пужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Наводзіць страх, палохаць. Пукатыя вочы, крывая дзюба [пугача] нават цяпер пужаюць. Маўр. Вецер гойсае па пушчы і галлё сухое трушчыць, птушанят малых пужае на яліне у гняздзе. Грахоўскі. // Прымушаць баяцца каго‑, чаго‑н., страшыць кім‑, чым‑н. Пужаць дзяцей бабай-ягой. □ Словы «генеральная рэпетыцыя» здаваліся сялянам нейкім страшыдлам, ім нават пужалі дзяцей. Пшыркоў. // Выклікаць трывогу. Работа не пужала мяне, а пужала беспрасветнасць яе. Скрыган. [Доктар:] — Але скажу вам, што жанчына, якая ніколі не плача, мяне пужае і.. замарожвае. Васілевіч.

2. Спужаўшы, прымушаць падняцца з месца, пабегчы, паляцець. Прыжмурыўшы вока, Міколка ўглядаецца ў далёкую грушу .. — Ізноў нехта бусла пужае... Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарс, ‑а, м.

1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.

2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.

[Фр. farce.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́вад1 ’прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня (цяля, карову)’ (ТСБМ, Янк. 1, Янк. Мат., Шат., Касп., Маслен., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), по́выд (Бяльк.) ’тс’; ’сцябло гарбуза’ (Мат. Гом.), по́вод ’тс’ (Шатал., ТС), по́вад ’гульня: гульцы становяцца ў лінію, бяруцца за рукі, утвараючы “повад”’ (ЭБ), ст.-бел. поводъ ’кіраванне’ (1596). Укр. по́від, рус. по́вад, польск. powód, серб.-харв. по́вод ’повад’. Прасл. *povodъ ад *povoditi, параўн. пово́дить ’кіраваць валамі ў вупражы’ (Маслен.) < *po‑ і *voditi, ст.-бел. водца ’вуздэчка’, чэш. vodítko ’аброжак, павадок’. Гл. вадзіць, весці.

По́вад2 ’парода (жывёлы)’ (Касп.). Ст.-укр. поводъ ’пачатак, паходжанне’, рус. па́вод ’парода’, чэш. původ ’паходжанне’, славац. pȏvod ’тс’, параўн. яшчэ вывадак, рус. заво́д (гл.) ’гаспадарка па развядзенні жывёлы’. Да повад1 (гл.).

По́вад3 ’прычына, падстава’ (ТСБМ). Ст.-бел. поводъ ’падстава’ (1423). Да повад1 (гл.); што да семантыкі, параўн. англ. breed ’парода’ > ’быць прычынай чаго, выклікаць што’. З іншай прэфіксацыяй параўн. пры́вад (прівод) ’слушнасць, дарэчнасць’ (Нар. лекс.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адазва́цца, адзавуся, адзавешся, адзавецца; адзавёмся, адзавяцеся; зак.

1. Адказаць на кліч, адгукнуцца. — Ці ты помніш той бор, Дзе я клікаў цябе, А ты моўчкі пайшла, Адазвацца, хоць блізка была, Не змагла? Куляшоў. Сеўшы ў човен хісткі, Я ізноў гукаю: — Дзе ты? Адзавіся! Я даўно шукаю. Гілевіч. // перан.; на што і без дап. Аднесціся спачувальна да чаго‑н.; адказаць якім‑н. пачуццём на што‑н. Адазвацца на заклік. Адазвацца на просьбу. □ Сэрца яго [Мікалая] адазвалася радасным стукам. Дамашэвіч.

2. Падаць голас, абазвацца. Патапчык ехаў сабе наперадзе і нават ні разу не адазваўся. Чарнышэвіч.

3. Прагучаць у адказ на які‑н. гук, удар. Ледзь чутным трымценнем яму [матору] адазвалася ў вокнах шыбы. Карпаў. // Адбіцца (пра гукі). Уздоўж ракі імклівым віхрам пракацілася рэха і адазвалася недзе далёка ў лесе. Кулакоўскі.

4. чым, у кім-чым. Выклікаць сабою якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад. Смерць Хвядоса Шынклера адазвалася вялікім болем у сэрцах тых, хто асабіста ведаў яго, хто быў звязаны з ім ніцямі дружбы. Арабей.

5. Выказаць сваю думку аб кім‑, чым‑н., даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Мікола, каб неяк выклікаць юнака на шчырую гутарку, сам пачаў расказваць пра сябе. Пра сваю працу, пра сваю вышэйшую адукацыю, аб якой, магчыма, знарок адазваўся зняважліва, — гэта і запомніў Вадзім. Гаўрылкін.

