род, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Асноўная арганізацыя першабытна-абшчыннага ладу, члены якой звязаны адносінамі сваяцтва і агульнасцю гаспадаркі. Племя падзяляецца на асобныя групы па месцу жыхарства, на роды і сем’і. В. Вольскі.

2. Рад пакаленняў, якія паходзяць ад аднаго продка. Андрэй, дзесяцігадовы хлопчык, застаўся адзін з роду Былінскіх. Шахавец. // Сваякі, сям’я. Самотна і тужліва рабілася на сэрцы, быццам я застаўся без роду, без сваяцтва, адзін на ўвесь белы свет. Сабаленка.

3. Паходжанне, прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы, саслоўя. Не папусціць [народ] ў крыўду славу, Славу ды свабоду, Хоць і дуж ты, і багаты, Ды панскага роду. Купала. Сялянскаму роду няма пераводу. Прыказка.

4. у знач. прысл. ро́дам. Быць ураджэнцам якой‑н. мясцовасці. Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гродзеншчыны. Колас. На Украіне пан Патоцкі, Пан з Канева родам, з сваёй хеўрай гаспадарыць Над бедным народам. Купала.

5. Разнавіднасць, сорт, тып чаго‑н. Асноўнай апорай Часовага ўрада і розных буржуазна-памешчыцкіх камітэтаў на месцах з’яўляліся згодніцкія партыі — меншавікі, эсэры, бундаўцы, рознага роду нацыяналісты. «Весці».

6. Спосаб, характар, напрамак (дзеяння, дзейнасці). Род заняткаў. Аброць новы род дзейнасці.

7. У логіцы і філасофіі — кожны клас прадметаў, які аб’ядноўвае іншыя класы прадметаў, што з’яўляюцца яго відамі.

8. У біялогіі — група жывёльных або раслінных арганізмаў, якая аб’ядноўвае блізкія віды. Усе віды сасны ўтвараюць род сасна. Розныя дзікія кошкі (дзікі кот, нубійская кошка) ўтвараюць род кошак.

9. Граматычная катэгорыя ў некаторых мовах, якая характарызуе кожны назоўнік і з’яўляецца адзнакай яго прыналежнасці да аднаго з трох класаў — мужчынскага, жаночага і ніякага (напрыклад, у беларускай мове) або да аднаго з двух — мужчынскага ці жаночага (напрыклад, у французскай мове). Мужчынскі род. Жаночы род. Ніякі род.

10. У літаратуры — самая агульная катэгорыя ў класіфікацыі твораў мастацкай літаратуры (эпас, лірыка, драма).

•••

Год войск (зброі) — часці і злучэнні войск, што маюць аднолькавае асноўнае ўзбраенне і аднолькавае баявое прызначэнне (пяхота, артылерыя, авіяцыя і пад.).

Ад роду — ад нараджэння.

Без роду, без племені — адзінокі, без родных.

Весці свой род (генеалогію) ад каго гл. весці.

Жаночы род — жанчыны.

З роду ў род — з пакалення ў пакаленне, па спадчыне ад бацькоў да дзяцей (пераходзіць, захоўваецца і пад.).

Мужчынскі род — мужчыны.

На раду напісана каму гл. напісаны.

Няма роду без выроду гл. няма.

Год чалавечы — людзі, чалавецтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элеме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адна з асноўных састаўных частак прыроды (агонь, вада, паветра, зямля), якія ляжаць у аснове ўсіх з’яў і рэчаў; стыхія.

2. толькі мн. (элеме́нты, ‑аў). Кніжн. Асновы, пачатак чаго‑н. Элементы матэматыкі. □ З цяжкасцю і недаверам успрымалі яны [сяляне] элементы палітычных ведаў ад рэвалюцыянераў-інтэлігентаў. Г. Кісялёў.

3. Простае рэчыва, якое хімічна ўжо нельга далей раскласці на больш дробныя часткі. Не так даўно з дапамогай навейшых спосабаў спектральнага аналізу ў складзе зорак знойдзен новы хімічны элемент тэхнецый. Матрунёнак.

4. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. Значная колькасць іншамоўных лексічных элементаў у беларускай мове заўважана была яшчэ старажытнымі вучонымі. Жураўскі. Народная творчасць стала істотным элементам стылю, паэтыкі Купалы, увайшла ў мастацкую тканіну яго твораў. Івашын. У садах і парках растуць і розныя хмызнякі. У спалучэнні з дрэвамі яны з’яўляюцца галоўным дэкаратыўным элементам гарадскіх лесанасаджэнняў. Гавеман. // Асаблівасці характэрная рыса чаго‑н. Прыгодпіцкі элемент не адыгрывае ў гэтым творы [«Амок»] галоўнай.. ролі. «Полымя». Характэрна, што ў зборніку «Урачыстыя дні» заўважаецца прыкметнае ўзмацненне публіцыстычных элементаў. Гіст. бел. сав. літ. // Спец. Дэталь якога‑н. збудавання, механізма, прыстасавання. Элементы рухавіка. □ Адным з вельмі важных элементаў першых радыёпрыёмнікаў быў так званы крышталічны дэкатар. «Беларусь».

5. зб. або толькі мн. (элеме́нты, ‑аў); з азначэннем. Прадстаўнікі якога‑н. асяроддзя, грамадства. Прагрэсіўныя элементы грамадства. Контррэвалюцыйныя элементы. □ Кожнаму марксісту даўно вядома тая ісціна, што рашаючымі сіламі ва ўсякім капіталістычным грамадстве могуць быць толькі пралетарыят і буржуазія, у той час як усе сацыяльныя элементы.. непазбежна хістаюцца паміж гэтымі рашаючымі сіламі. Ленін. Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя прапаведнікі былі настолькі ж далёкія ад перадавых, рэвалюцыйна-дэмакратычных элементаў грамадства, наколькі, скажам, далёкі батрак ад абшарніка. Майхровіч.

