самле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць прытомнасць. Галіна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Шамякін. // Анямець ад нечаканага страху, здзіўлення і пад. Зірнуў я і аж самлеў — за авечкамі з ашчэранай пашчай здаравенны рыжы воўк бяжыць. Ляўданскі. Паварушыліся [хлопцы] — і зараз жа храснуў леташні сухі чаротнік. Самлелі хлопцы, затаілі дыханне, прыслухаліся — нічога. Маўр.

2. Здранцвець, страціць адчувальнасць. Доўга Міхалка пісаў. Самлела, моцна зайшлася ў яго рука. Лужанін.

3. Знясілець ад стомленасці, спёкі і інш. Дзед адцягвае Лазара ад мяшка, і рукі ў Лазара дрыжаць мацней, вось-вось самлеюць пальцы і пусцяць мяшок. Галавач. [Гарпіна:] Ой, не, адпачнём пакуль у садзе, а то я так самлела ў спякоце, што хоць у бочку з вадой лезь... Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне; рашаючы. Важная справа. Важная галіна народнай гаспадаркі. □ Над роднаю савецкаю зямлёю Выконваеш ты [Мікалай Гастэла] важнае заданне. Аўрамчык. // Звязаны з уладай, уплывовы. Займаць важную пасаду. □ Па ромбу на пятліцах Надзя адразу вырашыла, што чалавек гэты няйначай як важны камандзір. Лынькоў.

2. Велічны, паважны, з пачуццём уласнай годнасці; фанабэрысты. Побач чыгункі стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. Колас. Пакуль стары распранаўся, начлежнік вадзіў вачыма за яго павольнымі, важнымі рухамі. Брыль. Важны, надзьмуты Гунава павольна абышоў стол. Самуйлёнак.

3. Разм. Добрай якасці; выдатны. Важнае сукно.

4. у знач. наз. ва́жнае, ‑ага, н. Тое, што мае вялікае значэнне. Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і патрэбнае. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разле́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які падраўся, пранасіўся, распоўзся (пра адзенне, тканіну і пад.). Разлезлы мех. Разлезлыя валёнкі. □ Потым [Іван] павольна пакрочыў, [пакідаючы] ў снезе разлезлымі, перавязанымі дротам ботамі няўклюдныя сляды. Навуменка. Зразумела, меў бы Шурка іншае адзенне, каб змяніць гэты разлезлы .. балахон, усё было б проста. Мехаў.

2. Вельмі прамоклы, размоклы. Міця Царыкаў ганяў камбайн па разлезлай гразі двара, а Кавалёва з Паньковым прыслухоўваліся да рытмічнага гулу матора. Дуброўскі. Машыну трэсла і кідала на разлезлых ад апошніх дажджоў ускраінных вулках, пакуль не ўз’ехалі на цэнтральную вуліцу. Хадкевіч. // Раскіслы. Салёны разлезлы агурок.

3. Разм. Які страціў фігуру, празмерна растаўсцеўшы; распоўзлы. Павязаная хусткай галава з насунутай на вушы пілоткай робіць немца падобным на старую разлезлую бабу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Неаднолькавы, непадобны. [Тацяна:] — Вы такія розныя, ані не падобныя адна на адну. Васілёнак.

2. Другі, іншы, не той самы. Трэба будзе ехаць рознымі дарогамі, каб, барані божа, ніхто не заўважыў. Скрыган.

3. Разнастайны. Сялянскія фурманкі партызанскіх абозаў развозілі па ўсіх кутках пушчы розныя віды зброі. Брыль. Пакуль Марыся ўпраўлялася на кухні, Іваноў гасцінна ўсаджваў Пятра і Міколу, гаварыў пра розныя дробязі. Новікаў. / у знач. наз. ро́знае, ‑ага, н. Лезе ў галаву рознае: вайна, незасеяны агарод, які не прыдумаць чым сеяць, і Глёкава Каця стаіць у вачах. Сяркоў.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Гаварыць на розных мовах гл. гаварыць.

На розныя лады гл. лад ​1.

Розных масцей гл. масць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палягчэ́ць, ‑эе; зак.

1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.

2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ох, выкл.

1. Выражае спалох, боль, адчуванне палёгкі і пад. [Маці:] — Ох, і стамілася я за дзень, Толік!.. Пакуль з гаспадаркай управілася ды грубку распаліла, і час непрыкметна прайшоў... Каршукоў. — Ох, божухна мой, божухна, — ніяк не магла маці дрыжачымі ад страху рукамі зашпіліць апошні гузік у .. [Лёнькі] на грудзях. Капыловіч.

