круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лад 1, ‑а і ‑у, М аб ладзе, у ладу; мн. лады, ‑оў; м.

1. ‑у; звычайна адз. (з азначэннем). Дзяржаўная ці грамадская сістэма, арганізацыя. Сацыялістычны лад. Першабытнаабшчынны лад. Рабаўладальніцкі лад.

2. ‑у. Уклад жыцця. Лабановіч доўга хадзіў па пакоіку, намячаючы больш-менш сталы і пэўны лад свайго жыцця. Колас. // перан. Сэнс жыцця, спосаб жыцця. Ля завадзі, сярод чароту, сяджу я схілены ў тры пагібелі і не ўстану, не пайду, пакуль не зразумею самы лад жыцця людскога як мае быць... Бядуля.

3. ‑у. Разм. Згода, дружба. Бацькі .. [Аксёна] былі маўклівыя. Між імі не было ні добрага ладу, ні сваркі. Дуброўскі. [Мацей:] — Здаецца, і любяць адно аднаго, дастатак ёсць, а ладу няма: адсюль-адтуль ды ў сварку за дробязь якую. Пальчэўскі. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас. // Парадак, зладжанасць. Вялікім клопатам лета былі дарогі.. Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Вядома, да ладу яшчэ далёка, дарогі яшчэ багата дзе рэжуць без нажа. Мележ. Гуркацяць, гудуць маторы Ці пры сонцы, ці пры зорах, Калі ў працы лад, Кожны сэрцам рад. Кірэенка.

4. ‑у. Спосаб, манера; узор. На ваенны лад. На новы лад. На свой лад. □ Домікі, найбольш на вясковы лад, то заходзілі ў глыб двароў, то выступалі на самую вуліцу. М. Стральцоў. Снег пад нагамі ў прахожых звінеў на сотні ладоў. Шамякін.

5. ‑у. Настрой, гумор; тон. Гумарыстычны лад. Філасофскі лад. Самотны лад. □ Дарога, яе прысады настройвалі Русаковіча на лірычны лад. Паслядовіч.

6. ‑у. У музыцы — спосаб пабудовы гукараду, арганізацыя музычных гукаў; строй музычнага твора. Ніхто з нас не ведаў слоў песні. Але мы хутка засвоілі яе лад і дружна пачалі падпяваць адным голасам. Якімовіч. // У паэзіі — пабудова паэтычнага твора, яго строй і эмацыянальная афарбоўка. Вобразны лад. Урачысты лад. □ Меладычны лад верша, захаваны перакладчыкам, дае магчымасць адчуць нацыянальную форму арыгінала. Палітыка.

7. ‑а. Адно з дзяленняў на грыфе струнных музычных інструментаў; клавіша гармоніка, баяна, клапан духавога інструмента. Вася прабег пальцамі па ладах, расцягнуў гармонік. Асіпенка.

8. ‑у; звычайна адз. Сістэма будовы, склад мовы. Граматычны лад беларускай мовы.

•••

Давесці (прывесці) да ладу гл. давесці.

Дайсці (да) ладу гл. дайсці.

Даць лад гл. даць.

Збіцца з ладу гл. збіцца.

Ладу не дабраць гл. дабраць.

Навесці лад гл. навесці.

На добры лад — так, як патрэбна; па-сапраўднаму.

На свой лад — па-свойму.

На ўсе лады — усебакова (абмяркоўваць, разбіраць і пад.).

На ўсе (розныя) лады — па-рознаму. На ўсе лады заліваліся жаваранкі, свісталі шпакі. Дайліда. Мелодыя акрыляецца, мяняе тэмп, паўтараецца на розныя лады. Бядуля.

Не ў лад — нязладжана, нястройна; не ў адпаведнасці з чым‑н.

Не ў ладу; не ў ладах з кім-чым — быць не ў згодзе, у дрэнных адносінах.

Ні складу, ні ладу гл. склад.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і інш.) гл. спор.

Спяваць на новы лад гл. спяваць.

У лад — зладжана, стройна; у адпаведнасці з чым‑н.

У ладу; у ладах з кім-чым — дружна, у згодзе.

(Усе) на адзін лад — (усе) аднолькавыя.

лад 2, ‑у, м.

У граматыцы — катэгорыя дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці.

•••

Абвесны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае рэальнае дзеянне, што адбываецца ў цяперашнім, прошлым і будучым часе.

Загадны лад — катэгорыя дзеяслова, якая выражае загад, просьбу, чыю‑н. волю.