6. з азначэннем. Разм. Чалавек, асоба. [Бацька:] — Гэта [тонфільм] — ужо не навінка тэхнікі, і толькі такі, як ты [Люся], адсталы элемент не ведае падобных рэчаў. Брыль. // Іран. Пра дрэннага ці шкоднага чалавека. [Волечка:] — Косця табе не які-небудзь элемент. Ён франты прайшоў. Чорны.

7. Прыбор, які выдзяляе электрычны ток, што ўтвараецца за кошт хімічных працэсаў. Сухі элемент. Гальванічны элемент.

•••

Перыядычная сістэма элементаў гл. сістэма.

Рэдказямельныя элементыгрупа металаў, большасць якіх знаходзіцца ў зямной кары ў вельмі невялікай колькасці і з цяжкасцю вылучаецца ў чыстым выглядзе.

Цеплавыдзяляльны элемент — стрыжань з ядзерным палівам, які з’яўляецца крыніцай цяпла ў ядзерным рэактары.

[Ад лац. elementum — стыхія, першапачатковае рэчыва.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́нія, ‑і, ж.

1. Вузкая палоска, рыса, праведзеная на якой‑н. паверхні ад адной кропкі да другой. Стаіць на мяккіх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках і рысуе на каструбаватых дошках лініі. Чорны. // У матэматыцы — граніца паверхні, якая мае толькі адно вымярэнне — даўжыню. Прамая лінія. Ломаная лінія. Сярэдняя лінія трохвугольніка. // Уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі або з’яўляецца граніцай перасячэння дзвюх паверхняў. Ад нашага берага да касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў. В. Вольскі.

2. Паласа (існуючая ці ўяўная), якая вызначае граніцу, край чаго‑н. Берагавая лінія. □ У той час, калі нашы танкі падышлі да перадавой лініі, немцы пачалі перапраўляцца праз рэчку. Мележ.

3. Абрыс, контур чаго‑н. Абцякальныя лініі легкавой машыны. Лінія ракі. □ Стары брыгадзір .. сам намеціў лініі для капаў. Бядуля. // Пра абрысы чалавечага цела (твару, рота, рук). Лінія шыі. Лінія стану.

4. чаго. Доўгі рад якіх‑н. прадметаў, з’яў. Лінія дамоў. □ Далёка на поўнач і далёка на поўдзень цягнулася лінія акопаў па замёрзлых, заснежаных балотах. Мікуліч.

5. Пуць, палатно чыгункі ці трамвая. За шырокаю лініяй чыгункі, на шырокай прагаліне парасла густая трава. Чорны. // Шлях зносін, які звязвае два якія‑н. пункты. Чыгуначная лінія Масква — Мінск. Паветраная лінія Мінск — Гомель.

6. Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі. Часта званіў тэлефон, на лініі былі нейкія непаладкі, і прыходзілася так крычаць у трубку, што пад вечар зрываўся голас. Шахавец. // Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для перадачы электраэнергіі.

7. Паслядоўны рад асоб, аб’яднаных кроўнымі сувязямі. Лінія іхняга роду цягнецца сімвалічнай чырвонай істужкай ад рабочых і сялян. Бядуля.

8. перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў. Генеральная лінія. Класавая лінія. Партыйная лінія паводзін.

9. Мера даўжыні, роўная 1/10 (яшчэ раней 1/12) цалі, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Аўтаматычная лініягрупа машын, якія аўтаматычна выконваюць у пэўнай тэхналагічнай паслядоўнасці ўвесь цыкл аперацый па апрацоўцы вырабаў.

Дэмаркацыйная лінія — а) лінія, паласа, устаноўленая паміж ваюючымі бакамі ў час перамір’я; б) лінія падзелу на зоны акупацыі тэрыторыі акупіраванай дзяржавы; в) у медыцыне — палоска, якая адмяжоўвае амярцвелую тканку ад здаровай.

Контурная лінія — перарывістая лінія, якая складаецца з кропак або кароткіх рысак.

Ламаная (ломаная) лінія — лінія, якая складаецца з адрэзкаў прамой, злучаных пад вуглом.

Гнуць (весці) сваю лінію гл. гнуць.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.

Па лініі чаго ці якой — а) у якіх‑н. органах, установах. Працаваць па камсамольскай лініі; б) ад імя якога‑н. органа, установы. Вынесці вымову па партыйнай лініі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бок, бо́ка і бо́ку, М на баку́; мн. бакі́, бако́ў; м.

1. (радзей) мн. бо́кі. Правая ці левая частка тулава ад пляча да таза. Бок баліць. І стаў [Макар] пасярод хаты, упёрся шырокімі кулакамі ў бокі і далей гаварыў. Чорны. На баку целяпалася мокрая торбачка, у якой было да палавіны ўюноў. Гамолка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка. // Правая ці левая частка якога‑н. прадмета. Рукамі.. [Мірон] трымаўся за бакі чаўна. Маўр. Пад промнямі цвярдзеюць Яблыкаў бакі. Лось. // Паверхня прадмета, накіраваная да чаго‑н. Сонечны бок. Паўночны бок. // перан. Асаблівасць чаго‑н. А Вільня нейкі ўжо другі Паказвае свой бок. Панчанка. Усё ясна — не з таго боку падышоў.. [Андрэй] да справы. Шахавец. // Адна з дзвюх паверхняў чаго‑н. Правы бок матэрыі.

