Апрэ́ль, апры́ль ’красавік’. Ст.-слав., ст.-рус. априль з ст.-грэч. ἀπρίλιος < лац. aprilis (Фасмер, 1, 82), ст.-бел. априль (Александрыя, 123) працягвае гэту форму грэчаскага паходжання (Гіст. лекс., 122), а не з’яўляецца лацінізмам, як лічыць Вясноў (Бел. лекс., 36), польск. apryl(is) рэдка (двойчы) зафіксавана ў XVI ст. (Sł. XVI), наўрад ці ст.-бел. адсюль. Апрэль у Дуніна–Марцінкевіча — русізм (Шакун, Гісторыя, 215), магчыма, з рускай і апрэль у «Нашай ніве» 1909 (Гіст. мовы, 2, 139). Рускае е замест и з 1405 (Шанскі, 1, А, 132) Сабалеўскі тлумачыць як вынік спачатку графічнага абазначэння ѣ замест и, а потым прачытання яго (Лекции, 85). Такое ж паходжанне, улічваючы цесныя ўкраінска-беларускія пісьмова-моўныя сувязі, мае і ст.-бел. апрель (Гіст. лекс., 122), апрелевый (Булахаў, Працы IM, 7, 147).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балаго́л1 балагу́ла, балаґу́ла ’ламавы рамізнік, возчык, рамізнік; яўрэй-рамізнік на фуры; паштальён’ (БРС, Гарэц., Нік. Очерки, Выг. дыс., Сцяшк. МГ). Рус. балагу́ла ’рамізнік на крытай яўрэйскай павозцы’, укр. балагу́ла ’тс’. Параўн. і польск. bałaguła. Запазычанне з ідыш balagole ’фурман’ (а гэта з ст.-яўр. baʼal ʼaɣālā ’пан павозкі’). Локач, 13; Фасмер, 1, 112; Вінер, ЖСт., 1895, 1, 59; Вярхрацкі, ЗНТШ, 12, 42; Альтбаўэр, JP, 17, 47–49. Параўн. яшчэ Кіт, SSlav., 6, 267. Неверагодна Якабсон, Word, 7, 189, які лічыў, што балагу́р звязана з балагу́ла (так меркаваў ужо Брукнер, 12, пад bałakač).

Балаго́л2, балагу́ла дыліжанс, фура, будка’ (Касп., Гарэц.). Рус. балаго́л, укр. балагу́ла, балаґула. Таго ж паходжання, што і балаго́л1 (< ідыш balagole ’фурман’, потым метафарычна ’павозка’). Фасмер, 1, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Злы. Рус. злой, укр. злий ’тс’, польск., серб.-луж. zły ’кепскі, злы’, чэш., славац. zlý ’тс’, славен. zál, zèl ’злы’, ’някепскі’, серб.-харв. за̏о, балг. зъл, макед. зол. Ст.-слав. зълъ ’кепскі, злы’. Ст.-рус. зълый ’кепскі, злы’, ’варожы, грэшны’ (XI–XII стст.). Прасл. zъlъ, верагодна, мела значэнне ’кепскі’, адкуль потым развіваліся іншыя значэнні. Выводзяць з і.-е. *gʼhu̯el ’згінацца (у тым ліку духоўна)’, да якога адносяць іран. zūr ’хлусня’, ст.-грэч. φαλός ’дурны’, φῆλος ’зманлівы’, лац. fallo ’падманваю’, літ. atžúlas ’цвёрды, злы’. Шанскі, 2, З, 95; Фасмер, 2, 99 (дзе і літ-ра); Махэк₂, 716; Скок, 3, 642–643; БЕР, 1, 663–664; Абаеў, Этимология, 1966, 252; Траўтман, 372–373; Покарны, І, 489–490. Пра ст.-бел. ужыванне слова гл. Булахаў, Прыметнік, 3, 87–89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́лезны ’такі вялікі, такі шматлікі’ (Ласт., Некр. і Байк.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з суф. ‑(е)зн‑, параўн. велічэ́зны, вялі́зны (гл. вялікі), што ўзыходзіць да прасл. *toli, *tolě ’так, столькі’, параўн. укр. дыял. толь ’тс’, тіль ’трохі, не надта многа’, рус. дыял. то́ли, толь ’столькі, настолькі’, стараж.-рус. толипотым, і, а’, польск. tyle ’так многа’, дыял. toli ’вось, толькі, а як жа’, чэш. дыял. toli ’столькі, так многа’, н.-луж. toli ’таму што’, a toli ’ўсё ж, аднак, тым не менш’, славен. toli ’так, столькі’, старое серб.-харв. toli, tolje ’настолькі, так’, ст.-слав. толи, толь ’столькі, настолькі’. Спалучэнне дэманстратыўнага займенніка *to з часціцай *li, суадноснае з літ. tõlei ’да таго часу’ і роднаснымі tõl, tolì ’далёка’ (ESSJ SG, 2, 675; Фасмер, 4, 70; Шустар-Шэўц, 1514).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тулу́п ‘доўгі кажух’ (Бяльк.), ‘кажух’ (Сцяшк., Пятк. 2, ПСл), ‘тс’ (валож. і ўсх.-бел., ЛА, 4). Відаць, запазычана з рус. тулу́п ‘тс’, параўн.: “Доўгі да пят кажух прамога крою з шырокім каўняром называўся тулупам. Служыў ён дарожным адзеннем і быў характэрны для Магілёўскай губерніі” (Бел. нар. адзенне, 60), а таксама, магчыма, праз дэфармаваную назву tołpy мн. л. у польскай гаворцы на беларускай аснове на Сейненшчыне: długʼe takʼe kožuxʼi šylʼi, tolpy nazywalʼі (Тэксты, 24); у каментарыі Т. Зданцэвіча ідэнтыфікуецца з tołuby, гл. тулаб. Змяшэнне названых лексем дэманструе tołúp ‘туша, сала, цалкам знятае са свінні, якое потым рэжуць на кавалкі’ (Пятк. 1, 134), tołúb, túłub ‘тс’ (Пятк. 3, 7, 340). Сюды ж тулу́павішча ‘тулава’ (воран., Сл. ПЗБ) у выніку кантамінацыі лексем тулу́п і ту́лавішча (гл. тулава).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.

