Пераво́д1 ’соламя — падоўжная бэлька, якая кладзецца на сохі; доўгае тонкае бервяно, на якое кладуць прымітыўныя кроквы — крукі’ (б.-каш., ЛА, 4; Касп.), ’бэлька ў столі’ (паўн.-усх., Бломкв.), ’бервяно ў апошнім вянку зруба над бэлькамі’ (Мат. Маг.), піряводзіна, пераводзіна, пераводзень ’вага ў студні з жураўлём’ (сен., рэч., ДАБМ, камент., 809), ’верхняя перакладзіна ў ткацкім варштаце, якая змацоўвае яго’ (Касп.). Стараж.-рус. прѣводъ, превод ’скляпенне’, перевод (1230 г.), ст.-рус. переводина (1696 г.) ’перавод’, рус. паўн. перево́д, перево́дина, перево́день, перево́док ’бэлька — апора падлогі ці столі; перавод’. Да пера- і ве́сці (гл.), хаця матывацыя наймення застаецца няяснай. Параўн. тлумачэнне лексемы переводина — бэлька ў крытым двары, “якую можна пераводзіць, перакідваць” — ? (СРНГ, 26, 53).

Пераво́д2 ’знішчэнне, ’смерць’, пераво́дная ’знішчальная сіла’ (Нас.). Да пераве́сці (гл.). Параўн. рус. бранск., арл. перевести́ ’пахаваць каго-небудзь са звонам’, ярасл. ’пашкодзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́шчыць1 ’удараючы або сціскаючы, рабіць што-небудзь пляскатым, тонкім’ (ТСБМ), плю́шчыцца ’карабаціцца, гнуцца’ (Сцяшк. МГ), ’рабіцца плоскім’, плюшча́ты ’пляскаты’ (ТС), укр. плю́щити, рус. плющить, ст.-рус. плющити (плещити) ’расплюшчыць’ (XV ст.). Усходнеславянскае. Утворана ад плюск, параўн. ст.-рус. плюскъ ’шум ад удару, пляск, лопат’ (XV ст.). Гл. плю́скаць1.

Плю́шчыць2, плю́шчыты ’заплюшчваць, жмурыць вочы’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Шат., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ), плюшчыцца ’жмурыцца, моргаць’ (петрык., Мат. Гом.), плюшчаком ’прыжмурыўшыся’ (ТС), плю́шчыцца ’лезці’ (карэліц., Нар. сл.), укр. плю́щити. Да плю́скаць3 (гл.). Таксама можна дапусціць семантычнае развіццё з плю́шчыць1 (гл.).

