Разгламаздзі́ць ’разабраць, расплесці’ (Юрч. СНЛ), разгламазда́чыць, разгламаздзя́чыць ’разгрувасціць’ (Юрч. СНЛ), разгломоздзи́ць ’раструшчыць’ (Нас.), гламза́ ’неакуратная асоба’, гламжэ́нне ’псаванне, неакуратная работа’ (Юрч. СНЛ). Здзіўляе фармальнае падабенства з гламазда́ ’расцяпа, нехлемяжы і пад.’ (гл.), але ў такім выпадку застаюцца незразумелымі семантычныя сувязі. Апошнія формы можна параўнаць з літ. glamužỹs ’кіпа’, ’стос’, glámžymas ’камячанне’, glámžyti ’камячыць’. Фармальнае падабенства прымушае меркаваць і пра сувязь з гро́мазд (гро́мызд, гро́мыст) ’вялікія непатрэбныя рэчы, хлам’ (Юрч.; мсцісл., Нар. сл.), рус. гро́мо́зд ’куча непатрэбных рэчаў, хлам’, громозди́ть ’бязладна класці’, польск. gromaździć ’нагрувашчваць’, якія звязаны з грамада́ (гл.), а ‑л‑ на месцы ‑р‑ узнікла пад уплывам слова гламазда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

касцёр, ‑стра, м.

1. Агонь, распалены з кучы галля, дроў або ламачча; вогнішча. Раскласці касцёр. Партызанскія кастры. □ Нацягалі сухіх шыпулек, ламачча, і скора ўспыхнуў вялізны касцёр. Чарнышэвіч. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

2. Складзеныя ў пэўным парадку дровы або іншы лясны матэрыял. Дровы складзены ў касцёр, Косцік вешае пілу ў падпаветцы на цвік. Васілевіч. // Абл. Стос, горка. Паміж двух лаў пад абразамі Туліўся стол з двума кастрамі Аладак грэцкіх, як пампушак. Колас.

3. Мацаванне са стоек, складзеных гарызантальна адна на адну ў выглядзе трохвугольных або квадратных калон, якія падпіраюць столь горнай распрацоўкі.

•••

Піянерскі касцёр — урачысты сход піянераў каля кастра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стапа́ ‘адзінка падліку пісчай паперы, роўная 1000 лістоў’ (ТСБМ), stapá або stupień ‘ступня’ (Пятк. 2). Параўн. укр. стопа́ ‘ступня; стос’, рус. стопа́ ‘ступня; старая мера’, стараж.-рус. стопа ‘ступня, падэшва нагі; крок’, польск. stopa ‘ступня, мера даўжыні’, чэш. stopa ‘тс’, славац. stopa ‘тс’, в.-луж. stopa ‘нага, след нагі, крок; мера’, н.-луж. stopa ‘тс’, серб.-харв. сто̀па ‘ступня, след, крок; мера’, славен. stópa ‘крок, след, ступня’, балг. стъпа́ло ‘ступня’, стъпка ‘крок’, макед. стапало ‘ступня’, станка ‘крок, мера’, ст.-слав. стопа ‘след, ступня, крок’. Прасл. *stopa ‘падэшва (нагі), след (нагі)’; якое з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад незахаванага прасл. *stepti (гл. ступіць) з чаргаваннем e/o; Борысь, 578; гл. яшчэ Фасмер, 3, 766–767 з аглядам літ-ры; ЕСУМ, 5, 426–427.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́ка 1 ’зброя ў выглядзе дрэўка з вострым металічным наканечнікам, дзіда’ (ТСБМ, Бес., Нас., Шат., Бяльк., віл., Сл. ПЗБ), пікаю ’стралой ляцець (падаць)’ (ТС). З польск. pika (якое з франц. pique ці з ням. Pike ’піка’) альбо з рус. (ст.-рус.) пика ’тс’, якое з ням. ці франц. моў ад швейцарцаў: менавіта яны ўвялі ў XV ст. піку як абавязковую зброю пехацінцаў; з канца XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве пачынаюць служыць наёмныя войскі (Адзінцоў, Этимология–1975, 86–90), — абедзьве лексемы з італ. picca ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 57; Фасмер, 3, 260). Сюды ж свісл. піка́сты ’з вострымі канцамі’ (Сцяшк. Сл.).

