прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасла́ць 1, пашлю, пашлеся, пашле; пашлём, пашляце; заг. пашлі; зак.

1. каго-што. Адправіць каму‑н. па пошце, праз пасланца і інш. Грошы.. [Марына Паўлаўна] падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ. Зарэцкі. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай. Насушыш семечак, адкрыеш кубельчык, калі ён ёсць у цябе, і складзеш пасылачку. Аднаму пашлеш, пашлеш другому... Ракітны. // што. Выказаць свае адносіны, пачуцці да каго‑н. словамі, жэстамі. Паслаць пацалунак.

2. каго-што. Накіраваць, выправіць каго‑н. куды‑н. з якой‑н. мэтай. [Патапаў:] Мяне і маіх сяброў паслала сюды партыя, каб мы перадалі маладым беларускім кадрам свой вопыт. Крапіва. Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед. Колас. Пашлі дурнога, а за ім другога. Прыказка.

3. што. Накіраваць што‑н. у які‑н. бок. Раптам з боку вёскі кулямёт паслаў доўгую чаргу. Дамашэвіч. // Перадаць тэхнічнымі сродкамі на адлегласць. Паслаць у эфір пазыўныя.

4. што. Перадаць, кінуць (мяч, кап’ё і пад.). Пецька паслаў мне пас, і трэба было прымаць яго. Васілёнак.

•••

(Сам) бог паслаў гл. бог.

пасла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. пасцялі; зак., што.

1. Пакласці, накрываючы паверхню чаго‑н. Паслаць абрус на стол. □ Кася дастала саган, адцадзіла, паслала на стол шараваты льняны ручнік і высыпала на яго бульбу. Арабей. // Падрыхтаваць пасцель, месца для спання. Няміра нарэшце стаміўся слухаць. Ён папрасіў, каб яму паслалі дзе. Чорны. Калі я дамоў прыеду, Усіх трывог зазнаўшы меру, Пасцялі ты мне, матуля, Пасцялі пасцель з аеру. Кірэенка.

2. Раскласці тонкім слоем на лузе для вылежкі пад дажджом, расой (лён, каноплі). Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.

3. Укласці шчыльна дошкі, пліткі і пад. [Пякарня] некалі яшчэ тут была, прыватная, трэба было печы перакласці, з новай цэглы пады паслаць. Лобан.

4. Разаслаць, распаўсюдзіць па паверхні або над паверхняй што‑н. І кроплі срэбнае расы Туман паслаў на ціхім доле. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаць, сплю, спіш, спіць; незак.

1. Быць, знаходзіцца ў стане сну. Калі павячэралі, Маша паслала ложак і лягла спаць. Мележ. Каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў. Зарэцкі. // перан. Заціхнуць, быць бязлюдным. Вёска спіць — нідзе ні агеньчыка. Асіпенка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Шамякін. // перан. Быць у стане спакою, нерухомасці. Спяць векавечныя хвоі, Цёмнае возера спіць. Васілёк. Нікнуць сонныя чароты, За гарою ветры спяць. Броўка. // перан. Спачываць, быць пахаваным дзе‑н. (пра памёршых). Ёсць на палетках курганы, Там спяць адважныя сыны, Што згінулі ў паходзе. Лужанін. Тут спіць Валянціна... Савецкі салдат... Звычайная наша дзяўчына. Гілевіч.

2. перан. Быць пасіўным; бяздзейнічаць. [Буйскі:] — Так, трэба быць вельмі асцярожнымі, таварышы. Іх [немцаў] разведка таксама не спіць. Шамякін. [Шура:] — Уцягвайце больш людзей у работу, штурхайце Мядзведзічы пад бакі, каб яны не спалі. Крапіва. // Знаходзіцца ў бяздзеянні (пра прадметы). Снуюць патруль. Не спяць у бункерах кулямёты. Брыль. Не спіць толькі галасісты баян. Васілевіч. // Не выяўляць сябе (пра пачуцці, здольнасці і пад.). Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Караткевіч. Але не спіць людская памяць І не дазволіць ашукаць Дзяцей, што нас з вайны чакаюць, Хоць і не могуць прычакаць. Вітка.

3. Разм. Быць у палавой сувязі з кім‑н.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Лаўры чые не даюць спаць гл. лаўр.

Спаць адным вокам — спаць насцярожана, трывожна.

Спаць без задніх ног — вельмі моцна спаць.

Спаць вечным сном — пра памёршага.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) — пра вельмі пільнага, хітрага, скрытнага чалавека.

Спаць мёртвым сном — спаць вельмі моцна, не прачынаючыся.

Спаць у шапку — бяздзейнічаць, не праяўляць руплівасці, быць абыякавым да чаго‑н. тады, калі трэба неадкладна дзейнічаць.

Спаць як заяц — спаць вельмі чутка.

Спаць як пшаніцу прадаўшы — спаць моцным сном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тут, прысл.

1. У гэтым месцы. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Абодва берагі каторай Лазняк, алешнік абступалі. Колас. Мы спыніліся. Далей няма шляхоў нам. Далей Масква. Тут нам стаяць насмерць. Панчанка. [Нахлябіч:] — Ты [Баляслаў] тут? А я думаў, што цябе даўно тут няма. Чорны.

