Сухары́ба (сухорыба) ’гусцера, Blicca bjoerkna L.’ (вілен., Этимология–1978), сухарэ́ба ’тс’ (там жа; лід., Сл. ПЗБ), сухарэ́па (сухарепа) ’тс’ (там жа). Параўноўваецца польск. sucha ryba, suchareba ’тс’, літ. sukarèbka ’тс’, што да рыба (гл.) з азначэннем паводле канфігурацыі або формы цела, гл. сухі (Усачова, Слав. ихт. терм., 123); фармальныя змены пад уплывам сухарэбрыца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тлушчо́ўка ’траска́’ (Байк. і Некр.). Штучна ўтвораная назва пачатку 20‑х гадоў XX ст., параўн. пазнейшае траска́ ’тс’ (Некр. і Байк.), паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі назваў рыб (вярхоўка, альхоўка і пад.) ад тлушч (гл.), параўн. чэш. tloušt ’галавень’, рус. ма́сленник ’язь’, відаць, у сувязі з тым, што рыба з’яўлялася асноўнай сыравінай для здабычы рыбінага тлушчу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трост ‘мера ў 60 коп = 3600 метак уюноў’ (Байк. і Некр.), ‘мера колькасці рыбы’ (Сержп. Грам.). Другаснае ўтварэнне шляхам адсячэння суф. ‑ка ад тростка < тросць1 ‘чараціна’, на якую нанізвалася рыба, у выніку тэрміналагізацыі стала абазначаць ‘нізка (рыбы)’, а затым — ‘адзінка вымярэння’ (Скурат, Меры, 133), аналагічна да троск ад троска1 (гл.), з адсячэннем канчатка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траска́1 ‘прамысловая рыба, Gadus morhua’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. треска́ ‘тс’, што збліжаюць з дыял. тре́ска (гл. трэска), нешта накшталт ‘рыба-трэска’ (сухая, нятлустая, а высушаная — расшчэпваецца, як дрэва), і аналагічна да ням. Stockfisch ‘траска’ (< Stock ‘палка’ і Fischрыба’) (Фасмер, 4, 100; ЕСУМ, 5, 645; Чарных, 2, 261–262; Арол, 4, 100). Белы (Наша Ніва, 2007, 27 крас.) падтрымлівае версію паходжання ад ст.-нарв. thorskr ‘штосьці, што належыць сушыць’, ‘сушаніна’ і характарызуе нарыхтоўку рыбы ў запас, а таксама запазычанне непасрэдна з мовы вікінгаў, што адлюстравалася таксама ў ірл. trosc і шатл. trosg ‘траска’.

Траска́2 ‘траста’ (Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ‘дробныя частачкі, што застаюцца ад валокнаў лёну’ (лаг., Гіл.), трыска́ ‘лён, падняты і звязаны пасля вылежвання’ (Мат. Маг., 2). Параўн. рус. треста́ ‘кастрыца’, ‘сцябло лёну і канапель пасля сушэння’. Вынік своеасаблівага чаргавання спалучэння зычных *‑st‑/*‑sk‑: траста (гл.) — траска, трэскацца, аналагічна: *pustiti/*puskati > пусціць/пускаць (Трубачоў, Ремесл. терм., 85).