2. Напрамак на мясцовасці. Чатыры бакі свету. □ На горцы ціхай, невысокай, Каля засценка недалёка, У бок дарогі, ў глыбі вада Стаяла панская пасада. Колас. У тым баку, куды глядзела Аўдоцця, над абрысам лесу клубілася чорная хмарка дыму. Мележ. // перан. Напрамак думкі, размовы і пад. Павесці гаворку ў іншы бок.

3. Мясцовасць, краіна. [Антось:] — Дачуўся, я ад аднаго чалавека — ён з нашага боку, з-пад Лані, — што ты [Кірэй] вярнуўся. Дамашэвіч. У чужым баку вочы па кулаку. Прыказка.

4. Месца, справа або злева ад сярэдняй лініі. На другім баку вуліцы пачуліся галасы. Шамякін. Сымон гарадзіў плот ад Халуставага боку. Чарнышэвіч.

5. Прастора злева і справа. З левага боку, амаль да самага лесу на даляглядзе, распасціраўся луг. Брыль. І жыта расступілася ў бакі — Сярпы плывуць, нібы маладзікі... Панчанка.

6. Месца (мясцовасць), якое знаходзіцца на нейкай адлегласці ад чаго‑н. Крыху ў бок ад.. [лагчынкі], на мяжы, разгацілася.. старая дзічка. Чорны.

7. Чалавек ці група людзей, якія супрацьстаяць другому чалавеку ці групе. Спрэчкі бакоў. □ Хацеў Грамабой адгарадзіць.. Ганскага і перацягнуць яго на свой бок. Крапіва. Усе сімпатыі паэта на баку Бандароўны — дзяўчыны незвычайнага хараства і мужнасці. Шкраба.

8. Састаўная частка, элемент чаго‑н. Нарыс характарызуе істотныя бакі метаду сацыялістычнага рэалізму. Шкраба. [Зелянюк] нават узяў.. на сябе абавязак абладзіць гэту справу з фармальнага боку, каб не было ніякіх затрымак. Зарэцкі. // Якія‑н. рысы, уласцівасці, асаблівасці. Паказаць сябе з найлепшага боку. □ У эстэтычных пазіцыях маладога паэта былі і слабыя бакі. Клімковіч.

•••

Адваротны бок медаля — аб другім баку якой‑н. справы (звычайна адмоўным).

Бокам вылезці (выйсці) гл. вылезці.

Бокі абіваць гл. абіваць.

Бокі рваць гл. рваць.

Бок у бок — побач, адзін пры адным (стаяць, размяшчацца і пад.).

Брацца за бокі (за жывот) гл. брацца.

З аднаго боку..., з другога боку... (у знач. пабочн.) — ужываецца пры супастаўленні двух фактаў, з’яў.

І ў той бок не глядзець гл. глядзець.

Ляжаць на баку гл. ляжаць.

Намяць бакі гл. намяць.

На ўсе чатыры бакі — куды хочаш, абы-куды (ісці, праганяць і пад.).

Не глядзець ні вока ні бока гл. глядзець.

Не ў той бок глядзець гл. глядзець.

Пад (самым) бокам — зусім блізка.

Стаць (перайсці) на бок каго гл. стаць.

Стаяць на чыім баку гл. стаяць.

Шарахацца ў бакі гл. шарахацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Како́ра1 ’старая каржакаватая бяроза’ (полац., Суднік, вусн. паведамл.), ’сухая крываватая палка’ (полац., Садоўскі, вусн. паведамл.), закакорына ’закавыка’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. какора2 (гл.).

