тара́н 1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н 2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экспеды́цыя, ‑і, ж.

1. Спец. Адпраўка, рассылка чаго‑н. (карэспандэнцыі, тавару і пад.). Экспедыцыя грузаў. Экспедыцыя карэспандэнцыі.

2. Спец. Установа ці аддзел ва ўстанове, які займаецца адпраўкай, рассылкай чаго‑н. Ганна.. атрымала месца ў экспедыцыі газеты — па перапісцы адрасоў. Гартны.

3. Аддзел канцылярыі якой‑н. дзяржаўнай установы царскай Расіі. Сергіевіч быў прыняты на працу ў Экспедыцыю па нарыхтоўцы дзяржаўных папер. Ліс.

4. Падарожжа, паездка, паход і пад. групы асоб, атрада з навуковымі, даследчымі мэтамі. Палярная экспедыцыя. □ Іншы раз.. [бацька] нават браў з сабою Максіма ў свае этнаграфічныя экспедыцыі. Майхровіч. // Ваенная аперацыя, якая праводзіцца параўнальна невялікімі ўзброенымі сіламі; узброеныя сілы, прызначаныя для такой аперацыі. Карная экспедыцыя. □ За здзек экспедыцыі карнай, За земляў крывавы падзел, За арышт партыйнай друкарні, За кожны ганебны расстрэл, .. Усё маё юнае племя Вялікую помсту нясе. Таўбін.

5. Група, атрад удзельнікаў такога падарожжа, паходу, паездкі і пад. Восенню касмічная экспедыцыя надоўга пакіне Зямлю і адправіцца ў бязмежныя глыбіні Сусвету. Шыцік.

[Лац. expeditio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круг, -а, М кру́зе, мн. кругі́, -о́ў, м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю, а таксама сама акружнасць.

2. Круглы ўчастак якой-н. паверхні.

3. Прадмет, падобны па форме на круг ці кола.

Выратавальны к.

4. перан., чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі завяршаецца што-н.

Завяршыць першы к. шахматнага спаборніцтва.

5. перан., чаго. Тое, што і кола (у 4 знач.).

К. дзейнасці.

6. каго або які. Сукупнасць, група людзей з агульнымі інтарэсамі, сувязямі; кола (у 5 знач.).

К. знаёмых.

Сямейны к.

7. Больш далёкі, абходны шлях, дарога і пад. (разм.).

Пайшоў не той сцежкай і зрабіў вялікі к.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго-н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — цямнее ў вачах ад слабасці, стомы і пад.

На круг (разм.) — па прыблізных падліках.

|| памянш. кружо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. кругавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.) і кружны́, -а́я, -о́е (да 7 знач.).

Кругавыя працэсы.

Кружная дарога.

Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога-н. пункта.

Кругавая парука

а) адказнасць усіх за кожнага і кожнага за ўсіх;

б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка ў нядобрых справах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перы́яд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адрэзак часу, у які што‑н. адбываецца або які чым‑н. абмежаваны. Перыяд росквіту. Гістарычны перыяд. Аднаўленчы перыяд. □ Камуністычная партыя кіравалася і кіруецца ленінскім вучэннем аб пераходным перыядзе ад капіталізму да сацыялізма. «Звязда».

2. Спец. Адрэзак часу, на працягу якога завяршаецца які‑н. паўторны працэс. Перыяд вагання. Перыяд абарачэння штучнага спадарожніка вакол Зямлі.

3. Спец. Час, на працягу якога адкладваюцца асадкі геалагічнай сістэмы; частка эры, якая дзеліцца ў сваю чаргу на эпохі. Ледніковы перыяд. Мелавы перыяд мезазойскай эры. Каменнавугальны перыяд палеазойскай эры. Сілурыйскі перыяд. Юрскі перыяд.

4. У матэматыцы — група лічбаў, якія нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці ў бесканечных дзесятковых дробах. Перыяд трыганаметрычнай функцыі.

5. У граматыцы — складаная сінтаксічная канструкцыя, часткі якой звязаны паміж сабой граматычна, лексічна і інтанацыйна.

6. У музыцы — пабудова, якая ўвасабляе закончаную музычную думку.

•••

Вегетацыйны перыяд — перыяд росту і развіцця расліны.

Інкубацыйны перыяд — скрыты перыяд хваробы ад моманту заражэння да паяўлення яе першых прыкмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прыпынак, часовае знаходжанне дзе‑н. на шляху руху, у паходзе і пад. Дастаткова сказаць, што стаянкі ля [святлафораў] скараціліся на 25 працэнтаў. Жычка. // Месца прыпынку, часовага знаходжання, жыхарства каго‑, чаго‑н. Стаянка зімоўшчыкаў. □ У адзін з панядзелкаў група .. [Людмілы], цяпер ужо дзесяцікласнікаў, адпраўлялася ў паход да Белага возера, месца былой партызанскай стаянкі, за сорак пяць кіламетраў ад Парэчча. Радкевіч.

2. Стаянне транспарту ў перапынках паміж яго работай. Цягнік стаяў у ляску. Каляда не разлічваў на стаянку і нагнаў шмат пары. Гурскі. Рух паступальны — поспеху залог, Таму і забаронены стаянкі На скрыжаванні вуліц і дарог. Жычка. // Месца, дзе стаіць транспарт, чакаючы пасажыраў. Стаянка таксі. □ Спыніўшыся,.. [«Масквіч»] даў задні ход і, падруліўшы да стаянкі аўтамашын, лоўка прыстроіўся ў іх шарэнгу. Рамановіч.