2. У гэты час, у гэты момант, тады. І тут выявілася, што праваднік страціў арыенціроўку. Анісаў. Заплакаў тут горка Міколка. Лынькоў. А тут якраз і гаспадыня, надзеўшы сукню для гасцей, Шыбуе важна, як гусыня, І ветласць сыплецца з вачэй. Колас. // У гэтым, у даным выпадку; пры гэтых абставінах. На чарзе новыя клопаты: сяўба яравых. І тут механізатары павінны, як кажуць, сыграць першую скрыпку. Шымук.

3. у знач. часціцы. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «як», «які», «дзе», «куды», «калі» ужываецца ў рытарычных пытаннях для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання. Якуб Колас адказвае за тое, як напісана кніга, а .. Лазунок — за тое, як яна будзе надрукавана. І як тут пасля гэтага не ганарыцца? Брыль. // У спалучэнні з займеннікам «што» у рытарычных пытаннях ужываецца для ўзмацнення выказанага ім адмоўнага значэння. На што тут словы, калі і так усё зразумела.

4. у знач. часціцы. Выкарыстоўваецца пры пераходзе да якой‑н. тэмы, прыкладу. Ну, тут дзеўка бягом да начальніка. Здзівіла яго, што зноў з’явілася. Ракітны.

•••

Адна нага тут, другая там гл. нага.

І ўсё тут гл. усё.

Не тут кажучы (казана) гл. кажучы.

Там і тут; тут і там гл. там.

То там, то тут; то тут, то там гл. там.

Тут жа — адразу ж. — Людзі пераязджаюць на Каўказ і распрадаюць маёмасць, — і тут жа [Паліна] параіла [мужу] пазычыць грошай у касе ўзаемадапамогі. Пальчэўскі.

Тут як тут (у знач. вык.) — раптам, адразу, у гэты момант (з’явіцца). Пачаў Варанецкі будаваць фабрыку ўгнаенняў — Бялоцкі тут як тут. Дуброўскі.

Што тут і казаць гл. казаць.

Што я (ты, ён) тут забыў? гл. я.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбі́цца, узаб’юся, узаб’ешся, узаб’ецца; узаб’ёмся, узаб’яцеся; зак., на каго-што.

1. Нечакана наскочыць на каго‑, што‑н.; наткнуцца. Узбіцца на камень. Узбіцца на востры сук. □ Ад невялічкай газнічкі, што стаяла на паліцы каля абразоў, хапала святла толькі на тое, каб не ўзбіцца на чалавека. Лобан. Аслеплены дымам, Міша ўзбіўся на нейкі цабэрак і паляцеў потырч. Арочка.

2. Нечакана сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. непажаданым, непрыемным; напароцца. Узбіцца на засаду. □ [Ляснік:] — Перадумаў я, хлопцы. Начуйце. Час позні, можна і на ваўка дзе ўзбіцца. Паўлаў.

3. Разм. Натрапіць, напасці на што‑н. Шафёр, абмінаючы замёрзлыя лужыны, усё хмурыў твар, пасля, кіламетраў якіх праз сорак, узбіліся на шашу. Чыгрынаў. [Салдат:] — Ішоў, ішоў, узбіўся на бураковае поле. А ў лагчынцы, бачу, салдаты буракі капаюць. Лужанін. // перан. Дайсці, дапасці да чаго‑н. (у думках, размове і пад.). [Грэчка:] — У апошні момант узбіўся быў на цікавы сон. Няхай. Гутарка ўзбілася на залатога кухара, і, падвыпіўшы, госці пажадалі паглядзець на яго. Гарэцкі.

4. Разм. Узабрацца на верх чаго‑н., насесці, налезці на каго‑, што‑н. Пад рабінай была лавачка, мокрая яшчэ ад дажджу, не высахла, і на яе ўзбіліся дзеці. Пташнікаў. Злавіў [Базыль] свайго сівага аж каля балота і, ледзь узбіўшыся на яго шырокую спіну, ступою накіраваўся на пацяробы. Нікановіч.

5. без дап. Стаць пышным. Падушкі ўзбіліся. // Успеніцца ад моцнага струменя, узбівання і пад. На піве ўзбілася пена.

6. Разм. З цяжкасцю абзавесціся чым‑н., разжыцца. Рана .. [Рымша] асірацеў, але і адзін неяк-такі ўзбіўся на гаспадарку. Якімовіч. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ўсё ніяк не маглі ўзбіцца. Васілевіч. Адзін час .. [Максім Астапавіч] узбіўся на каня і наймаўся вазіць тавар адсюль у Мінск і з Мінска сюды. Чорны.