Како́ра2 ’частка каркаса лодкі’ (жытк., Жыв. сл.; Маслен.; стол., Нар. сл.; ТСБМ), ’частка пабудовы’ (Сержп. Грам.), кокора ’будан з загнутых і звязаных парамі галін вербалозу’, ’нізкі разгалісты дуб на балоце, на які клалі стажок сена’ (стол., Нар. сл.). Да палес. лексікі польск. kokóra; як тлумачыць Слаўскі, 2, 336, такога польскага слова няма, прыведзеная форма адзначана толькі ў Слоўніку Казлоўскага і датычыцца Палесся. Як здаецца, наяўная інфармацыя не вельмі адэкватна адлюстроўвае бел. матэрыял за межамі палескай тэрыторыі, на гэта ўказвае, магчыма, сведчанне Сержпутоўскага і паўн.-бел. лексіка. Вельмі шырока прадстаўлены адпаведнікі да разглядаемага слова ў рускай мове. Найбольш дакладныя: кокора ’дзерава (звычайна хваёвае) з выгнутым коранем; ідзе на астовы, шпангоўты і да т. п. лодак, барак’, «Какоры идут на поделку предметов, которые должны иметь па конце крючок или загиб, например прялки, кичиги, курицы (при постройке дома)» (СРНГ, 14, 93), ’бервяно з крывым загнутым канцом, якое ўжываецца пры пабудове хаты’ і інш. Падобныя значэнні добра вядомы на моўнай тэрыторыі (СРНГ, там жа форма кочёра, кочера ў блізкіх значэннях і інш.). Этымалогія слова не вельмі пэўная, не выключаецца і іншамоўны ўплыў (гл. Фасмер, 2, 283) і працэс кантамінацыі, які вельмі зацямніў першапачатковую форму. Звычайна лічыцца праславянскім (Слаўскі, 2, 337). (БЕР, 2, 537). БЕР (там жа) мяркуе, што да рус. кокора адносіцца і балг. дыял. кокор ’грабавы куст’, ’ссохлы грабавы куст, які выкарыстоўваецца для асвятлення’, ’куст, які расце на камяністых месцах і з якога вяжуць венікі’, ’камяністае месца, зарослае кустамі і цярноўнікам’, кокоряевам (аб дрэве) ’пашкаджацца ў росце’. Параўн. серб.-харв. кокара ’галіна’. Скок (2, 120) параўноўвае гэту лексему з балг. чекор ’галіна’, лат. ceceris, cecers ’пень’, ’пень з каранямі’ і лічыць, што калі гэтыя супастаўленні правільныя, серб.-харв. слова суадносіцца з рус. кокора. Паўтараецца, па сутнасці, даўняя этымалогія для гэтай групы лексікі, якую даў ужо Бернекер (1, 540). Розніца ў семантыцы слова на поўдні і поўначы і, апрача таго, вельмі няясная этымалогія назваў раслін, якія звычайна лічацца роднаснымі вышэй прыведзеным лексемам (гл. спец. какарнак). Па сутнасці, паўдн.-слав. семантыка ’кучаравы’, ’натапыраны’ і да т. п., якая паслядоўна характарызуе валасы чалавека, пер’е птушак і г. д., паўтараецца на поўначы толькі ў лат. мове, дзе значэнні ’брыдкі, падступны і да т. п. чалавек’, ’кучаравая галава’ успрымаюцца як пераносныя, з ’пень з выдранымі з зямлі каранямі’, гл. Мюленбах-Эндзелін, 1, 367. На думку Эндзеліна, як і cencers ’стары пень’ (семантыка, засведчаная для рус. кокора), лат. ceceris з’яўляецца рэдуплікацыяй cers ’шышкаваты, слойны корань дзерава’. Семантыка лат. слова вельмі разнастайная: cers ’куст, кустарник’, ’расліна, якая кусціцца з аднаго кораня’ (напрыклад, жыта), ’шышкаваты, сукаваты корань дрэва’, ’група кустарнікаў’, ’букет кветак’, ’месца, якое зарасло чаротам і трыснягом’, ’зарослае месца на балоце’, ’атожылак, парастак’, ’нарасць’. Далей сюды ж адносіцца літ. kēras ’куст’, ’пень’, ’выкарчаваны пень’ і інш., якія суадносяцца з слав. korenь. Пры гэтым лат. cera ’ускудлачаныя, натапыраныя валасы’ неабходна лічыць другасным. Асноўныя значэнні, якія даволі лёгка выводзяцца з літ. і лат., магчыма, і ў прус. мовах (параўн. kerberse ’кустарнікавая, куставая бяроза’, гл. падрабязна аб рэканструкцыі і этымалогіі Тапароў J–K, 313–315) ’кусцісты, нізкарослы’ засведчаны і ў слав. мовах: рус. корь ’корань’ (толькі разан., фіксацыі пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя), польск. kierz ’куст’, kierzek, н.-луж. keŕ, в.-луж. keŕ, чэш. keř, славац. ker ’тс’. Паводле Слаўскага, 2, 157, можна рэканструяваць паўн.-слав. *kъrjь, які апафанічна суадносіцца ’з прасл. korenь (у Тапарова, там жа, рэканструкцыя *kъrь). Вытворныя ад кораня з нулявой ступенню аблаўта пруск. kirno ’куст’, літ. kìrna ’карчага’, ’кусцістае, балоцістае месца’, ’буралом’, ’ражны, якія застаюцца пасля ссячэння кустоў’ і інш. Адзначым значэнне літ. слова ’скнара’ (LKŽ, 5, 848). З усх.-слав. фактаў звяртаюць на сябе ўвагу такія лексемы, як тульск. карёк ’кустоўе’, якое Даль (2, 227) тлумачыў: «Вероятно, коряжник криворослый», рус. разан., тульск., валаг. ’кустоўе’, (тульск.) ’дробне кустоўе’ (СРНГ), валаг., разан., тульск., пенз. ’куст, які расце ад пня дрэва’, н.-сіб. ’балоцістае месца, якое зарасло кустоўем’, калуж., маск. (Даль), разан.група дрэў пасярэдзіне поля на нізкім месцы’, маск. ’лес на востраве’ і інш. Адзначым, што апошняе можна разглядаць як вытворнае ад корь, якое, відаць, да кора. Важна, што, апрача супадзення семантыкі, дакладных фармальных адпаведнікаў у балт. мовах няма. Буга (Rinkt, 2, 216) меркаваў аб сувязі рус. кокора, кочера, кочерга з лат. kakalis, kakaža, літ. kakar̃lis. Што датычыцца літ. kakar̃lis, то, паводле LKŽ, 5, 88, яно сустракаецца толькі на паўн. усходзе (р‑ны: Купішк., Уцен., Ракішк.), асноўнае значэнне ’мяшалка’ (з доўгай ручкай і крывым канцом, зробленая з дрэўца з загнутым коранем або з галінай, мяшаць страву, месіць хлеб: качарга). Шустэр–Шэўц (8, 588) прапанаваў версію, паводле якой прасл. *kokor‑ суадносіцца з коранем *kok‑. Пры гэтым суфіксацыя ‑or тлумачыцца як адпаведная чэш., славац. sochor, в.-луж. capor, capr, sochor, больш падрабязна ў таго ж аўтара ZfSI, XIX, 6, 586–587.

