Абру́с ’кусок спецыяльна вытканай тканіны, якой засцілаюць стол’, абрусны ’ручнік на іконах’, укр. обрус, рус. обрус, чэш. obrus, славац. obrus, польск. obrus ’абрус’, балг. обрус ’уціральнік’, славен. obrus ’абрус’; o‑brusъ: brъsnǫti: ц.-слав. бръснѧти, славен. (o)brisati, серб.-харв. бри̏сати, ’уціраць’ (Фасмер, 3, 108). Меркаванне аб польскім паходжанні бел. абрус (Мядзв.) беспадстаўнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абру́ч ’абруч, кольца’ (БРС, Нас., Касп.), абручык (Нас.), абручык ’кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ да obrǫčь < rǫka, гл. укр. обруч, ст.-рус. обручь, рус. ц.-слав. обрѧчь, чэш. abruč, польск. obręcz, славен. obrôć, серб.-харв. о̏бруч, балг. обръч ’абруч’. Параўн. літ. apýranke ’бранзалет’, ìrankis ’наручнік’, Траўтман, 237. Магчыма, яшчэ балта-славянская інавацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апя́ць ’зноў’ (гродз., Афанасьеў, № 134). Рус. опять, укр. опʼять, чэш. opět, славац. opäť ’зноў’, серб.-харв. о̀пет ’назад’. Ст.-рус. опять зноў’, ст.-бел. опять (Гіст. мовы, 55, 127). Агульнаславянскае слова, утворанае з прэфіксальным o(b)‑ і коранем pęt‑ у прыметнікавай форме (Фасмер, 3, 147; КЭСРЯ; Булахоўскі, Труды ИРЯ 1, 199; Траўтман, 214).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́баць ‘патрабаваць’ (Мат. Гом.). Параўн. н.-луж. trjobaś ‘карыстацца, патрабаваць’, в.-луж. trjebać ‘мець патрэбу’, ‘карыстацца’, ‘патрабаваць’, серб. тро̏бати ‘патрабаваць’, славен. trebati ‘тс’. Хутчэй за ўсё, новаўтварэнне ад трэба2 (гл.), аналагічна наконт лужыцкіх слоў гл. Шустар-Шэўц, 1528. Не выключана другаснае ўтварэнне (інфінітыў) на аснове сцягненых формаў тыпу трэ́бала, гл. трэ.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ікра́ч ’ікра рыбы’ (навагр., Жыв. сл., 11). Відаць, ’рыба з ікрой’; параўн. в.-луж. jikrnač ’самка рыбы’, чэш. jikrnáč, jikernáč ’рыба з ікрой’, славац. ikráč, ikernáč, серб.-харв. и̏кра̄ш ’тс’. Вытворнае ад ікраны (гл. ікра1) з суф. ‑ач, як рагач ’алень’, барадач ’казёл’, вусач ’від рыбы’ (Сцяцко, Афікс. наз., 96). Параўн. ікрак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́цязь (БРС). Рус. ви́тязь, укр. ви́тязь, ст.-рус. витязь, в.-луж. wićaz ’герой; селянін, арандатар’, чэш. vítěz, славац. víťaz, славен. vȋtez, серб.-ц.-слав. витѧѕь, серб.-харв. ви̏те̑з, балг. ви́тез, макед. витез. Ст.-прус. witing (з 1299 г.) ’служылае дваранства’ запазычана з польск. (Брукнер, AfslPh, 20, 485; ZfslPh, 2, 296). Большасць даследчыкаў лічаць славянскае слова запазычаным з герм., але канкрэтны шлях запазычання няясны. Фасмер (1, 322 і наст.) і інш. (Уленбек, AfslPh, 15, 492; Стэндэр–Петарсан, ZfslPh, 4, 44 і наст.; Шварц, ZfslPh, 2, 105; Янка, WuS, 1, 108 і наст.) узводзяць vitędzь да герм. *vikíng‑, ст.-ісл. víkíngr, якія звязаны са ст.-саксон. wîk ’жыллё’, ст.-в.-ням. wîch ’тс’; славянская форма ўзнікла ў выніку другой палаталізацыі і дысіміляцыі. Тлумачэнне слова як запазычання са ст.-ісл. hvítingr ’светлавалосы, знатны’ (Янка, там жа; Экблом, ZfslPh, 16, 272 і наст.) не пераконвае, таму што яно не ўлічвае распаўсюджання слова ў в.-луж. і серб.-харв. мовах. Маркварт (Festschrift. V. Thomsen, 104) атаясамлівае англа-сакс. Wicingas з эруламі, якія рабілі набегі з III ст. н. э. і былі адціснуты датчанамі толькі ў VI ст., і тым самым тлумачыць наяўнасць слова ў серб.-харв. Шварц (там жа) указвае на магчымасць распаўсюджання слова лангабардамі або варнамі. Мартынаў (Лекс. взаим., 105) выводзіць слав. vitędzь з прагерм. wīkinga*wīginga), якое ў сваю чаргу было ўтворана ад wīgan ’змагацца, забіваць’ пры дапамозе суф. Nomina agentis ‑inga, г. зн. wīginga ’пабеданосны воін’. Версіі славянскага паходжання ад *vit ’дабыча, трафеі’ з суф. ędzь (Брукнер, 658; AfslPh, 42, 139 і ZfslPh, 6, 64) і ад вітаць ’абітаць’ (Янка, Slavia, 9, 343; Младэнаў, 68) малаверагодныя. Падрабязна літаратуру гл. Фасмер, 1, 322 і наст. і Шанскі, 1, В, 111.