рабо́та, -ы, ДМо́це, мн. -ы, -бо́т, ж.

1. Праяўленне, ажыццяўленне якой-н. дзейнасці; дзейнасць, праца чаго-н.

Пасля работы хацелася адпачнуць.

Р. матора машыны.

Р. сэрца.

2. Кола заняткаў, справа; пэўны род дзейнасці.

У яго работы — непачаты край.

Фізічная р.

Грамадская р.

3. Служба, праца ў якой-н. установе, на якім-н. прадпрыемстве.

Паступіць на работу.

Сумяшчаць работу з вучобай.

4. мн. Дзейнасць па стварэнні, вырабе, апрацоўцы чаго-н.

Сельскагаспадарчыя работы.

Унутраныя работы ў новым доме.

5. Прадукт працы, выраб, твор.

Выстаўка работ мастака.

Друкаваная р.

6. Тое, што знаходзіцца ў працэсе апрацоўкі, дапрацоўкі.

Прынесці работу дадому.

7. Якасць або спосаб выканання чаго-н.

Замок кавальскай работы.

8. Фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні аднаго віду энергіі ў другі.

Адзінка вымярэння работы.

Пусціць у работу — даць прымяненне чаму-н.

|| памянш.-ласк. рабо́тка, -і, ДМ -тцы, ж. (да 2, 5 і 7 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

маста́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мастацтва (у 1 знач.). Мастацкая літаратура. Мастацкі фільм.

2. Які мае адносіны да дзейнасці ў галіне мастацтва. Мастацкі кіраўнік тэатра. // Звязаны з мастацтвам (у 1 знач.). Мастацкая студыя. Мастацкая прамысловасць.

3. Які мае дачыненне да твораў мастацтва. Мастацкая выстаўка. Мастацкі музей. □ [Кіра, Лёдзя і Пракоп] усёй брыгадай наведалі мастацкую галерэю. Карпаў.

4. Уласцівы творам мастацтва. Мастацкі стыль. Мастацкі вобраз. // Які мае адносіны да формы мастацкіх твораў, сістэмы эстэтычных сродкаў і прыёмаў. Мастацкая дасканаласць твора. Мастацкая палітра. Мастацкая дэталь. // Які ўключае ў сябе элементы мастацтва, артыстычнасці. Мастацкая гімнастыка.

5. Які адпавядае патрабаванням мастацтва; эстэтычны. Мастацкі густ.

6. Прыгожы, выкананы з густам. Мастацкая вышыўка.

7. Які мае адносіны да мастака (у 1, 2 знач.). Мастацкія здольнасці.

•••

Мастацкая літаратура гл. літаратура.

Мастацкая самадзейнасць гл. самадзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Закрыць, пакрыць сябе чым‑н.; накрыцца, прыкрыцца. Закрыцца каўняром ад ветру. Закрыцца далонямі. □ Камень гэтакі высокі, што пад ім мог стаяць чалавек, крыху прыгнуўшыся, і мог такім парадкам закрыцца зверху і ад бомбы і ад дажджу. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заслацца, завалачыся, засланіцца. На світанні неба закрылася хмарамі, пасыпаліся дробныя ледзяныя крупкі. Кірэенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Спыніць сваю дзейнасць, існаванне (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Выстаўка закрылася. □ Мясцовая фабрыка зноў была закрылася. Лынькоў. // Скончыцца (пра сход і пад.). Нарада закрылася.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Загойваючыся, сцягнуцца, зрасціся краямі (пра рану). Рана закрылася.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скласціся, згарнуцца (пра што‑н. раскрытае, разгорнутае). Парасон закрыўся. // Заплюшчыцца. Павекі закрыліся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастая́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не спыняецца, не перарываецца; бесперапынны. Прырода на Зямлі знаходзіцца ў пастаянным развіцці. □ Бацька.. [Адама Багдановіча] не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць.. на ўсім куплёным. Пастаянны.. клопат, — дзе, як дастаць капейку, каб купіць бульбы, алею і нават... лучыны. М. Стральцоў.

2. Які не змяняецца, нязменны; той жа самы. Пастаянны састаў вучняў. Пастаянная газетная рубрыка. □ Марына ўжо так не абуралася, слухаючы балбатню матчыных заказчыц. Яны ў большасці былі пастаянныя, прыходзілі часта. Шахавец.

3. Разлічаны на доўгі час; які дзейнічае, працягваецца доўгі час; проціл. часовы. Пастаянная работа. Пастаянная тэмпература. Пастаянная выстаўка. Пастаянны падпісчык. □ [Атрады] накіраваліся ў свае пастаянныя лагеры — сустрэць свята, адпачыць. Шамякін. — А пакуль дадуць новую работу, маці кажа, што трэба мець недзе пастаяннае прыстанішча. Шыцік. // Заўсёдашні, звычайны. Яшчэ адзін доказ — апошні акт спектакля. Зёлкін зноў выконвае свае, так сказаць, пастаянныя функцыі. Сабалеўскі.

4. Які заўсёды зберагае вернасць чаму‑н. (пэўным поглядам, думкам, сімпатыям).

•••

Пастаяннае супраціўленне гл. супраціўленне.

Пастаянны нейтралітэт гл. нейтралітэт.

Пастаянны ток гл. ток.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карці́на, ‑ы, ж.

1. Твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы і інш. Пісаць карціну. Карціна І. Я. Рэпіна «Запарожцы». Выстаўка карцін.

