эта́п, ‑а, м.

1. Пункт на шляху руху войска, у якім ваеннаслужачыя забяспечваюцца начлегам, харчамі, фуражом. Зусім нечакана Рытвінскі выехаў у штаб Акруговага этапа. Баранавых.

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — пункт для начлегу арыштанцкіх груп, а таксама ўвесь шлях іх руху да месца ссылкі. Лісты пажоўклыя пад ногі Асенні дожджык церабіў, За міляй мілю, праз астрогі, Этапы мералі ў Сібір. Лужанін. // Група, партыя арыштаваных, якая пад канвоем накіроўваецца куды‑н. Балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры. Па шырокім гасцінцы панура этап наш брыдзе. Танк. Забастоўкі фабрык і майстэрняў, этапы высылаемых з Грузіі, лік самагубстваў на Верыйскім мосце.. — усё гэта набліжала развязку, пагібель меншавіцкага ўладарства. Самуйлёнак.

3. Асобная частка чаго‑н. Этап пералёту. // Пэўны адрэзак дыстанцыі ў спартыўных спаборніцтвах. Этапы велагонкі.

4. Прамежак часу, перыяд, адзначаны якой‑н. надзеяй; стадыя, ступень у развіцці чаго‑н. За некалькі кароткіх хвілінак прамільгнула ў мыслях усё, што было звязана з настаўніцкаю работаю і ўсе тыя этапы, што былі пройдзены за чатыры гады: Цельшына, Выганы. Колас. Па-першае, цяперашні этап вызначаецца далейшым паглыбленнем дэмакратычнай асновы Саветаў, расшырэннем сістэмы народнага прадстаўніцтва. Машэраў.

•••

Па этапу (этапам) — у дарэвалюцыйнай Расіі — пад канвоем (пра перасылку арыштантаў).

[Фр. étape.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Пакрыць, закрыць каго‑, што‑н. зверху. Накрыць стол абрусам. Накрыць плечы хусткай. □ Нупрэй скінуў свой кажух, пакрыў Панаса і борздзенька кінуўся разуваць яго акрываўленую нагу. Колас. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. У гумне.. [Міхал] выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна пакрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Чорны. // перан. Ахутаць, ахінуць (пра цемру, туман і пад.). Ноч.. нячутна накрыла ўсё навокал. Шыцік. // Цалкам пакрыць, закрыць сабою. Вадзік неасцярожна варухнуўся, і раптам лодка — р-раз! — перакулілася і накрыла яго з галавой. Гамолка.

2. Зрабіць дах, страху. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць. Шамякін. [Карней] хату пасля вайны перамшыў, нават шыферам пакрыў. Гроднеў.

3. Папасці ў цэль (пры артылерыйскім або мінамётным абстрэле ці бамбардзіроўцы); знішчыць. І вось браняпоезд залпамі сваёй артылерыі адразу пакрыў нямецкі штаб разам з бронемашынамі. Чорны. Над.. галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі.

4. перан. Разм. Злавіць, захапіць знянацку на месцы злачынства. [Агрыпіна:] — Нядаўна група нашай міліцыі накрыла бандытаў, захапіла аднаго ў палон. Пестрак. [Сарока:] — Накрылі банду, аднаму Хвядзьку толькі і ўдалося выслізнуць. Лобан.

•••

Накрыць (на) стол — падрыхтаваць стол для яды, паставіўшы прыборы, пасудак і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Сабраныя ў пучок стужка, тасьма, шнур і пад., якія служаць упрыгожаннем чаго‑н. Намітку накладвалі такім чынам, што распраўлены канец з вышытай разеткай спускаўся па левым плячы, а разетка была на ўзроўні пляча. «Помнікі». // Ордэнскі бант, які носяць у пятліцы.

2. Маленькі сподачак для варэння, мёду, цукру і пад. Седзячы ў качалцы, Кашына ўзяла лыжачку, разетку з варэннем і, пасмоктваючы агрэст, пачала расказваць навіны. Карпаў.

3. Элемент арнаменту ў выглядзе кветкі з аднолькавымі пялёсткамі (у мастацтве, архітэктуры). Цяжка было адвесці вочы ад высокага будынка, складзенага з тоўстых, амаль мядзяных, бярвенняў, якія месцамі былі прыкрыты белымі драўлянымі карункамі розных карнізаў, падаконнікаў, разетак і іншых разбярскіх цудаў. Рамановіч. Дошка [на акне] упрыгожваецца выразаным малюнкам, звычайна накладнога характару, у выглядзе ромбаў, разетак, віньетак, стылізаваных звяроў, птушак, кветак і лісця. «Беларусь».

