Бу́сы ’пацеркі’ (Інстр. I, Сакал., Бяльк.). Рус. бу́сы, укр. бу́си. Слова, пашыранае пераважна на рускай моўнай тэрыторыі. У бел. мове, здаецца, з рус. Паходжанне слова няяснае. ёсць версія пра сувязь з *biserъ ’бісер’ (гл.); так Праабражэнскі, 1, 55; Шанскі, 1, Б, 237; Гараеў, 17. Супраць Фасмер, 1, 252; Бернекер, 58; Рудніцкі, 270. Сабалеўскі (РФВ, 67, 214) звязаў слова з бу́са ’лодка, карабель’ (< сканд. моў), па падабенству ракавін, з якіх рабіліся пацеркі, з лодкамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Біцю́г. Паводле Шанскага, 1, Б, 126, запазычанне (як і ўкр. битю́г) з рус. битю́г ’тс’ (якое тлумачыцца як «конь з ракі Битю́г», у Варонежскай вобласці, дзе быццам была выведзена гэта парода, гл. Праабражэнскі, 1, 27; Фасмер, 1, 169; Шанскі, 1, Б, 126; іншая версія — запазычанне рускага битю́г з цюрк. моў, літ-py гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, Дополн., 1, 169; Шанскі, там жа). Некалькі іначай аб цюрк. паходжанні слова Оцін, Этимология, 1970, 230–241.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́рус ’умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, якая надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна; кавалак тканіны, што нацягнуты на крыло ветранога млына’ (ТСБМ). Рус. па́рус, ст.-рус. парусъ (пад 907 г.). Пэўнай этымалогіі няма. Лічыцца запазычаннем з грэч. φᾶρος, ацціч. φάρος ’тс’ (Міклашыч, 232; Фасмер, Этюды, 145; Праабражэнскі, 2, 19). Супраць Мікала (РФВ, 48, 277), які набліжае да ст.-рус. рухо ’адзенне’, але гэта версія няпэўная ў фанетычных адносінах (гл. яшчэ Фасмер, 3, 210).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абмішу́ліць, абмішульваць ’ашукаць, падмануць’ (Бяльк.), абмішуліцца ’прыкра памыліцца’ (Юрч. Сін.). Рус. мишуля ’дурань’ звязваецца з уласным імем Міхаіл. Фасмер (2, 631) аспрэчвае версію Ільінскага (ИОРЯС, 20, 3, 76) аб сувязі мишуля з рус. обмихнуться, якое, аднак, у сваю чаргу не мае яснай этымалогіі. Калі бел. абмішуліць утворана як абдзяжуліць, тады яно ўзыходзіць да аб‑міх кантамінацыйнай формы ад бел. абмах ’памылка’ і бел. абвіхнуцца ’памыліцца’ (гл.). Іншая версія можа быць звязана з літ. mišulỹs ’блытаніна думак’ да mìsti ’заблытацца, аканфузіцца’, ’страціць розум’. Тады абмішуліць балтыйскага паходжання. Як аб гэтым сведчыць фанетыка, запазычанне магло адбыцца толькі пасля падзення рэдукаваных. Гэта версія таксама не надзейная, бо застаецца неўдакладненай непасрэдная крыніца запазычання. Трэцяе рашэнне: рускі дублет обмишулить/обмишурить гаворыць аб л/р дублетнасці ў гэтых формах. Тады абмішурыцца, магчыма, да рус. (зах.) мишурис, польск. miszures ’слуга на пастаялым двары’ (< ідыш meszores ’слуга’). Нарэшце, параўн. абмішуліцца ’памыліцца’ і абмішэніцца ’не папасці ў цэль’ (Бяльк., Дабр., Этн.). Апошняе магло кантамінавацца з абакуліць ’ашукаць’. Магчымасць усіх гэтых версій стварае вялікія цяжкасці на шляху вырашэння пытання. Хутчэй за ўсё ў дадзеным выпадку мелі месца надзвычай складаныя кантамінацыйныя працэсы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галёнка ’галёнка’ (БРС, Шат., Касп., Нас.). Рус. го́лень, укр. голі́нка, польск. goleń, чэш. holeň, балг. го́лен, серб.-харв. го̏лијен і г. д. Слова засведчана ўжо ў ст.-слав. мове (голѣнь). Думаюць, што гэта ўтварэнне ад прыметніка *golъ ’голы’ суфіксам *‑ěnь (першапачатковае значэнне ’голая косць’). Брукнер, 149; Міклашыч, 70 і наст. Іншая версія (роднаснасць з грэч. γυῖον ’рука, нага’, γύαλον ’дупло, упадзіна’) пераконвае менш. Гл. Фасмер, 1, 428; Шанскі, 1, Г, 117. Вельмі падрабязна Слаўскі, 1, 311–312.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дурма́н ’дурман’ (БРС), ’расліна дурнап’ян’ (Бяльк.). Рус. дурма́н, укр. дурма́н ’тс’. Паводле Фасмера (1, 555), звязана з дур‑ (што ў словах рус. дурно́й, одуря́ть). Таксама Махэк₂ (135) мяркуе, што запазычанае з рус. мовы чэш. durman звязана з durný, таму што расліна вельмі ядавітая. Іншая версія (падрабязна аб гэтым Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 212–213, з аглядам літ-ры) выводзіць слова з цюрк. моў, а сувязь са слав. dur‑, durьnъ і г. д. лічыць народнай этымалогіяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёваць1 ’жыць, дыхаць’: «Якей зь яго жыціль, чуць клёвыіць» (Юрч. Фраз. 2, З нар. сл.). Да клёваць2 (гл.). Развіццё значэнняў: ’біцца (пра сэрца)’ > ’дыхаць’. Існуе версія аб балтыйскім паходжанні разглядаемай лексемы. Але словы, якія разглядаюцца як магчымая крыніца для беларускай групы лексікі, далёкія семантычна і фанетычна і марфалагічна неадпаведныя: літ. kliáutis ’давяраць’, kliáuti ’зачапляць’ (параўн. Лаўчутэ, Балтизмы, 67).