2. Ужываецца пры выказванні, якое мае адценне шкадавання, незадавальнення і пад. Ох, паплыў бы я, здаецца, Хмаркі, разам з вамі, Каб на вёску сваю глянуць Нуднымі вачамі. Колас. — Ох, і не любіце вы, дзядзя Міша, спорт! — дакорліва ківаў галавою Смаляк. Паслядовіч. // Ужываецца пры выражэнні здзіўлення, захаплення і пад. Ох, суседка ж у мяне, Дайце ж, людзі, рады! Глянеш — сэрца растае, А я ж ёй не рады. Русак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надысці́, надыду, надыдзеш, надыдзе; пр. надышоў, ‑шла, ‑шло; заг. надыдзі; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Настаць, пачацца, наблізіцца. Надышоў вечар. Надышло свята. Надышоў канец змены. □ Калі надышла залацістая восень, Рыгорку завялі ў школу. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ахапіць, авалодаць. Зноў надышоў страх. Галавач.

3. Разм. Прыйсці, з’явіцца куды‑н. Так і ляжалі, сцякалі крывёю маці і сын, пакуль не надышлі суседзі, не завезлі ў бальніцу. Арабей. // Прыбыць на месца прызначэння; быць дастаўленым. Поезд надышоў у час. □ [Следчы:] — Едзьце, сябры, зараз у Азярышча. Можа, за гэты час туды надышлі якія весткі. Пестрак. // Насунуцца, закрыць неба. Надышлі хмары.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. З’явіцца, узнікнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Надышло рашэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Едучы, наткнуцца на каго‑, што‑н. Наехаць на камень. □ Танк зароў, наехаў на пліту гусеніцай і крутануўся. Лужанін. // Едучы, сустрэць каго‑н. Чубара аклікнулі адразу, як ён наехаў на пост. Чыгрынаў.

2. Прыехаць у вялікай колькасці. Гасцей наехала поўная хата. □ Партызаны ўзялі шмат трафеяў і зніклі ў невядомым напрамку, а ў Вяшэйку наехала шмат карнікаў. Курто.

3. Прыехаць знянацку, раптам. Ужо змяркалася, а дзядзькі Цімоха не было.. Я вельмі баяўся, хаця каб ён не наехаў, пакуль мы паглядзім [склеп]. Баранавых.

4. перан. Разм. Ссунуцца са свайго месца, засланіўшы сабой што‑н. Шапка наехала на вочы. □ На роўным высокім ілбе.. [Шаманскага] збягаліся маршчынкі, бровы выгнуліся дугой, а густыя чорныя, прычэсаныя ўгору валасы наехалі на лоб. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Крэслячы, правесці шмат ліній; закрэсліць у многіх месцах.

2. Зрабіць накід (плана, схемы і пад.). [Кібальчыч:] Я тут не спаў, забыўшы страх, Спяшаўся жыць, пакуль не змог чарцёж накрэсліць на лістках. Вялюгін.

3. Разм. Напісаць. Мікалай Пятровіч паклаў гэты адзіны дакумент у папку, а ў кнізе, куды запісвалі выхаванцаў, размашыстым почыркам накрэсліў: Рыбкін Ілья... Падумаў і дапісаў — Іванавіч. Нядзведскі. Я адчуваў — і бачыў на сцяне, Як папярэднікі мае, Таварышы, раней мяне Крывёй накрэслілі свае імёны, Праклёны катам. Васілёк.

4. перан. Намеціць, вызначыць на будучае; прадказаць. Накрэсліць шлях развіцця. □ Ужо ў першы дзень знаёмства Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. А далей? Што лёс далей накрэсліў? Вёсны. Шчасце... Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Прынесці, прыцягнуць за некалькі прыёмаў у якой‑н. колькасці; нанасіць, назапасіць. Хату .. [Антось] уцяпліў, зрабіўшы прызбу да самых вокнаў, на столь нацягаў кастрыцы і пяску. Чарнышэвіч. Нявесткі скардзіліся: пакуль нацягаеш вады [у лазню] — рукі адвальваюцца. Караткевіч. Лявону стала прыкра на сябе, што ніколі ў яго не хапае часу, каб, як людзі, нацягаць дроў на зіму, нарэзаць, насекчы. Кудравец. // Выцягнуць адкуль‑н. у якой‑н. колькасці; налавіць. [Ёсіп:] — Чуеш, давай заўтра на рыбу падскочым. Палонкі прасекшы, пуды па тры нацягаць можна. Дуброўскі.

2. Разм. Украсці за некалькі прыёмаў у якой‑н. колькасці. [Гаспадыня], разгубленая, стаяла сярод хаты і не рада была свайму дабру, што нацягала са складаў. Няхай.

3. Разм. Пакараць, цягаючы за вушы, валасы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)