пасі́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Неактыўны, неэнергічны; абыякавы да ўсяго; проціл. актыўны. «Пасіўнае чаканне — вялікае глупства», — падумаў Ярохін. Шамякін. Сам жа Лабановіч на гэты раз, як бяспраўны настаўнік, сядзеў далей ад стала экзаменатараў у якасці старонняга і пасіўнага наглядальніка. Колас. На змену пасіўнай жальбе прыйшоў пратэст і жаданне волі, глыбокі голас, ускалыхнуты непадробнай страсцю, загучаў па-новаму. Васілевіч.

2. Спец. Які мае адносіны да пасіву (у 2 знач.).

3. Спец. Які мае адносіны да пасіву (у 3 знач.). Пасіўная канструкцыя.

•••

Пасіўны баланс гл. баланс ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ледзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лёду; які складаецца з лёду. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай. Шамякін. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Ледзяныя вяршыні гор. □ Па ледзяных горках коўзаюцца дзеці. Мурашка.

2. Вельмі халодны; халодны як лёд. Дзе-нідзе байцы з першага ж кроку правальваліся па пояс ў ледзяную ваду. Краўчанка. Здольнасць што-небудзь усведамляць вярнулася да Хвядоса ўжо на вуліцы, калі твар яго апякло ледзяным ветрам. Шашкоў. // Застылы, адубелы. Ледзяныя пальцы. Ледзяны твар.

3. перан. Пагардліва-халодны, знішчальны. Ледзяны позірк. // Халодна-раўнадушны, абыякавы. Ледзяныя вочы. Ледзяны выраз твару.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзёрзкі, ‑ая, ‑ае.

1. Непачцівы, грубы; нахабна-задзірлівы. Дзёрзкі адказ. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. Часам на Ніка як бы нешта находзіла і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў.

2. Вельмі смелы, абыякавы да небяспекі. — Хто думае наступаць, той заўсёды клапоціцца наконт разведкі: мабільнай, гібкай, разумнай, а калі трэба — дзёрзкай. Алешка. // Поўны смелых, упэўненых парыванняў. Якая багатая ноч! І як добра, што я гашчу ў цябе, радзіма мая, — дзёрзкая, свежая і дужая, як маладосць. Скрыган. Нам партыя дала І смелы дзёрзкі розум, І дум высокі ўзлёт, І веліч ясных мэт. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.

2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акамяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў цвёрдым як камень, ператварыўся ў камень. Акамянелы раствор. □ І лісцейка як адціснулася тысячы год назад, так і захавала свой малюнак у акамянелым дрэве. Лынькоў. // перан. Які стаў цвёрды, сухі ад працяглага ляжання. І стаялі счарнелыя печы З пераваранай бульбай, З выкіпеўшай капустай, З акамянелым хлебам. Блатун. Зямля стала зусім акамянелай. Каваль.

2. перан. Які стаў нерухомым, замёр; застылы, аслупянелы. Ваня стаяў акамянелы. Няўжо праўда? Новікаў.

