сці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць чуцца; заціхнуць (пра гукі, шумы і пад.). Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Рэха глуха пакацілася па сасняку і сціхла. Пестрак. Праз нейкі час перастрэлка сціхла. Сяргейчык. // Перастаць утвараць гукі. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла. Мележ. Лёдзя пачула стракатанне матацыкла, які, неўзабаве наблізіўшыся, раптам сціх. Карпаў. Гармонік ужо сціх, і ў цішыні, што наступіла, Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву. М. Стральцоў. // Стаць нячутным. Не паспеў сціхнуць гул самалётаў, якія ўзляцелі, а па старце ўжо з’явілася звяно другой эскадрыллі. Алешка. // Перастаць страляць (пра агнястрэльную зброю). Батарэя выйшла [са] строю, толькі адна Вітушкава гармата яшчэ страляла, але і тая хутка сціхла. Гурскі. Міхась спалохаўся, адхапіў палец з курка — аўтамат сціх. Якімовіч. // Стаць бязлюдным, бясшумным. Ад заняткаў вольныя Лета дні цяклі. Сціхлі класы школьныя, Як без пчол вуллі. Куляшоў.

2. Перастаць гаварыць, спяваць, крычаць; замоўкнуць. Андрэй Пніцкі перабраў перад сходам у сваёй гаворцы ўсё, а тут раптам сціх і ўважна слухаў. Чорны. Нехта .. суняў яго [Пацяроба] раз’юшаны лямант: — Сціхні ты ўжо. Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі. Пад акном сціхлі, нехта некаму кінуў: «Пачынай!» — і звонкія галасы завялі [песню]. Палтаран. [Слухачы] ведалі — пакрычыць начальнік і сціхне. Кавалёў. // Перастаць гучаць; заціхнуць (пра размову, крык, спеў і пад.). Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах. Шамякін. На дарозе раз-пораз чутны былі выбухі смеху. І калі яны ўжо сціхлі, Аксіння ўзваліла мех на спіну і павольна пайшла. Ракітны. У пакоях цішыня, Сціхлі песні, крыкі. Гілевіч. // Перастаць злавацца, хвалявацца, непакоіцца і пад. [Яўхім] доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Мележ. // перан. Перастаць выяўляць адзнакі жыцця. З наступленнем ночы вёска сціхла.

3. Паменшыцца ў сіле, аслабець; спыніцца (пра з’явы прыроды). А вецер свішча, гудзе, Сціхнуць не хоча. Чарот. Грымоты сціхлі, і па лісці Лапочуць кроплі — дождж ідзе... Кусянкоў. Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. Кляўко. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Пушча сціхла, як сціхае натоўп людзей у першую хвіліну ўрачыстасці. Шамякін. Сціхлі хвалі па Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул. А. Александровіч. // Перастаць распаўсюджвацца (пра чуткі і пад.). Пагалоскі сціхлі. // Суняцца (пра боль і пад.). Боль у нагах сціх. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Калі сціхла радасць першага спаткання, Максім выпусціў з абдымкаў сябра. Машара. Пачуцці іхнія [Малашкіна і Сашы] сціхлі, прытаіліся, як гэтая плынь ракі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

там, прысл. і часціца.

1. прысл. У тым месцы, не тут. Вось гуляе багач, Аж палац той дрыжыць, А пад брамаю плач — Там сіротка стаіць. Купала. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць! — раіць дзед [Міколку]. Лынькоў. // Пры паўтарэнні (там... там...) у пачатку двух або некалькіх сказаў, частак яго абазначае «у адным месцы...», «у іншым месцы». Там абгрызен ствол, а там галінка, То макушка з’едзена асінкі. Бялевіч. Там панаваў страшэнны ўціск, Там часта чуцен быў жалобны піск Бязвіннае ахвяры. І вось паўстаў крылаты пралетарый. Крапіва. // Ужываецца пры паведамленне каб паказаць (але пе дакладна), дзе што‑н. адбылося, дзе штосьці ляжыць, знаходзіцца. — Дзе ты быў? — Там і там, кажа.