Умоўны лад — катэгорыя дзеяслова, якая абазначае магчымае, пажаданае або мяркуемае дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́ць 1, палю, паліш, паліць; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём, спальваць. Гарадок, што быў райцэнтрам, гарэў у сорак першым годзе, палілі яго немцы і пры адступленне. Шахавец. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Адамчык. // Вымушаць гарэць, загарацца (часцей з мэтай асвятлення або ацяплення). Адзін паліў запалкі, другі растапырыў на сабе шынель, каб і не тухла і каб заўважыць агонь нельга было чужому воку. Чорны. Слухае Міколка... Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе... Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгуначныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Лынькоў. // Разм. Запальваць cвятло. У хаце яшчэ не палілі агню. Быў вечар-шчэдрык. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана. Баранавых. Карызна доўга не паліў святла. Ён сядзеў цішком, стуліўшыся па канапе. Зарэцкі. // Разм. Курыць папяросы, люльку і пад. У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

2. у чым, што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад. Гаспадыні паляць у печы — гатуюць снеданне мужчынам, што збіраюцца ў лес. Мяжэвіч. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ. // Абаграваць, награваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад. У бібліятэцы, відаць, яшчэ не палілі, і Наташа амаль не валодала пасінелымі ад холаду рукамі. Ракітны. Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанчыны мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах. Асіпенка.

3. што. Разм. Апрацоўваць агнём, жарам; абпальваць. Абрам па-старому цэглу паліць, толькі ўжо на добра абсталяваным заводзе арцелі. Лынькоў.

4. каго-што і без дап. Моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць (пра сонца, полымя і пад.). Полымя [топкі] паліць твар, горача. Барашка. Сонца па-ранейшаму паліць нясцерпна. Рэдка ў пачатку лета бываюць такія гарачыя дні. Навуменка. // перан. Выклікаць адчуванне апёку; апякаць. Холад роснай дарогі Паліць босыя ногі. Жычка. [Дзеці] ўпокат ляжалі на палку. І не было каму падаць ім нават вады. Смага паліла іх маленькія грудзі. Краўчанка. / у безас. ужыв. Гарэлі шчокі, у грудзях паліла нібы агнём. Хомчанка.

5. Разм. Страляць (звычайна часта або залпамі). Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна паляць па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася ўсё бліжэй да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Казлоў. Тах! — коратка бухае карабін. Скурай на плячах і патыліцай адчуваю, што паляць па мне. Карпюк.

6. перан.; каго-што. Хваляваць, трывожыць, мучыць. Жаль і смутак чорны Паляць мне душу. Бядуля. Мяне, як агнём, паліла страшнае пачуццё, якому назвы я не знаходжу цяпер. Чорны. Гора, цяжкае, нясцерпнае гора паліла ў той час сэрца Івана Кабушкіна. Новікаў.

палі́ць 2, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. паліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. палі; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым каго‑, што‑н.; намачыць. Паліць вуліцу вадою. □ Надзежда Іванаўна паліла мне на рукі з конаўкі і падала новенькі ручнік, якім, напэўна, ніхто яшчэ не выціраўся. Шамякін. // Увільгатніць, арасіць глебу для лепшага росту чаго‑н. Паліць грады. Паліць кветкі. □ Пакуль [Лена] прыбрала ў клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны.. — звечарэла. Ваданосаў. [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба [участкі] прапалоць, дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

2. Пачаць ліць (у 2 знач.). Да поўначы разам з другімі.. [маці] хадзіла па бары, па кустах ля ракі, пакуль не паліў буйны дождж. Якімовіч. Ударыў пярун, дождж паліў як з вядра. Ляпёшкін.

3. што. Спец. Пакрыць палівай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. перавёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. перавядзі; зак.

1. каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.

2. каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер. Асіпенка. // каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС. Ермаловіч. // Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену. // Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу. Колас. // што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.

3. што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру. Шыцік. [Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок... Брыль. [Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне... Васілевіч. Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок. Скрыган. // перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму. Шамякін. Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае. Карпаў.

4. каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік. // што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако. Чыгрынаў.

5. што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны. Гроднеў. // Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.

6. што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.

7. што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.

8. каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі. Гурскі.

9. што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі. Гурскі.

•••

Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне. Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́ся, сыдуся, сыдзешся, сыдзецца; пр. сышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. сыдзіся; зак.