Како́ра3 (паўн., КЭС), какор ’бохан хлеба’ (КЭС), какоры ’хлеб з мукі без дабавак’, ’булачкі’ (Анім.), кокора (Нік. Очерки, 95): «название пирога, позже ставшего «пытлюваным, солиным» хлебом», какоркі, какоры ’перапечкі з бульбы, мукі, з прэснага або кіслага цеста’ (зах., Сл. паўн.-зах.), какорына ’тоўсты блін з цёртай бульбы’ (Сл. паўн.-зах.; рас., Шатал.), ’блін з мукі’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. пск., наўг. кокора ’аладка’, пск. ’тоўсты блін’, ’ватрушка (з тварагом, бульбай, морквай і да т. п.)’ (пск., тое ж і ў Сл. паўн.-зах. у шэрагу ілюстрацый), ’ватрушка з бульбай, абавязкова з кіслага цеста’ (валд., наўг.), ’круглы хлеб, вагой у 2–3 фунты, прыгатаваны з лепшай мукі хатняга памолу’. Дэрываты кокорина наўг., пск. у розных значэннях: ’тоўсты блін (адзін)’, ’ватрушка з аржаной мукі з тварагом’, ’пірог’ (пушк., пск.). Аналагічныя лексемы адзначаны і ў рус. гаворках на тэрыторыі прыбалтыйскіх рэспублік. На больш шырокай рус. тэрыторыі наўг., вялікал., калін. і інш. сустракаецца кокорка, кокорока, звычайна ў тых жа значэннях. Звяртае на сябе ўвагу валаг., ярасл., перм., урал. і інш. кокорки ’тварог’, ’дробныя камячкі, камякі ў малацэ (с.-урал.), (перм., с.-урал. і інш.), ’камякі бруду і інш.’, тут, магчыма, пазнейшая ад’ідэацыя да іншага слова. Далей па рус. моўнай тэрыторыі сустракаецца вельмі часта кокура, кокурка ’аладка’, калач, абаранак, пірог і інш.’ Не вельмі яснае слова. З аднаго боку, рус. кокора запазычана з фін. kakkara ’клёцка; від хлеба’, аднак гэтаму пярэчыць другі арэал (форма кокура) у глыбіні рус. гаворак. Вельмі спакусліва разглядаць рус. словы (кокора і какура) асобна, аднак шэраг супадзенняў у пабочных значэннях сведчыць аб іх цеснай суаднесенасці і пярэчыць такой магчымасці. Фасмер (там жа) лічыў, што ўтворана слова какора хутчэй за ўсё ад кока ’курынае яйка ў дзіцячай мове’, ’пшанічны хлеб, пірог’ (арханг.) і быў супраць Калімы, што тут уплыў фін. kukko ’нейкі пірог; певень’. Пацвярджае думку Фасмера, магчыма, толькі рус. раз., сарат. і інш. кокура ’страва з цеста ў выглядзе круглай буханачкі з запечаным у сярэдзіне цэлым яйкам (маск., уладз., кастрам., казан., перм. і інш.), кокурка ’тс’, аднак гэта значэнне толькі пабочнае. Прыняць думку Фасмера нельга па шэрагу прычын (семантыка, форма, лінгвагеаграфічны крытэрый). Цікава, што для паўн.-рус. кокач ’пірог з кіслага жытняга цеста з начынкай з талакна, проса, гароху, рыжыкаў’. Фасмер прыняў прапанаванне Калімы алан. kokoi ’хлеб з ячменя або аўса’ ў якасці крыніцы запазычання, у той час як для іншых, верагодна, суаднесеных з фін. лексікай рус. слоў шукаў этымалогію на рус. глебе. Цікава пры гэтым звярнуць увагу на літ. kakarokas ’пірог, ляпёшка’, зафіксаванае ў Ракішскім і Кунішскім раёнах. Лексема не вельмі ясная, аднак фармальна яна як быццам пацвярджае магчымы архаічны характар слав. лексікі.

Како́ра4 ’гультай’ (Мат. Гом.). Рус. паўн. ’пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’, кокора сицкая, у Даля і ў акадэмічным слоўніку 1911 г.: «(В местностях около реки Сити) есть привычка говорить о том, кто не ловок в обращении, не развязен, не умеет щегольно одеться.., кокора сицкая!» (ярасл., СРНГ, 14, 94), перм. ’пра лянівага чалавека, гультая’, магчыма, і больш падыходзячыя па геаграфіі пск., цвяр., асташ. ’пра скупога, прагнага чалавека’, пск. какора ’пра непадступнага, цвёрдага, як крэмень, чалавека’, ярасл. ’пра неразумнага чалавека, дурня’. Звернем увагу на тое, што звычайная паралель да рус. кокора ’корань, пень і інш.’ у этымалагічных слоўніках (Фасмер, 2, 282) кокористый з’яўляецца толькі рэгіянальным вытворным ад рус. кокора ’непадступны, цвёрды’. Параўн. рус. пск., асташ., цвяр. кокористый ’натурысты, упарты’, ’незгаворлівы’, ’скупы’ і вышэй прыведзеныя дэфініцыі і геаграфію для кокора. Фармальнае супадзенне дазваляе суаднесці гэта слова з какора2 і какора3. Сувязь з другім словам уяўляецца малаверагоднай, хоць семема ’тоўсты’ ў какора3 магла перайсці ў ’непаваротлівы’, і такое развіццё семантыкі можна было б прыняць. Аднак гэтай версіі пярэчыць лінгвагеаграфія бел. слова (какора4паўд., а какора3паўн.) і адсутнасць прыкладаў ужывання слова какора3 для адмоўнай характарыстыкі чалавека. Між тым сувязь разглядаемых слоў з какора3 даводзіцца значна лягчэй, а магчымасць ужывання семем ’калода’, ’пень’, ’дубіна’ пераносна для характарыстыкі чалавека каментарыяў не патрабуе. Цяжэй вытлумачыць значэнне ’непадступны, цвёрды’ (’скупы’ і ’хцівы’ — на базе менавіта гэтай семемы). Магчыма, неабходна суадносіць яго з такімі значэннямі рус. слова кокора, як ’галінасты, сукаваты; абрубак дрэва’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе, прысл.

