да..., прыстаўка.

1. Надае дзеясловам значэнне а) давядзення дзеяння да поўнага завяршэння, канца; дасягнення мэты, мяжы якога‑н. дзеяння, напрыклад: даараць, дапісаць, давучыць, даварыць, дабегчы, дажыць, дабрацца, дазваніцца; б) папаўнення чаго‑н. да пэўнай меры, а таксама прыбаўкі звыш нормы, напрыклад: даліць, дасыпаць, дабавіць; в) (з часціцамі ‑ся, ‑ца, ‑цца) адмоўнай ацэнкі вынікаў дзеяння, напрыклад: дагуляцца, даскакацца, дастукацца.

2. Утварае прыметнік са значэннем: які адбываўся раней таго, што абазначана асновай, напрыклад: дакастрычніцкі, дарэформенны, дагістарычны.

3. У спалучэнні з кароткімі якаснымі прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напрыклад: дагала, дабяла, дачыста, дасуха.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што, чым і без дап.

1. Падмацаваць сілы, здароўе, даючы дадатковую яду. Падкарміць галадаючых. □ Змарнелых дзяцей, якія ўжо два месяцы нічога, акрамя шчаўя, не бачылі, рашылі падкарміць. Чыгрынаў. [Вясніна:] Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. Гурскі. // Дадаць корму. Падкарміць цялят. Падкарміць рыбу.

2. Дабавіць у глебу мінеральнага ўгнаення для паляпшэння росту раслін. Падкарміць салетрай кукурузу. □ [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба прапалоць [гародніну], дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

3. Разм. Укарміць, выкарміць. [Антось:] — Зараблю.., падкармлю кабанчыкаў. А там, зімой, будзе відаць. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысма́кі, ‑аў; адз. прысмак, ‑а, м.

1. Ласункі, салодкае. Старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак. У мяне няма прысмакаў, Ані мёду, ані маку, Ні цукерак, ні пячэння, Ні пірожных, ні варэння... Муравейка. // Смачныя, асабліва прыгатаваныя стравы. Круглы стол быў рассунуты на ўсю хату: на ім стаялі розныя прысмакі, а Іра, як гаспадыня, усё насіла і насіла. Сабаленка. — А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак. Лынькоў.

2. Разм. Прыправа. Далей да цукровага цеста, як сказалі б хатнія гаспадыні, трэба дабавіць розныя прысмакі. Рунец. Не даварыўшы, панюхаў і выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Кінуўшы наверх, прыкрыць, накрыць каго‑, што‑н. Рамір зняў куртку, накінуў на Верыны плечы. Асіпенка. Паставілі [дзяўчаты станок] ў кутку каля ложка, пакінулі на яго коўдру, зверху навалілі адзежы. Арабей. // Наспех надзець на сябе што‑н. Не надзеючы кашулі, [Платон] накінуў паліто на плечы, уздзеў кепку, схапіў са сцяны дубальтоўку і выскачыў. Пестрак. Маці хуценька апранулася, пакінула на сябе кажух і подбегам кінулася да Аксаны. Скрыпка. // Начапіць кідком што‑н. [Дамінік] лёгка саскочыў з возіка, накінуў лейцы на шула, прывітаўся з братамі. С. Александровіч.

2. Разм. Дабавіць, прыбавіць да чаго‑н. — Вы не толькі вучыце, але і выхоўваеце .. [сыноў], — прыязна сказаў.. [Рымашэўскі] Лабановічу і ўжо сам па сваёй добрай волі накінуў яшчэ тры рублі за навучанне. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. падклаў, ‑клала; заг. падкладзі; зак., што і чаго.

1. Падсунуць, пакласці што‑н. пад каго‑, што‑н. Пісталет і планшэтку [камендант] падклаў пад падушку. Сабаленка. Людміла скінула з.. [дзеда] коўдру, падклала рукі яму пад плечы. Арабей. Трэба было, б вышэй падкласці пад галаву саломы, але .. [Любе] было цяжка паварушыцца. Чорны.

