Скарбо́нка ‘скрыначка для збору царкоўнай міласціны’, ‘скрыначка, бляшанка з вузкай шчылінай для збірання, назапашвання грошай’ (Нас., ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Бяльк.), скорбо́нка ‘тс’ (ТС), скарбёнка ‘тс’ (Шат., Касп., Барад.). Запазычанне з польск. skarbona, skarbonka ‘тс’; гл. Кюнэ, Poln., 96. У аснове польскага слова ляжыць ст.-польск. karbona ‘царкоўная конаўка’, запазычанае ў ст.-бел. карбона ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 178), якое потым было скантамінавана з скарб (гл.). Karbona праз с.-лац. corbona, па адной версіі, было запазычана з грэч. καρβονας ‘божыя грошы’ (Міклашыч, 288) або з гебр. korbān ‘ахвярны дар’ (Борысь, 550).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
прыхо́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Дзеянне паводле дзеясл. прыходзіць — прыйсці (у 1–4 знач.).
прыхо́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Паступленне грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей, якое адзначаецца ў бухгалтарскіх кнігах. Прыход перавышае расход. // Графа бухгалтарскай кнігі, у якой запісваецца паступленне грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей.
прыхо́д 3, ‑а, М ‑дзе, м.
Ніжэйшая царкоўная арганізацыя ў хрысціянскай царкве; мясцовасць, дзе жывуць члены гэтай арганізацыі. Царкоўны прыход. □ Марыю разам з другімі прыгожымі дзяўчатамі з другіх прыходаў пасылалі аднойчы на нейкую ўрачыстую імшу, якую правіў сам папа ў саборы святога Пятра. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Зако́н ’устанаўленне’. Рус., укр. зако́н, польск. zakon ’царкоўная арганізацыя’, уст. ’закон’, серб.-луж. zákon ’закон’, чэш., славац., славен. zákon, серб.-харв. за́кон, балг. зако̀н, макед. закон ’тс’. Ст.-слав. законъ ’закон, парадак’. Ст.-рус., ст.-бел. законъ ’закон, парадак, устанаўленне’. Прасл. імя, суадноснае па чаргаванню галоснага ў корані з začęti < *za‑ken‑li — za‑kon‑ъ (параўн. кон, канец, пачатак). Копечны, Zákl. zásoba, 421; Мейе, Études, 218; Фасмер, 2, 75; Шанскі, 2, З, 38. Не зусім ясны семантычны ход спрабаваў тлумачыць Махэк₂, 709: «ад нейкага za‑kon‑ati ’станавіць’», што можна прыняць. Іншая версія, БЕР, 1, 592: прасл. zakanъ > ’пачатак, аснова, прынцып’. С.-грэч., рум., алб. запазычылі слова zakon у знач. ’звычай’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
скарбо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Скрыначка, бляшанка і пад. з вузкай шчылінай для збірання, назапашвання грошай. Устаўшы раніцай,.. [Юра] разбіў сваю фарфоравую скарбонку і пералічыў грошы. Было аж дваццаць два рублі. Бяганская. На камодзе яго [Шулікава] ўвагу прыцягнула скарбонка, зробленая ў выглядзе прыгожага белага сабачкі з чырвоным банцікам на шыі. Васілёнак. // Бляшанка для збору ахвяраванняў (у царкве, на відовішчах і пад.). А ў царкве ўсё прыбывае Падманутых людзей. Грыміць Царкоўная скарбонка! Корбан. У зале пачыналіся скокі, і медныя гукі аркестра зліваліся з бразга[там] медзякоў у пустыя скарбонкі. Гартны. // перан. Запас грошай; асабовы рахунак эканоміі сродкаў. [Кіра:] — Мы, тата, у камсамольскую скарбонку не адну тысячу паклалі. Карпаў. У скарбонку ашчаднасць пакладзены новыя тысячы рублёў. «Звязда».
2. Тое, што і скарбніца (у 2 знач.). На шчасце, паявіўся Кібрык, які быў сапраўднай скарбонкай розных звестак і чутак. Шыцік. Аповесць «Дрыгва» ўвайшла ў скарбонку не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай літаратуры. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)