1. пытальнае. У якім месцы? — Дзе ты, Міколка? — запытаўся.. дзед. Лынькоў. Цікава — дзе цяпер яе [Насцін] Андрэй? Загінуў? Астапенка. // У пытальна-клічных сказах, якія выражаюць жаль, здзіўленне ў сувязі з адсутнасцю чаго‑н. Дзе мой дом, дзе ты, хата мая, Дзе загон хлебадайнай зямлі? Купала. — Дзе мае семнаццаць год, — зухавата сказаў Пракоп. Шыцік.

2. месца. У якім месцы. Яны — суседзі нашы, і дзе б стары ні кашляў — у гумне, у хаце, на дварэ — усё чуваць. Брыль. — Вось дурная! — казалі людзі, — мае гэткага багатага сына, а сама бадзяецца невядома як і дзе! Бядуля. [Бацька] быў вельмі дужы, спрытны, толькі не было дзе разгарнуцца, разгуляцца той сіле. Бялевіч. // (звычайна з часціцай «вось», «во»). У гэтым месцы, тут. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Якімовіч.

3. неазначальнае. Разм. Тое, што і дзе-небудзь. У засадзе больш, чым дзе, патрэбна цярплівасць. Тут не падгоніш ворага, не пойдзеш сам яму насустрач. Шахавец.

4. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) падпарадкоўвае даданыя сказы месца, якія паказваюць на месца або напрамак дзеяння, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі прыслоўямі «туды», «там». Чырвонаармеец прытуліў Ірынку да грудзей і панёс туды, дзе стаялі вагоны. Чорны. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас. Над галавач, дзе учора вісела пахмурная зімняя смуга, цяпер глядзелася чыста-празрыстая сінь. Грамовіч. / Пры пералічэнні. Глянь туды, дзе машыны спяваюць, Дзе палае у горане сталь, Дзе рабочыя песні складаюць Пад сталёвы напеў малатка. Трус; б) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «той», «такі» (па значэнню адпавядае злучальнаму слову які). Мы схілім галовы над свежай магілай, Дзе прах свой злажылі героі. Колас. Трошкі вышэй, у тым пункце, дзе крынічка рабіла паваротак управа, перасякаліся дзве дарогі. Колас. Зацякае ручаіна ў такія месцы, дзе, здаецца, не ступала нага чалавека. Пестрак; в) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Сам [аграном] памагаў размяркоўваць пасевы культур; вучыў, дзе і як рассяваць мінеральныя ўгнаенні. Брыль. Адгэтуль можна ўпотайкі пазіраць усё, дзе што робіцца. Пестрак; г) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Дзядзьку было вядома, дзе прападае Юрка. Маўр; д) у спалучэнні з часціцамі «ні», «б» падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы. Колькі лесу, колькі, Дзе б вокам ні кінуў. Купала. — Ёсць такія мясціны, іх я знаходжу ўсюды, дзе ні бываю. Колас; е) пры супастаўленні двух або некалькіх сказаў або членаў сказа з паўтарэннем прыслоўяў у пачатку кожнага (дзе... дзе...) абазначае: у адным месцы, у другім месцы. Дзе можна, а дзе нельга. Па-рознаму жывуць людзі: дзе так, дзе гэтак. □ Дзе скокам, а дзе бокам. Прымаўка.

5. у знач. часціцы. Ужываецца для выражэння поўнай немагчымасці чаго‑н., сумнення ў чым‑н.: а) з давальным склонам і з інф. Дзе табе! Дзе нам за вамі ўгнацца! Дзе старому асіліць такую работу!; б) з назоўным склонам і формай 2‑й асобы адз. ліку. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Лынькоў. // (у спалучэнні з прыслоўямі «там», «тут»). Ужываецца як пярэчанне на чужыя словы або на ўласнае выказванне; выражае немагчымасць, адмаўленне чаго‑н. — Ох і добрая пуга будзе ў цябе, Тонік. — Дзе там... Няма з чаго біч сплесці... Капыловіч. — Намерыўся я назад падацца, абысці гэты балаган — дзе там, проста на мяне група немцаў... М. Ткачоў. Міхаліна.. узяла жменьку лёну, пацерла ў руках і паспрабавала рваць. Дзе там! Чарнышэвіч.

•••

Дзе; дзе ўжо; дзе (ужо) толькі (з адмоўем пры дзеяслове) — усюды, у многіх мясцінах. Дзе ўжо я толькі не бываў!

Дзе і Макар коз не пасе — недзе вельмі-вельмі далёка.

Дзе наша не прападала гл. прападаць.

Дзе папала гл. папасці.

Дзе (толькі) ногі ўзяліся гл. ногі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шко́ла, ‑ы, ж.

1. Навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе агульную адукацыю і выхаваяне маладога пакалення. Хадзіць у школу. Выкладаць матэматыку ў школе. □ Штораніцы бяжыць у школу разам са сваімі аднагодкамі ўнук Бірынічаў. Хадкевіч. // Школьны будынак, у якім праводзіцца навучанне. Цяпер жа пакуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак. Шамякін. // толькі адз. Сістэма агульнай адукацыі, сукупнасць навучальных устаноў. Дэкрэт аб адлучэнні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. // зб. Разм. Калектыў вучняў і настаўнікаў агульнаадукацыйнай навучальнай установы. І зноў яна [Наста] на плошчы, дзе штогод Вясёлы Першамай страчала школа. З. Астапенка.