Плю́шчыць3 ’значыць свойскіх гусей’: плюшчаць ім знак (ТС). Відаць, да плю́шчыць2 ’сціскаць, сплюшчваць’. Першапачаткова пры клеймаванні жывёл і птушак прабівалі ім вуха ці перапонкі, устаўлялі туды кляймо і сплюшчвалі яго, каб не гублялася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляце́нь, пле́цень, пле́цянь, плэтя́нык, пляціэ́нік ’агароджа з пераплётных тонкіх галін’ (ТСБМ; Бір.; Шушк.; Сцяшк. МГ; Шат.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ТС; Бяльк.; паўн.-ўсх., КЭС), ’агароджа з тонкіх кійкоў’ (брэсц., мін., маг., рэч., ЛА, 4), ’частакол, штакет’ (зах.-бел., в.-дзв., ЛА, 4), ’палукаш’ (мін., бярэз., ЛА, 4), пляце́ня ’плот з жэрдак’ (лун., ЛА, 4), пле́цень ’галлё, якім заплятаюць пляцень’, ’пляцёнка’, плецені́к ’хлеў з плятнёвымі сценамі’ (ТС). Укр. плеті́нь, рус. плетень ’агароджа’, польск. plecionka ’агароджа з яловых галін’, чэш. pleteň (ж. р.) ’што-небудзь сплеценае’. Пераважна ўсходнеславянскае *pletьnʼь ’сплеценая агароджа’ < і.-е. *plek‑te‑/o‑ > plesti > бел. пле́сці (гл.), параўн., аднак, балг. плете́н ’каса’, плетени́к ’сцяна з пераплётных галінкамі калоў’ (Радопы). Сюды ж: пліце́нь ’танец’ (б.-каш., рагач., Мат. Гом.), пляце́нь ’вязаная посцілка па ложак’ (капыл., Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыканды́чыць ’цягаць за валасы’ (Нас.); параўн. таксама прыкундо́сіць ’пабіць’ (Нас., Рамз.). Да зафіксаванага там жа канды́чыць з той самай семантыкай. Апошняе з’яўляецца фанематычным карэлятам (які, магчыма, разумеўся як “антыэкспрэсіўная” форма) да незафіксаванага *кунды́чыць/*кундо́чыць, чаргаваннем у фіналі асновы звязаным з кундо́сіць ’цягаць за валасы’ (гл.) < у́нды < ку́дла/‑ы ’валасы’ (гл.) < прасл. *kǫdьla/‑o (ЭССЯ, 12, 53–54). Безумоўна, не самым абгрунтаваным месцам з’яўляецца тут сувязь рэканструяванага у́нды з ку́длы, таму ЕСУМ (3, 142) прапануе іншую, даволі арыгінальную і несупярэчлівую ў семантычным плане версію — бачыць ва ўкр. кундо́сити, бел. кундо́сіць “зваротнае запазычанне” з якой-небудзь балтыйскай мовы, што можа быць зведзена да балт. *kundas ’кудзеля; валасы’ (параўн. літ. kuõdas ’чуб’) як адлюстравання прасл. *kǫda (‑у) ’кудзеля’, параўн. ко̀нди, ко̀нда ’кудзеля, ачоскі льну, канапель’. Пачатковае значэнне дзеяслова было, такім чынам, ’трапаць, церці (лён, кудзелю)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спо́саб ‘прыём, метад’, ‘парадак, характар, манера, склад’, ‘рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4), ‘матэрыяльны дастатак, сродкі’ (Варл.), ‘неабходнае для жыцця’ (Сержп. Прымхі), ‘доля’: дзеўка без спосабу (пра векавуху) (Сержп.). Укр спо́сі́б, рус. спо́соб, польск. sposób, чэш. způsob, славац. spôsob, серб.-харв. спосо̀ба. Параўн. пасоба ‘дапамога’ (Нас.), рус. посо́бие, якія з выразу *ро sobě (гл. сябе); Міклашыч, 331–332; Фасмер, 3, 738. Якабсон (гл. у Фасмера, там жа) усходнеславянскія словы лічыць запазычаннем праз польскую з ст.-чэш. zpósob. Аналагічна Кохман, Stosunki, 126. Сяткоўскі (гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334) чэшскі ўплыў бачыць толькі ў развіцці абстрактных значэнняў. Борысь (570) рэканструюе паўн.-прасл. *sъposobъ як аддзеяслоўны дэрыват ад *sъposobiti < *posobiti < *ро sobě, параўн. спасобіць ‘падрыхтоўваць, запасаць’ (Нас.), ст.-бел. способяти ‘падрыхтаваць, сабраць’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; заг. адскоч; зак.

1. Аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. хутка, скокам. [Хлопцы] рынуліся да труса, але з страшэнным крыкам адскочылі назад: нешта так ўкусіла іх за ногі, што аж уваччу пацямнела. Маўр. Як толькі.. [Турсевіч] адышоўся. Лабановіч зноў таемна пастукаў у шкло і борздзенька адскочыў. Колас. // перан. Размясціцца ў аддаленні. Ніводнага гуку ні на прыстані, ні на вёсцы, што адскочыла ў поле ад стромкага берага. Ракітны.

2. Ударыўшыся, стукнуўшыся аб што‑н., адляцець у процілеглым напрамку ці ўбок. Я падняў нават кій, намерваючыся запусціць ім у жалезную бочку.., але ў апошнюю хвіліну стрымаўся, бо пабаяўся, што адскочыць кій ад бочкі і яшчэ трапіць каму-небудзь у галаву. Карпюк.

3. Разм. Пачаць расці, адрасці. Пад яловаю лапай з сонечнага боку адскочыў кусцік зялёнай, па-вясноваму свежай травы. Лужанін.

4. Аддзяліцца, адарвацца, адляцець. На дзвярах вісеў замок. Даміра пакратаў за думку, яна адскочыла. Асіпенка. [Дзераш] разы чатыры ўдарыў.., потым падважыў пешняй, і цэлая ёмкая і важкая скіба гліны адскочыла. Шынклер.

5. Разм. Адлучыцца на кароткі час. [Вэня:] — Пакуль ты будзеш гэтым займацца [калоць свіней], я пехатой адскочу на хутары, прыгавару пару япрукоў. Чорны.

•••

Недалёка адскочыць — быць амаль аднолькавым з кім‑н. у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зарадзі́ць 1, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., што.

Разм. Выклікаць, парадзіць (думкі, пачуцці і пад.). Зарадзіць сумненне ў кім-небудзь.

зарадзі́ць 2, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., каго-што.

1. Уставіць зарад (снарад, патрон, узрывальнік і пад.) у што‑н. Зарадзіць гармату. Зарадзіць дыск. Зарадзіць міну. Зарадзіць стрэльбу шротам.