2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.

3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захлябну́цца і захлібну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Задыхнуцца ад вады, што трапіла ў рот, горла; захлынуцца. Яшчэ хвілінка, і перавернецца плыт, паляціць на пясчанае дно кулямёт, захлібнуцца ў вадзе кулямётчыкі. Лынькоў.

2. Мімаволі перарваць дыханне ад якога‑н. моцнага пачуцця. Жанчына нібы захлібнулася енкам, прыціхла, толькі жаласліва ўсхліпвала. Арабей.

3. перан. Спыніцца, сарвацца (пра атаку, наступленне). Падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася. Гурскі.

4. перан. Перастаць дзейнічаць; змоўкнуць. Кулямёт захлябнуўся. □ Зазвініць піла, захлябнецца, потым зноў зазвініць. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; ‑сядзім, ‑седзіце; зак.

Сядзець некаторы час. Пасядзець на лаўцы. Пасядзець над задачай. Пасядзець з дзецьмі дома. Пасядзець у астрозе. □ [Бацька] пасядзеў, апусціўшы галаву, потым устаў і пайшоў з хаты. Ляўданскі. [Турсевіч:] — Люблю я, ведаеш, гэтак з прыяцелем за чаем пасядзець!.. Колас. Дзядзька Нічыпар спрабаваў прыпыніць гэты рух гасцей, угаворваў яшчэ крыху пасядзець. Кулакоўскі. — Нам прыйдзецца толькі пасядзець тут тыдзень ці два, пакуль спадзе вада. Маўр. Калі ўсё было гатова, бацька сказаў: — А цяпер, перад дарогай, пасядзім трохі. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Падумаўшы яшчэ раз, змяніць свой намер, прыняць іншае рашэнне. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. С. Александровіч. Над пераходам з’явілася чайка і паляцела ўслед. Потым перадумала, нешта выглядзела сабе ў хвалях, спрытна спікіравала. Даніленка.

2. што, аб чым і без дап. Падумаць пра ўсё, многае. Малады настаўнік шмат перажыў, перадумаў. Колас. Пальчык апынуўся на гаўптвахце. Усяго яму ўляцела дзесяць сутак. Часу было многа, каб перадумаць усё, узважыць і ў многім пакаяцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Прыкідвацца бедным, менш забяспечаным, чым у сапраўднасці. — Ат, швагер, не прыбядняйся, — прамовіў Карусь Дзівак. — Кавалак хлеба і да хлеба ты маеш, а што больш трэба? С. Александровіч. Потым Марцініха так пачала прыбядняцца, што выходзіла: дапамагаць трэба не сям’і Враніслава, а сям’і Марцінавай. Карпюк. // Перамяншаць свае заслугі, магчымасці і пад. — Вы ўжо, Стась, не прыбядняйцеся. Вы б і за Зеўса маглі сысці, — сказала Галя. Сабаленка. — Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)