1. Ідучы з розных бакоў, сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑н. [Хлопцы] і не заўважылі, як амаль усутыч сышліся з незнаёмым чалавекам. Колас. А то яшчэ сыдуцца твар у твар на шматлюднай вуліцы, [нібы] знарок падстроена кім-небудзь гэтая сустрэча. Пальчэўскі.

2. Прыйсці з розных бакоў у адно месца; сабрацца — пра ўсіх, многіх. Сход быў доўгім .. Сышлася ўся вёска — і калгаснікі, і гаспадары. Чорны. Паглядзець на студэнту сышлася радня. Васілевіч. Хаваць Леаніда Андрэевіча з блізкіх і далёкіх вёсак сышліся тысячы людзей. Грахоўскі. // Прыйшоўшы куды‑н., убачыцца, сустрэцца з кім‑н. [Старэйшы:] — На сёння хопіць работы. Трэба, каб і заўтра ў нас яшчэ была прычына сысціся тут. Машара. Развіталіся з містэрам Тэлпі і раз’ехаліся ў розныя бакі. Раз’ехаліся, каб зноў сысціся праз тыдзень, вырашыць спрэчку... Б. Стральцоў. // Аб’яднацца (у які‑н. калектыў). Але калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч.

3. Сустрэцца для паядынку, спаборніцтва, бітвы. На кросе мы яшчэ з табою сыдземся. Савіцкі. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў.

4. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны; пасябраваць. Гаваркі, рухавы Іван умеў сысціся з кожным, але былі тайны, у якія пасвячаўся адзін толькі Ягор. Навуменка.

5. перан. Уступіць у шлюб, у любоўную сувязь, сужыццё. [Бабка:] — Я ж у Лукерчыка жонкай была — не служанкай. Праўда,.. не першай — сышліся мы ў пяцідзесятым годзе. Вышынскі. Малодшая ж хітрэйшай, відаць, была, — махнула ў Кустанай і там сышлася з камбайнерам, па сэрцу, без вянца. Корбан.

6. перан. Аказацца адзінадушным у чым‑н., прыйсці да згоды. [Лях:] — І пасварыўся і не пасварыўся — не разбярэш. Духу майго Журавінка не зносіць, а я — яго. [Вот] так і не сышліся характарамі. Лобан. І сышліся хлопцы-верхаводы на Алесевай кандыдатуры. Шынклер. // Аказацца аднолькавым з чым‑н., падобным да чаго‑н. Так мы з сынам шчасліва У сваіх думках сышліся. Кірэенка.

7. перан. Разм. Прыйсці да пагаднення, згаварыцца. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. — Дам стрэліць, — сказаў Сцёпка. [Яська:] — Тры разы? — Адзін раз. — Жмінда. — Сышліся на двух стрэлах. Хомчанка.

8. Разм. Атрымацца, аказацца ў адпаведнасці адно з другім; супасці. Паказанні прыбораў сышліся. □ Вулю трэба закрыць ведамасць — і ўсё. Яшчэ — каб сышлося капейка ў капейку. Пташнікаў.

9. перан. Разм. Адбыцца адначасова (аб якіх‑н. падзеях). — Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. Чорны.

10. Наблізіцца адзін да аднаго, даткнуцца, дакрануцца. І задрамаў ён [сын] стомлены, Бы явар ля ракі, Як абцугі, над скронямі Сышліся дзве рукі. Панчанка. Калматыя бровы гаспадара сышліся над перанос[сем], папаўзлі ўгору. Асіпенка. // Разм. Аказацца па памерах дастатковым для таго, каб зашпіліць або захінуць (пра адзенне). Пояс сышоўся.

11. Прымкнуўшы шчыльна адно да аднаго, злучыцца. Высозныя горы, як сцены, Абапал. То воддаль адступяць Ад Струмы-ракі, То блізенька-блізенька Сыдуцца раптам. Гілевіч. А ён [чалавек] у траву паваліўся, У зялёных хвалях стаіўся. Сышліся над ім тыя хвалі, І вершаліны, як хвалі, Над гэтым месцам сышліся — Чалавека схавалі. Сіпакоў. У пачатку стагоддзя хаткі рабочых амаль сышліся з горадам. П. Ткачоў.

12. Аказацца, сканцэнтравацца ў адным месцы. Лініі сышліся ў адной кропцы. □ Усе сляды сышліся ля Яўхімавай пуні. Жычка. // перан. Злучыцца. Бачанае і чутае, перажытае і перадуманае — усё сышлося ў адно і разгортваецца перад вачамі, як доўгі маляўнічы скрутак. Палтаран.