Клёваць2 ’тоўкаць, торкаць, пульсаваць’ (Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Да кляваць (гл.). Параўн. укр. клювати ’пульсаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёц1 ’зуб у баране’ (Нас., Касп., Мат. Гом., Мядзв., Нік., Няч.). Параўн. рус. (зах.) клец ’тс’. Да клёц2. Семантычны пераход ’кавал дрэва’ > ’сук’ > ’зуб у баране’ (першасны варыянт — стваліна дрэва з тоўстымі сукамі). Гл. Хэнзель, Słowiańszcyzna, 26. Менш надзейная версія: да прасл. tolbCb. Гл. клыкі (Фасмер, 2, 249).

Клёц2 ’тоўстае бервяно’ (Нар. сл., Сцяшк.). Укр. кльоц ’калода’, польск. kloc ’тс’. Запазычанне праз польскае пасрэдніцтва з с.-в.-ням. kloz ’тс’ (Слаўскі, 2, 230; ЕСУМ, 2, 472).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ку́цы1 ’кароткі’ (ТСБМ, Нас., ТС, Касп., Бяльк.). Укр. куций, рус. куцый ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Экспрэсіўны варыянт да *кусы (укр. кусий ’куцы’, балг. къс, серб.-харв. ку̑с, польск. kęsy, чэш. kusý, в.-луж. kuši, н.-луж. kušy ’тс’) (Бернекер, 601; Міклашыч, 128). Гэта версія даволі надзейная, бо дапамагае зразумець абмежаванае распаўсюджанне куцы і тое, што кусы і куцы знаходзяцца, за выключэннем укр. кусий, у дадатковай дыстрыбуцыі.

Ку́цы2 ’чорт’ (Сержп. Грам.). Гл. куцы1. Параўн. куртаты2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наодлукі ’абы-як (рабіць)’ (беласт., Ніва, 5 жніўня 1979 г.), параўн. укр. наодлуці ’аддзяліўшыся’. Семантычна цяжка звязаць беларускае і ўкраінскае словы; магчыма, да адлучыць ’аддзяліць’ (гл. лучыць) у сэнсе ’адвязацца, адчапіцца’, тады першапачатковае значэнне прыслоўя было б ’абы адвязацца (рабіць)’. Фармальна суадноснае серб.-харв. ддлука ’рашэнне’ дэманструе процілеглую семантыку як вытворнае ад дзеяслова одлучити ’скончыць, падвесці вынікі і пад.’ Іншая версія: да лука ’выгін, крывізна’, *на‑од‑лукі адпавядала б семантычна рус. ’вкривь и вкось’, параўн. улукаткі ’зігзагамі (бегчы)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)