4. Прыстасаванне для ўключэння асвятляльных, награвальных і іншых прыбораў у электрычны ланцуг. [Толя] стаяў каля сцяны і падключаў да электрычнае, разеткі трансфарматар. Шыловіч.

5. Спец. Група лістоў, якія скучана размешчаны пры самай зямлі па вертыкальным парастку.

6. Шкляны або папяровы абажур для электрычнай лямпы ў выглядзе раструба.

7. Шкляны, фарфоравы або металічны кружок з адтулінай у сярэдзіне, які засцерагае падсвечнік ад капель стэарыну, воску і пад.

[Фр. rosette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак., каго-што.

1. Рабіць, праводзіць штурм (у 1 знач.). Барашкін быў ва ўдарнай групе, і гэтая група першай штурмавала варожыя ўмацаванні. Савіцкі. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне; Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // перан. Праводзіць актыўныя, рашучыя дзеянні для авалодання чым‑н., асваення чаго‑н. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя дала ў рукі чалавека магутныя сілы: ён пранік у глыбіню атамнага ядра, пачаў штурмаваць касмічныя далі. «Звязда». Каб штурмаваць нямую вышыню, Бывае мала аднаго імкнення. Грачанікаў. // перан. Працаваць з празмерная паспешнасцю, каб нагнаць упушчанае. Не знае адпачынку, зморы Калгаснікаў ліхая раць, Калі з упартасцю, напорам Прарыў выходзім штурмаваць. Чарот. // перан. Актыўна паступаць, старанна, настойліва вывучаць з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Не шмат застаецца таварышаў-сведак, Што разам з табой [ветэран] стары свет штурмавалі. Чарнушэвіч. Вось ён, гулкі, шырокі ганак [школы], і дзве пары калон сасновых, хлопцы тут, пасля кніг-чытанак, штурмавалі навук асновы. Русецкі.

2. Разм. Асаджваць, акружаць каго‑, што‑н. бязладным, неарганізаваным натоўпам. Улетку мінулага года масквічы літаральна штурмавалі касу тэатра імя Вахтангава. «ЛіМ». Вялікі натоўп штурмаваў вагоны. Ус. // перан. Настойліва дабівацца чаго‑н. Радня Пахомава не траціць часу, Адміністрацыю саўгаса Штурмуюць грамадой на ўсе лады. Корбан.

3. Лятаючы на малой вышыні, бамбіць і расстрэльваць з самалёта сілы праціўніка. Прылятаюць яны [знішчальнікі] штурмаваць, Зніштажаць лютых ворагаў смела. Танк. [Пішчыкаў:] — Калі ляталі штурмаваць нямецкія аэрадромы? [Хукін:] — Летась вясною часта, ляталі на Бранск. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галу́за1 ’неабцярэбленая галінка’ (Жд. 1), галу́ска ’галінка’ (Сцяшк. МГ). Адносіцца да вялікай групы роднасных слоў. Пароўн. укр. га́лузь, галу́за, голу́за, галу́ззя, рус. дыял. га́лызь ’дрэва для пракладкі дарогі’, польск. gałąź, gałęzie (зборн.), чэш. haluz, ст.-чэш. haluže і г. д. Прасл. *galǫzь вядома толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (дыялектнае праславянскае). Мяркуюць, што этымалагічна яно адносіцца да *golъ ’голы’ (з апафоніяй о : а) Першапачаткова ’голая галінка і да т. п.’; параўн. яшчэ для абазначэння галінак і да т. п.: *golь ’галінка’, *golьje ’галінкі’ (зборны назоўнік). Гл. Слаўскі, 1, 252 (там і іншая літ-ра). Булыка (Запазыч., 77) мяркуе, што ст.-бел. галонзка, галузка, голузка ’галінка’ запазычана з польск. gałązka. Наўрад ці гэта так. Запазычаннем можна лічыць толькі галонзка, якое мае прыкметы запазычання (захоўвае ‑он, якое адпавядае польск. насавому гуку).

Галу́за2 ’свавольнік, гарэза’ (Касп.), ’надзвычайны свавольнік; дурны, бесталковы’ (Нас.), ’бедны, але фарсісты’ (Шат.), ’жэўжык’ (Бяльк.), галузава́ць ’займацца пустымі размовамі; сваволіць’ (Касп.), ’сваволіць, рабіць глупства’ (Нас.). Рус. дыял. галу́за ’тс’. Карскі, як здаецца, няўдала выводзіў з літ. galvóžis (РФВ, 49, 13). Сам Фасмер (1, 390) вылучыў даволі фантастычнае тлумачэнне: галу́за ’гарэза’, магчыма, спачатку мела значэнне ’галіна, сук’ і звязана са слав. *galǫzь ’галінка’ (якое быццам роднаснае з *golъ ’голы’). Хутчэй за ўсё гэта група слоў звязана з укр. глузува́ти ’насміхацца’, рус. дыял. галу́здать ’гарэзаваць’.

