идолъ ’язычаскае бажаство’ (Скарына; Гіст. лекс., 121) < ст.-рус. идолъ ’язычаскае бажаство’ (XI ст., Сразн.), ’лаянка’ (XVII ст.) < ст.-слав. идолъ ’бажок, кумір’. Першакрыніца: грэч. εἴδωλον ’вобраз, падабенства, малюнак’. Фасмер, 2, 117; Шанскі, 2, I, 14. Ідалапакло́ннік, ідалапакло́нства — паўкалькі грэч. εἰδωλολάτρης, εἰδωλολατρεία. Шанскі, там жа, 14–15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліхама́нка ’хваравіты стан з гарачкай і дрыготкай’, ’малярыя, трасца’, ’гарачкавая дзейнасць’ (Гарэц., Касп., ТСБМ, Растарг.; паўд.-усх., КЭС), укр. харк. лихома́нка, рус. лихома́нка ’тс’, ’ліхадзейка’, ’хлус’, ’благі чалавек’, ’пракуда’. Бел. слова прымыкае да рус. моўнага арэалу, у якім гэта лексема з’яўляецца табуістычнай назвай ад лихоманка ’круцелька, ашуканка’, лихома́нить ’прыносіць зло, бяду’, рус. лихоман, кур.д’ябал’, усх. ’махляр’, паўн.-дзв. ’вар’ят’, ст.-рус. лихоманъ ’тс’, укр. палес. лихо́ма ’бяда, цяжкае становішча’, лихоманка ’ліхаманка’, польск. lichman ’мот’. Прасл. lixomanъ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 93). Да lixo > лі́ха і maniti > мані́ць (гл.) (Зяленін, Табу, 2, 77; Фасмер, 2, 505).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варажы́ць ’гадаць, чараваць’ (БРС, Інстр. II, Гарэц., Яруш.). Рус. ворожить ’гадаць’, укр. ворожити, польск. wróżyć, чэш. vražiti ’тс’, балг. вража́ ’варажу’, серб.-харв. вра̀жати ’лячыць, працаваць урачом’, славен. vražiti ’шкодзіць шляхам варажэння’. Прасл. *vorẑiti. Варажыць лічыцца вытворным ад вораг ’чараўнік, д’ябал’ (Праабражэнскі, 1, 96–97; Фасмер, 1, 353; БЕР, 1, 179–180; Абаеў, Осет. язык, 1, 581). Вайян (RÉS, 35, 1958, 93 і наст.), спасылаючыся на Брукнера (632), дзе wróżyć супастаўляецца з wierzgać, лічыць, што варажыць першапачаткова мела значэнне ’кіданне жэрабя’ (параўн. рус. ворожа, ст.-польск. wróża ’жэрабя’). Гл. таксама Шанскі, 1, В, 165–166; Рудніцкі, 1, 478–479; Скок, 3, 616–617; Коген, Запіскі, 191.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сатана́ ’у некаторых рэлігіях — злы дух, які супрацьстаіць богу, д’ябал’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сата́н ’сатана; надакучлівы чалавек’ (Нас.), са́тан, сатана́ ’сатана’, сата́нье ’чэрці’ (ТС). Укр., рус. сатана́, ст.-рус. сатана, ст.-слав. сотона, чэш. satan, satanáš, славац., н.-луж., в.-луж. satan, серб.-харв., славен. sotona, балг. сатана, сатона, макед. satana. Старажытнае запазычанне з грэч. σατανας, якое са ст.-яўр. sāţān (Міклашыч, 317; Фасмер, 3, 565; Кіпарскі, Gemeinslaw., 130), а не з гоц. satana, як лічаць Стэндэр–Петарсан (Slaw.