•••

Свет клінам (не) сышоўся гл. свет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біць, б’ю, б’еш, б’е; б’ём, б’яце; заг. бі; незак.

1. каго. Наносіць удары каму‑н. з мэтай прычыніць боль; збіваць. Біў-біў Іван ведзьму, пакуль яна прасіцца не пачала. Якімовіч. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Высокі авёс біў дзяўчынку мяцёлкамі па твары і руках, асыпаўся ў кошык. Сіняўскі. Пальцы рукі нецярпліва перабіралі лазовы дубец, якім .. [афіцэр] раз-поразу біў па халявах ботаў. Лынькоў.

2. каго-што. Вынішчаць, забіваць (пра людзей). // Забіваць на паляванні (пра жывёл). Адны па пушчах і лясах Звяроў лавілі, білі. Танк.

3. каго-што. Перамагаць каго‑н.; наносіць паражэнне. [Дзядзька:] — Цябе [Цімоха] яшчэ .. і заваду на свеце не было, як я яго, германца, біў. Брыль. [Талаш:] — Мы звяжам тут рукі панам,.. будзем нападаць на іх абозы,.. без літасці біць таго, хто будзе стаяць за паноў. Колас.

4. перан.; каго-што. Весці барацьбу з кім‑, чым‑н., накіроўваць сваё дзеянне супраць каго‑, чаго‑н. І вашы [Маякоўскага] вершы Зноў дакладна б’юць Па мордах розных чэрчыляў і клеяў. Панчанка. [Радзевіч Варанецкаму:] — Але май на ўвазе: дэмагогаў трэба біць фактамі! Дуброўскі. // Прычыняць непрыемнасці, прымушаць перажываць. Нават самыя збітыя, газетныя выразы з .. [Бародкавых] вуснаў гучэлі са сваёй першароднай сілай — пранікнёна, свежа і моцна, словы білі, як камяні. Шамякін.

5. Стукаць, удараць. [Людзі] пабеглі да акна і пачалі біць па яго жалезных кратах. Лынькоў. Конь бяжыць, капытом зямлю б’е. Якімовіч. [Качкі] таксама не могуць лётаць, а толькі плаваюць і пры гэтым хутка, і гучна б’юць па вадзе крыламі. Маўр. // Парывіста, моцна ўдараць у што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). Вецер свістаў у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар. Мікуліч. Хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Часам.. трапляліся глыбокія лагі, і .. [Марта з Паўлам] абавязкова заглядалі ў іх — адтуль, як з сутарэння, біла пранізлівым холадам. Вышынскі. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці чым‑н., імкліва пранікаць куды‑н. (пра святло, гарачыню, пах, гукі і пад.). Першакурсніца Люда Нагорная.. прыплюшчыла вочы, бо вельмі ветлівы фатограф даволі нахабна біў ёй у твар святлом. Брыль. Праз шчыліну ў сцяне ў вочы біў тонкі сонечны прамень. Грахоўскі. Плынь гарачага паветра ішла сюды і біла горача ў твар. Чорны. У нос б’е едкі кіслы тытунь: дыму поўна хата, як зачыніць. Пташнікаў.

6. у што. Б’ючы чым‑н. аб што‑н., утвараць стук, звон, гул і пад. Біць у рэйку. □ Пятрусь Кравец, званар, сядзеў на званіцы, дзержачы ў руках вяроўку, і зрэдку біў у звон. Колас. А дзядок нейкі крычаў «горка» І з захапленнем у бубен біў. Кірэенка.

7. што і без дап. Гучаць, вызвоньваць, званіць. У чыстым пакоі прахрыпеў насценны гадзіннік і пачаў біць. Лобан. Б’юць крамлёўскія куранты на Спаскай вежы. Кавалёў. Гарманісты іграюць, нібы на вяселлі, Бубны б’юць, маладыя гучаць галасы. Куляшоў.

8. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Сэрца моцна біла ў грудзях. Дамашэвіч.

9. Страляць, абстрэльваць. Артылерысты пачалі біць .. простай наводкай. Чорны. Камсамолачка Дарота! Пойдзем разам ваяваць, — Буду біць я з кулямёта, Ты — патроны падаваць. Крапіва. // Страляць (пра зброю). Захліпаліся нямецкія кулямёты.. Білі яны трасёрамі. Шамякін.

10. што. Разбіваць, ламаць. Па гаршку цаляць не буду: Я ж не дурань біць пасуду. Крапіва.