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Агу́раць ’надаесці’ (Бір. дыс.), агурэць ’разленавацца, стаць непаваротлівым’ (КЭС, лаг.), агурыцца ’абвыкнуцца, апусціцца’ (Бір. дыс., Нас.), агура ’неслух, непаслухмяны’ (Бяльк.), агурань ’грубіян, неслух’, агурства (Нас.), ст.-бел. огурный ’непаслухмяны, бестурботны’ (Гарб.), огуритися ’не слухацца, упірацца’ (1557), огурство ’ўпартасць’ (1554) (Нас. гіст.), рус. огурь ’упартасць, ленасць’, огурный ’упарты, гультай’ і інш. (гл. Львоў, Зб. Вінаградаву, 172), укр. огурний, угурний ’упарты, непаслухмяны’ (гл. Патабня, Из записок, 3, 51). Булахаў (Бел. мова, 46–47) параўноўвае беларускія словы з велягурісты (гл.). Супрун, Веснік БДУ, 1, 2, 69 — з славац. ohurny ’магутны, бялізны, грубы’, ohurit ’аглушыць, заблытаць’, але дапускае і прэфіксальны характар a‑. Тады супастаўляюцца таксама рус. гуряться ’паводзіць сябе нахабна’, палаб. *gorniti ’гаварыць’, славац. hurny ’магутны, бялізны, грубы’, серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць’ (гэта супастаўленне зроблена ўпершыню Патабнёй), балг. гурам ’хадзіць’. Пералічэння словы, вельмі далёкія семантычна, трэба размежаваць. Паўднёваславянскія формы звязваюцца з літ. gū́ra ’сутулы чалавек, чалавек, які ходзіць сагнуўшыся’, gū̃rinti ’хадзіць сагнуўшыся’ (Буга, RR, 1, 441), лат. gūrât ’марудна рухацца, ляніцца’ (Эндзелін, KZ, 44, 68), лат. guôrît ’марудзіць, вагацца’, guoris ’гультай, лодар’. Апошнія балтыйскія паралелі непасрэдна звязаны з беларускімі і рускімі словамі. Эндзелін таксама супастаўляе латышскія формы, серб.-харв. гӳритисе ’згібацца’ з ст.-грэч. γυρός ’сагнуты, гарбаты’, нарв. kūra ’згібацца’ і г. д. (Параўн. яшчэ Фрэнкель, 177; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 96). Што датычыць семантычнага пераходу ад серб.-харв. гӳрити се ’згібацца’, балг. погурен ’сутулы’ да серб.-харв. гу́рати ’штурхаць, пхаць, туліць’, балг. гурам ’хадзіць’, параўн. сутулы, туліць і туляцца. Польск. ohurstwo, відавочна, з беларускага (г — фрыкатыўнае), а палаб. *gorniti да гэтай лексічнай групы не адносіцца. Такім чынам, формы яшчэ індаеўрапейскія (*gau̯/gu‑r). Рэканструкцыя Львова (*agh‑) неверагодная. Супраць апошняй таксама Трубачоў, Дополн., 3, 121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пухць — выклічнік ’бух’ (шальч., Сл. ПЗБ), сюды ж пухчэ́ць, пухце́ць ’брадзіць; бурчаць’ (в.-дзв., паст., рас., Сл. ПЗБ). Аўтары названага слоўніка параўноўваюць з літ. pū́kt ’тс’, pukšė́ti ’тс’, аднак, хутчэй за ўсё, гэта вытворнае ад гукапераймальнага пу́хаць (гл.), параўн. серб.-харв. пухтати/пу́ктати, пу̏кћем ’біць ключом, бурліць’, у якіх Скок (3, 69) бачыць анаматапеізмы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́чыкі ’цюльпаны’ (паст., Сл. ПЗБ), драг. мэ́чыке ’гладыёлусы’ (Лучыц-Федарэц), відаць, з польск. mieczyk ’тс’, як і чэш. mečík, серб.-харв. ма̏ч, mačika, mečiką, mačȋc, mačinac, ’тс’, mačac ’стальнік, Ononis spinosa’ славен. mȅč ’гладыёлус’, mečíka ’касач’, — усе першапачаткова з’яўляюцца старым перакладам з лац. gladiolus ’невялікі меч’ > ’мечавідны ліст’ < gladius ’меч’ паводле падабенства лістоў да мяча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Міхіе́р ’мачавы пузыр’ (беласт., Сл. ПЗБ). Укр. михі́р, міху́р ’пузыр’, рус. михи́рь, ст.-рус. мѣхирь, михирь, мѣхиръ (мѣхыръ) ’пузыр — орган цела’, ’membrum virile’, польск. miecherz, чэш. měchýř, славац. mechúr, славен. mehír, серб.-харв. mjèhȋr, ме̏хур, балг. меху́р. Прасл. měxyrъ/měxyrʼь, měxurъ/měxurʼь, якое ад měchъ (Слаўскі, SP, 2, 26 і 28). Да мех (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)