чы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Праводзіць па чым‑н. чым‑н., пакідаючы след, лінію. Лупіла [бульбу] на дранікі, спраўна, мерна, цыркала па тарцы. Мележ. // Хутка пралятаючы, зачэпліваць, кранаць што‑н. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. // Рэзка праводзячы па карабку або па чым‑н. цвёрдым, прымушаць гарэць (запалкі). Гамыра чыркае запалку. Колас. Усе маўчалі: хто закусваў, а хто чыркаў запалкаю аб карабок — адразу ж прыкурваў чарговую цыгарэту. Сіпакоў. // Закранаць, драпаць па чым‑н. у час руху. Чыркаючы палачкай па дарозе, ён бадзёра крочыў і праз вялікія рагавыя акуляры аглядаў балота. Дуброўскі.

2. Хутка, спяшаючыся, пісаць што‑н. Я азірнуўся назад, у правы куток, дзе .. нешта цыркала на кавалку паперы Юнона. Мыслівец. Старшыня маўчаў, нешта чыркаў асадкай па паперцы. Галавач.

3. Утвараць характэрныя гукі, спяваць (пра некаторых птушак). Недзе на Доўгіх пад самым месяцам чыркалі, што ўсё адно шасталі трысцём, дзікія качкі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.

2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.

1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.

2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.

3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.

4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.

•••

Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.

Пантонны мост — мост на пантонах.

(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.

Проста з моста гл. проста.

Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад’е́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. пад’едзь; зак.

1. Едучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. У наступную ноч да катла пад’ехалі на санках партызаны. Шчарбатаў. Прыцемкам да Ермаліцкіх пад’ехаў вазок, запрэжаны добрым стаеннікам. Грахоўскі. // Заехаць пад што‑н. Пад’ехаць пад мост. // Праехаць нейкую частку шляху на падарожным транспарце. Цяпер я пакаяўся, што не падаўся на бальшак, дзе мог пад’ехаць на падарожнай машыне. Якімовіч.

2. Разм. Прыехаць куды‑н. У той жа дзень Стрыжак загадаў Тышкевічу весці групу на аб’яднанне з атрадам Ваталава. Сам абяцаў пад’ехаць пазней. Асіпенка. [Палавінка] па развітанне моцна паціснуў Кавалёвай руку і абяцаў сам пад’ехаць у калгас. Дуброўскі. // З’ездзіць куды‑н. на нейкі час. [Аканом:] — Дзень добры, панове. Феакціст Антонавіч вельмі прасіў да яго пад’ехаць на гадзіну якую. Галавач.

3. перан. Разм. Падлізацца да каго‑н.; дабіцца чаго‑н. хітрасцю, ліслівасцю. Пад’ехаць да начальства. □ [Вруй] цярпліва чакаў, покі Саўка думаў, і меркаваў, ці спрытна пад’ехаў ён да Саўкі. Колас. Хлопцы былі пранырлівыя, умелі пад’ехаць да жанчын, ласкай выпрасіць тое, чаго і сілай не возьмеш. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; пр. наліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. наліся; зак.

1. Нацячы, пранікнуць куды‑н. Налілася вада ў пограб.

2. Напоўніцца якой‑н. вадкасцю. Лодка налілася вадой.

3. перан. Змяніць колер, афарбоўку. Хмара налілася густою сінню. □ Залацістай чырванню налілася неба за Свіслаччу. Новікаў.

4. Напоўніцца сокамі (пра плады, зерне і пад.). Яблыкі наліліся. □ Наліліся сокам Спелыя брусніцы, І абапал сцежак Выраслі грыбы. Грахоўскі. Жыта стала ўжо бурае, і нават адсюль відаць, што колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.

5. перан. Напоўніцца якой‑н. якасцю (здароўем, сілай, злосцю і пад.). Зноў наліліся сілаю мускулы, выпрасталася спіна, перасталі ныць ногі, рассеяўся дакучлівы тлум у галаве. С. Александровіч. Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем. Быкаў.

•••

Наліцца кроўю — пачырванець ад прыліву крыві. Абраза і гнеў запоўнілі сэрца хлопчыка. Яго вочы наліліся крывёю, сціснуліся кулачкі. Шамякін.

Наліцца слязамі — напоўніцца слязамі (пра вочы). Міця адчуў, што вочы наліліся слязамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патыха́ць, ‑ае; незак.

1. Слаба дзьмуць, веяць (пра вецер). Вокны былі расчынены. Знадворку патыхаў цёплы ветрык, ледзь-ледзь калышучы фіранкі. Сабаленка. / у безас. ужыв. Вечарэла. Ад возера патыхала лёгкім халадком. Пестрак. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Ад снапоў крыху патыхала зляжалай саломай, амаль няўлоўным водарам летняга поля і кветак. Савіцкі.