Пі́ка 2 ’твар’ (Нас.). Гл. пы́ка ’тс’.

Пі́ка 3 ’пачак, стос’ (ТС). Відаць, у выніку перастаноўкі складоў з кі́па.

Пі́ка 4 ’масць у картах’, пі́чка ’карта піковай масці’ (Нас.). Гл. пі́кі 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даво́лі, прысл.

1. (у спалучэнні з прым. або прысл.). У значнай ступені, у вялікай меры. Собіч палажыў на стол перад Варанецкім даволі вялікі стос паперак. Скрыган. Ісці Ніне прыйшлося даволі доўга. Шчарбатаў.

2. безас. у знач. вык. Дастаткова, колькі трэба. Сіл і майстэрства ў нашых перакладчыкаў даволі. Лойка. Не імкнуўся я ніколі За багаццем хіжа гнацца. Усяго ў мяне даволі: Цэлы свет — маё багацце. Панчанка. // Досыць, хопіць; пара спыніць. Даволі гуляць у хованкі! □ Заглянула сонца ў вочкі, Дзень прыйшоў — даволі сну! Чарот.

3. безас. з інф. У складаным сказе, звычайна са злучн. «як», «і», «каб» у другой частцы, абазначае ўмову хуткага наступлення дзеяння або непазбежнага з’яўлення выніку. Даволі прайсціся раз у дзень па чыгунцы — вярсты дзве туды ды назад — вось і поўны кішэні здабытку. Лынькоў. Даволі было.. [салдату] аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

накла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. наклаў, ‑клала; заг. накладзі; зак.

1. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Накласці воз дроў. □ Баласпай наклаў у .. люльку новую порцыю тытуню, доўга ўмінаў яго цёмным пальцам з прыпухлымі вугламі на суставах. Беразняк. // Палажыць пэўную колькасць чаго‑н. Бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас. Палажыў.. [Сцёпка кнігу] у кучу, дастаў другую, трэцюю, наклаў так цэлы стос. Пальчэўскі.

2. Тое, што і налажыць ​1 (у 2–4 і 6 знач.). Антон Харытонавіч змазаў ёдам раны, наклаў павязкі. Сіняўскі. Вайна наклала свой адбітак на ўсё жыццё горада і нават на яго выгляд. Дудо. [Ірына Мікалаеўна:] — Хворых ізалявалі. На вёскі, дзе ачагі тыфу, наклалі каранцін. М. Ткачоў. — Я накладу на вас штраф, пан упраўляючы, — ледзь пераступіўшы парог, выпаліла Алаіза. Арабей.

3. чаго. Развесці (пра агонь). Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. А ноч рассыпала каралі Над гмахам сцішанай зямлі. Колас.

4. Разм. груб. Набіць каго‑н. [Халуста:] — Ліха матары яго! Яшчэ [Сямён] дагоніць ды па шыі накладзе. Чарнышэвіч.