2. прысл. Потым, затым, далей. Там відаць будзе. □ [Людзі] найбольш думалі пра дзённы свой заработак, а там хай сабе .. хоць спыняць зусім гэтую работу. Чорны.

3. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца ва ўступальных зваротах: «хто б там ні», «што б там ні» і пад., узмацняючы ўяўленне пра любую магчымасць (разумення, тлумачэння чаго‑н.). Таварышу Беразоўскаму што б там ні было трэба было скампраметаваць Шэмета як начальніка палітаддзела. Лобан. Як бы там ні было, а праседзець цэлы дзень на возе нялёгка. Якімовіч.

4. часціца. Разм. У спалучэнні з займеннікам «які» і прыслоўямі «дзе», «калі», «куды» выкарыстоўваецца для ўзмацнення адмаўлення чаго‑н., указання на немагчымасць здзейсніць што‑н. Алена коса зірнула на яе. Міхаліна тым часам нагнулася, узяла жменьку льну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Не рвецца. Чарнышэвіч. [Мікола:] Мы яшчэ пагаворым .. — [Пытляваны:] Куды там! Пуд солі з’ясі, не дагаворышся. Крапіва. [Грыша:] — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч.

5. часціца. Разм. Выкарыстоўваецца ў пабуджальных сказах для ўзмацнення пабуджальнасці. — Эй, на бок там, бо вось па вушах! — замахнуўся .. [дзядзька] пугай. Брыль. [Цётка:] Любачка, пакладзі там у торбачку мне сала, хлеба, мядку... Кучар.

•••

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Там і тут; там і сям; тут і там — у розных месцах, усюды.

То там, то тут; то тут, то там; то там, то сям — то ў адным месцы, то ў іншым. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка.

Што там і чаго там — нічога, не варта турбавацца, саромецца.

Што я (ты, ён) там забыў? гл. я.

Як бы там (што б там) ні было гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэнтр, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы. Бядуля. Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера. Шамякін. // Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Колас. Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык. Васілевіч.

3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы. «Звязда». // перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты. Бугаёў. — Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч. Рамановіч. // Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група. Скрыган.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.

5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай. Калачынскі. // У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр». «Маладосць».

6. Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.

7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота». Ленін.

8. Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.

•••

Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.

Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.

Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

[Лац. centrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кал ’змесціва кішэчніка, якое выдзяляецца пры спаражненні’ (БРС, ТСБМ, Гарэц.), ’вадкі, найбольш моцны гной’ (Шат.), ’гразь’ (Клім.; бяроз., КЭС; драг., Нар. лекс., Нар. словатв., Сцяшк. МГ; бяроз., пін., Шатал.; брэсц., гродз., паўдн. бел., Яшк.), ’замёрзлая на дарозе гразь’ (свісл., Шатал.). Паводле даных новых дыялектных слоўнікаў: ’гразь, гной, бруд’ (беласт., гродз., карэл., свісл., гарад., Сл. паўн.-зах.). Статус слова ў літ. мове не вельмі ясны; тэарэтычна такое значэнне магло развіцца на базе вядомага ў гаворках значэння ’гной’, аднак хутчэй за ўсё тут запазычанне (з польск., з рус.?). У гаворках слова адзначана найбольш часта на паўдн. захадзе. Укр. кал ’гразь; кал; гразь на дарозе, на целе і інш.’, рус. кал (статус у гаворках няясны; СРНГ прыводзіць толькі смал., вяц. кала ’нечыстоты, кал’, арханг. калиться ’спаражняцца’), польск. kał ’кал’, дыял. ’гразь, мул, балота і інш.’, каш. kał ’гразь на дарозе’, славін. ko ’гразь, ціна’, kal ’гразь на дарозе’, н.-луж. kala (статус падазроны), чэш. kal ’вадкая гразь, брудная вада, калужа і інш.’, славац. kal ’брудная вада, вадкая гразь і інш.’, славен. kal ’гразь у калужы і інш.’, серб.-харв. ка̏о, дыял. кал ’гразь, ціна і інш.’, макед. кал ’гразь і інш.’, балг. кал ’гразь і інш.’, ст.-слав. калъ ’гразь, ціна’. У шэрагу слав. моў супадаюць канкрэтныя значэнні тыпу бел., славен., укр. ’гразь на целе’. Прасл. kalъ, далейшыя сувязі няясныя. Трубачоў (Эт. сл., 9, 128) звяртае ўвагу на адзнакі архаізма ў гэтым слове і адсутнасць адпаведніка ў балт. мовах, слова нематываванае на слав. глебе, як і і.-е. *kālo‑s або *kālo‑s‑ на і.-е. глебе. З ліку традыцыйных паралелей можна згадаць ст.-грэч. πηλός, дар. πᾱλός ’гліна; гразь, балота і інш., аднак π‑ у гэтым слове можа ўзыходзіць як да *p, так і да *k​. Думка аб роднаснасці слав. і грэч. лексем належыць Мейе, MCL, 13, 1905, 291–292, а таксама слав. лексемы з лац. squālus ’брудны і інш., гэта паралель іншымі аўтарамі аспрэчваецца па семантычных крытэрыях (Вальдэ-Гофман, 2, 582). Фасмер (2, 163) упэўнена мяркуе аб сувязі са ст.-інд. kāla‑ ’сіня-чорны’; Слаўскі (2, 32) таксама дапускае магчымасць праформы *kāloḥ, што дазваляе суаднесці слав. лексему з іншымі назвамі колеру і плям (тыпу літ. kalýbas, kalývasз белай шыяй (аб сабаках)’, лац. cālidusз белай плямай на лбе (пра коней)’, ст.-грэч. κηλάς ἀίξ ’каза з плямай’ і інш.). Відавочна, аднак, што найбольш моцны семантычна і фармальна прыклад — ст.-інд. слова — на самой справе або дравідыйскае, або вельмі дэфармаваны, ва ўсякім разе ‑l‑ тут першаснае, гл. Слаўскі, 2, 33; Трубачоў, Эт. сл., 9, 128, дзе спасылка на Майргофера, 1, 203. Трубачоў (там жа) звяртае ўвагу яшчэ і на тое, што ст.-грэч. καλάς лічыцца няясным па паходжанню, што вельмі зніжае яе надзейнасць як паралелі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апа́сці, ападзе; зак.

1. Асыпацца, адваліцца (пра лісце, кветкі і пад.). Асенні дзень. Шумяць бары, — Пара лістам апасці. Глебка. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. // перан. Знікнуць, прапасці. Няхай мой смутак ападзе, як лісце восеньскага бору. А. Вольскі.

2. Паменшыцца ў аб’ёме, спасці. Назаўтра Ціхану стала лепш. Пухліна апала. Дуброўскі. // Стаць худым, упалым. Стафанковічаў твар стаў зямлісты, вызначылася худзізна на скронях, нейк у адзін момант вытырклі скулы, апалі шчокі. Чорны. // Аслабець, страціць сілу. Сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала. Чарнышэвіч. Гул матораў на самай высокай ноце раптам апаў. Алешка. // Паменшыцца, панізіцца ўзроўнем. Цяпер мы кожны дзень бегалі да балотца глядзець, наколькі апала вада. Якімовіч.

3. Апусціцца; упасці. Жэрдачка апала ўніз адным канцом, і пакуль хлопец паспеў перарэзаць другі матузок, па жэрдцы шуганулі ўніз сухія.. кумпякі. Брыль. Кропля дажджу мне апала на твар З хмары паўночнай. Танк. // Упасці, звіснуць (пра валасы, тканіны і пад.). «Мой далёкі мілы сябра!» — павольна прачытала Ніна Пятроўна і адкінула рукою кудзеркі валасоў, што апалі ёй на лоб. Краўчанка.

4. Асесці, накрыць сабою ўсю паверхню. [Заранік] любіў горад і ў гэты позні час, калі ўжо крыху прыціх вячэрні вулічны шум, рассеяўся і апаў пыл, змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Яны [бяссмертнікі] ад першых дзён вясенніх Да позняй восені цвітуць, Пакуль на вымаклую зелень Снягі ізноў не ападуць. Прыходзька. // Апусціцца, распаўсюдзіцца панізе, выпасці (аб расе, тумане і пад.). Апасці не паспелі росы У той перадсвітальны міг А ён [Брэст], нібы юнак Матросаў, Краіну засланіў грудзьмі. Вітка.