2. Дабавіць, дадаць. Падкласці кашы на талерку. □ Падклалі [хлопцы] у вогнішча таўсцейшага дрэва і пайшлі «на паляванне». Маўр. Мы падклалі голля, ярка ўспыхнуў агонь. Гурскі.

3. Пакласці тайком, неўзаметку, з якім‑н. намерам. Нездарма ж і батальённы камісар, які нядаўна прыйшоў у групу, і нават Саўчанка не-не ды неўпрыкмет падкладуць яму якую-небудзь брашурку або кніжку: чытай, Чыжык. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак.

Разм.

1. што і чаго. Дадаць, дабавіць да таго, што ўжо было раней. Наддаць пары. □ Хацеў бы [Грышка] заглянуць на яе чорныя вочы, на загарэлы ад вясенняга сонца твар — можа, гэта наддало б яму адвагі зрабіць налёт на гміну і выратаваць сялян-бунтароў. Чарот.

2. чаго і без дап. Павялічыць хуткасць. Калі.. [Шашура] ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб’е так!» — мільганула ў галаве. Ён паддаў ходу. Мележ. Узлаваны Мікола ішоў хутчэй звычайнага. Ён і не заўважыў, як паддаў кроку. Новікаў.

3. Ударыць, штурхануць. Адзін пажылы, прысадзісты, з нахмураным чорным тварам [салдат] спыніўся ля веснічак Крамера: замкнутыя з двара на засаўку, яны не адчыняліся, ён паддаў плячом, і засаўка ўпала на дол. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрабі́ць 1, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

1. Зрабіць што‑н. фальшывае. Падрабіць дакументы. Падрабіць почырк. □ [Сяргей:] Ёсць у вёсцы такія ўмельцы, у кузні так [кляймо] падробяць, што не адрозніш ад сапраўднага, графскага. Машара. // Зрабіць падобным да чаго‑н. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. І чалавеку дасюль не ўдалося ні толкам перадаць, ні падрабіць яго. Лужанін. — А ну, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. Бядуля.

2. Разм. Вяжучы, дабавіць яшчэ трохі; падвязаць. Падрабіць панчоху.

3. Зарабіць дадаткова, падзарабіць. Не прывыкаць [Сцяпану] рабіць, ведае, як з зямлёй абыходзіцца, а, дзе трэба, то і граматай падрабіць зможа. Мележ. Антон скоса зірнуў на пачак. Модныя, аднак, заўсёды папяросы курыць [Шпілеўскі]. Мабыць, недзе падрабіў ужо. Савіцкі.

падрабі́ць 2, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што і чаго.

Раздрабіць усё, многае; надрабіць у нейкай колькасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Прыбавіць, кінуўшы яшчэ, у дадатак; падкінуць. // Дадаць, дабавіць да таго, што ёсць, набавіць. [Міхал:] Два гады толькі, а яшчэ прыкінуць пяць. Усе машыны будзем мець... Васілевіч.

2. каго-што. Прыкрыць, кінуўшы што‑н. зверху. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. Яшчэ дасвеццем, бывала, коўдрай прыкіне на ложку сыноў, сама .. ляціць у кантору паліць грубкі. Карамазаў. // Накінуўшы, прыклаўшы што‑н., прымераць. [Гаспадыня:] — Прыкіньце, падыдзе вам вопратка майго мужа? Новікаў.

3. Вызначыць прыблізна колькасць, вагу, даўжыню і пад. чаго‑н. Прыкінуць па вазе. // Прыблізна падлічыць; падумаўшы, разлічыць, прыйсці да якога‑н. вываду. — Прыкінь, колькі гэта калёс са збруяй закупім? Пташнікаў. Я іншы раз як прыкіну сам сабе ў думках, якія магчымасці ёсць у калгасе .., дык, сапраўды, як бы цябе што падымае на крылах. Хадкевіч. — Яшчэ ў мінулую восень, калі я праект складаў, то прыкінуў, дзе будуць канавы, — адказаў Андрэй. Дуброўскі.