3. перан. Які страціў здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці; абыякавы да ўсяго. На пярэдняй парце, сціснуўшы галаву далонямі, сядзела з акамянелым тварам Рая. Шамякін. Пеця стаяў з акамянелым сэрцам, абхапіўшы рукамі худыя плечы маці, і таксама плакаў. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паха́бны ’непрыстойны, бессаромны’ (ТСБМ). З і рус. поха́бный ’тс’, пск., цвяр. ’дрэнны, мізэрны’ (параўн. рус. ха́бить, рус.-ц.-слав. хабити, укр. оха́бити ’жаваць’, ц.-слав. похабъ ’вар’ят, дзікі’, польск. chaba ’кляча’, chaby ’косці, што вытыркаюцца з-пад скуры’, чэш. ochabiti ’знясіліць’, ochabnouti ’зрабіцца вялым’, паўд.-чэш. vochabnout ’змізарнець’, мар. ochápalý ’хворы’, ’напалоханы’, чэш. і славац. chabý ’вялы, млявы’, ’малы’, ’баязлівы’, славен. hábiti, серб.-харв. ха̏бити ’пашкоджваць, зношваць’, балг. хабя, изхабя ’псую’, ц.-слав. охабьнъ ’кепскі’. Прасл. xabъ, роднаснае да ст.-грэч. κωφός ’млявы, бездапаможны, нямоцны (пра стралу кепскага стралка)’, ’бязгучны, тупы на слых’ > ’глухі’, ’упалы духам’ > ’неразважлівы’, да літ. kàpti ’рабіцца млявым’ < і.-е. *kōphos (Махэк₂, 194–195), у якім k > x, а ‑b‑ з семантычна блізкага slabъ ’слабы’. Пры гэтым ён указвае на нерэгулярнае і.-е. *ph. Младэнаў (664) і Петарсан (KZ, 47, 286) таксама звязваюць іх з і.-е. адпаведнікамі, якія абазначаюць цялесную слабасць: лац. hebes, арм. xul ’глухі’, але рэканструююць і.-е. *khābh‑/*qhōbl‑ ’знямоглы, абыякавы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

забыццё, ‑я, н.

1. Страта ўспамінаў аб кім‑, чым‑н. Героям няма забыцця. □ Дні адплывалі ў забыццё, Міналі зімы, леты. Прынеслі іншае жыццё У край глухі Саветы. Смагаровіч.

2. Стан непрытомнасці, трызнення. Малая стогне і ўсхліпвае. І зноў забыццё, толькі хуткае дыханне і доўгія вейкі на заплюшчаных вачах. Брыль.

3. Стан дрымоты; паўсон. Зноў наплывала забыццё, і самі павольна сплю[шчв]аліся вочы. Галавач.

4. Стан глыбокай задуменнасці, адлучанасці ад усяго навакольнага. [Пятро Мікалаевіч] доўга сядзеў у забыцці на калодцы, да болю сціскаючы рукамі галаву. Данілевіч. Ад вулічнага спакою прыйшло лёгкае забыццё. Вінцусь не адганяў гэтага забыцця, нават рад быў яму. Галавач.

5. Стан моцнага душэўнага ўзрушэння, калі чалавек перастае кантраляваць свае дзеянні. [Аляксей] ляжаў у шалёным забыцці і са злосцю думаў, што трымае сябе вельмі брыдка. Карпаў. [Лявон Жалейка] быў нібы ў нейкім забыцці, да ўсяго абыякавы, гатовы і сабе ўсадзіць нож у сэрца. Гурскі.

•••

Аддаць забыццю гл. аддаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца каменем (у 1 знач.), складаецца з каменю. Каменная парода. Каменная гара. Каменная скала.

2. Выраблены, пабудаваны з каменю, з камення або з цэглы. Каменны дом. Каменны падмурак. □ Тры пад’езды з вуліцы, з адшліфаванымі каменнымі ганкамі, .. нагадвалі ўваход у касцёл. Бядуля. Узнімаючы слуп пылу, імчаліся грузавікі, грукацелі гарматы па каменным бруку. Лынькоў.

3. Які характарызуецца апрацоўкай каменю, выкарыстаннем прылад з каменю (пра перыяд, эпоху). Каменны век.

4. перан. Нерухомы, застылы. Дзед з сухім каменным тварам і невідушчымі вачамі нясе на руках Паўліка. Хомчанка. А маці стаіць за сцяной: Ні з месца — Каменнаю стала. Бялевіч.

5. перан. Абыякавы, нячулы, раўнадушны. Сэрца чарсцвела, рабілася каменным, толькі адно кволае пачуццё і засталося ў ім. Мурашка.

6. Непахісны, стойкі, упарты. — Я сказаў, што не пушчу, а здам у міліцыю, пакуль не заплаціш, — з каменнай упартасцю гаварыў кантралёр. Скрыган. Каменнаму трэба быць, каб жыць у сям’і Верамейчыкаў. Крапіва.