Галу́за3 ’астрыжаны хлопец або дзяўчынка з кароткімі валасамі’ (Сцяц. Словаўтв.). Магчыма, да галуза2 ’свавольнік, гарэза’ (гл.): ’гарэза’ — ’астрыжаны гарэза’ — ’астрыжаны наогул’. Можна яшчэ згадаць неверагодную этымалогію Фасмера (гл. пад галуза2): галу́за ’свавольнік, гарэза’ звязана з *galǫzь ’галінка’ (а гэта да *golъ ’голы’, першапачаткова ’голая галінка’). Можа, Фасмер усё ж такі меў рацыю, калі дапусціць, што дзесьці ў дыялектах захавалася значэнне менавіта ’голая галінка’ для галу́за (’галінка’). Тады магчымы перанос значэння (метафарызацыя): ’голая галінка’ — ’астрыжаны хлопец’ (< ’голы, з голай галавой’), далей ’гарэза’ (< ’астрыжаны’). Меркаванні гэтыя вельмі праблематычныя, таму што няма дадатковых даных для гісторыі ўсёй гэтай вялікай групы слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скаці́на ‘чатырохногая сельскагаспадарчая жывёла’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘свойская жывёла’ (ЛА, 1; Нас., Касп., Бяльк., Сержп. Прык.), скоці́на ‘жывёла’, ‘грубы, бяздушны чалавек’ (ТС), скот ‘тс’ (Мат., Бяльк.; в.-дзв., лід., пух., Сл. ПЗБ; Ян.), скаці́на, скот лаянк. ‘погань, падла, хамула’ (Ласт.). Ст.-бел. скотина (XVI ст., Скарына), скоть кравїи и ѡсвечьи (Альтбаўэр); апошняе, паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 213), было карэлятам слова быдло, гл. укр., рус. скот, скоти́на, ст.-рус. скотъ ‘скаціна; маёмасць’, ‘грошы, падатак’, скотьніца ‘казна’, ст.-польск. skot ‘скаціна’, в.-луж., н.-луж. skót ‘тс’, чэш. skot ‘буйная рагатая жывёла’, серб.-харв. ско̏т, славен. skòt ‘дзіцяня жывёліны, прыплод’ і skotína ‘гной, кал жывёлы’, балг. скот ‘скаціна’, ст.-слав. скотъ, ‘скаціна, маёмасць, грошы; жывая істота’. Прасл. *skotъ. Адна з асноўных версій — запазычанне з германскіх моў з прычыны адсутнасці, як лічылі, надзейных сувязей на славянскай глебе. Параўноўвалі з гоц. skatts ‘манета’, ст.-ісл. stattz ‘падатак’, ст.-сакс. skot ‘манета; маёмасць’, ст.-в.-ням. scaz ‘манета’, нова-в.-ням. Schatz ‘скарб’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 186 і наст.; Фасмер, 3, 655. Аднак германская лексічная група таксама не мае надзейнай этымалогіі; да таго ж славянскае слова захавала больш старое значэнне ‘статак’, у герм. толькі ст.-фрыз. sket ‘грошы, статак’, што дало падставы бачыць у германскіх мовах запазычанне з славянскага, гл., напр., Праабражэнскі, 2, 310; Брукнер, AfslPh, 23, 626; таксама Ільінскі (РФВ, 73, 283 і наст.), які звязваў *skotъ чаргаваннем галосных з шчацінне (гл.). Супраць па фанетычных прычынах Фасмер (там жа) з-за немагчымасці вытлумачыць герм. tt у гэтым выпадку. Пераважаюць версіі славянскага паходжання: Мартынаў (Лекс. взаим., 183 і наст.: славянскае пранікненне ў прагерманскую); Жураўлёў (Этимология–1981, 38–44), Шустар-Шэўц (1297) — ад *kotiti se ‘нараджаць (аб жывёлах)’ з s‑рухомым або прыставачным з развіццём значэння ‘нараджаць (дзіцянят)’ — ‘дзіцяня’ — ‘маладая жывёліна’ — ‘скаціна’. Агляд версій гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 99 і наст. Станкевіч (Зб. Унбегаўну, 222) прапанаваў вывядзенне *skotъ < *skop‑tъ, што да *skopiti (гл. скапец2) і тлумачыць гемінацыю t у прагерманскім skatta ‘статак, маёмасць’. Крытыку гэтай этымалогіі гл. Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 18 (“сохранение узкой технической конкретики в обобщенном наименовании не представляется вероятным”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Славяні́н, славя́негрупа роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣненѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сі́ла, -ы, мн. -ы, сіл, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія або маральная магчымасць чалавека, жывёліны актыўна дзейнічаць.

