Саля́рка ’саляравае масла’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Кандэнсацыя словазлучэння саля́равае масла ’прадукт перагонкі нафты, які выкарыстоўваецца як паліва для дызеляў, рэчыва для змазкі механізмаў і пад.’, дзе саляравае ад лац. solaris ’сонечны’ < sol ’сонца’ (Голуб-Ліер, 445). У беларускай, хутчэй за ўсё, непасрэднае запазычанне з рус. соля́рка ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Салёны ’які ўтрымлівае ў сабе соль, насычаны соллю’, ’прыпраўлены соллю, занадта пасолены’, ’прыгатаваны ў запас з соллю, у салёным растворы’ (ТСБМ, ТС, Сцяшк. МГ). Рус. солёный ’тс’. Руск.-бел. інавацыя ад соль; параўн. салоны, або першапачатковы залежны дзеепрыметнік мін. ч. ад саліць, які потым стаў прыметнікам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сандара́к ’духмяная смала, якую здабываюць з кары хваёвага дрэва сямейства кіпарысавых; выкарыстоўваецца для вырабу лакаў’ (ТСБМ). З рус. сандара́к ’тс’, кніжнага запазычання з франц. sandaraque або ням. Sandarak < лац. sandaraca, грэч. σανδαράκη ад ст.-інд. candrarāga‑ ’які мае бляск луны’ (гл. Мацэнаўэр, 303; Фасмер, 3, 556).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сардані́кс ’каштоўны камень з малочна-белымі і бура-чырвонымі палоскамі; разнавіднасць агату’ (ТСБМ). З ц.-слав. сардониксъ, сардоникии, якое з грэч. σαρδόνοξ ’тс’, г. зн. ’камень з Сард, у Лідыі’ (Мацэнаўэр, 304; Фасмер, 3, 605). У сучаснай беларускай мове, відаць, з рус. сардоникс, параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Све́нка (свэ́нка) ‘укладка жыта з дванаццаці снапоў’ (кам., Шатал.). Хутчэй за ўсё, ад свінка ў дыялектным вымаўленні, параўн. свіння 2. Менш верагодна сувязь з віць, вянок (гл.). Параўн. рус. вен ‘вянок’, балг. свеник ‘добра скручаная вязка травы, прыгатаваная для ўючнай перавозкі’ (БЕР, 6, 540). Гл. яшчэ свянаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сво́лач ‘зброд, дрэнь, нягоднік’ (Сержп. Прык.), сюды ж з экспрэсіўнай суфіксацыяй сволота́ ‘агідныя шкодныя людзі’, сволочу́га ‘нягоднік, нягодніца’ (ТС). Непасрэднае запазычанне з рус. сво́лочь, пры якім фармант ‑оч (< ‑ък) у сувязі з аканнем супаў з прадуктыўным суф. ‑ач (Вярхоў, Бел. мова, 80). Параўн. народнае навалач (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скнепа ‘скнара, жмінда’ (Шымк. Собр.). Няясна; магчыма, да кніпаць ‘вязаць’ (гл.), што лічыцца балтызмам (Лаўчутэ, Балтизмы, 68), або роднаснае ўкр. скні́ти ‘ныдзець, мучыцца’, якое звязана з склець, гл. (ЕСУМ, 5, 276). Менш верагодная сувязь з рус. скни́па ‘вош’ (< с.-грэч. σκνίπα ‘камар, блыха’, гл. Фасмер, 3, 643).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скрабакі, скрабаке́ ‘атопкі ад старых ботаў’ (Шат.), скрабні́, скрэ́батні ‘чаравікі’ (Касп.), скрабаты́ ‘дрэнныя боты’ (Варл.). Рус. тамб. скре́бни ‘дрэнныя боты’, ярасл. ‘вялікі, няўклюдны абутак’, кастр. скре́шни ‘атопкі ад ботаў, ад якіх адрэзаны халявы’. Да скробаць (гл. наступнае слова; параўн. асабліва значэнне ў Насовіча: ‘рабіць непрыемнае шарканне ботамі’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скру́пул ‘малая колькасць, крупинка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), скру́пулка памянш. (Нас., Байк. і Некр.). З польск. skrupuł ‘дробная адзінка вагі (у аптэкарскай справе)’, таксама як і рус. скру́пул ‘тс’ (Кюнэ, Poln., 97); польскае да лац. scrupulus ‘маленькі востры каменьчык; сумненне, апаска’ (Варш. сл., 6, 181).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скрыпушка ‘смалёўка, Silene cucubalus Wib.’ (Кіс.), скрыпу́ха ‘скрыпень’ (Сл. ПЗБ), укр. дыял. скрипуха ‘зубнік, Crepis L.’. Польск. skrzypka ‘ляскаўка, Silene inflata L.’, паводле Варш. сл., паходзіць ад skrzyp ‘скрып’, што, відаць, суадносіцца з іншымі назвамі — за́ячча капу́ста, рус. за́ячья капу́ста, паралельныя да назваў ад кораня скрып‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)