Трос1 ‘канат з пянькі або са стальнога дроту’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘карабельная вяроўка’ (Некр. і Байк.), ‘якарны канат’ (ТС), ‘ліна, якой звязваюць звенні плыта’ (дзісн., Бел. дыял. 3), троса́ ‘тс’ (петрык., З нар. сл.). Праз рускую мову з нідэрл. tros ‘трос, ліна’, якое разам з с.-н.-ням. trosse, ням. Troß, Trosse ўзыходзяць да франц. trousse < trousser ‘круціць’ < с.-лац. tortiare ‘тс’ (Фасмер, 4, 106; Duden. Etymologie, 867).

Трос2 ‘ колас’ (Сцяшк. Сл.). Адзінкавая фіксацыя не дае падстаў для надзейнай этымалогіі. Можна параўнаць з чэш. trs ‘сцябло, мяцёлка расліны’, ‘вінаградная лаза’, славац. trs ‘наземная частка некаторых раслін’ (з чэш., Кралік, 630), славен. tȓs ‘вінаградная лаза’, серб. трс, харв. tȓs, tȑs ‘сцябло, вузел, вінаградная лаза’, ст.-слав. тръсиѥ ‘вінаград’. Прасл. *trьsъ ‘сцябло, вінаград’ (Глухак, 640), параўноўваюць з грэч. θρινίαадростак, парастак’, алб. trishë ‘тс’ (Скок, 3, 509) або разглядаюць у якасці запазычання з с.-лац. tirsus, trisus ‘сцябло’ (Махэк₂, 654). Магчыма, на Балканах першасная назва перанесена на вінаград (Лома, Зб. ФЛ, XLV/1, 94); няясныя адносіны да макед. дыял. тросук ‘пырнік’, балг. дыял. тро́сък ‘від пустазелля’, параўн. троскат, гл.

Трос3, ст.-бел. тросъ ‘скураная торба або пояс для грошай’ (1585 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trzos, czrzos ‘тс’, якое ўзводзіцца да прасл. *čersъ, параўн. каш. třos ‘гасцінец, чаявыя’, рус. че́рес, че́рез ‘шырокі скураны пояс на грошы’, укр. че́рес ‘тс’, роднасныя ст.-ірл. criss ‘пас, пояс’, шатл. crioss ‘тс’, ‘паўпасак’, вал. crys ‘кашуля, сукенка’, ‘адзенне з фалдамі’ < і.-е. *kerd‑ ‘пас; падпяразвацца поясам’ (Борысь, 651). Звязана з польск. trzosła (XVI ст.) ‘паясніца’, гл. чарасло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярга́ ’пылок з кветак, сабраны пчоламі і прынесены ў вулей для падкормкі маладых пчол’ (лід., слуц., Сл. ПЗБ; Скарбы), перга́ ’тс’ (дзятл., барыс., рагач., Сл. ПЗБ; петрык., калінк., Шатал.; брэсц., навагр., ЛА, 1), ’пылок, перамешаны з мёдам’ (ПСл, Ян.), пэрга́, пырга́ ’пылок, корм для маладых пчол’ (Сл. Брэс., Клім.), pýrha ’пылок, якім пчолы засыпаюць соты’ (Маш.); сюды ж пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), укр., рус. перга́, польск. pierzga ’тс’, дыял. percha ’тс’ (відаць, з укр.). Мяркуецца, што не можа разглядацца асобна ад перга́ ’перхаць’ (лельч., петрык., ЛА, 1; ТС), пе́ргоць ’тс’ (ТС), рус. перга́ ’парша, перхаць, кароста’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьrga з агульным значэннем ’тое, што аддзяляецца, адскоквае’, хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік да *pьrgati, *pьrgnǫti ’растрэсквацца (пра скуру, кару), лушчыцца, абсыпацца’, параўн. польск. pierzgnąć ’абсівераць, стаць шорсткім (пра скуру)’, магчыма, і pierzchnąć ’стаць шорсткім, лушчыцца (пра скуру)’, а таксама ’пырснуць, адляцець; уцячы’ (Брукнер, 405, 411); паводле Банькоўскага (3, 562), апошняе з *pьrxati, pьršeti, гл. пярхаты. Суадносяцца з літ. spìrgii ’трэскацца, распадацца’, лац. spergere ’аддзяляць, раскідваць, рассыпаць’, што да і.-е. *(s)perg‑ ’адлучаць, рассыпаць’ (Банькоўскі, 2, 563), прадстаўленага і ў пірга́ць ’штурхаць’, гл. (Гарачава, Этимология–1985, 69–70; Варбат, Этимология–2000–2002, 24–25). Можна супаставіць з *pьrxa як варыянтам ад і.-е. *per‑ з іншым дэтэрмінатывам (Траўтман, 206; Шульгач, RS, 51, 96). Сувязі з серб.-харв. дыял. пр̏га ’мука з расліны Sorghum; каша з такой мукі’, славен. pŕga ’казіныя бубачкі; насенне’ і ’мука з сушанай садавіны; ляпёшка’ (разглядаюцца як амонімы, гл. Фурлан–Бязлай, 3, 118–119, на думку Куркінай, Этимология–1994–1996, 200, беспадстаўна, бо ўзыходзяць да *pьrga ’нешта дробнае’ ), балг. пъ́рга ’жыта, якое пачало толькі спець, але яшчэ не зацвярдзела’, ст.-слав. пръга ’пражмо’, стараж.-рус. перга ’тс’, чэш. prha ’расліна Атака; хлеб з мукі, змолатай з падсушанага новага зерня’, што параўноўваюцца з літ. spirgà ’гарачыня’, spirgéti ’пражыцца, пячыся’, sprógaадростак, атожылак’, spùrgas ’пупышка’, грэч. ασπάραγος ’парастак’ і інш., акрамя ст.-інд. parāgas ’пылок з кветак’ (гл. Фасмер, 3, 235; Махэк₂, 483; Скок, 3, 38–39; БЕР, 6, 77), застаюцца семантычна далёкімі. Гл. і пе́рга, пярха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)