Мець немалую сілу.

Страціць сілу.

Набрацца сіл.

Прымяніць сілу (фізічнае ўздзеянне).

2. спец. Велічыня, якая з’яўляецца мерай механічнага ўзаемадзеяння цел; энергія, якая ўздзейнічае на матэрыю, цела, а таксама ступень інтэнсіўнасці, напружанасці гэтай энергіі.

С. зямнога прыцяжэння.

С. цяжару.

С. электрычнага току.

3. звычайна мн. Матэрыяльная аснова як крыніца энергіі, дзейнасці.

Сілы прыроды.

4. чаго. Здольнасць праяўлення якой-н. дзейнасці, стану, якая адрозніваецца пэўнай ступенню напружанасці, накіраванасці.

С. характару.

С. духу.

5. Улада, магутнасць, уплыў.

Магутная і непераможная с. барацьбітоў за мір.

6. Сутнасць, сэнс (разм.).

Уся с. ў тым, што чалавек гэты — майстар сваёй справы.

7. Значэнне, дзейнасць, правамоцтва.

Закон уступае ў сілу з 1 студзеня.

С. закона.

8. мн. Грамадская група, наогул людзі, якія вызначаюцца якімі-н. характэрнымі прыкметамі або накіраванасцю ў сваёй дзейнасці.

Дэмакратычныя сілы міру.

Лепшыя філарманічныя сілы.

Творчыя сілы інтэлігенцыі.

9. мн. Тое, што і войскі.

Сухапутныя сілы.

Узброеныя сілы краіны.

10. Т мн. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго-н.

Сіламі аднавяскоўцаў адрамантавалі дарогу.

11. каго-чаго. Велізарная колькасць, мноства (разм.).

Гэты чалавек мае сілу дабра ўсякага.

Ад сілы (разм.) — самае большае.

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілы або на ўсю (поўную) сілу або з усіх сіл — з найбольшым напружаннем; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму або (не) пад сілу каму — пра адпаведнасць (неадпаведнасць) магчымасцей каго-н. рабіць што-н.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што-н.

Нячыстая сіла (разм.) — чорт, д’ябал.

Па меры сіл — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

У сіле (разм.) —

1) у стане фізічнага і духоўнага росквіту;

2) у разгары, у росквіце.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсё старанне, намаганні.

Цераз сілу — звыш магчымасцей, жадання.

|| прым. сілавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ра́са 1, ‑ы, ж.

1. Група людзей, якая склалася гістарычна на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца некаторымі спадчыннымі асаблівасцямі: будовай цела, формай валасоў, пігментацыяй скуры, валасоў, вачэй і пад.

2. У заалогіі і батаніцы — сукупнасць індывідуумаў ўнутры арэала, віда або падвіда, якія вылучаюцца агульнымі біялагічнымі асаблівасцямі і звязаны агульным паходжаннем і раёнам распаўсюджання.

•••

Белая раса — устарэлая назва еўрапеоіднай расы.

Еўрапеоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца светлай скурай, роўнымі або злёгку хвалістымі валасамі, вузкім, з высокім пераноссем носам, параўнальна тонкімі губамі.

Жоўтая раса — устарэлая назва мангалоіднай расы.

Мангалоідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца жаўтаватай скурай, прамымі чорнымі валасамі, плоскім скуластым тварам.

Негроідная раса — адна з асноўных вялікіх рас чалавецтва, якая характарызуецца цёмнай скурай, кучаравымі валасамі, шырокім носам, тоўстымі губамі і інш.

Чорная раса — устарэлая назва негроіднай расы.

[Фр. race.]

ра́са 2, ‑ы, ж.

Верхняе доўгае адзенне праваслаўнага духавенства, сшытае ў талію, з шырокімі рукавамі. — А вы не з духоўных асоб? — Угадалі. Насіў расу, але адрокся ад сану. Хомчанка.

раса́, ы́; мн. ро́сы, рос; ж.

Вадзяныя кроплі, якія збіраюцца на паверхні раслін і розных наземных прадметаў вечарам, ноччу і раніцай пры паніжэнні тэмпературы ў цёплую пару года. Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць іх буйныя росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Колас. Павялічацца ночы, пачнуць выпадаць росы і, нарэшце, пойдуць жа калі-небудзь дажджы. Дуброўскі.

•••

Мучністая раса — хвароба раслін, пры якой на раслінах утвараецца налёт, падобны на муку.

Абагнаць (раннюю) расу гл. абагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)