Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ ЦАРКО́ЎНАЯ,
багаслоўская дысцыпліна, якая займаецца пошукам і вывучэннем рэчаў і помнікаў, звязаных з гісторыяй хрысціянскай царквы. Прадметам археалогіі царкоўнай з’яўляецца таксама аднаўленне і апісанне геагр., побытавага і інш. фону, на якім адбываліся біблейскія падзеі. Выкладаецца ў духоўных навуч. установах пад назвай «Царкоўная археалогія ў сувязі з гісторыяй хрысціянскага мастацтва». Трэба адрозніваць археалогію царкоўную ад т.зв. «Археалогіі біблейскай», мэта якой на аснове археал. раскопак на тэр.стараж. Палесціны, Месапатаміі, Егіпта, Міжземнамор’я даказаць міфалагічны характар біблейскіх сказанняў, асобных тэкстаў і сюжэтаў Старога і Новага Запаветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПТЫ,
этнаканфесіянальная група егіп. арабаў, якія вызнаюць хрысціянства (пераважна манафісіты, ёсць уніяты і пратэстанты). Нашчадкі даараб. насельніцтва Егіпта. Жывуць пераважна ў гарадах Верх. Егіпта (2 млн.чал.), а таксама ў інш. краінах Б.Усходу. Агульная колькасць — больш за 4 млн.чал. (1992). Гавораць на араб. мове; копцкая мова захавалася як царкоўная. У 4—7 ст., да заваявання арабамі, стварылі своеасаблівае мастацтва, якое ўвабрала ў сябе культ. спадчыну Стараж. Егіпта і антычнасці (гл.Копцкае мастацтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЯЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (2.10.1828, мяст. Кузніца, Польшча — 4.9.1891),
гісторык, этнограф, публіцыст, адзін з гал. ідэолагаў заходнерусізму. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1855). Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай духоўных семінарыях. Абараняў панславісцкую канцэпцыю гісторыі Расіі. Гіст. канцэпцыю заходнерусізму сфармуляваў у прамове «Гістарычная жывучасць рускага народа і яго культурныя асаблівасці» (1883). Аўтар прац па царк. і паліт. гісторыі Беларусі: «Літоўская царкоўная унія» (т. 1—2, 1859—61), «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя ўз’яднання заходнярускіх уніятаў старых часоў» (1873) і інш.
Тв.:
История русского самосознания: По историческим памятникам и научным сочинениям. 4 изд. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Папская дзяржава, Царкоўная вобласць, Царкоўная дзяржава,
тэакратычная дзяржава ў Сярэдняй Італіі на чале з папам рымскім у 756—1870. Сталіца — г.Рым. Утварылася пасля таго, як кароль франкаў Піпін Кароткі падараваў папу рымскаму Стэфану II Рымскую вобл., Равенскі экзархат (уключаў таксама Венецыю і Істрыю), Пентаполіс, Парму, Рэджыю, Мантую, герцагствы Спалета і Беневента, в-аў Корсіка. У 774 падараванне пацвердзіў Карл Вялікі. Да 888 П.в. — частка імперыі Каралінгаў, у 962—1274 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Межы П.в. неаднаразова мяняліся, гэтаму спрыяла феад. раздробленасць. У 13 ст. большасць гарадоў П.в. сталі камунамі. Уладу пап аслаблялі ератычныя рухі (Арнольда Брэшыянскага 1145—55) і паўстанні (Кола ды Рыенца ў 1347 і 1354). Асабліва іх ўлада аслабла ў перыяд Авіньёнскага паланення папаў. У 15 — пач. 16 ст. пачалося аднаўленне П.в., якое дасягнула значных поспехаў пры Аляксандру VI і Юлію II. У 16—18 ст. П.в. ператварылася ў абсалютысцкую дзяржаву. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 на яе тэр. ўтварылася Рымская рэспубліка 1798—99. У 1809—14 П.в. у складзе Франц. імперыі, адноўлена ў 1815. Пасля задушэння рэвалюцыі 1848 і ліквідацыі Рым. рэспублікі 1849 у П.в. размяшчаўся (з 1849) франц.вайск. корпус. Пасля рэвалюцыі 1859—60 ад П.в. да Сардзінскага (з 1861 Італьян.) каралеўства адышлі ўсе землі, акрамя Рыма і Рымскай вобл. У 1870 П.в. стала часткай аб’яднанай Італіі. У выніку Латэранскіх дагавораў 1929 папская дзяржава адноўлена на невялікай ч. Рыма (гл.Ватыкан).
Літ.:
Лозинский С.Г. История папства. 3 изд. М., 1986;
Ковальский Я.В. Папы и папство: Пер. с пол. М., 1991.