-germ., 430 і наст.), Махэк₂, 538. Форму сатана Фасмер (там жа) тлумачыць другасным прыстасаваннем да грэч. формы. Сюды ж сатані́ць ’сварыць каго-небудзь з кім-небудзь’, ’шкодзіць’, ’зводзіць, падбухторваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Супаста́т старое ’вораг, непрыяцель’, лаянк. ’разбойны, злачынец, ліхадзей’ (ТСБМ), ’упарты чалавек’ (чэрв., Жд. 2), ’тс’, ’варожы воін’ (Бяльк.), ’супраціўнік, нягоднік’ (Рам. 1; рас., Сл. ПЗБ), супуста́тка, лаянк. Укр., рус. супоста́т, ст.-рус. супостатъ ’праціўнік; д’ябал’, ст.-слав. сѫпостатъ ’вораг, непрыяцель, праціўнік’. З *sǫ‑po‑statъ, дзе *sǫ‑ і *po‑ прыстаўкі; *‑statъ утворана з суф. *‑tъ ад *stati, *stanǫ ’стаць’, гл. Слаўскі, SP, 2, 37; ESJSt, 14. 863 (< *sъ‑po‑stati ’паставіць аднаго супраць другога’); параўноўваюць з літ. stótas ’той, які пастаўлены’, авест. stāta ’той, які стаіць’, лац. praestātus ’пастаўлены’; гл. Траўтман, 283; Мее, 302; Фасмер, 3, 805. Паводле Львова (Этимология–1972, 112–113), дакладная калька грэч. ύπ‑εν‑αντίος < ύπο‑ ’з’, έν‑ ’перад, па’, ‑άντίος ’той, які знаходзіцца насупраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігрэ́ц ’ігрок’ (Гарэц., Касп., Др.-Падб.), ’музыка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. III). Рус. дыял. игре́ц ’нячысты ці злы дух, бес; дамавы’ (шырока ў гаворках), тамб., вяц. ’мянушка грубага, нявыхаванага чалавека’, пенз. ’спявак’, дан., разан. ’параліч’, укр. грець ’апаплексічны ўдар, параліч’, уст. ’музыка, ігрок’, польск. уст. igrzec ’вандроўны артыст, камедыянт’, в.-луж. herc ’музы́ка’, н.-луж. gere ’ігрок’, ’музы́ка’, чэш., славац. herec ’артыст’, славен. igr̀c, igrèc ’ігрок’, ’музыка’, серб.-харв. уст. ìgrac, igarac ’ігрок’, балг. игре́ц ’артыст’. Ц.-слав. игрьць ’акцёр, скамарох’, ст.-рус. игрецъ ’танцор, скамарох’, ’музыка’, ’артыст’, ’спакуснік, д’ябал’, ’ігрок’. Ад *jьgrati (гл. іграць) з дапамогай суф. Nomina agentis ‑ьcь у прасл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 212–213; Слаўскі, 1, 446. Параўн. іграч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́лік1 ’след зайца’ (Інстр. II). Да малы́ (гл.): заяц малымі крокамі ідзе на жыроўку, а адтуль на новае лежбішча. Параўн. рус. паўн.-усх. малик ’лыжня на снезе’ — ’малы след’ у адрозненне ад вялікага — са́нный след (Фасмер, 2, 563).

Ма́лік2 ’малады заяц’ (гом., Мат. Гом.). Да малы́ (гл.): малады заяц (да 1 года ўзростам), значна меншы за старога. Аналагічна ўтвораны чэш. malík ’мезенец’, ст.-польск. malik (XV ст.), ст.-славян. mȁlič ’гном, нячысцік’, ’д’ябал’, malík ’рэха’. Не выключана сувязь зайца з міфалогіяй ці старажытнымі вераваннямі (параўн. Брукнер, 319).