5. перан. Апусціцца, легчы на што‑н. Цёплы вечар апаў На калгасныя нівы і хаты. Танк. А цішыня такая нечуваная Апала на балоты і палі. Панчанка. Мрок лёг на самую зямлю, апаў надоўга, — асенняя ноч бясконцая. Пташнікаў.

6. перан. Пагоршыцца (пра настрой, пачуцці і пад.). Вядома, што тут прабіцца не было ніякай магчымасці, і ў Шуста адразу апаў настрой. Шчарбатаў. Нешта радаснае, гордае ўзнялося ў Юркавых грудзях, але тут жа апала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаць, здам, здасі, здасць; здадзім, здасце, здадуць; пр. здаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Перадаць каму‑н. даручаную справу, абавязкі, рэч і пад. пры вызваленні ад выканання чаго‑н. Здаць станок. Здаць дзяжурства. □ — Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне. Мележ. Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч. // Перадаць пэўнай асобе або ў пэўнае месца вынікі, прадукты сваёй працы для далейшага іх выкарыстання. Здаць хлеб дзяржаве. Здаць твор у друк. □ На нарыхтоўчыя пункты калгас здаў ужо больш 300 свіней. «Звязда».

2. Аддаць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Здаць рэчы ў багаж. // Накіраваць на вучобу, службу і пад. Валодзя пісаў аб .. жыцці ў дзіцячым доме, куды яго здалі партызаны. Шамякін. // Вярнуць тое, што знаходзілася ў часовым карыстанні. Здаць кнігі ў бібліятэку. // Аддаць тое, чым не дазволена карыстацца. Здаць зброю.

3. Перадаць, аддаць каму‑н. у часовае карыстанне, у наём, у арэнду. Здаць пакой кватарантам. □ Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. Чорны.

4. Раздаць карты ў гульні. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

5. Паспяхова прайсці праверку якіх‑н. ведаў, умення што‑н. рабіць. Здаць залік. Здаць нормы па бегу.

6. Спыніўшы супраціўленне, аддаць, пакінуць ворагу. Здаць горад. Здаць крэпасць. // Пацярпеўшы няўдачу, адмовіцца ад далейшай гульні, барацьбы і пад. Здаць шахматную партыю.

7. а таксама без дап. Аслабіць сілу, інтэнсіўнасць, тэмп і пад. чаго‑н. Падабаўся Пазняку гарачунаўскі тэмп у рабоце, таму і забірала трывога, каб дружбак не здаў яго. Шахавец. / Пра мароз, зіму і пад. Над вясну мароз здаў.

8. без дап. Разм. Фізічна аслабець; заняпасці. Здаў за той год Сцяпан, азыз .., ссівеў. «Беларусь». Неўзабаве занядужала маці і памерла, а пасля бацька здаў. Гурскі. // Страціць вытрымку, самавалоданне і пад. Грышка струсіў, здаў, заплакаў. Хоць напаў зусім не воўк, А абучаны сабака Пагранічнікаў-байцоў. А. Александровіч. // Перастаць дзейнічаць у выніку хваробы, псавання і пад. Сэрца здало. Матор здаў. Машына здала.

•••

Здаць у архіў — прызнаць застарэлым, малапатрэбным, забыць; перастаць лічыцца з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́цца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; ‑гнёмся, ‑гняцеся; зак.

1. Выгнуцца, прыняць форму дугі. Цвік сагнуўся. □ Карн быў вялізны, бо лёска напялася, як струна, а вудзільна сагнулася ў дугу. Рунец. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. С. Александровіч. І перш, чым у новы тунель уцягнуцца, Цягнік дасць гудок і сагнецца дугой, Нібы хоча ён на тунель азірнуцца, Які ўжо знікае за шызай смугой. Гаўрусёў.