11. Выцякаць імклівым струменем; вылівацца з сілай. Ракой, фантанамі з зямлі б’е нафта. Купала. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Я вылез з-пад .. [каня] і бачу: пярэднія ногі перабіты, кулямётная чарга прашыла таксама жывот. Адусюль б’е кроў. Няхай. Сервант насцеж, шыфаньер насцеж, усе футаралы на падлозе, з крана вада б’е, на абрусе лужына, дзверы не зачынены, — цэлы пагром! Гарбук. // З сілай вырывацца, шугаць (пра полымя). Бушуе, б’е полымя ўвысь, Выкідвае дым. Колас. // перан. Выбівацца (пра бурныя, поўныя невычарпальнай сілы праявы энергіі). Са Смольнага, дзе — біла плынь імкненняў, Дзе браў раўненне пераможны клас, Ён [Ленін] справы новых бачыў пакаленняў. Ён бачыў нас. Ён добра бачыў нас. Кірэенка. / у безас. ужыв. [Дзяўчат] ахапіў працоўны запал, ад іх біла маладосцю, здароўем, натхненнем, азартам. Карпюк. // перан. Свяціцца, выяўляцца (пра пачуцці). Эх, сонечная раніца, Цямней ты нам за ноч! Маўчалі людзі хмурыя, А помста біла з воч. Панчанка.

12. каго-што. Разм. Трэсці (пра хваробу, хваляванне, страх і пад.). Ад ранішняй вільгаці і страху .. [Сашу] пачала біць ліхаманка. Шамякін. Дым лезе ў вочы, цябе б’е кашаль, але ты трымаешся. Шахавец. Шуру, нягледзячы на цёплы кажух, білі дрыжыкі. Навуменка.

13. У спартыўных гульнях — удараць па чым‑н., кідаць што‑н., імкнучыся папасці. Біць па варотах.

14. што. Прабіваць; свідраваць, капаць. Мы білі штольні дынамітам. Звонак. Апошняя куля трапіла ў бутлю, прызначаную для людзей, якія заўтра павінны былі пачаць біць студню на Кагутовай сядзібе. Караткевіч.

15. Убіваць, заганяць, забіваць. Білі ў дно рачное палі, Клалі бэлькі і брусы. Зарыцкі.

16. Раздзяляць на больш дробныя часткі. Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. Людзі бачылі, што за горадам, дзе кладуць новую шашу, паміж малатабойцаў, што білі каменне, ёсць адзін вельмі малады. Чорны.

17. што. У некаторых рамёствах — вырабляць пэўным спосабам. Біць масла. Біць валёнкі.

18. У гульні ў шахматы, шашкі — браць фігуру праціўніка. Дошка малая, ды і манеўранасць шашак абмежавана жорсткімі правіламі: хадзіць толькі ўперад, біць абавязкова! «Маладосць». // У картачнай гульні — выйграваць, раскрываючы большую карту. Біць козырам.

•••

Байды біць — пазбягаць работы, займацца глупствам.

Бібікі (лынды) біць — гультаяваць, бяздзейнічаць; займацца пустымі справамі.

Біць адбой — а) даваць сігнал на спыненне якога‑н. дзеяння; б) адмаўляцца ад свайго рашэння, думкі; адступаць ад свайго намеру. На начальніка з раёна як хто халоднай вады цэбар узліў. Пачаў біць адбой. Чорны.

Біць з гарматы па вераб’ях — тое, што і страляць з гарматы па вераб’ях (гл. страляць).

Біць крыніцай — бурна развівацца, квітнець. Як толькі пачыналася раніца, у заезджым доме Гірша Дрэйзіна пачынала крыніцаю біць жыццё. Чорны.

Біць на што — імкнуцца да чаго‑н., дамагацца чаго‑н. Біць на вонкавы эфект.

Біць па кішэні — уводзіць у вялікія выдаткі.

Біць паклоны — пры малітве рабіць нізкія паклоны; нізка кланяцца.

Біць трывогу — а) даваць сігналы аб небяспецы або нападзе ворага; б) заклікаць да барацьбы супраць каго‑, чаго‑н.; звяртаць увагу на пагрозу чаго‑н.

Біць у вочы — быць прыкметным, прыцягваць увагу.

Біць (сябе) у грудзі — а) біць сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы ў чым‑н.; клясціся, запэўніваць у чым‑н. — Я — сацыяліст-рэвалюцыянер, — б’е сябе ў грудзі аграном. Якімовіч; б) біць сябе кулаком у грудзі ў роспачы; каяцца ў чым‑н.

