Іша́к. Рус. иша́к, укр. іша́к, серб.-харв. ешек. Слова цюркскага паходжання. У беларускай праз рускую (на магчымасць гэтага ўказвае Крукоўскі, Уплыў, 73). У рускай адзначана з XVII ст., у форме ишечькъ — з 1567 г. Звычайна лічаць запазычаннем з тур., азерб. äşäk, тат. işäk ’асёл’ (Радлаў, Опыт, 1, 905–906, 1552; Фасмер, 2, 146). Па фанетычных і экстралінгвістычных прычынах Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 24) называе Каўказ як больш верагодную тэрыторыю запазычання. Гл. яшчэ Шанскі, 2, I, 140. У серб.-харв. мове з турэцкага (Скок, 1, 495).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апеля́цыя, апеляваць. Як і ўкр. апеляція запазычана ў XVI ст. праз польскую з лацінскай ’мовы (Паўтарак, Бел. лекс., 134; Папова, Дасл. бел.-рус., 53; Гіст. мовы, 1, 249, 253; Шакун, Гісторыя, 97; Курс суч., 172; Вясноў, Бел. лекс., 34; Гіст. лекс., 109). Рус. апелляция ў Пятроўскую эпоху з польскай (Фасмер, 1, 81), апелли́ровать у XVIII ст. з ням. (Шанскі, 1, А, 124). Наўрад ці гэты тэрмін быў забыты (як лічыць Шакун, Гісторыя, 300) і з’явіўся як новае слова ў XIX ст. (як лічыць Крукоўскі, Уплыў 76; Гіст. мовы, 2, 107; Гіст. лекс., 233).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Афе́кт ’моцнае хваляванне; запальчывасць і злосць’, ст.-бел. афектъ, аффектъ ’моцнае жаданне, страсць’ (канец XVI — пачатак XVII ст., Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Запазычана праз польскую мову або непасрэдна з лац. affectus ’прыхільнасць, пачуццё, любоў’, гл. Гіст. лекс., 108; Булыка, Запазыч., 34; параўн., аднак, Краўчук, ВЯ, 4, 1968, 123, дзе адмаўляецца насуперак Рудніцкаму, 1, 41, непасрэднае запазычанне ўкр. афе́кт з лацінскай па акцэнталагічных прычынах — наяўнасці ў Бярынды слова з двума націскамі: а́фект і афе́кт. Магчыма, паўторнае запазычанне ў беларускую літаратурную мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), пра што сведчыць сучасная семантыка слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́стыка ’вера ў надпрыродныя, таямнічыя сілы і зносіны з імі чалавека’, ’нешта загадкавае, нерастлумачальнае’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое праз зах.-еўр. мовы прыйшло са ст.-грэч. μυστικός ’таямнічы’. Не выключана ў якасці пасрэдніцы польск. мова, як у лексемы містэрыя ’тайныя абрады ў гонар бажаства ў старажытных краінах’, ’рэлігійная драма ў сярэднія вякі’, ст.-бел. мистерия ’містэрыя, таінства’ (XVI ст.), якое са ст.-польск. misteryjum < с.-ням. Mysterium (мн. л. Mysteria) < лац. mystērium < ст.-грэч. μυστήριον ’тайна, таінства’ (Булыка, Лекс. запазыч., 179; Фасмер, 2, 627) < ст.-грэч. μύω ’закрываю вочы, стульваю губы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Наманы́ ’наўгад’ (навагр., Сцяшк. Сл.), ’наўздагад, навослеп, пэўна не ведаючы дарогі’ (слуц., Полымя, 1988, 7, 203). З прыназоўнікава-іменнай канструкцыі *на маны, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік у він. скл. мн. л. (Шуба, Прысл., 141), параўн. наманяць ’намерыцца’ (Сцяшк. Сл.), namanuć ’надумаць’ (Арх. Федар.), наману́цца ’надумацца’ (Сл. ПЗБ), дзе ў якасці зыходнага аўтары слоўніка дапускаюць літ. manytys ’надумаць’; тады першаснае значэнне злалучэння ’куды ўздумаецца (ісці, ехаць і пад.)’. З фармальнага боку пры наяўнасці мани ’абман, хлусня’, ’пах, тое, што прываблівае’, ’здань’ і інш. аддзеяслоўных утварэнняў ад * танін няма патрэбы дапускаць уплыў літоўскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праспе́кт1 ’вялікая, шырокая вуліца ў горадзе’ (ТСБМ). З рус. проспе́кт ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 79) якое, як мяркуюць, праз ням. Prospekt ’від, перспектыва’ ўзыходзіць да лац. prōspectus ’від’, аб рус. слове гл. Фасмер, 3, 379. Ст.-бел. проспектъ ’агляд’ < польск. prospekt ’тс’ (Булыка, Запазыч., 267).

