Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕ́ЛКУ ТРЭ́СЦІ»,
бел.нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КУПЫ,
катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.
2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́НЕС,
у шумера-акадскай міфалогіі першачалавек у абліччы паўрыбы-паўчалавека. Паводле Бераса, людзі жылі, як жывёлы, пакуль Аанес не выйшаў з мора і не навучыў жыхароў Вавілоніі пісьму, навукам, буд-ву гарадоў і храмаў, земляробству і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РЦЫІ ЗАКО́Н,
закон механікі, паводле якога цела пры ўзаемным ураўнаважанні ўсіх сіл, што на яго дзейнічаюць, захоўвае стан спакою або раўнамернага прамалінейнага руху, пакуль прыкладзеныя сілы не вымусяць яго змяніць гэты стан. Адкрыты Г.Галілеем у 1632, сфармуляваны І.Ньютанам як першы з Ньютана законаў механікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,
адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПНО́С,
у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог сну; сын Ночы і брат Смерці, багінь лёсу мойраў, багіні помсты Немесіды. Уяўлялі яго крылатым юнаком, спакойным, ціхім, добразычлівым да людзей. Паводле Гамера, жыў на в-ве Лемнас. Гера ўгаварыла Гіпноса ўсыпіць Зеўса, пакуль яна праследавала Геракла. Гіпнос ператварыўся ў птушку і нагнаў сон на Зеўса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЕЛА́Й (Menelaos),
у старажытнагрэч. міфалогіі спартанскі цар, адзін з найб. вядомых удзельнікаў Траянскай вайны, якая пачалася з-за выкрадання яго жонкі Алены траянскім царэвічам Парысам. Пасля ўзяцця ахейскімі войскамі Троі М. разам з Аленай шмат гадоў вандраваў па свеце, пакуль змог вярнуцца ў Спарту. Паводле міфа, М. пасля смерці перанесены ў казачныя Елісейскія палі (гл.Элізіум).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІ́ННІК (Любоў Якаўлеўна) (29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),
дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял.Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел.т-ра імя Я.Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.Ралана і інш.).