Малі́к ’патыліца’ (Нас., Растарг.), паўд.-усх. ма́лік (КЭС), чачэр. ’карак у свінні’ (Мат. Гом., Жыв. сл.). З укр. мали́к ’тс’, ’гарбун’, якое з гамали́к ’карак’ < тур. hamallık ’прафесія насільшчыка’ < hamal ’насільшчык’ > араб. ḥammāl ’тс’ (ЕСУМ, 1, 464). Сюды ж і польск. malik ’хвароба коней і валоў: падскурныя гузы на шыі і лбе’, koń malikowaty ’конь з праваленым, увагнутым хрыбетным’; ’нешчаслівы, фатальны’ (Варш. сл., 2, 858).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́так ‘пачуццё суму, маркоты, жалю’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Ласт., Байк. і Некр., ашм., Стан.), ‘цяжкі час, цяжкі стан, цяжкія абставіны’ (Растарг.), ‘нуда, сум, цяжкія думкі’ (Варл.), смуто́к ‘тс’ (ТС), сму́тны ‘сумны, невясёлы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ), смуткава́ць ‘сумаваць, маркоціцца’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Гарэц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. смуток ‘сум, маркота’ (Альтбаўэр), смутныи ‘сумны, невясёлы’ (XVII ст., Карскі 2-3, 446). Укр. сму́ток ‘смутак’, сму́тний ‘смутны’, рус. сму́тный ‘няяркі, невыразны’, польск. smutek, smętek, smutny, чэш. smutek, smutný, славац. smótok, smutny, балг. смътен ‘невыразны, няясны’, макед. сматен ‘тс’, ст.-слав. съмѫтьнъ ‘устрывожаны, збянтэжаны’. Прасл. *smǫtъkъ, *sъmǫtьnъ ад *sъmǫtiti (гл. смута). Мяркуецца, што *sъmǫtek раней уяўляўся як бажаство, якое ўвасабляла ‘смутак, маркоту’, параўн. каш. smątkд’ябал’, укр. гуц. смуч ‘чорт’ (Н. Хобзей, Гуцульска міфологія, 2002, 167), і сму́ток ‘чорт’ (КСТ), параўн. a smútki jehó wiedajuć (Федар. 4). Гл. Цыхун, Бел.-польск. ізал., 148; SEK, 4, 324. Борысь (SEK, 4, 325) і Брукнер (329) лічаць міфалагічнае значэнне другасным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліха, лі́хо, лі́ка, лі́хінько ’бяда, гора, зло, няшчасце’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Яруш., Бяльк., Шат., Грыг., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ, Янк. 1; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ’боль’, ’нячыстая сіла, чартаўшчына’ (Нас.); ’эпілепсія’ (бялын., Нар. сл.), ’блага, кепска’ (КЭС, лаг.; ТС, Бяльк., ТСБМ), ліхо́ ’моташнасць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), лі́хо паду́шчае, паду́шчэ лі́хо ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ, ТС); ліхі́, ліхі́й, ліхы́й, лыхы́й, лыхе́й ’благі, паганы, дрэнны’, ’нядобры’, ’злы (аб сабаку)’, ’хворы, худы, састарэлы, стары’, ’д’ябал’, ’смелы, удалы, маладзецкі’, ’рэзвы, жвавы, хуткі, імклівы (аб кані)’, ’адваротны бок матэрыі, адзення’ (Нас., Яруш., Мал., Бес., Касп., Шат., Янк. 1, Сцяшк., Маш., Мат. Гом., Клім., Федар. 1, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.; слонім., Нар. лекс.); ст.-бел. лихий ’нядобры, паганы, нізкаякасны, стары, непрыдатны’, ’злы, нячэсны, варожы’, ’неспрыяльны, непадыходзячы’ і другаснае (Булахаў, Гіст., 115) ’левы’. Укр. лихо, рус. лихо ’зло, бяда, няшчасце’, смал. ’нячыстая сіла’, ’злы лёс’, валаг., арханг. ’гора, смутак’; перм., алан. ’гультайства’, арханг. ’задавальненне’; ст.