Траска́3 ‘дранка, тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху, танчэйшыя за гонт’ (Жд. 1; докш., Янк. Мат.; лаг., Жыв. сл.; віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. тре́ска, тре́ски ‘дранка’, ‘трэскі’. Да трэ́ска (гл.). Націск на канцы, відаць, характарызуе сукупнасць, як у літ. skiedrà, skalà ‘дранка’ і ў рус. щепа́, — дарэчы, усе яны абазначаюць як ‘трэска’, так і ‘дранка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кленьрыба, падобная на язя’ (Жыв. сл.), ’галавень’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. клень, рус. клень ’тс’, балг. клен, серб.-харв. кле̏њ, славен. kleň, польск. kleń, славац. kleń, в.-луж. kleń ’тс’. Прасл. klenь ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Супастаўленне з прасл. klinъ толькі тэарэтычна магчымае (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 196). Больш верагодна супастаўленне з клён (гл.). Матывацыя наступная: час нерасту рыбы супадае з часам цвіцення клёна (Каламіец, Рыбы, 51–52). Аўтар прыводзіць іншыя назвы рыб, якія ўтварыліся ад назваў раслін. Апошнія цвітуць або пладаносяць у час нерасту рыб. Параўн. рус. земляничник, укр. березівка, бел. каласавік і інш. Прасл. klenь можна разглядаць як прыметнік klen‑jь, утвораны ад назоўніка klenъ пры дапамозе прадуктыўнага суфікса ‑jь з наступнай наміналізацыяй (Мартынаў, Дерив., 21–23). Тады klenъклён’ > kleń‑jь ’кляновы’ > klenь ’галавень’ (кляновая рыба, кляноўка, параўн. укр. березівка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віз ’асётр, бялуга’ (Інстр. II), ст.-бел. визина ’бялужына’ (1582 г.). Укр. визрыба, Acipenser schypa’; ’Huso Huso’, рус. визи́га, вязи́га ’сухажылле ў чырвоных рыб’; ’звязкі ўздоўж хрыбеціна’, виз ’важак у рыб, за якім ідзе касяк асятровых рыб’, польск. wyza, wyzina, в.-луж. wyz ’бялуга’, чэш. vyza velká ’тс’, vyza malá ’калуга’, славац. vyza ’асятровая прэснаводная рыба’, славен. víza ’Acipenser huso’, серб.-харв. виза, балг. виза. Прасл. vyzъ/vyza. Запазычанне з герм. мовы, якое сцвярджаецца этымолагамі (параўн. Гараеў, 48; Голуб, 342; Міклашыч, 398; Брукнер, 640; Махэк₂, 705; Кнежа, 782; Фасмер, J, 313; Шанскі, 1, В, 94; КЭСРЯ, 81; БЕР, 1, 146), вельмі няпэўнае. Ст.-бел. форма визина неабавязкова запазычана з польск. (як мяркуе Булыка, Запазыч., 62). Гэта нармальнае ўтварэнне на ‑ina са значэннем мяса; параўн. бараніна, свініна і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́тка1 ’летняя пшаніца’ (полац., Нар. лекс.). Утворана ад лёта (гл.) па тыпу ярка ’яравая пшаніца’.

Летка2 ’адтуліна ў вуллі для пчол’ (пін., КЭС). Да ляток ’тс’. Аформлсна ж. р. па аналогіі да дзірка.

Летка3рыба гусцерка, Blicca Bjoerkna L.’ (зах.-дзвін., Інстр. 2, Жук.). Няясна. Магчыма, роднаснае з лат. teste ’рачная камбала’, літ. tekstas ’плоскі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маронарыба, Barbus barbus (L.)’ (Жук.; бабр., КЭС; Крывіцкі, Зб. Крапіве). На Дняпры яе называюць мірон. Ст.-рус. мѣрена, мюрона. Было запазычана з с.-грэч. μύραινα ’марскі вугор’ (Фасмер, 2, 626). Пачатковае ма‑ (а не ме‑) — уплыў назвы іншай рыбы, ’Coregonus maraena’, тое ж польск. marena, якія з новав.-ням. Maräne (Махэк, ZfSlPh, 19, 56). Гл. таксама марэна2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Псялы́га, лаянк. псялы́тка ’сабачая костка’ (Байк. і Некр.). Складанае слова ад пся‑ і лыга (гл.) па аналогіі з псяюха (гл.). Паводле Энгелькінг (Klątwa, 114), падобныя ўтварэнні (параўн. польск. psiakrew) выступаюць як эўфемізмы кляцьбы; аднак нельга выключыць і мажлівасць пераасэнсавання аргатычнага псалы́гарыба’, што ўзыходзіць да новагрэч. ψάρι ’тс’ (параўн. Бандалетаў, Бел.-укр. ізал., 100). Збліжэнне з лы́тка (гл.) другаснае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сырцьрыба Vimba vimba L.’ (“сырть или рибец — меньше леща”, маг., Дэмб. 2). Рус. сырть ’тс’, польск. syrt ’тс’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад цырта ’тс’ (гл.), параўн. польск. certa ’тс’, якое Брукнер (59) выводзіць з ням. Zärthe ’від рыбы’. Атаясамленне рус. сырть з сырок (гл.) ’від ласося’ (Фасмер, 3, 820), паводле Анікіна (517), не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)