*Калохаць, калохаты ’пужаць’ (драг., З нар. сл.). Іншых фіксацый гэтай лексемы ў бел. гаворках як быццам няма. Адпаведнік да палес. слова ва ўкр. мове — колошкати ’тс’; Грынчэнка (2, 372) прыводзіць цікавы кантэкст з Паўлаградскага павета: «Я гнав овець до старости, а вони два перебігли та й давай мені колошкати овець: кшикають на вівці, одбивають од мене. Я кричу: не полохайте, а вони колошкаюць». Тут ужываюцца разам і колошкати і полохати. Выпадкаў, калі гукі ‑п‑ і ‑к‑ у пачатку суадносяцца, вельмі мала, аднак яны ёсць і выкліканы рознымі прычынамі (метатэзы складу ў слове, кантамінацыя і да т. п.), таму магчымае суаднясенне полохати і колохати ў прынцыпе цалкам натуральнае. З адпаведнікаў звяртае ўвагу рус. калін. колохнуть ’мерзнуць’, аднак прыклад вельмі двухсэнсоўны па ўтварэнню і сюды, відаць, не адносіцца (хоць можна разумець і як першапачатковае ’трэсціся і да т. п.’). Далей, магчыма, сюды адпаведнае па форме да ўкр. прыкладу колошкацца ’корпацца, марудзіць’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.), паколькі такое значэнне з’яўляецца агульным для самых розных лексем. Збліжэнне тым больш магчымае, што для бел. дзеяслова можна меркаваць аб розных першапачатковых значэннях, з якіх пазней развілося ’палохаць’. Калі меркаваць па форме ўтварэння, можна бачыць тут архаічную структуру (< *kolxъ). Экспрэсіўнае ўтварэнне (гукапераймальнае) з нерэгулярнай фанетыкай. У такім выпадку звяртае на сябе ўвагу рус. тамб. талашиться ’мітусіцца, кідацца і да т. п.’. Разам з тым супастаўленне гэта не вельмі дакладвае і далейшая гісторыя слоў няясная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калуны́ ’буякі, ягады расліны Vaccinium uliginosum’ (маст., Сцяшк., Сл.). Не выключана, што назва адносіцца і ўласна да расліны, аднак у этымалагічным плане гэта не так істотна. Рус. валаг. колун і колунь, расліны роду Cirsium, сувязь з колоть, паколькі расліны калючыя, тут відавочная. Больш праблематычнай з’яўляецца такая сувязь для рус. наўг. колун ’расліна вежавіца, Turritis glabra’, HKan з’яўляецца лекавай, што патрабуе іншай матывацыі і для бел. лексемы. У апісанні расліны Vaccinium uliginosum як быццам няма даных, якія б дазволілі звязаць калуны і калоць. Ягады не калючыя, таму назву тыпу тураў. колюк тут, відаць, бачыць нельга. У суседніх мовах назвы для Vaccinium з такой семантыкай у »ям. невядомыя. Што датычыць лекавых уласцівасцей расліны (як балг. колика ’расліна Kuphorbia’, колики ’расліна Helianthus), назвы празрыстыя, паколькі расліны лечаць колікі, то сапраўды ягады буякоў дапамагаюць пры энтэракалітах. З моўнага пункту погляду гэту версію давесці не вельмі лёгка, паколькі неабходна дапускаць існаванне слова калуны ’колікі, калаццё’ і далей сапраўднасць мадэлі назва хваробы — назва расліны (тыпу рус. прострел) у канкрэтным рэгіёне. Яшчэ адно магчымае рашэнне падказвае вядомая мадэль, калі расліна атрымоўвас назву на месцы, дзе расце. Лапак і тут няма надзейных доказаў таго, што калунамі маглі назваць купіны, хаця тэарэтычна гэта цалкам магчыма. У такім выпадку назва магла быць утворана як багон. багун і да т. п. Можна меркаваць яшчэ і аб сувязі з кал ’балота, гразь’, аднак параўн. словаўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячик ’маленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.

2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.

3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.

•••

Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак.

1. чаго. Зрабіць шляхам вязання нейкую колькасць. Навязаць пальчатак. Навязаць шкарпэтак. // Звязаць у адно значную колькасць чаго‑н. Навязаць цэлы клунак бялізны. // Звязваючы, зрабіць нейкую колькасць чаго‑н. Навязаць венікаў. Навязаць снапоў.

2. што. Надзеўшы або абкруціўшы, завязаць. Навязаць вяроўку на рогі жывёле.

3. перан.; што каму-чаму. Прымусіць каго‑н. прыняць або зрабіць што‑н. супроць яго волі, жадання. Навязаць дагавор. □ [Зорын] хацеў навязаць гітлераўцам бой там, дзе яны не чакалі. Гурскі. // Унушыць што‑н. каму‑н. супраць яго волі. Навязаць сваю думку. □ [Саўку] пачынаў агортваць страх, і ён часамі жахаўся той ролі, якую навязалі яму войт і яго прыяцелі. Колас. Я зразумеў, што мне трэба навязаць .. [Волкаву] сваю волю, сваю ўпэўненасць у перамозе. Шамякін. // Абцяжарыць каго‑н. кім‑, чым‑н. — Сядай тут і будзем працаваць, — сказаў Юрка Маргун такім тонам, быццам мяне яму сілком навязалі. Сабаленка.

4. каго. Разм. Узяць на прывязь. Яхімаў воз ужо прыбралі, Каня на лейцы навязалі У кустах альховых каля дуба. Колас. Грознага [быка] усё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Наступіць, надысці, настаць (пра час, якую‑н. справу, патрэбу). Прыспела чарга. □ Ісці ў дарогу час прыспеў — Дарога ж многа з’яў хавае. Колас. Толькі адкасіліся — жніво прыспела. «Беларусь».