2. Сагнуць спіну; нагнуцца. Цёмныя фігуры выбеглі на сноп пражэктара, сагнуліся над тым месцам, дзе хлопцы заклінілі стрэлкі. Жычка. [Хурс] сагнуўся напалам, уваходзячы ў карчомныя сенцы. Чорны. // Нахіліцца ад цяжару, мукі, болю. Сцішыўшы крок, Аксіння, здаецца, яшчэ больш сагнулася пад сваёй ношай, каб нікога не бачыць, каб да яе не загаварылі. Ракітны. // Скласціся пад вуглом у суставе. Рука сагнулася ў локці.

3. Згорбіцца ад старасці, скурчыцца ад сцюжы, хваробы, ссутуліцца і пад. Не той быў цяпер Глушак: пасушэў яшчэ, сагнуўся, як груган, ссівеў нашчэнт. Мележ. Палкана старасць даканала. Сагнуўся ён, падціснуў хвост, сапсеў. Корбан. // перан. Стаць спарахнелым, трухлявыя (пра будынкі і пад.). Хата шчытам сваім сагнулася. Баранавых.

4. перан. Пакарыцца чыёй‑н. сіле, прымірыцца з чым‑н., адмовіўшыся ад барацьбы. Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся, А ворага стрэціў ударам мяча. Броўка. І ад таго, што гэтае дзіцянё не сагнулася і не сагнецца і ідзе сабе моцна па дарозе, — стала мне радасна. Чорны.

5. Стаць скарабачаным, пагнутым. У агні жалеза сагнулася. Бляшанка сагнулася. □ Размахнуўся.. [старэйшы брат], грукнуў булавою — толькі булава сагнулася. Якімовіч.

•••

Сагнуцца ў дугу — скарыцца; стаць пакорным, угодлівым. Ён не хапае з неба зорак, Умее ўслужыць, умее памаўчаць, Умее ўсміхнуцца ветліва, лагодна, Паведаміць начальству радасную навіну, Сагнецца ў дугу прад ім ахвотна, А сябру ў бядзе дасць кухталя ў спіну... Валасевіч.

Сагнуцца ў тры пагібелі — а) вельмі нізка нахіліцца; сагнуцца; б) перан. праявіць празмерную ўгодлівасць.

Сагнуцца крукам; сагнуцца ў крук — а) моцна выгнуцца, заўзята працуючы; б) перан.; стаць рабалепным, уніжаным перад кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Крайне суровы; бязлітасны, неміласэрны. Гэта была кабета ціхая, забітая, бо пан Баранкевіч.. у сям’і быў чалавек жорсткі. Колас. [Эльга] усміхнулася гарэзнай і чароўнай усмешкай, якой можна ваваяваць самага жорсткага дзікуна. Мікуліч. // Які выражае суровасць (пра вочы, выраз твару). Вочы ў Карніцкага сталі жорсткія, бязлітасныя. Паслядовіч. Вочы Бярозіна, здаецца, яшчэ больш, пацямнелі, а рысы твару сталі жорсткімі, акамянелымі. Шчарбатаў. // Цяжкі, суровы, пакутлівы (пра жыццё, час і пад.). Два гады мірнай працы на вызваленай зямлі былі для .. [камуністаў] шчаслівым этапам на жорсткім шляху барацьбы. Брыль. Працоўны народ нават у самыя жорсткія часы не расставаўся з марай аб шчаслівым радасным жыцці. Шкраба.

2. Які перавышае звычайную меру, ступень, вельмі моцны па сіле праяўлення. Жорсткі прыгнёт. □ На гэтым месцы, дзе капаюцца цяпер шахты, дзе ўзводзіцца горад Салігорск са сваёй хімічнай прамысловасцю, не адзін раз праходзілі жорсткія баі з фашысцкімі акупантамі. Кулакоўскі. Людскога гневу выбухі глухія Зноў закіпалі жорсткай барацьбой, Ўздымалася рабочая Расія На бой за шчасце, на астатні бой... Звонак. // Вельмі моцны, рэзкі, пранізлівы (пра вецер, мароз і пад.). Слімак паклыпаў далей, захінаючы твар ад жорсткага ветру і калючага снегу. Лынькоў. Здараецца, да ніткі дождж прамочыць ці высеча няшчадна жорсткі град. А. Вольскі.