2. чым. Вылучаць нейкі пах; пахнуць. Дрэмлючы чуў [Павал], як пахла ў хаце новымі ботамі — дзёгцікам патыхаюць боты. Чорны. А з бору цёплая сасна Жывіцай патыхала. І. Калеснік. / у перан. ужыв. Нялёгка добрым быць, хоць нам не трэба Ні лёгка запрацаванага хлеба, Ні танных поспехаў, ні скідак, ні удач, Ні вырашаных іншымі задач, Ні тых пахвал, што лёгка раздаюцца Сябрамі за абедзенным сталом, Ні плётак, што вужакамі віюцца І патыхаюць зайздрасцю і злом. Грахоўскі. Нізка стаяла асенняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клі́каць, клічу, клічаш, кліча; незак., каго-што.

1. Голасна зваць, прасіць прыйсці, прыблізіцца або адгукнуцца. Клікаць людзей на дапамогу. Клікаць маму. // Запрашаць, зазываць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Клікаць на вяселле. □ Лемяшэвіч быў здаволены, што Арэшкін не з’явіўся клікаць яго на вячэру. Шамякін. // Падзываць, склікаць (жывёл, птушак). Клікаць курэй. □ — Кліч сабаку, Алесь, — згадзіўся і Федзя. — Пойдзем хутчэй. Ваданосаў.

2. Заклікаць, зваць да якіх‑н. дзеянняў. Клічуць свой народ бальшавікі На буржуяў павярнуць штыкі. Грахоўскі. // перан. Узнімаць, пабуджаць, быць матывам для чаго‑н. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // перан. Вабіць, прыманьваць. Часта маладосць кліча Надзю ў краіну светлых мараў, у свет радасных пачуццяў, асабліва з узнікненнем кахання да Андрэя. Хромчанка.

3. Разм. Называць якім‑н. імем, мянушкай. І помніцца мне першае каханне, З тых пор ніколі болей не кахаў. Так шчыра і так лёгка і так сумна, Як я кахаў яе — адну дзяўчыну. Якую людзі клікалі Алесяй. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляпі́ць, ляплю, лепіш, лепіць; незак.

1. што і без дап. Ствараць, рабіць якія‑н. фігуры з пластычнага матэрыялу. Ляпіць бюст. Ляпіць цацкі з пластыліну. □ На дварах дзеці гулялі ў снежкі, ляпілі снежныя бабы. Кавалёў. // Будаваць, майстраваць, карыстаючыся якім‑н. ліпкім, вязкім матэрыялам. Хадзілі ў камбінезонах будаўнікі, падымалі насілкі з цэглай, ляпілі сцяну, паверх за паверхам. Грамовіч. // перан. Ствараць яркія сцэнічныя, літаратурныя вобразы, характары і пад. Што дала мне студыя? Яна ўзбагаціла мяне тэхнікай. Адкрыла законы нашай творчасці. Навучыла ствараць вобраз, ляпіць характар, любіць форму і валодаць ёю. Сяргейчык.

2. што. Разм. Прыклейваць, прылепліваць. Ляпіць аб’яву на сцяну. □ Ногі ўціскаліся ўсё глыбей, вада падступала да лытак, да каленяў, .. ляпіла штаніны да скуры. Мележ. // Размяшчаць адно за другім, не пакідаючы свабоднага месца. Ляпіць адну літару за другой.

3. З сілай ісці (пра мокры снег). Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною парою абрасталі трасы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. Снег ляпіў і ляпіў на шыбы, вокны сталі белыя, быццам знадворку іх завесілі прасціной... Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магі́ла, ‑ы, ж.

1. Яма для пахавання памёрлых. Капаць магілу. Засыпаць магілу. // Месца пахавання каго‑н., а таксама насып на гэтым месцы. Я ўсё шукаю матчыну магілу І не магу знайсці пасля вайны. Грахоўскі. // Месца, дзе загінуў хто‑н. Сябры, што загад атрымалі, Магутнаю рушылі сілай, І Прыпяці бурныя хвалі Для ворагаў сталі магілай. Нядзведскі.

2. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. вельмі небяспечным; смерць. Выйдзеш на дарогу, трапіш на фашысцкі патруль — і магіла. Новікаў.

3. у знач. вык. Разм. Будзе захавана ў тайне, у таямніцы. [Бондар:] — Вас, хлопцы, прашу — пра сямейны лагер ні гуку. Ведаем адны мы і — каб магіла. Навуменка.

•••

Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. справу.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Глядзець у магілу гл. глядзець.

Гнаць у магілу гл. гнаць.

Да (самай) магілы — да самай смерці.

Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу гл. загнаць.

Знайсці магілу гл. знайсці.

Капаць магілу гл. капаць.

Легчы ў магілу гл. легчы.

На краі магілы гл. край.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.

1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.

2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.

3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.

4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)