Заво́са ’жалезная скобка, прымацаваная да падушкі восі, каб калясо не ўрэзвалася ў яе (вось)’ (Нас.). Параўн. рус. арханг. зао́сок ’аснова з дрэва, на якой замацоўваецца жалезная частка восі’, польск. zaośnik ’дэталь воза’. Відавочная сувязь з за і вось (гл.) не дае, аднак, яснасці наконт шляху словаўтварэння: канчатак ‑а ўказвае хутчэй на бязафіксны аддзеяслоўны наз., чым на прэфіксальны (параўн. заплот, запазуха), мадэль за + аснова + а не адзначаецца. Можа, адлюстроўвае воса < вось? Ці не падвядзенне пад «мадэль» атоса (гл.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заске́міцца ’зажмурыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Зваротны да *заскеміць варыянт да зашчаміць (гл. шчаміць). Семантычна сувязь празрыстая: ’заціснуць’. Захаванне е пад націскам можа тлумачыцца тым, што е < , тады ск захавалася, паводле гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270), перад *oi > . З тым жа коранем, відаць, аскома (гл.). Фасмер, 4, 502; Праабражэнскі, 1, 662–663. У і.-е прадстаўлены розныя ступені чаргавання галоснага і розныя зычныя падаўжэнні кораня *skē̆i‑ ’рэзаць, дзяліць’. Покарны, 1, 919–922. Параўн. аскепак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяле́пуха ’недаспелы плод’, гродз. ’хваравіты чалавек’ (Сцяц.), мсцісл. зеляпу́ха ’недаспелы плод’ (Юрч.). Рус. дыял. зеле́пуха, зелёпуха, зелепу́ха, зеле́пу́х, зелепу́га, укр. зелепу́га, зелепу́ш ’тс’. Ад кораня *зелеп‑ з суф. ‑уха (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 71). Пра магчымае паходжанне кораня гл. зялепаць. Калі ён звязаны з фарбай — ад колеру плода, аднак нельга выключыць і сувязь з «гукавым» значэннем дзеяслова, калі ўлічыць, што ён азначае ў балт. і слав. гукі малых птушак, дзяцей, пра прадстаўленне аб няспеласці; параўн. зеляпан ’малы шчупак’. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рунь ’усходы, пасевы азімых культур’ (ТСБМ), рус. рунь ’усходы азімых восенню’, харв. run ’пасевы’ (njiva pod runom), польск. ruń ’рунь, усходы, збожжа’, якія лічацца другаснымі ад *runo (гл. руно2). Параўн. пераноснае значэнне польскага runo ’сукупнасць невялікіх кустоў, траў, зёлак, што пакрываюць глебу ў лесе’. (Борысь, 527–528; Скок, 3, 171). Іншыя версіі: сувязь з польск. runąć ’упасці, грымнуцца’ (Фасмер, 3, 518), гл. ру́нуцца; Мартынаў (Бел. лекс., 101) выводзіць з *rudnь у супастаўленні з літ. ruduõ ’восень’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́чы ’дарослы, працаздольны, які можа на сябе зарабіць’, ’моцны, спрытны чалавек’ (бялын., Янк. Мат.), укр. ру́чий ’спрытны, лоўкі’, польск. rączy ’хуткі, жвавы; пільны’, чэш. ručí ’хуткі’, славац. rúči ’здольны, спрытны’, славен. róčen ’хуткі, спрытны’. Прасл. *rǫčьjь, роднаснае ст.-інд. r̻jyati, r̻ñjati ’напружвацца, спяшацца’, грэч. αργός ’хуткі (пра сабаку)’. Адносяць да *rǫka (Праабражэнскі, 2, 228; Махэк₂, 522), або пастулюецца народнаэтымалагічная сувязь з назоўнікам (Бязлай, 3, 189). Параўн. рука́ты (гл.); Брукнер (455), Шустар-Шэўц (2, 1249) звязваюць з *ručьjь, гл. ручай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́джанне ‘пакуты’ (Гарэц.), труджэ́нне ‘праца, гараванне’ (Некр. і Байк.), тружэ́нне ‘непакой, турбота’ (Нас.), ст.-бел. тружание, тружанье ‘праца, намаганне, старанне’ (ГСБМ, Альтбаўэр); сюды ж ст.-бел. тружатисѧ ‘працаваць’, варыянт да трудитисѧ: во всемъ тружаньи его што трудитсѧ под солнцем (Альтбаўэр). Непасрэдным адпаведнікам дзеяслова з’яўляецца польск. trużyć ‘мучыць’, адносна якога выказана меркаванне пра ўсходнеславянскія ўплывы (Брукнер, 577) або сувязь з *tryzniti (Варбат, Этимология–1983, 41), аднак семантыка і формаўтварэнне сведчаць аб паходжанні ад *trudъ (гл. труд1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшацца, пераплесціся ў беспарадку; пераблытацца. Валасы зблыталіся. □ Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Баранавых. // Пераплесціся, счапіцца з чым‑н. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Бядуля. // перан. Страціць выразнасць, дакладнасць; змяшацца. Думкі зблыталіся. □ І пякучая крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за яго бацькоў, — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.

2. Разм. Дапусціць памылку ў чым‑н.; збіцца. Зблытацца ў падліку. □ А Лёня не разгубіўся: — Я ж акурат так пачынаў рашаць гэты прыклад, ды толькі крышачку зблытаўся. Васілевіч. // Згубіць сувязь у думках, словах; заблытацца. [Байкоў] прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Шамякін.

3. Разм. Звязацца з кім‑н., уступіць у якія‑н. сувязі, адносіны (звычайна ганебныя). Зблытацца з бандытамі. □ Адслужыўшы два гады ва ўланах, .. [Зыгмусь] зблытаўся з жонкай настаўніка гарэліцкай сямігодкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.

2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.

3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.

4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.

5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.

6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салда́т, ‑а, М ‑даце, м.

1. Радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска. Салдаты і матросы. Узвод салдат. □ Неўміручы подзвіг салдата Аляксандра Матросава, які грудзьмі засланіў амбразуру дзота, каб адкрыць шлях наперад сваім таварышам па зброі. «Звязда». // Ваеннаслужачы наогул. Салдаты вялікай Расіі ў Парыжы ўздымалі сцягі. Бялевіч.

2. перан. Ідэйна загартаваны барацьбіт, удзельнік якога‑н. руху, член якой‑н. арганізацыі. Салдат рэвалюцыі. Салдат партыі. □ Ён [Глебка] быў салдатам пакалення, што праз усе грамы прайшло, Сваё жыццё, сваё натхненне Айчыне роднай аддало. Прыходзька.

•••

Лясныя салдаты — партызаны. Трэба было наладзіць цесную сувязь з народнымі мсціўцамі, трэба, было камусьці пераправіцца да лясных салдат... Бялевіч. Выйшаў лясны салдат з блакаднага пекла ў бяссмерце... Барадулін.

Невядомы салдат — аб загінуўшым за высакародную справу салдаце, прозвішча якога невядома.

Савецкі салдат — баец Савецкай Арміі, вартавы заваёў сацыялізма.

У салдатах (быць, служыць і пад.) — на ваеннай службе.

У салдаты (ісці, браць і пад.) — на ваенную службу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)