•••

Прыкінуць вокам (на вока) — вызначыць прыблізна што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́ць, увалью, увальеш, увалье; увальём, увальяце і улію, уліеш, уліе; уліём, уліяце; пр. уліў, уліла, ‑ло; заг. улі; зак.

1. што і чаго. Наліць унутр чаго‑н. Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. Пакуль тры лыжкі настою не ўліе баба Васіліса малому, не адступіцца. Паўлаў. // перан. Усяліць, абудзіць (сілы, энергію, веру і пад.). Настрой у .. [Ваўчка] быў вясёлы, адказнае даручэнне райкома як быццам не толькі не азадачыла яго, а ўліло новую энергію. Хадкевіч.

2. перан.; каго-што. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., дабавіць да чаго‑н. Уліць атрад у партызанскае злучэнне. Уліць карткі ў картатэку.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), без дап. Разм. Выпасці ў вялікай колькасці (пра дождж). Навалакліся чорныя хмары, і пад раніцу ўліў гэтакі дождж, што як я ні напінаў брызентавую накідку, яна не ратавала. Сабаленка. / у безас. ужыв. [Міхал:] — Сушыла, сушыла, а цяпер уліло. А на полі — снапы. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калта́ць ’трохі памыць што-небудзь у сцюдзёнай вадзе’ (КЭС, лаг.). Іншыя крыніцы як быццам не падаюць гэтага слова, няма і дакладных адпаведнікаў у іншых усх.-слав. мовах. Дэфініцыя разглядаемага слова здаецца залішне канкрэтнай, відаць, неабходна дапускаць больш дыфузную — ’памыць’ або ’пабоўтаць’ (’абмыць’). Як роднаснае ў такім выпадку можна разглядаць рус. дыял. (вяц., у Даля да значэння) колтень ’атрута або нагаворная вада для сурокаў’, а ў якасці адпаведніка — дыял. колтать ’качаць, калыхаць, боўтаць і да т. п.’ (заходняе, паводле Даля), колтаться ’хістацца, боўтацца і інш. ’. Рус. колтать ’балбатаць і інш.’ зафіксавана ў шэрагу гаворак (валаг., пск., цвяр. і інш.), што можна разглядаць і ў плане арэальных адносін і як аргумент на карысць усх.-слав. паходжання дзеяслова, параўн. укр. ковтки ’збітыя касмылі воўны’, ’завушніцы’, рус. колтки ’завушніцы’ (пск. і паўн.-рус. у Бернекера, I, 660), для рус. слоў прапануецца рэканструкцыя kъltati, што разглядаецца як варыянт да koltiti. Храналогію лексемы трэба ўдакладніць, паколькі да ўсх.-слав. фактаў неабходна дабавіць польск. дыял. kieltać (варыянты kiełdać, giełdać) ’кроіць, рэзаць тупой прыладай; малоць (рухаючы); хістаць, круціць, мяшаць’, kiełtać się ’хістацца, калыхацца’ (паўдн.-польск., у Карловіча не фіксуецца, Слаўскі (2, 147) падае эксцэрпцыю з Купалы, JP, 38, 129–131, і інфармуе, што слова зрэдку сустракаецца ў літаратурных творах), далей макед. дыял. să klъ́tʼa ’калыхацца, кратацца’, адзначанае Малэцкім. На аснове гэтых прыкладаў можна ўзнавіць прасл. kl̥tati ’калыхаць, хістаць’; што датычыць абмежаванага распаўсюджання лексемы, гэта можна разумець і як арэальную суаднесенасць, якая сведчыць аб даўніх кантактах племянных гаворак (прасл. дыял. лексема, як аб гэтым мяркуе Слаўскі, 2, 147) і як архаічнасць слова, страчанага большасцю слав. моў. Параўн. яшчэ нашы меркаванні пад калдун, калдыга і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)