Біць у званы — а) балбатаць, малоць языкамі, пустазвоніць; б) тое, што і біць у набат.

Біць у (адну) кропку — накіроўваць увагу, словы, дзеянні на што‑н. адно.

Біць (пляскаць) у ладкі (далоні) — удараць далонню аб далонь; адбіваць такт. — А, дзядзька, дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! — Дай мне дубец! — А мне дай вуды! — крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі... Колас.

Біць у лёт — тое, што і страляць у лёт (гл. страляць).

Біць у набат — а) пры дапамозе звана склікаць людзей з выпадку бедства; б) выклікаць трывогу, звяртаць увагу грамадства на што‑н.

Біць (даваць) у нос — пра востры, едкі пах чаго‑н.

Біць у хамут — рэзка рэагаваць, выяўляючы крыўдлівасць.

Біць у цэль (міма цэлі) — а) пападаць (не пападаць) у цэль; б) дасягаць (не дасягаць) патрэбнага выніку.

Біць (ліцца) цераз край — праяўляцца з вялікай сілай (пра пачуцці, энергію і пад.).

Біць чалом — а) прасіць каго‑н. аб чым‑н. [Гаруноў:] — Не буду чалом біць і не буду прасіць, каб мяне не паміналі ліхам. Дуброўскі; б) пачціва кланяцца каму‑н., вітаць каго‑н. Зямля мая! Мой дом, мой хлеб адзіны, Я вечна твой, я б’ю табе чалом. Дайнека.

З-за вуха біць — гаварыць прама, рэзка.

Ногі біць — натруджваць ногі працяглай і дарэмнай хадзьбою.

Час б’е чый або каго-чаго — а) надыходзіць, набліжаецца канец; б) надыходзіць час што‑н. рабіць.

Язык аб зубы біць — гаварыць пустое; малоць языком.

Як у бубен біць — жыва і настойліва перадаваць якую‑н. чутку, гаварыць у адзін голас пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ка, ‑а; мн. во́чы, Р вачэ́й, Д вача́м Т вача́мі і вачы́ма, М аб вача́х; н.

1. Орган зроку. Анатомія вока. Заплюшчыць вочы. Хворыя вочы. // Позірк; погляд. Адвесці вочы. Сустрэцца вачамі. □ Тым часам дзядзька ненарокам Глядзеў на човен добрым вокам. Колас.

2. Здольнасць бачыць; зрок. Зоркія вочы. Слабыя вочы. Пільнае вока.

3. толькі адз. Здольнасць бачыць, набытая ў працэсе жыццёвага вопыту. Бывалае вока. Звыклае вока. Гаспадарчае вока. Вернае вока.

•••

Абвесці вачамі гл. абвесці.

Адбіраць вочы гл. адбіраць.

Адвесці вочы гл. адвесці.

Адкрыць вочы каму гл. адкрыць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) — мімалётна глянуць, убачыць каго‑, што‑н.

Аж вочы на лоб вылазяць (лезуць); вочы на лоб палезлі — вочы шырока адкрыліся, вытарашчыліся (ад здзіўлення, страху, пры падняцці цяжару).

Аж іскры з вачэй пасыпаліся гл. іскра.

Акінуць вокам (вачыма) гл. акінуць.

Бегчы за вачыма гл. бегчы.

Берагчы як (зрэнку) вока гл. берагчы.

Благія вочы — тое, што і ліхія вочы.

Валовыя вочы — вялікія, лупатыя, невыразныя вочы.

Вачэй не адарваць гл. адарваць.

Вачэй не звесці гл. звесці.

Вачэй не зводзіць гл. зводзіць.

Вачэй не паказваць гл. паказваць.

Вока (зуб) гарыць на што — пра моцнае жаданне мець, атрымаць што‑н. Шмат у каго гарэла вока на гэтае пыльнае месца, але не было за што зачапіцца, каб зняць чалавека і паставіць другога. Сабаленка.

Вока на вока; з вока на вокабез сведак, сам-насам.

Вока не запарушыць каму гл. запарушыць.

Вока не мець гл. мець.

Вока ў вока, вочы ў вочы — блізка адзін да другога.

Вокам не згледзець гл. згледзець.

Вокам не маргнуць гл. маргнуць.

Вон з вачэй — прэч.

Вочы адкрыліся ў каго — пра таго, хто зразумеў сутнасць чаго‑н., убачыў тое, чаго нейкі час не заўважаў.

Вочы б мае не бачылі — аб чым‑н. непрыемным, чаго не хочацца бачыць.

Вочы выбіраць гл. выбіраць.