•••

Узбіцца на капейку — разжыцца на грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узрасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце, ‑растуць; пр. узрос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Вырасці, стаць дарослым, сталым. А потым узрос і Пятрок, астаўся пасля школы дома, у брыгадзе. Жук. За доўгі час набраўся сілы [волат], Загартаваўся і ўзрос. Журба. // Узгадавацца, вырасці; развіцца ў якіх‑н. умовах. Лепей за ўсё мне на свеце мясціна Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос. Кірэенка. Пэўна, ты [лось] застаўся без ласіхі, Без бацькоўскіх сцежак і бяроз, Сірацінай выгнанай узрос? А твой запаведнік ціхі-ціхі Полымем узняўся да нябёс? Бялевіч. / у перан. ужыв. І трэба дзівіцца, што .. [літаратура Заходняй Беларусі] хутка змагла акрыяць, адрадзіцца і ўзрасці. Гіст. бел. сав. літ. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узышоўшы, вырасці (аб раслінах). Ля садочку канюшына Узрасла і расцвіла. Ставер. Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Травы няма: тая, што сям-там узрасла, .. зжухла і зжоўкла. Сачанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Павялічыцца ў памерах, аб’ёме, сіле і пад., зрабіцца большым. Узраслі фонды зарплаты. Узрос аб’ём будаўніцтва. Узрасла прадукцыйнасць працы. // Узнікнуць, з’явіцца; павялічыцца ў памерах (пра гарады, будынкі і пад.); разрасціся. Каменным золатам ты [Мінск] да нябёс узрос. Хведаровіч. Тут заводы ўзраслі, Новых фабрык тут шмат... Сёння ёсць чым у нас ганарыцца. Журба. // Павысіцца. Узрос культурны ўзровень. Узрасла актыўнасць. □ У гэтых вершах відаць, як узрасла грамадзянская адказнасць паэта, яго вострая непрымірымасць да двурушнікаў, прыстасаванцаў. Клышка. // Стаць больш значным. Узрос аўтарытэт арганізацыі. □ Папулярнасць і павага [Гая] сярод чырвонаармейцаў узрасла яшчэ больш. Машара. Пятрусь Броўка .. імкнуўся ісці ў рэчышчы, пракладзеным Купалам і Коласам. Сёння гэтыя імкненні яшчэ больш узмацніліся і ўзрос, зразумела, прыліў творчых сіл. Ярош. // Узмацніцца, стаць гучнейшым (пра гукі, голас і пад.). Ад ціхай замаруджанасці начы, рэдкага няроўнага трамвайнага гулу, які заміраў, не паспеўшы ўзрасці, .. было нязвыкла трывожна па душы. Хадановіч. / Пра пачуцці, стан і пад. У напружаным чаканні Сэрца кожнага жыло. Хутка шэсць. І хваляванне Над радамі ўзрасло. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́да, ‑ы, ДМдзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць каму‑, чаму‑н. як уласнасць. Уласная гаспадарка. Уласная аўтамашына. □ Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку. Карпаў. // Які належыць каму‑н. разам з іншымі як члену якога‑н. калектыву, грамадства. Першымі сярод усходніх славян уласнае кнігадрукаванне атрымалі беларусы. Шакун. З таго часу, як [партызанскі] атрад пабудаваў свой уласны лагер, пры штабе стала працаваў трафейны радыёпрыёмнік. Брыль. // Звязаны сваяцкімі, прыязнымі і пад. адносінамі. [Ад’езд] радаваў — дома мяне чакала сустрэча з уласнымі дзецьмі, і крышачку засмучаў. Васілевіч. Яму хацелася падзяліцца з .. інжынерам некаторымі сваімі думкамі, якія хаваў .. [Шмульке] нават ад сваёй уласнай палавіны. Лынькоў.

2. Свой, асабісты. Крушынскаму ўспомніліся воўчыя сляды ў пяску побач з яго ўласнымі. Бядуля. Лёс майго карабля — гэта ўласны мой лёс; быць на вахце — вышэйшы мой гонар. А. Вольскі. Шчаслівы час, калі прыходзіць роздум І ты ва ўладзе толькі ўласных дум. Тармола. // Уласцівы каму‑н. Вельмі часта сваю ўласную філасофію аўтар пераносіць на персанажы свайго твора. Чорны. Верачка важна трымала Мікалая Пятровіча пад руку, ішла паволі, з пачуццём уласнай годнасці. Каршукоў. Вядзернікаў меў уласны погляд на рэчы. Радкевіч. // Які ідзе ад каго‑н. асабіста, які робіцца, ажыццяўляецца самім. [Сярго:] Азорыча я знаю асабіста: Калі ён там, дык не па ўласнай волі. Глебка. Спыніцца і моўчкі крыху пастаяць, Шчаслівым астацца за ўласную працу. Астрэйка. Лазебны — радыёаматар, і ў хаціне, дзе яны жывуць з камандзірам, стаіць прыёмнік яго ўласнай канструкцыі. Шамякін.

3. Літаральны, сапраўдны. Ва ўласным сэнсе слова.

4. Спец. Уласцівы толькі каму‑, чаму‑н., без дамешак, без пабочных дабавак. Уласная вага цела.

•••

Уласнае імя гл. імя.

Уласны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Варыцца ва ўласным саку гл. верыцца.

На ўласныя вочы бачыць гл. бачыць.

На ўласныя вушы чуць гл. чуць.

Стаяць на ўласных нагах гл. стаяць.

Уласнымі сіламі гл. сіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)