Праспе́кт2 ’падрабязны план, змест’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. проспе́кт ’тс’, якое, магчыма, праз польск. prospekt ’тс’ з заходнееўрапейскіх моў: параўн. ням. Prospekt ’аб’ява, прэйскурант’, англ. prospektus ’праспект (кнігі вучэбнай установы і г. д.)’. Як і праспект1, слова ўзыходзіць да лац. prōspectus.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыча́сце, прыча́сць ’абрад прычашчэння; віно з кавалачкамі просвіры, якое ўжываецца для прычашчэння’ (ТСБМ, Мік., Нас., Ласт., Др.-Падб.), параўн. таксама ў прыча́стку ’ўпрыкуску’ (ТС), ст.-бел. причастие, причастье (XVI ст.), рус. прича́стие, укр. прича́стя, балг. причастие, серб.-харв. при́чест ’прычасце’, макед. причест, ст.-слав. причѧстиѥ. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 74), з рус. причастие, аднак можа быць працягам ў старабеларускай мове царкоўнаславянскага слова, дзе, на думку аўтараў БЕР (5, 744), з’яўляецца аддзеяслоўным дэрыватам ад причастити, якое калькуе с.-грэч. κοτνώνω = лац. communicare ’аб’ядноўваць’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 583 (украінскае слова лічыцца непасрэдным запазычаннем са стараславянскай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́зкі1 ’рэзкі, востры; шурпаты, з вострымі гранямі; жорсткі; ядраны, халодны; дзёрзкі’ (ТСБМ, ТС), ’калючы; вельмі кіслы’ (воран., калінк., Сл. ПЗБ), ’прарэзлівы’ (Ян.). Укр. рі́зкий ’рэзкі’, рус. резкий ’тс’, польск. rześki ’жвавы, рэзкі’, чэш. дыял. rezký ’жвавы, бадзёры’, серб. і харв. ре̏зак ’востры, кіслы’, балг. рязък ’рэзкі’. Прасл. *rězъkъ < *rězati (гл. рэзаць). Параўн. яшчэ семантыку укр. рву́чкий, рву́чий ’рэзкі, хуткі’ ад рвати ’рваць’.

Рэ́зкі2 ’вілы для пераноскі саломы’ (Сл. Брэс.). Ад рэзаць (гл.), параўн. драпакі́ ’вілы для гною’ (Сл. Брэс.) ад драпаць. Але нельга выключыць уплыў рэзгіны (гл.) ’прылада для пераноскі саломы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́раснік ‘крывацвет, Lycopsis arvensis L.’ (Касп.), старасцнік ‘тс’ (Кіс.), ста́раснік ‘паўночнік, Knautia L.’ (Шат.), ‘скабіёза’ (Кіс.), старасце́н ‘расліна Senecio paluster DC.’ (Байк. і Некр.), ста́расцень ‘расліна Senecio vulgaris L.’, старына́ ‘тс’ (Кіс.). Параўн. укр. старина ‘тс’, рус. старина́ ‘тс’, польск. starzec, чэш. stareček, ст.-чэш. starček, славац. starček. Несумненна, звязана са стары (гл.); паводле Врубля (Term. bot., 42), гэта выклікана тым, што кветкі раслін вянуць ужо вясной. Уплыў лацінскай назвы выразіўся ў спецыялізацыі форм са значэннем ‘стары’ для абазначэння раслін Senecio L. Гл. таксама Мяркулава, Очерки, 98–99; ЕСУМ, 5, 397–398.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтэліге́нцыя. Крыніца: лац. intelligentia ’разуменне’. Значэнне ’грамадскі слой людзей, якія прафесіянальна займаюцца разумовай працай’ сфарміравалася раней, відаць, у польск. мове (першапачаткова inteligencja ’цямлівасць, кемнасць’), адкуль трапіла ў рус. у сярэдзіне XIX ст.; да гэтага часу рус. интеллиге́нция ўжывалася ў значэнні ’разумнасць, свядомасць, дзейнасць розуму’ (Вінаградаў, Этимология. 1964, 111–113; Шанскі, 2, I, 94). З рускай слова запазычана ў зах.-еўрап. мовы (Баравы, Путь слова, 330). У беларускай інтэлігенцыя ў пачатку XX ст. з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77). Паводле Шанскага (2, I, 94), интеллиге́нт — зваротнае ўтварэнне ад интеллигенция.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)