Вочы драць гл. драць.

Вочы загарэліся (гараць) — пра таго, каму вельмі моцна нечага захацелася.

Вочы замазваць гл. замазваць.

Вочы на мокрым месцы — пра таго, хто часта плача.

Вочы на патыліцы — пра таго, хто патрэбнага не бачыць.

Вочы павылазілі — пра таго, хто не бачыць, не заўважае чаго‑н.

Вочы прагледзець гл. прагледзець.

Вочы прадраць гл. прадраць.

Вочы працерці гл. працерці.

Вочы разбягаюцца гл. разбягацца.

Выесці вочы гл. выесці.

Выкінуць на вока гл. выкінуць.

Вылупіць вочы (бельмы) гл. вылупіць.

Выплакаць (усе) вочы гл. выплакаць.

Вырасці на вачах гл. вырасці.

Вырасці ў чыіх‑н. вачах гл. вырасці.

Глядзець вачамі каго або чыімі гл. глядзець.

Глядзець другімі вачамі на каго-што гл. глядзець.

Глядзець нядобрым (косым) вокам гл. глядзець.

Глядзець прама ў вочы гл. глядзець.

Глядзець праўдзе ў вочы гл. глядзець.

Глядзець смерці ў вочы гл. глядзець.

Дваіцца ў вачах гл. дваіцца.

Дзе вочы падзець гл. падзець.

Для адводу вачэй гл. адвод.

Добрыя вочы — у забабонах — магічная сіла зроку, здольная прыносіць толькі дабро.

Есці вачамі гл. есці.

Жадзён на вока гл. жадзён.

З адкрытымі вачамі (рабіць што, ісці) — смела, адчуваючы сябе правым.

З завязанымі вачамі — неабачліва, не раздумваючы.

З п’яных вачэй — у стане ап’янення.

За вочы (абгаварыць, абазваць, назваць і пад.) — завочна, не ў прысутнасці. І называлі ўсе яго і за вочы і ў вочы — Міхаіл Іванавіч. Крапіва.

Забегалі вочы (вочкі) — пра сквапнага, зайздроснага чалавека або пра таго, хто гаворыць няпраўду.

Закаціць вочы гл. закаціць.

Закрыць вочы каму гл. закрыць.

Закрыць вочы на што гл. закрыць.

Заліць вочы гл. заліць.

Засціць вочы гл. засціць.

Затуманіць вочы гл. затуманіць.

Звесці вочы гл. звесці.

Змераць вокам (вачамі) гл. змераць.

Знікнуць з вачэй гл. знікнуць.

(Зрабіць) вялікія вочы — вельмі здзівіцца.

Каб мае вочы не бачылі — прагнаць каго‑н. або не жадаць бачыць што‑н.

Казеліць вочы гл. казеліць.

Калоць (у) вочы каму гл. калоць.

Кідацца ў вочы гл. кідацца.

Краем вока гл. край.

Куды вочы глядзяць — абы-куды, без пэўнай мэты.

Куды ні кінь вокам гл. кінуць.

Лашчыць вока гл. лашчыць.

Лезці сляпіцаю (асою) у вочы гл. лезці.

Лезці ў вочы гл. лезці.

Ліхія (благія) вочы — у забабонах — магічная сіла зроку, здольная прыносіць няшчасце.

Лыпаць вачамі гл. лыпаць.

Мазоліць (намазоліць) вочы гл. мазоліць.

Матылі ў вачах гл. матыль.

Мець (не мець) вока на каго гл. мець.

Мець на воку каго-што гл. мець.

Мець пільнае вока гл. мець.

Мець свае вочы і вушы гл. мець.

Муляць вочы каму гл. муляць.

Набіць вока гл. набіць.

На вачах чыіх ці каго — а) на віду, у прысутнасці каго‑н.; б) увачавідкі. [Трахім Пятровіч:] — Вясна на вачах сушыць поле. Краўчанка.

На вока (вызначыць, прыкінуць і пад.) — прыблізна.

На воку (вачах) — пад наглядам, на відавоку.

На вочы лезці гл. лезці.

На вочы не напускаць каго гл. напускаць.

На вочы не пападацца (не паказвацца) — не сустракацца сам-насам, не быць на віду.

На свае (ўласныя) вочы бачыць гл. бачыць.

На свежае вока — вокам пабочнай асобы.

Не акінуць вокам гл. акінуць.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (надзець) гл. ведаць.

Не верыць сваім вачам гл. верыць.

Не глядзець ні вока ні бока гл. глядзець.