-рус. лихо ’зло’, ’лішка’, ’прыбыль’; польск. licho, драг. lich ’няцотны лік’, а з XVII ст. ’зло, няшчасце, бяда’, ’д’ябал’, каш. ’няшчасце’, ’няўдача, няпоспех’, чэш. licho ’няцотны лік’, ’няшчасце’, ’нячысцік’, мар. lichó ’няцотны’, славац. у выразах sudo licho, četno či licho, серб.-харв. та̏ко или лијо, ст.-слав. токъмоѥ и лихоѥ ’цот і лішка’, балг. лихо ’тупы чалавек’, прасл. lixo. Утворана ад прыметніка lixъ (укр. лихий, рус. лих, лихой, ст.-рус. лихый; польск., н.-луж. lichy, в.-луж. lichi, чэш., славац. lichú, славен. lȋh, серб.-харв. ли̑х, балг. лих, ст.-слав. лихъ) агульнай лініяй развіцця семантычнай структуры кораня якога lix‑ у слав. мовах быў, па-першае, пераход ад сінкрэтызму першапачатковага значэння кораня да расчлененых палярных якасных значэнняў: ’які перавышае норму’ і ’які не дасягае нормы’, па-другое, фарміраванне другасных якасных значэнняў, уласцівых усім або некаторым асобным слав. мовам, напрыклад н.-луж. ’свабодны’, рус. ’смелы, зухаваты’ (Сіліна, ОЛА–1975, 38). Узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so < *leiku̯‑ ’пакідаць’ (ст.-грэч. λείψᾰνον ’рэшта, астатак’, λειψό‑θριξ ’той, хто згубіў валасы’, лац. relinquō, ‑ere, relietus ’пакідаю’, літ. liẽkas ’няцотны, які застаецца пакінуты’, ãtlykis ’перапынак пасля работы’, лат. lìeks ’лішні, празмерны’, ст.-інд. rinákti ’пакідае, уступае’ (Фасмер, 2, 505; Слаўскі, 4, 228–229; 237–239; Бязлай, 2, 140. Махэк₂ (333) у прасл. lixъ бачыць дзве лексемы: 1) ’лішні, няцотны’; 2) ’злы, благі’. Няма падстаў). Сюды ж ліхам ’дрэнна; не так, як трэба; навыварат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́раг ’непрыяцель, праціўнік’ (БРС, КТС, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Булг., Шпіл.). Рус. во́рог ’непрыяцель; нячысцік, чорт’, укр. во́рог, ст.-рус. ворогъ, ст.-слав. врагъ, польск. wróg ’непрыяцель’, чэш. vrah ’забойца’, славац. vrah ’тс’, балг. враг, серб.-харв. вра̑г, славен. vrȃg ’чорт, д’ябал’. Прасл. *vorgъ ’вораг’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. var̃gas ’бяда, няшчасце, беднасць’, vérgas ’нявольнік’, лат. vā̀rgs ’няшчасны, хворы, убогі’; ’бяда, бедства’, vãrgt ’хварэць, чахнуць, быць няшчасным’, vęr̂gs ’нявольнік’, ст.-прус. wargs ’злы’, магчыма, і лац. urgeō ’напіраю, ганю’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’выганяць, помсціць’, ст.-в.-ням. rehhan ’мсціць’ (ВальдэПокарны, 1, 319 і наст.; Траўтман, 342; Фасмер, 1, 352; Шанскі, 1, В, 164). Аналагічна Трубачоў (История терм., 176 і наст.), які выводзіць слав. vorgъ з і.-е. *u̯reg‑/u̯erg‑ ’гнаць’, г. зн. першапачаткова слав. слова азначала ’выгнаннік, адрынуты’ і толькі пазней — ’вораг, непрыяцель’. Па фанетычных прычынах памылкова супастаўленне Абаева (Осет. яз., 581) з асец. warz ’любіць’ (Трубачоў, там жа). Мала верагодна супастаўленне са ст.-ісл. wargr ’воўк, злачынец’ (Міклашыч, 395; Мікала, WuS, 2, 218) або разгляд слав. слова як запазычання з герм. (Махэк₂, 698), таму што герм. запазычана з слав. (Мартынаў, Лекс. взаим., 153 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)