7. Як састаўная частка некаторых: батанічных, заалагічных і мінералагічных назваў. Каменная бяроза. Каменны баран. Каменная соль. Каменны вугаль.

•••

Каменная баба гл. баба.

Каменны мяшок гл. мяшок.

Як за каменнай сцяной гл. сцяна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тупы́ ‘недастаткова навостраны, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць, нявостры’ (ТСБМ, Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Ян., ТС, Сл. ПЗБ): хочацца хлеба, ды нож туп (Юрч. Крыл.), ‘шырокі, круглы (пра галаву, морду)’, ‘які прыйшоў у стан атупення, абыякавы, бяссэнсавы’, ‘не востры, глухі, ныючы (пра боль)’, ‘глухі, не звонкі (пра гукі)’ (ТСБМ), ‘нячуйны (пра сабаку)’ (Ян.), ‘някемлівы, разумова абмежаваны, неразвіты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ, Нас., Вруб., Байк. і Некр.), ‘павольны, гультаяваты’ (паст., лід., брасл., Сл. ПЗБ), тупу́ ‘лянівы, ціхі’ (ТС), ст.-бел. тупый ‘якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць’, ‘разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы’, ‘бяссэнсавы (пра погляд, твар)’ (ГСБМ). Укр. тупи́й, рус. тупо́й, стараж.-рус. тупъ, польск. tępy, н.-, в.-луж. tupy, чэш., славац. tupý, славен. tȍp, харв. tûp, серб. ту̂п, балг. тъп, макед. тап. Прасл. tǫpъ ‘нявостры, вышчарблены’, відаць, развілося з і.-е. *tompo‑, параўн. літ. tampýti ‘цягнуць, расцягваць’, tem̃pti ‘тс’, лат. tiept ‘нацягваць, рабіць тугім’, ст.-ісл. þambr ‘тоўсты, надуты’, ‘нацягнуты (пра цеціву)’, ст.-грэч. τέμνω ‘рэжу’ ўзыходзіць да і.-е. асновы *ste(m)p‑/*ste(m)b‑ і роднаснага і.-е. *stm̥bo‑ ці *(s)tomp‑, *stomb‑ (Фасмер, 4, 122), рэалізаванага ў ст.-в.-ням., ням. stumpf ‘тупы’, ‘без бляску’, ‘някемлівы’; і.-е. *stm̥bo‑ першапачаткова абазначала ‘пакалечыць, урэзаць, вышчарбіць, укараціць, пабіць, прыціснуць’ (Сной₂, 772) і адлюстравалася яшчэ ў ст.-грэч. στέμβω ‘б’ю, таўку, цісну’, ст.-в.-ням. stampf ‘таўкач’, ст.-в.-ням. stumbal ‘абрубак, абрэзак’. Мяркуецца, што значэнні ‘нявостры’ і ‘няздольны, дурны’ ўзыходзяць да праславянскага перыяду (Якубовіч, Drogi słów, 295). Гл. яшчэ Брукнер, 570; Махэк₂, 661; Скок, 3, 524; ЕСУМ, 5, 677; Арол, 4, 117. Сюды ж ту́па ‘павольна’ (гл.), тупава́то ‘туга, дрэнна’ (Зайка Кос.), тупі́ца ‘тупая (затупленая) сякера, каса’ (гл.), тупы́ця ‘тс’ (кам., ЛА, 2), тупі́чка ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тупі́ць ‘рабіць тупым’ (ТСБМ, Байк. і Некр.); ту́пянькі ‘тупы (носік у яйку)’ (маладз., Сл. ПЗБ), тупава́ты ‘не зусім востры’ (лід., там жа), тупʼё ‘тупая частка нажа’ (шчуч., там жа), тупі́ла ‘тупы нож, сякера’ (Юрч. Вытв.), ‘тупы, няздольны чалавек’ (там жа; слонім., Сл. рэг. лекс.), тупе́нь ‘няздатны да навукі’ (Нас., Байк. і Некр.), тупа́к ‘тс’ (маладз., Янк. Мат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)