2. перан. Тое, што можна бачыць або ўяўляць сабе ў канкрэтных вобразах. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой. Васілевіч. // Літаратурнае, вобразнае апісанне чаго‑н. Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка». Палітыка. Малюючы карціны бітваў Чырвонай Арміі з белапалякамі, напаўняючы гэтыя карціны рамантыкаю барацьбы, пісьменнік, аднак, не захапляецца толькі гэтым бокам падзей. Арабей. // Агульнае становішча чаго‑н. — Я раненька ў праўленне прыбег, усе дакументы па будаўніцтву — на стол: колькі збудавалі за гэтыя гады, колькі па планах трэба пабудаваць, колькі ёсць у нас на калгасныя патрэбы дошак, цвікоў — поўная карціна, адным словам. Савіцкі. [Камандуючы:] Вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Крапіва.

3. Разм. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваёй незвычайнасцю. — А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-рціна! Лынькоў.

4. Частка акта ў драматычным творы, якая патрабуе самастойнай дэкарацыі. Драма ў трох актах і пяці карцінах.

5. Разм. Кінакарціна, кінафільм. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Даставіць, прынесці куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Хлопчыкі прыцягнулі драбіну, але яе было малавата, каб дастаць на падстрэшша. Ляўданскі. Вось Яцук падхапіўся, прыцягнуў ахапак ламачча. Галіну за галінай пачаў кідаць у агонь. Лупсякоў. // Наблізіць з сілай, з якімі‑н. намаганнямі каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. Павел схапіў .. [Міхаля] за грудзі і прыцягнуў да сябе. Чарнышэвіч. Аўдоцця прыцягнула да грудзей галоўку сына, моцна прытуліла. Мележ. // Наблізіць сілай прыцяжэння, магнетызму. Магніт прыцягнуў іголку.

2. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. Прыцягнуць у госці. Прыцягнуць у кіно. □ [Пніцкі] прыцягнуў.. [Нахлябіча] да сына. Чорны. // Прывесці з сабой. Некаторыя з гэтых знаёмых у сваю чаргу прыцягнулі сваіх знаёмых. Маўр.

3. перан. Прывабіць, выклікаць жаданне прыйсці, прыбыць куды‑н. Выстаўка прыцягнула шмат наведвальнікаў. □ Нялюбая была .. [Веры] прафесія, а тое, што прыцягнула яе сюды — каханне да Кузьмы, пачало знікаць. Дуброўскі.

4. перан. Выклікаць жаданне, заахвоціць або прымусіць прыняць удзел у чым‑н., заняцца чым‑н., прымкнуць да чаго‑н. Прыцягнуць на свой бок. □ — Я, прызнацца, шукаў вас, каб пагаварыць і прыцягнуць да работы ў нашай беларускай першай газеце. Колас. — Работа з моладдзю, з інтэлігенцыяй, каб прыцягнуць іх у атрады, — адна з галоўных нашых задач. Шамякін.

•••

Прыцягнуць да адказнасці — прымусіць адказваць за сваю дзейнасць, за свае ўчынкі.

Прыцягнуць увагу — выклікаць цікавасць, прымусіць звярнуць на сябе ўвагу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

1. Аказацца адкрытым, адчыніцца. Пакой адкрыўся. // Рассунуцца, расхінуцца або падняцца ўверх. Згасла святло, і адкрылася заслона. Карпюк. Шлагбаум адкрыўся, і з-за насыпу вынырнула фурманка, аблепленая салдатамі, за ёй другая, трэцяя, чацвёртая. Дамашэвіч. // перан. Стаць даступным, магчымым для каго‑н. Так адкрыліся перад Янкам дзверы ў бібліятэку пана Сігізмунда Чаховіча. С. Александровіч. Каб справаю і славай парадніцца У гэты дзень братэрства і надзей, Не толькі што адкрылася граніца — Там сэрцы ўсе адкрыліся ў людзей. Панчанка.

2. Паказацца, паўстаць перад вачамі. Нёман адкрыўся хлопцам урачыста ціхі, велічны. Брыль. [Аня і Саша] ўз’ехалі на ўзгорак, і позірку адкрылася ўся іх вёска ў зеляніне садоў. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім, хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ.

3. перан. Стаць зразумелым каму‑н. [Леанід Аляксеевіч:] — Сёння мы ўзняліся ўжо на такую вышыню, з якой ва ўсёй велічы адкрыліся перад намі ясныя далягляды нашай будучыні, імя якой — камунізм. Якімовіч. Мне зноў адкрылася, маю душу па-свойму ўразіла непаўторная беларуская прыгожасць, абаяльная сіла паэзіі — народнай і таму вялікай. Брыль. Для мяне адкрыўся свет мастацтва, а праз яго — шырокае эмацыянальнае пазнанне жыцця. Сяргейчык. // Стаць відным, даступным. Хто дакранаўся кнігі той з адкрытай, шчыраю душой.., Таму адкрыўся на зямлі Да камунізма шлях жыццёвы. Танк.

4. Расказаць пра сябе адкрыта, шчыра; прызнацца ў чым‑н. Толькі не было чалавека, якому Іван мог бы адкрыцца, з кім мог бы раздзяліць сваю тугу, свае дакоры сумлення. Новікаў. Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны. Мне цяжка было ведаць, што не да канца я магу перад табою адкрыцца. Скрыган.

5. Пачаць сваё існаванне, дзейнасць (пра ўстанову, прадпрыемства і пад.). Школа адкрылася. // Пачацца. Адкрылася падпіска на газеты. Адкрыўся тэатральны сезон. Адкрылася выстаўка. □ [Андрэй:] — Жонка да дня нараджэння купіла мне ў падарунак стрэльбу. Вісіць на сцяне, чакае, калі адкрыецца сезон на качак. Шахавец.

6. Перастаць зажываць, гаіцца; прарваць (пра рану). Адкрылася старая рана, і трэба было зноў рабіць аперацыю — вымаць асколкі. Васілевіч.

•••

Вочы адкрыліся ў каго гл. вока.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)