выскачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скочыўшы, пакінуць якое‑н. месца, з’явіцца адкуль‑н., дзе‑н. Выскачыць з акна. ▪ Да левага берага Дзвіны прычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. Грахоўскі. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рова і ўпаў на снег. Колас.

2. Нечакана выпасці, вылецець. Нітка выскачыла з іголкі. ▪ Накрыўка ў бойцы выскачыла і ўся смятана вылілася. Якімовіч.

3. Разм. Таропка, хутка выбегчы, выехаць; вылецець. Чалавек паспешна схваціў пад паху шапку.., і выскачыў за дзверы. Чорны. Раптам за мостам застракатала, і з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Шамякін.

4. перан. Разм. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. Выскачыць са сваёй прапановай.

5. перан. Нечакана ўзнікнуць; вырасці. На правай плоскасці [самалёта] выскачылі языкі полымя. Алешка. Дзе-нідзе ўжо выскачыла першая зялёная траўка. Якімовіч.

•••

Выскачыць замуж — паспешна, неабдумана або вельмі рана пайсці замуж.

Выскачыць (вылецець) кулём (куляю) — імкліва выбегчы, выехаць.

Выскачыць з галавы (з памяці) — тое, што і вылецець з галавы (з памяці) (гл. вылецець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)