2. Спецыялізаваная навучальная ўстанова, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесіянальныя веды, кваліфікацыю. Усе яны — былыя вучні рамеснай школы паліграфістаў.. Іх школа знаходзілася тут жа [у друкарні], на першым паверсе. Брыль. Кіраўніцтва камбіната паслала.. [Віктара Вішаньку] вучыцца ў Свярдлоўскую школу брыгадзіраў-будаўнікоў. Дадзіёмаў. // Ваенная навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў і малодшы камандны састаў. Школа прапаршчыкаў. Пяхотная школа. Школа малодшага каманднага саставу. // у спалучэнні са словам «вышэйшы». Назва некаторых навучальных устаноў, якія даюць вышэйшую адукацыю, вну. Вышэйшая партыйная школа.

3. чаго і якая. Набыццё ведаў, практычнага вопыту, а таксама сам вопыт, практычным веды чаго‑н. Школа жыцця. □ Школу «Савецкай Беларусі» прайшлі не толькі амаль усе пісьменнікі малодшага пакалення, якія пазней стварылі аб’яднанне «Маладняк», але і многія з тых, якія сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі. Конан. Прайшоў я школу барацьбы і чуў дыханне перамогі. Дудар. // Тое, што дае практычныя веды, вопыт. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы. Колас. Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай. Маўр.

4. Сістэма метадаў, правіл, прыёмаў вывучэння, асваення чаго‑н., авалодання чым‑н. Пачатковая школа ігры на баяне. Вучыцца іграць на цымбалах па школе Жыновіча. // Адукацыя, выхаванне ў святле якіх‑н. правіл, норм, прынцыпаў і пад. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы. Колас. // Спец. Майстэрства, уменне дрэсіроўкі каня, звязанае з манежнай выездкай, выкананнем розных практыкаванняў, тэмпаў язды і пад. Школа верхавой язды.

5. Навуковы, літаратурна-мастацкі, грамадска-палітычны, сацыяльна-эканамічны і пад. напрамак, плынь з характэрнымі, своеасаблівымі ўласцівасцямі, рысамі. Але тады яна [рэалістычная тэндэнцыя] яшчэ не ператварылася ў самастойную з’яву, не стала цэлай школай крытычнага рэалізму, аднак ужо станоўча ўздзейнічала на далейшае развіццё перадавой літаратуры. Ларчанка. // Група вучняў, аднадумцаў ці паслядоўнікаў каго‑н. І.П. Паўлаў і яго школа, дзякуючы правільнаму матэрыялістычнаму падыходу да распрацоўкі фізіялогіі мозга, раскрылі шмат якія «таямніцы» псіхічнага жыцця. «Беларусь». Неўзабаве з’явілася цэлая школа паслядоўнікаў А. Міцкевіча. Лойка.

6. Спец. Пітомнік, спецыяльны ўчастак, на якім вырошчваюцца сеянцы, саджанцы.

•••

Вышэйшая школа — агульная назва для вышэйшых навучальных устаноў (інстытутаў, універсітэтаў і пад.).

Вячэрняя школа — школа, вучні якой займаюцца ўвечары без адрыву ад вытворчасці і атрымліваюць сярэднюю адукацыю.

Земская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні земства.

Ланкастэрская школа — школа, у якой прымяняецца ланкастэрская сістэма навучання.

Натуральная школа — назва рэалістычнай плыні ў рускай літаратуры 30–40‑х гг. 19 ст.

Нядзельныя школы — школы для дарослых у дарэвалюцыйнай Расіі, у якіх праводзіліся заняткі толькі па нядзелях.

Сярэдняя школа — школа, якая дае сярэднюю адукацыю.

Царкоўнапрыходская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні царквы і прыходскага духавенства.

Школа-інтэрнат — павучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

Школа сельскай моладзі; школа рабочай моладзі — агульнаадукацыйная сярэдняя школа (ці васьмігодка), у якой займаецца моладзь без адрыву ад вытворчасці.

[Грэч. scholē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хвост, хваста, М ‑сце, м.

1. У жывёл: прыдатак (звычайна рухомы) на заднім канцы цела. Валерык ускудлаціў валасы, стаў на карачкі, грозна засоп і пасунуўся пад паветку, дзе, адганяючы хвастом аваднёў, мірна хрумстаў канюшыну рослы рабы бычок. Шашкоў. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка. // Значна звужаная канцавая частка цела (у рыб, паўзуноў і пад.). Хвост яшчаркі. □ Вільнула рыбка хвастом і нырнула на дно мора. Якімовіч. [Вугор] мае доўгае, выцягнутае, крыху сплюснутае з бакоў тулава, якое спераду заканчваецца вузкай галоўкай са скошаным пад вострым вуглом ілбом і маленькімі вочкамі, а ззаду паступова пераходзіць у доўгі і дужы хвост-вясло. Матрунёнак. // перан. Разм. У значэнні адзінкі падліку жывёлы. Ад кожнага хваста — пуд жыта, пуд бульбы або замест бульбы дзесяць рублёў грашыма. Брыль. // Футра пушнога звера (з прыдатка на задняй частцы цела), якое выкарыстоўваецца як гаржэтка, абшыўка і пад. Шапка з хвастоў пясца. // Пучок пер’я на заднім канцы цела птушак. У берагавой ластаўкі хвост кароткі, раздвоены і мае форму невялікіх тупых вілачак. В. Вольскі. А вось танканосы бакас, куртатая балотная птушачка, яшчэ хітрэй прыдумаў — хвастом спявае! Ігнаценка.

2. Задняя, канцавая частка лятальнага апарата (самалёта, ракеты і пад.). Уздоўж фюзеляжа да сценак прыладжаны лаўкі, а ў хвасце складзена маёмасць, якую ў абкоме падрыхтаваў падпольшчыкам. Новікаў. Разгарачаны Сцяпанаў упрытык наблізіўся да хваста «юнкерса». Алешка.