3. Месца пасялення людзей каменнага веку. У 1929 годзе стаянка была абследавана мінскім археолагам Палікарповічам. В. Вольскі. Пры раскопках земляных умацаванняў... археолагі знайшлі сляды стаянак першабытных людзей і .. ганчарныя печы, якімі карысталіся некалькі тысяч гадоў назад. «ЛіМ».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр. гас, газ ’газа’. Польск. gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр. гас Рудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг. газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур. gaz yaǧi (а гэта калька з англ. gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум. gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг. gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.

Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск. gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.

Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лётаць лётыць ’лятаць (у розных кірунках)’, ’хутка бегаць, хадзіць’, ’насіцца’, ’заляцацца’ (Гарэц., Нас., Шат., ТСБМ; в.-дзв., паст., віл., барыс., Сл. паўн.-зах.; маладз., Янк. Мат.), драг. лётатэ і лэ́татэ ’тс’ (І. Лучыц-Федарэц). Рус. лётать, серб.-харв. ле́тети ’лётать туды-сюды’ (у адрозненне ад ле́тати — дзеяслова шматразовага дзеяння), магчыма, чэш. létati, lítat. Прасл. інтэнсіў lětati, які ўзыходзіць да першаснага lektati, параўн. роднасныя літ. lė̃kti, lekiù ’ляцець’, lakstýti ’пырхаць, лётаць’, lakstinė́ti ’тс’ (шматразовае дзеянне), лат. lèkt, lęcu ’скакаць’, ’узыходзіць (аб месяцы, сонцы)’, ’здарацца’, часам і ’ляцець’, lę̄kât ’скакаць’ (шматразовае дзеянне), — звычайна іх супастаўляюць са ст.-грэч. λακτίζω ’брыкаюся’, ’тапчу, б’ю нагой’, с.-в.-ням. lęcken ’брыкаць, скакаць’. Цяперашні час гэтага інтэнсіва ўтвараўся пры дапамозе суф. ‑te‑ (Мее, Общеслав., 188–189); рэшткі старога спражэння можна бачыць у бел. (ашм., астрав., лаг., паст., смарг.) ляту́ — 1‑я ас., ляту́ць — 3‑я ас. (Сл. паўн.-зах.), польск. дыял. letę, letą. Група ‑kt‑ перад ‑a‑ перайшла ў ‑t‑ (Махэк₂, 328), падаўжэнне галоснай, як у lěgati (Слаўскі, 4, 65). Пазней да інтэнсіва быў даўтвораны ітэратыў letěti, а lětati стала імперфектам. Сляды інтэнсіва назіраюцца ў бел. лята́ць ’ляцець у розных кірунках’, ’хутка бегаць’ (Янк. II, ТСБМ). Праблематычным застаецца націск на галоснай кораня (як у інтэнсіва) у ітэратывах па форме бел. ваўк., івац., лях. ле́цець, чэрв. ле́ціць ’ляцець’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. таксама ляце́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бар1 ’стан або абоз цыганоў’, ’умацаваны лагер з абозам’, ’часовая стаянка; бівак’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), та́бор ’тс’ (Вруб.), сюды ж вытворныя та́барышча ’месца стаянкі цыганоў; выган, паша’ (Бяльк.), ’скопішча, стан’ (Нас.), та́бірышча ’месца жыхарства’ (барыс., Сл. ПЗБ), табо́ры мн. л. ’лагер’ (вільн., Сл. ПЗБ), та́барыцца ’сяліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. та́бір, та́бур, рус. та́бор, польск. tabor, чэш., славац. tábor, славен. tábor, серб.-харв. та̑бор, балг. та́бор ’тс’, макед. табор. Ст.-бел. таборъ ’абоз, табар’ запазычана ў канцы XVI ст. са ст.-польск. tabor, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем XV ст. са ст.-чэш. tábor. Першапачаткова азначала гусіцкі лагер і паходзіла ад аднайменнай назвы зададзенага гусітамі горада Tábor, якая ад наймення біблейскай гары Thabor (Фавор у Назарэце), гл. Трубачоў, Дополн. (4, 7, з літ-рай.), Голуб-Ліер, 475; Рэйзак, 648. Мажліва, таксама з крым.-тат. tabur ’вайсковы абоз’ (Фасмер, 4, 6–7; ЕСУМ, 5, 499; Булыка, Лекс. запаз., 122), дзе з польск. tabor або венг. tábor (Брукнер, 563). Вывядзенне з тур. tabur ’полк, батальён, пастроены ў выглядзе квадрата’, першапачатковая семантыка ’месца, прастора, якую атаварыў полк’ (Сной₁, 651), абвяргаецца цюрколагамі, гл. Немет, Acta Ling. Hung., 3, 431–436; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 387. Параўн. атабарыцца, гл.

Та́бар2 ’гайня ваўкоў’ (чашн., круп., ЛА, 1), ’гайня, зграя ваўкоў і сабак’ (Жыв. св.). Метанімічны перанос з та́бар1 са значэннямі ’група; скопішча’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)