перада́цца, ‑дасца; зак., каму.
Перайсці ад каго‑н. каму‑н. (пра настрой, пачуцці і пад.). Вясёлы настрой камандзіра перадаўся і салдатам. Шамякін. Выехаўшы за горад, Анісімаў націснуў на газ, і машына, нібы ёй перадалася нецярплівасць гаспадара, стралой паімчалася па роўнай, асфальтаванай дарозе. Шахавец. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым. Ці то Аўдоля не ўмоўчала і каму-небудзь пад вялікім сакрэтам шапянула, ці то яно з воласці як перадалося ў вёску, але пайшла такая гаворка [пра дэзерціраў] па сяле. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.
2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спавяда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Быць на споведзі, прызнаваць грахі. Не забыліся яшчэ малінаўцы, як спавядаўся Андрэй у папа Сулкоўскага. Чарнышэвіч.
2. перан. Шчыра прызнавацца ў чым‑н.; расказваць пра сябе, пра свае сакрэты. Не хацелася Зосі ва ўсім спавядацца свёкру. Крапіва. Адказваў я скупа, бо не вельмі хацелася спавядацца перад гэтым ніцым чалавекам. Сабаленка. На крутых паваротах жыцця людзі ахвотна раскрываюць сваю душу, нібы спавядаюцца перад табой. Асіпенка.
3. Зал. да спавядаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. спрах, ‑ла; зак.
Сатлець, збуцвець, ператварыцца ў парахню. Папера спрахла. / у перан. ужыв. Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галанку. Быкаў.
•••
Каб ты (ён, яна і пад.) спрах — ужываецца як праклён, вырашэнне крайняй незадаволенасці кім‑, чым‑н. — Цьфу, каб ты спрах, — вылаяўся Тульба. Радкевіч. [Лявон:] — Толькі, от каб яно спрахла, дзе тая паперка? Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюды́-туды́, прысл.
1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.
2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.
3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́ты, ‑аў; адз. няма.
1. Пышнае дарагое адзенне. Чалавек апрануты ў найдаражэйшыя шаты, самай выдатнай пекнаты, калі ён носіць за сабою, пры сабе жорсткасць, нянавісць.. — ён з’яўляецца непрыгожым. Дубоўка.
2. перан. Покрыва (звычайна з лісця, снегу). Дубы стаяць яшчэ зялёныя, толькі зрэдку, нібы сівізна ў валасах, прабіваецца і ў іх шатах жоўтае лісце. Навуменка. Першы снег сець-бель мярэжыць, Сцеле шаты на дарогі. Колас. // Покрыва, прыкрыцце. Пад шатамі дрэў ужо збіралася ноч. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адступно́е, ‑ая, ‑ое.
1. Які прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. Адступныя грошы.
2. у знач. наз. адступно́е, ‑ога, н. Разм. Плата, якая прапануецца каму‑н. за згоду адступіцца, адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. [Паціеўскі:] Яны згадзіліся, што Пшыкальскі дасць Пытлевічу адступнога, і Пытлевіч сабе сваю студню выканае. Чорны. — Я табе адступнога дам, — запрапанаваў «святы». Колькі ты просіш? Навуменка. Андрэй набраў туфель жыта, патрос над засекам і, нібы адступнога, сыпануў у няпоўны мех. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.
2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.
3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.
•••
Сэрца абарвалася гл. сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жаўце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Вылучацца сваім жоўтым колерам, віднецца (пра што‑н. жоўтае). На дрэвах у садзе золата жаўцелі адны толькі антонаўкі. Сабаленка. Убаку, дзе дарога падступала к зарасніку, нібы падфарбаваны, жаўцеў яшчэ новы масток. Мележ.
2. Станавіцца жоўтым, набываць жоўты колер. Жаўцець ад часу. // Паспяваць (пра плады, злакі). Лён на ўчастку пачаў жаўцець. // Вянуць, адміраць (пра лісце раслін). Стала восень, толькі пачыналі жаўцець і ападаць лісты. Скрыган. // Набываць нездаровы колер твару, цела. Жаўцець ад хваробы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)