3. перан. Суровы, рэзкі. Жорсткі характар. □ У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Мележ. [Валя] і потым ніяк не ўспомніць, адкуль яны з’явіліся, як вырваліся гэтыя жорсткія словы. Васілевіч. // Грубы, непрыемны на слых. Жорсткі голас. □ Блізка-блізка завёў сваю сухую жорсткую песню драч. Гартны.

4. перан. Строгі, які не дапускае адхіленняў. Жорсткія ўмовы. Жорсткі рэжым.

5. Цвёрды, шчыльны на вобмацак; проціл. мяккі. Тая ж шалёная сіла зноў шпурнула Рамана на груд — на жорсткі, цвёрды, камень. Пташнікаў. Ваенфельчар стала.. каленьмі на ўтаптаную, жорсткую зямлю, сама зняла павязку. Шамякін. // Грубы, каляны. Жорсткія валасы. Жорсткая асака. □ Стоцкі ўжо захутаў галаву ў жорсткую інтэрнацкую коўдру, маўчаў. Карпюк. // Сыпкі, калючы. Жорсткая мука. □ Снегу наваліла ў пояс, і быў ён жорсткі, сыпучы. Лынькоў.

6. Спец. Здольны супраціўляцца ўтварэнню дэфармацыі. Жорсткая канструкцыі,

•••

Жорсткая вада гл. вада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́р, ‑у, м.

1. Моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым‑н. у час руху. Іліко .. схапіў свае восці і ўдарам пад жабры дакончыў рыбіну. Самуйлёнак. Раптам рэзкі ўдар страсянуў корпус судна. Траўлер даў крэп на правы борт. Матрунёнак. Многія гадзіннікі першага класа вызначаюцца тым, што не баяцца ўдару, пылу, вільгаці, вады. «Звязда». Я спрабаваў падняцца, але адразу падаў пад ударамі страшэннага ветру. Бяганская. // Пра біццё сэрца, пульсу. [Сцяпан] прыклаў фанендаскоп да сэрца і пачуў, як аддаляюцца і затухаюць яго ўдары. Шамякін. Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі. М. Ткачоў. // перан. Пра гром, выбух і іншыя моцныя гукі. Удар грому. □ Адзін за другім раздаліся глухія ўдары выбухаў. Лынькоў. У марозным крохкім паветры чуецца ўдар аб рэйку. Мікуліч. Яшчэ раз грамыхнуў, б’ючы ў самае сэрца людзей, удар нямецкай гарматы. Паслядовіч.

2. Імклівы напад, атака. Флангавы ўдар. Бомбавы ўдар. □ У заключэнне рэйду быў нанесены магутны камбінаваны ўдар на чыгунцы. Шамякін. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар: Ідуць партызаны. Рыхтуюць удар. Колас. [Рагозін:] — Злева ў ляску збіраюцца казакі — адтуль галоўны ўдар. Гурскі. // перан. Рашучае дзеянне, накіраванае на спыненне, знішчэнне чаго‑н. Канчатковы ўдар па спекуляцыі.

3. перан. Нечаканае гора, бяда, непрыемнасць. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны. / Пра што‑н. цяжкае, непрыемнае, што даводзіцца пераносіць каму‑н. Удар лёсу.

4. Цяжкая хвароба, кровазліццё ў мозг; апаплексія. [Ларчанка:] — Чорны захварэў. Вельмі цяжка..; Удар. Кровазліццё ў мозг. Мележ.

•••

Апаплексічны ўдар — тое, што і апаплексія.

Кручаны ўдар — удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч.

Свабодны ўдар — у футболе — удар, у час якога праціўнік не мае права нападаць.

Сонечны ўдар — цяжкі стан, які ўзнікае ў выніку перагрэву галавы сонечнымі прамянямі.

Цеплавы ўдар — захворванне, якое выклікаецца перагрэвам цела пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя.

Адным ударам — хутка, імкліва, у адзін прыём.

Пад ударам (быць, знаходзіцца) — у такім становішчы, калі могуць напасці, атакаваць; у стане, калі штосьці пагражае.

Ставіць пад удар гл. ставіць.

Удар у спіну — здрадніцкі ўчынак, здрадніцкае забойства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)