ІВАНО́Ў (Анатоль Васілевіч) (15.11.1914, с. Зямлянск Сямілуцкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 18.8.1996),
рускі пісьменнік, празаік. Скончыў Варонежскі мед.ін-т (1937). Як ваен. ўрач удзельнічаў у баях каля воз. Хасан (1938). У 1946—63 у БВА. Друкаваўся з 1933. Найб. значныя творы — раман «На Далёкім Усходзе» (1954) і аповесць «Пад намі цэль» (1976), прысвечаны жыццю воінаў-далёкаўсходнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́НЬ (ад тур. nişan знак),
штучная цэль, якая імітуе адну, некалькі або ўсе найб. характэрныя прыкметы рэальнай цэлі (памеры, форму, колер, спосаб і хуткасць перамяшчэння, манеўр і інш.) і выкарыстоўваецца для трэніровак у стральбе. Ужываюцца таксама макеты ваен. тэхнікі і яе сапраўдныя ўзоры. Паводле прызначэння адрозніваюць М. вучэбныя, выпрабавальныя, спарт. і інш., па форме — плоскія і аб’ёмныя, паводле характару імітацыі — рухомыя, нерухомыя і якія паяўляюцца і знікаюць. М. падраздзяляюцца на балістычныя, паветраныя, марскія, наземныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧКО́ВАЯ ЗБРО́Я,
від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,
беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл.Ракета).
К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв. вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв. вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.
У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс.км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЭ́Л,
прылада і прыстасаванне для наводкі зброі ў цэль. Выкарыстоўваюцца таксама для назірання за полем бою і выбару цэлі. Бываюць: артыл. (мінамётныя, зенітныя), авіяц., стралковыя, танк., ракетных комплексаў (прыцэльныя сістэмы) і інш.; мех., оптыка-электронныя (аптычныя, інфрачырвоныя, лазерныя, тэлевізійныя), радыёлакацыйныя; аўтам., паўаўтам. і неаўтаматычныя.
Артыл. П. (мех. і аптычныя) забяспечваюць прыцэльванне гарматы ў гарыз. і верт. плоскасцях непасрэдным візіраваннем па цэлі, па мясц. аб’екце ці адлікам ад гарызонту гарматы; авіяц. П. — прыцэльванне пры бомба- і тарпедакіданні, выкарыстанне стралкова-гарматнай і ракетнай зброі па наземных, марскіх і паветраных цэлях; танкавыя (П.-дальнамеры, перыскапічныя і тэлескапічныя аптычныя П., вылічальныя прыстасаванні) — устанаўліваюць вугал прыцэльвання і робяць наводку танк. гарматы; прыцэльныя сістэмы ракетных комплексаў забяспечваюць прасторавую арыентацыю корпуса ракеты або вымяральных элементаў сістэмы кіравання перад пускам. Начныя (інфрачырвоныя) П. выкарыстоўваюцца для стральбы ноччу са стралк. зброі, процітанк. і танк. гармат; бываюць тэлескапічнай ці перыскапічнай канструкцыі; актыўныя (са спец. крыніцамі інфрачырвонага выпрамянення) і пасіўныя (успрымаюць інфрачырвонае выпрамяненне цэляў). Разнавіднасць актыўных начных П. — лазерныя П. (выкарыстоўваецца інфрачырвонае выпрамяненне лазера). Радыёлакацыйныя П. маюць візірнае прыстасаванне на базе радыёлакацыйнай станцыі; выкарыстоўваюцца ў любое надвор’е і любы час сутак (самалётныя ўваходзяць у прыцэльна-навігацыйную сістэму самалёта).
Прыцэлы: а — механічны кулямётны (1 — прыцэльная планка, 2 — хамуцік, 3 — цэлік); б — аптычны панарамны (1 — кольца з дакладнай шкалой вугламера, 2 — корпус адбівальнай прызмы і панарамы, 3 — шкала вугламера); в — аўтаматычны зенітнай пушкі (1 і 6 — каліматары, 2 — лічыльна-рашальная частка, 3 — механізм уводу вуглоў пікіравання цэлі, 4 — курсавая галоўка, 5 — механізм уводу скорасці цэлі і далёкасці да яе).