6. Даць сябе адчуць, выявіцца. Адчувала.. [Люба] сябе, як разарваная на кавалкі.. Вельмі можа быць, што гэта адазвалася спрацаванасць. Чорны. [Паўлінка:] Памагаў [бацька], пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхецкая фанабэрыя. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асвяжы́ць, асвяжу, асвяжыш, асвяжыць; асвяжым, асвежыце; зак., каго-што.

1. Зрабіць свежым, чыстым. Першы снег асвяжыў паветра, зрабіў яго прыемным для чалавека. Галавач. Разам з кветкамі ў пакой уварвалася вясна, асвяжыла яго, упрыгожыла. Васілевіч. // Выклікаць адчуванне свежасці, халадку; ахаладзіць. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Броўка.

2. Аднавіць сілы, вярнуць бадзёрасць. Тацяна.. напілася, чэрпаючы ваду прыгаршчамі, пражыла вочы. Вада асвяжыла, прагнала сон. Шамякін.

3. Абнавіць, паднавіць. Асвяжыць фарбы. Асвяжыць туалет. □ Учора.. [суседка] прыйшла да іх, пасядзела трошкі, пагаварыла, ды кажа: — Пайду хіба дахаты. Думаю к святу аканіцы асвяжыць. Пальчэўскі.

4. Аднавіць у памяці. Трэба было яшчэ раз перад дзяржаўным экзаменам.. асвяжыць усё ў сваёй памяці. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кава́ць, кую, куеш, куе; куём, куяце; незак., што.

1. Ударамі молата або ціскам апрацоўваць распалены метал, надаваць яму патрэбную форму. Каваць жалеза. // Вырабляць каваннем. Заўсёды ля .. кузні шмат народу: падкоўваюць коней, куюць нарогі. Бядуля.

2. перан. Настойлівай працай, вялікімі намаганнямі ствараць што‑н., дамагацца чаго‑н. Каваць перамогу. □ — Табе, Міхась, ужо вядома, Што нашы людзі мір куюць, На рыштаваннях, на варштатах, У інстытутах, у брыгадах. Корбан. Людзі самі, сваімі шчырымі рукамі, куюць сваё шчасце, робяць вясну на зямлі! Бялевіч.

3. Падкоўваць, акоўваць. Каваць колы. □ У наступныя дні ён вадзіў у саўгасную кузню каваць кон[ей]. Чорны.

4. Закоўваць (у кайданы і пад.). Так і павялі таварыша Васіля.. Каваць не пасмелі, каб не выклікаць цікаўнасці людзей. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будзі́ць, буджу, будзіш, будзіць; незак., каго-што.

1. Перабіваць чый‑н. сон, спакой, прымушаць прачнуцца. Звонкія, маладыя галасы будзілі спакой гэтага ціхага вечара. Колас. Ужо дзед яго [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка. Умела .. [Рагіна] слаць пасцель, умела яна і будзіць — голас у яе ветлы і чысты. Адамчык. // Абуджаць што‑н. у каго‑н. Жалейка! Тоненькі галасочак яе з рознымі адценнямі гучыць у прасторы, будзіць .. нейкія патаемныя струны душы. С. Александровіч. Зямля.. — шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Чорны.

2. перан. Выклікаць да жыцця, дзейнасці. Ці ёсць сіла, каб зацьміла Сонца яснага прамені, Што краіну будзяць мілую Да жыцця, да адраджэння. Васілёк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакары́ць 1, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., каго-што.

1. Сілай, прымусам падпарадкаваць сваёй уладзе; заваяваць. Лютым ворагам не ўдасца Ланцугамі, чорнай здрадай, Пакарыць, закуць навекі Слаўных сокалаў Элады. Танк. // перан. Асвоіць што‑н., авалодаць чым‑н. Глыбіню азёр і сілу рэк, Нават сонца яснае і зоры — Пакарыў упарты чалавек. Броўка.

2. Моцна ўздзейнічаць, падпарадкаваць сабе. Зморанага, пасля душэўных пакут, .. [Пятра] вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні. Шамякін. — Вось яна, сіла праўды і ўпэўненасці, якая павінна пакарыць увесь свет, — нібы сам сабе прамовіў Карэджы. Маўр. // перан. Выклікаць сімпатыю, давер. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

пакары́ць 2, ‑кару, ‑корыш, ‑корыць; зак., што.

Акарыць усё, многае. Пакарыць усё бярвенне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калоць1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр. колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус. колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск. kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж. kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж. kłojś у падобных значэннях, чэш. kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш. мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац. klať ’забіваць (свіней)’, славен. kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв. кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед. колам ’забіваць, мучыць’, балг. коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав. клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл. kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ. kálti ’каваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав. kovati літ. káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат. kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е. kol параўн. БЕР, 2, 564.

Кало́ць2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.

Кало́ць3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)