3. Крайняя, ніжняя, задняя канцавая частка чаго‑н. Хвост папяровага змея. Хвост бурака. // Росчырк (у літары, цыфры, арнаменце і пад.). Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка. // Вісячы канец (вяроўкі, пугі і пад.). Толькі ж у рукзаку Стаў завязваць хвасты, Бачу ў шафе ў кутку Сіні сшытак таўсты. Нядзведскі.

4. Доўгая, звівістая паласа (дыму, пылу і пад.). Там-сям па кругавіне горада стаялі, бы вытачаныя, фабрычныя трубы з хвастамі цёмнага дыму. Колас. На двор МТС узышла машына і прыцягнула за сабой доўгі хвост пылу. Дуброўскі. // Светлая паласа, якую пакідае за сабой рухомае цела (камета, ракета і пад.). [Віця] неаднойчы наглядаў, як зрывалася раптам нейкая зорка, чыркала аб другія, якіх на небе было безліч, і з зыркім хвастом ляцела ўніз, пакуль не рассыпалася бясследна. Паўлаў.

5. Разм. Задняя частка падола адзежы, якая цягнецца па зямлі. Хвост сукенкі.

6. Разм. Рад людзей, што рухаюцца за кім‑, чым‑н. За .. [Сымонам] заўсёды цягнуўся шумлівы і стракаты хвост дзяцей. Хомчанка. За .. [афіцэрам], на конях, высыпаў цэлы хвост удалых меншых чыноў. Чорны. // Група людзей, якія стаяць адзін за адным, чакаючы чаго‑н.; чарга. Маладыя людзі перад Новым годам прыйшлі ў магазін купіць віна і цукерак. Хвост даволі доўгі, пасоўваецца марудна. Лужанін. // Той, хто неадступна ходзіць за кім‑н. Лічаць нас [хлопцаў] яе [дзяўчыны] хвастом, Хай! — не навіна. Мы ж і ў голаў не бяром — Восем і адна. Куляшоў. // Той, хто высочвае каго‑н., шпіёніць за кім‑н. Частыя выезды друкара Максіма да сваякоў маглі прыцягнуць за ім хвост. Якімовіч. Вечарам Жан ішоў са сваім сябрам па вуліцы. Недалёка ад вакзала яны адчулі «хвост». Новікаў. // Пра наяўнасць сям’і, дзяцей. [Ігнат:] — Я чалавек халасты, прастуды не баюся, і калі заб’юць, хоць гэта не пажадана, — ніякіх хвастоў ззаду. Гурскі.

7. Задняя, канцавая частка атрада, каравана і пад., якія рухаюцца. Галава калоны замаруджана, стомлена паднімалася ўгару, а хвост яе імкліва каціўся да моста, напіраючы на пярэдніх. М. Ткачоў. // Заднія, апошнія вагоны поезда. [Начальнік:] — Я прайшоў увесь цягнік ад галавы да хваста, ды не аднойчы, а двойчы. Дубоўка. З акна [будкі] было відаць.. сярэдзіну і хвост [эшалона]. Мележ.

8. перан. Разм. Частка работы, не выканання, не закончаная ў тэрмін. Так лягчэй будзе для ўчотчыка, чымся мераць недакончаныя хвасты. Беразняк. // Не здадзены ў тэрмін залік, экзамен, кантрольная работа і пад. (у студэнтаў, вучняў). [Зіне] горка было засмяяцца, але яна, прытворна смеючыся, дадала: — І яшчэ адзін хвост ёсць. [Косця:] — Па чым? — Па хіміі. Грамовіч. [Юрка:] — Я быў заняты, Тамара. Ты ведаеш, як у нас у школе выкладалі чарчэнне? А ў нашым інстытуце без чарчэння хоць вучыцца кідай. У мяне чуць хвост не быў. Ермаловіч.

9. Спец. Пустая парода, адходы, якія атрымліваюцца пры абагачэнні карысных выкапняў. Кварцавыя хвасты.

10. Абл. Самы крайні, далёкі ўчастак поля, самыя канцы ўчасткаў. [Цярэшка:] — Хутарок жа, як-ніяк. Ды і зямелька ніштаватая дасталася, дармо, што самыя хвасты, што ніхто сюды зроду гною не давозіў. Лобан.

•••

Адкінуць хвост гл. адкінуць.

Апусціць (падтуліць) хвост гл. апусціць.

Віляць хвастом гл. віляць.

Вісець на хвасце гл. вісець.

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

І ў хвост і ў грыву — надта моцна (біць, лупіць і пад. каго‑н. або пападаць каму‑н. за што‑н.).

Круціць хвастом гл. круціць.

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Накруціць хвост гл. накруціць.

Наступіць на хвост каму — пакрыўдзіць каго‑н., пашкодзіць каму‑н.

Насыпаць солі на хвост гл. насыпаць.

Падтуліць хвост гл. падтуліць.

Падціснуць (падцяць) хвост гл. падціснуць.

Паказаць хвост гл. паказаць.

Прышчаміць (прыціснуць) хвост каму гл. прышчаміць.

Прышый кабыле хвост гл. прышыць.

Сабаку (кату) пад хвост (груб.) — дарэмна, за нішто (аддаць, патраціць).

Сарока на хвасце прынесла гл. сарока.

Сарока хвастом замяце гл. сарока.

У хвасце — ззаду ўсіх (ісці, плесціся і пад.).

Ушчаміць хвост каму гл. ушчаміць.

Хвастом вільнуць гл. вільнуць.

Хвастом накрыцца гл. накрыцца.

Хвост абаранкам; хвост дудой; хвост трубой — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе малайцавата, самаўпэўнена.

Хвост у зубы — хутка сабрацца і пайсці (калі многа розных спраў, працы).

Цягнуць ката за хвост гл. цягнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)