2. безас. Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. [Адась:] — Што табе гэтак прыспела з каламажкаю? [Антось:] — Заўтра ў мястэчка паеду. Калюга. Мокры, стомлены, галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, — разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор’е чорт ведае куды. Шашкоў. На платформах яшчэ сюды-туды, едзь, калі табе так прыспела, а тут былі таварныя вагоны, прытым з нейкім важным грузам. Нядзведскі.

3. Разм. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. Крыўдным і незразумелым для Віці было заўсёды тое, што ніхто не прыспеў на бацькаў крык. Кулакоўскі. — То бачу, як гарыць мая хата, то чую, як наракае на мяне мая Поля, што не прыспеў у час. Сачанка. // Паспець, не спазніцца. Звечара.. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан.

4. каго-што. Разм. Застаць, заспець. За гэтым заняткам прыспеў .. [Энрыка] аднаго разу Сымон і з уласцівай людзям яго характару шпаркасцю вырашыў, што Энрыка можа дапамагчы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Парада, навучанне, як паступіць, як зрабіць. Рабочыя адзін у аднаго пыталі рады, што рабіць. Сабаленка. Хочаш раду, ваявода, дам — бяжы. Дзяргай. Адзін успомніць гэта, Той прынясе сваё, Але для ўсіх у дзеда Адказ і рада ёсць. Лужанін. // Сродак, паратунак, выйсце. Іншай рады не было, як ісці .. [кавалю] адгэтуль. Чорны.

2. Сумеснае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў; нарада. Шум стаіць над лясістай дуброваю. Быццам рада аб нечым ідзе. Купала. Перасоўваліся ад сцяны да сцяны канапы, ложкі, пакуль не займалі месца, ухвалёнае ўсёй сямейнай радай. Мележ.

3. Народны сход, а таксама савет прадстаўнікоў у розныя гістарычныя перыяды на Беларусі, Украіне, у Літве, Польшчы. Выбарная рада. Мясцовая рада. Рада Вялікага княства Літоўскага.

4. Контррэвалюцыйная арганізацыя беларускіх і ўкраінскіх буржуазных нацыяналістаў, якая існавала на Беларусі і Украіне ў 1917–1918 гадах. Беларуская рада.

•••

Даць раду (ы) каму-чаму гл. даць.

З якой рады? — выходзячы з якіх патрабаванняў? Чаму?

Ні да рады, ні да звады — пра каго‑н., хто не мае характэрных індывідуальных якасцей.

Раду радзіць гл. радзіць.

Рады няма гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Вызначыць, пазнаць па якіх‑н. прыкметах. [На дарозе] быццам нешта чарнела. Праз мінуту няцяжка было распазнаць, што рухаецца калона аўтамашын. Беразняк. Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колас. — А то гляджу — сама Мілка ідзе ў цэх. У вачах ні смутку, ні адчаю, ні роспачы. Глядзіць мне ў вочы, смяецца. Не распазнаць: натуральна ці прытвараецца. Мыслівец. // Разгадаць, зразумець значэнне, характар, асаблівасці каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Кастравіцкі] ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім.. і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Навуменка. [Язэпу] хацелася хутчэй распазнаць нораў свайго буланчыка. Якімовіч.

2. Адрозніць, вылучыць сярод падобных. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай. [Нічыпаравы] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.

3. Пазнаць у падрабязнасцях, дэталях. Як толькі вынырнулі з лесу, шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае — дарогу. Пестрак. [Аксіння Мелехава] баялася мужчын, праклінала сябе за маладую бяздумнасць, за жаданне як хутчэй да канца распазнаць свет. Мыслівец. Усё ахвота зразумець, распазнаць. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ссып, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.

3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.

4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.

5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.

6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.

7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.

8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Жаласна выць, падвываць (пра жывёліну). Сабака ўсё выў. Не, нават не выў, а скавытаў, скавытаў ціха, расцяжна, бы ўсё роўна галасіў, некага аплакваў .. «Чаго ён гэтак жаласліва вые, чаго скуголіць?» Сачанка. Сабака аж заходзіўся на дварэ, а ваўчаня бегае па хаце і скуголіць. Пальчэўскі. Свінні, парасяты .. чухаліся аб жардзіны плота, паціху і нудна скуголілі ад холаду. Дуброўскі. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Мяце, скуголіць над платамі, над хатамі белая каламуць завірухі. Ракітны. Ніхто не мог падступіцца не тое што да склада, дык і да станцыі: асколкі снарадаў ляцелі, скуголілі на ўсё наваколле. Сабаленка. Шалёна біліся аб сцены аканіцы, сумотна скуголілі завескі, на якіх яны трымаліся. Колас. Глядзіш, праз пару месяцаў .. сіпаты гармонік [Гарыка] ўжо скуголіць па завуголлю суседніх вёсак. Скрыпка. // Разм. Ціха, жаласна плакаць, енчыць. А дзяўчынка скуголіць і скуголіць, быццам сваім плачам хоча перамагчы завею. Асіпенка. [Хлопец] неспакойна абмацваў каля сябе зямлю, а пасля пачаў скуголіць тонкім перарывістым голасам. Чорны.

2. перан. Разм. Наракаць, скардзіцца, прасіць чаго‑н. — І навошта гэта, і навошта, — скуголіў пасажыр. — Выпілі б па чарцы дый раз’ехаліся... Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)