Не спускаць вока (вачэй) з каго-чаго гл. спускаць.

Не ў воку — у няміласці. Ганька.. злуецца на таго, хто ў маткі не ў воку. Васілевіч.

Не ўзняць вачэй гл. узняць.

Некуды вачэй дзець гл. дзець.

Ні на вочы — не цярпець, не хацець бачыць каго‑, чаго‑н.

Няма вока за кім гл. няма.

Няма дзе вачэй схаваць (ад сораму) гл. схаваць.

Па вачах бачыць гл. бачыць.

Падняць вочы гл. падняць.

Паказацца на вочы гл. паказацца.

Паказаць вочы гл. паказаць.

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму гл. папасціся.

Папова вока — пра зайздроснага чалавека.

Паставіць вочы на каго гл. паставіць.

Перавесці вочы гл. перавесці.

Песціць вочы гл. песціць.

Пляваць у вочы гл. пляваць.

Прабегчы вачамі гл. прабегчы.

Правесці вокам (вачамі) гл. правесці.

Прадраць вочы гл. прадраць.

Пранізаць вачамі гл. пранізаць.

Прапасці з вачэй гл. прапасці.

Праўда вочы коле гл. праўда.

Праўду-матку ў вочы рэзаць гл. рэзаць.

Працерці вочы гл. працерці.

Прыкінуць вокам гл. прыкінуць.

Пусціць дым (туман) у вочы гл. пусціць.

Рабіць вялікія вочы гл. рабіць.

Гадаваць вока гл. радаваць.

Раса вочы выесць гл. раса.

Раскрыць вочы каму гл. раскрыць.

Свежае вока — чалавек (звычайна супрацоўнік рэдакцыі газеты), які чытае паласу з мэтай выяўлення ў яе матэрыялах моўных недакладнасцей і якому матэрыялы гэтага нумару газеты незнаёмы.

Свяціць вачыма гл. свяціць.

Соль табе ў вочы гл. соль.

Спаць адным вокам гл. спаць.

Стаяць на вачах гл. стаяць.

Стаяць (паўстаць) перад вачамі (у вачах) гл. стаяць.

Страляць вачамі гл. страляць.

Стрыгчы вачамі гл. стрыгчы.

Сысці з вачэй гл. сысці.

Сячы ў вочы гл. сячы.

Таропіць вочы гл. таропіць.

Тыкаць (тыцкаць) у вочы гл. тыкаць.

У вачах пацямнела гл. пацямнець.

У вачах чыіх — у думках, уяўленні каго‑н.

У вочы не бачыць гл. бачыць.

У вочы сказаць (казаць) гл. сказаць.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Узяць на вока гл. узяць.

Упасці (укінуцца) у вока — запомніцца, спадабацца.

Упіцца вачамі гл. упіцца.

Ускінуць вочы гл. ускінуць.

Уставіць вочы гл. уставіць.

Хаваць вочы гл. хаваць.

Хоць ты ў вочы плюнь гл. плюнуць.

Цешыць (пацяшаць) вока гл. цешыць.

(Цёмна) хоць вока выкалі — вельмі цёмна, нічога не відно.

Чортава вока — вельмі глыбокае, бяздоннае месца на балоце.

Чытаць у вачах гл. чытаць.

Чэзнуць на вачах гл. чэзнуць.

Шукаць вачамі гл. шукаць.

(Як) бяльмо на воку гл. бяльмо.

Як вока схопіць — як толькі можна ўбачыць, як толькі далёка бачыць вока.

Як вокам ахапіць (акінуць, згледзець, скінуць) гл. ахапіць.

Як вокам маргнуць гл. маргнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я. Колас. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў. Лынькоў. І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль. Мележ. // пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Колас.

2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску. Ларчанка.

3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала. Чорны. Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара]. Бядуля.

4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае. Лынькоў. Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць. Панчанка.

5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ. Колас. Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка. Шамякін. Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха. Брыль. Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі. Чорны.

6. кім-чым. Кіраваць, распараджацца кім‑, чым‑н. Ведаць трэстам. Ведаць перапіскай.

7. і з дадан. дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць. Брыль. Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх. Колас.

8. у знач. пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы. Крапіва.

•••

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. бог.

Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.

Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых! Быкаў.

Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.

Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.

Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.

Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.

Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха. Крапіва.

Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.

Ведаць толк у чым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.

Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.

Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.

Ведаць цану каму‑, чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.

Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.

Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) гл. ліха.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. хто.

Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.) гл. чорт.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)