сна́йпер, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Спецыяльна падрыхтаваны стралок вышэйшай кваліфікацыі, які дасканала валодае майстэрствам выключна трапнай стральбы, маскіроўкі і назірання і звычайна паражае цэль з першага стрэлу.

С., як правіла, узброены вінтоўкай з аптычным прыцэлам.

2. перан. Той, хто дзейнічае трапна і дакладна.

На футбольным полі ён — с.

|| прым. сна́йперскі, -ая, -ае.

С. агонь (трапны, дакладны).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

падцэ́ліць, ‑цэлю, ‑цэліш, ‑цэліць; зак.

Разм.

1. Трапна папасці куды‑н., у якую‑н. цэль. [Тарэнта:] — Падцэляць жа вось неяк акурат у галаву. Калі б яшчэ раз давялося, дык бы напэўна ўжо ў лоб проста падцэлілі б. Галавач.

2. перан. Угадаць, улавіць зручны момант.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыпле́т, ‑а, М ‑плоце, м.

1. Назва розных сістэм, устройстваў і пад., якія характарызуюцца наяўнасцю трох частак.

2. Трэці экземпляр якой‑н. рэчы (звычайна рэдкай).

3. У більярдзе — удар, пры якім шар трапляе ў цэль, адскочыўшы спачатку ад аднаго, потым ад другога борта.

[Ад фр. tripler — утройваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае здольнасць беспамылкова пападаць у цэль. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Накіраваны ў цэль. Другі раз .. [Яська] цэліўся нядоўга, і зноў стрэл быў трапны, бо газ таксама саскочыў з цвіка. Хомчанка. // Які без промаху пападае ў цэль (пра зброю, снарад і пад.). Ад трапнай ад снайперскай кулі тваёй Палезла нямала фашыстаў крывавых. Астрэйка. Ад трапных гранат уздрыгваюць земляныя каптуры бункераў. Брыль.

2. перан. Які дакладна і правільна падмячае, схоплівае што‑н. [Рэферэнт:] — Нават у дурняў бываюць трапныя думкі, апрача «жалезнай логікі». Машара. // Які дакладна і востра выражае, перадае асноўную сутнасць з’явы і пад. Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас. Адзін з першых крытыкаў і даследчыкаў нашай літаратуры Максім Багдановіч .. зрабіў вельмі трапнае назіранне, што «па-першае, гэта белетрыстыка ідзе ў народ і, па-другое, што яна ідзе з народа». С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́дчык, ‑а, м.

1. Баец, які наводзіць гармату, кулямёт і пад. на цэль. Яны ўтраіх — капітан, камандзір гарматы і наводчык — сочаць за небам. Ракітны.

2. Рабочы, які займаецца наводкай чаго‑н. Наводчык мастоў.

3. Член зладзейскай шайкі, які наводзіць на месца, дзе можна красці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́сці, -паду́, -падзе́ш, -падзе́; -падзём, -падзяце́, -паду́ць; -па́ў, -па́ла; -падзі́; зак.

1. у каго-што. Трапіць у цэль, дасягнуць каго-, чаго-н. чым-н. кінутым, накіраваным.

П. ў цэль.

Бомба папала ў дом.

2. Апынуцца ў якім-н. месцы, становішчы, абставінах (звычайна выпадкова, нечакана).

П. пад суд.

Сена папала пад дождж.

3. безас., каму. Пра спагнанні, непрыемнасці, якія атрымае або можа атрымаць хто-н. (разм.).

Пападзе табе, хлопча, ад бацькі за такое!

4. прош. папа́ла. У выразах (разм.): дзе папала (усё роўна дзе, абы-дзе), куды папала (абы-куды), чым папала (абы-чым), што папала (усё роўна што, абы-што), як папала (усё роўна як, у беспарадку, абы-як).

|| незак. папада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.); наз. папада́нне, -я, н. (у 1 знач.).

Прамое п. снарада.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цаляць, нацэльваць, нацэльвацца, прыцэльвацца, меціць, лучыць □ наводзіць на цэль

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

прама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак., што.

1. Старанна змазаць, намазаць. Прамазаць усе часткі машыны.

2. і без дап. Мазаць некаторы час.

3. Разм. Прамахнуцца, не трапіць у цэль (страляючы, гуляючы ў якія‑н. гульні і пад.). Коршак спакойна праплыў над сядзібай. Усе правялі яго вачамі. Яраш пашкадаваў: — Прамазаў Віктар. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ві́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Назва розных дэталей, прыстасаванняў з раздвоеным канцом. Штэпсельная вілка.

2. Сукупнасць двух прыцэлаў, пры адным з якіх атрымліваецца недалёт, а пры другім — пералёт снарадаў у адносінах да цэлі. Узяць цэль у вілку.

3. Шахматная пазіцыя, пры якой адна фігура пагражае адначасова некалькім фігурам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трэфны, ст.-бел. трефный ‘адборны, рэдкі’, ‘трапны, смешны, жартаўлівы’ (ГСБМ). З польск. trefny, trafny ‘адборны; жартаўлівы; дасціпны’ ад trafiać ‘трапляць у цэль; дасягаць мэты’, што да с.-в.-ням. trëffen ‘тс’ (Вінцэнц). Меркаванне пра крыніцу ў венг. tréfás ‘дасціпны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 196) не мае падстаў, хутчэй праз чэш. trefny ‘меткі, адпаведны, падыходзячы’ ў часы ўзмацнення чэшскага ўплыву на польскую мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)