2. Падрыхтаваць да дзеяння, уставіўшы што‑н., заправіўшы чым‑н. Зарадзіць фотаапарат.

3. Перадаць якую‑н. энергію (целу, прыбору і пад.). Зарадзіць акумулятар. Зарадзіць анод дыёда.

4. перан. Абудзіць якое‑н. пачуццё, якую‑н. якасць. [Шыковіч] гарэў жаданнем паспрачацца. І не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй каб зарадзіць, распаліць самога сябе. Шамякін. А дзед, ці ўзяўшыся за якую работу, ці седзячы з палонныя за сталом, — усюды стараўся як мага лепш зарадзіць.. [Алеся] для ўдзячнай, самаахвярнай стараннасці. Брыль.

зарадзі́ць 3, ‑родзіць; зак.

Разм. Урадзіць, даць багаты ўраджай. — Сёлета ў нас пшаніца добрая зарадзіла. Лобан. Не зарадзіў мак — перабудзем і так. З нар.

зарадзі́ць 4, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак., што і з інф.

Разм. Распачаць якое‑н. бясконцае, бесперапыннае дзеянне; пачаць гаварыць, паўтараць адно і тое ж. Зарадзіў адно і тое ж. Зарадзіў насвістваць. // без дап. Пачаць бесперапынна ісці, ліць (пра дождж). Па лужынах заскакалі бурбалкі, значыцца, дождж зарадзіў надоўга. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марш 1, ‑а і ‑у; м.

1. ‑у. Спосаб мернай рытмічнай хадзьбы ў страі. Цырыманіяльны марш.

2. ‑у. Пераход войск паходным парадкам з аднаго раёна ў другі; паход. [Дывізія] рабіла марш па дваццаць-трыццаць кіламетраў, а тады спынялася ў якім-небудзь гарадку і навакольных вёсках на тры-чатыры дні, а то і на тыдзень. Марціновіч. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.

3. ‑а. Музычны твор. Спартыўны марш. □ «Рэпертуар» .. [Тамаша] быў небагаты: два маршы, тры полькі, кадрыль. Бядуля.

4. ‑а. Спец. Частка лесвіцы паміж дзвюма лесвічнымі пляцоўкамі. Вось .. [Ніна Пятроўна] мінула першы марш лесвіцы, потым другі — і постаць яе знікла з маіх вачэй. Васілёнак.

•••

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

[Фр. marche — хадзьба.]

марш 2, выкл.

1. Каманда для пачатку руху ў страі або для змены павольнага руху на больш хуткі. [Караневіч:] Усе падраздзяленне павінны прывесці сябе ў поўную гатоўнасць на выпадак, калі падасца каманда — шагам марш. Крапіва.

2. Разм. Загад пайсці куды‑н. — А ну, хлопцы, марш, — паказаў выразна кіем напрамак дзед. Васілевіч. Я моцна зазлаваў і папер беднае дзіця: — Кідай дровы! Панашу іх сам. А ну марш дадому! Карпюк.

[Ад фр. marche (заг. ад marcher) — ідзі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́рта, ‑ы, ДМ карце; Р мн. карт; ж.

1. Зменшаны чарцёж зямной паверхні або яе часткі з пераважным улікам тых або іншых спецыяльных прымет. Геаграфічная карта. Тапаграфічная карта. Лінгвістычная карта. // Чарцёж зорнага неба або паверхні планеты. Астранамічная карта. Карта Месяца.

2. Адзін з цвёрдых папяровых лісткоў, якія складаюць набор (калоду) для гульні і адрозніваюцца паміж сабой па намаляваных на іх умоўных фігурах або ачках чатырох масцей. Калода карт. Тасаваць карты. Казырная карта. // мн. (ка́рты, карт). Гульня пры дапамозе такіх лісткоў. Гуляць у карты. □ Вечарамі зімой збіраліся малінаўцы да каго-небудзь на вячоркі, бесперапынна курылі і рэзаліся ў карты — у воза або ў дурня. Чарнышэвіч.

3. Ліст паперы, бланк, які трэба запоўніць спецыяльнымі звесткамі. Санаторная карта. Тэхналагічная карта.

•••

Контурная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены абрысы вадаёмаў і сушы без назвы іх.

Нямая карта — вучэбная геаграфічная карта без абазначэння назваў.

Сінаптычная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены звесткі аб надвор’і, атрыманыя адначасова ў розных месцах (служыць для прадказання надвор’я).

Зблытаць карты гл. зблытаць.

(І) карты ў рукі каму — пра таго, хто мае ўсе магчымасці, умовы для чаго‑н.

Карта (стаўка) біта — пра чый‑н. пройгрыш, правал.

Раскрыць карты гл. раскрыць.

Скласці карты гл. скласці.

Ставіць на карту гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)