•••

Накласці на сябе рукі — тое, што і налажыць на сябе рукі (гл. налажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жу́жма 1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма 2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах 1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма 2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма 1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стоўб 1 ‘калона, слуп’ (Ласт., Байк. і Некр., Растарг., ПСл), ‘комін’, ‘пяро-насеннік у цыбулі’ (ПСл), сто́ўб і стоўп ‘слуп’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стоўп ‘тс’ (Арх. Федар., Янк. 3., Мат. Маг.), ‘стаяк коміна на гарышчы’ (ТС; астрав., Сл. ПЗБ), ‘слуп пад столь каля печы, на якім трымаўся «перасоў»’ (Варл., Сержп. Прымхі, ТС), ‘стос’ (Варл.; рагач., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘цыбур (у морквы, капусты і інш.)’, ‘укладка дошак’, ‘шыя’, ‘слупападобны смерч’, ‘выцягнутая ўверх чырвань каля сонца’ (ТС): kali z abydwuch bakoŭ sonca parobiacsa stoŭpy (Пятк. 2), ‘сцірта, торп’, ‘складзеная ў гумне збажына’ (ТСБМ), ‘прыстаронак’ (воран., шальч., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.), ‘саха калодзежнага жураўля’, ‘кветаноснае сцябло (цыбулі, шчаўя)’ (бяроз., Шатал.), стоўпа́к, стовпа́к, стовпа́н ‘кветканоснае сцябло’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. стовб, стовп, рус. столб, столп ‘слуп’, стараж.-рус. стълбъ, стълпъ, польск. słup, в.-луж. stołp, н.-луж. słup, чэш. sloup, славац. stlp, серб.-харв. сту̏ба ‘лесвіца’, ступ ‘слуп’, славен. stólb, stólp, балг. стълб, стълп ‘слуп’, макед. столб, столп, ст.-слав. стлъпъ ‘вежа; стоўб, калона’. Прасл. *stъlbъ, *stъlpъ роднасныя літ. stũlbas, stũlpas ‘слуп’, лат. stul̂bs ‘голень, ікра; халява’, stùlps ‘слуп’; з іншай ступенню вакалізму: лат. stil̂bs ‘ніжняя частка рукі, нагі’, літ. stalbúotis ‘прыпыняцца’; далей, ст.-ісл. stolpi ‘слуп; калона’, ст.-нарв. stolpi ‘сцябло; вушак’, ст.-в.-ням. stelpōn ‘стаяць’ і інш. (гл. Міклашыч, 321; Траўтман, 290; Фрэнкель, 93; Покарны, 1020; Фасмер, 3, 765; Шустар-Шэўц, 1359–1360), якія працягваюць і.-е. корань *stel‑ ‘паставіць, сцябло’, з дэтэрмінантамі ‑b‑ і ‑p‑. Гл. яшчэ Бязлай, 3, 320; Сной₁, 610; Борысь, 560. Інакш Махэк₂ (558), які мяркуе аб складаных кантамінацыйных працэсах розных індаеўрапейскіх каранёў.

Стоўб 2 ‘здвоены след зайца (у мове паляўнічых)’: заец завернуўса да тым следам назад — ето стоўб (ПСл). Да стоўб 1 (з-за “тоўстага” следу на снезе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спусці́ць, спушчу, спусціш, спусціць; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз; апусціць. Пазней, як змрок на поле ляжа І ветрык пройдзецца травой, Салдаты спусцяць і прывяжуць Яго [аэрастат] над самаю зямлёй. Ляпёшкін. Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, соладка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе .. позірк маці. Мележ. // Звесці ўніз таго, хто знаходзіцца зверху або на паверхні чаго‑н. Коней спусцілі ад куль уніз з абрывістага берага, да самай рэчкі. Чорны. Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. Бураўкін. // Апусціць ніжэй, чым было. Страху не раскрывалі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. Ермаловіч. // Зняўшы каго‑, што‑н. адкуль‑н., паставіць ці пакласці куды‑н. — Куды вы мяне пан[еся]це? — запытала.. [Ірынка], як быццам з расчараваннем пасля таго, як яе спусцілі з рук на драўляны памостак ганка. Чорны. Мігам спусцілі па зямлю чатыры вялізныя скрынкі. Беразняк. // Зняць што‑н. адзетае, сунучы ўніз. Спусціць панчохі. □ Спусціла [Валя] на пясок спадніцу, прытаптала яе нагамі і больш баялася што скідаць. Шамякін. // Перамясціцца ніжэй (сесці, легчы і пад.). У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела. Зарэцкі. // Падаць зверху ўніз. Спусціць вяроўку. □ Палезла [Назарыха] на гарышча, на вяроўцы спусціла адтуль калыску. Ледзь сама не звалілася. Б. Стральцоў. // Перамясціць на ваду пасля рамонту, пабудовы і пад. (пра судна). Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Колас. // Апусціць на ваду з борта карабля. Матросы спусцілі на ваду .. шлюпку і што сілы паплылі да кашалота. Матрунёнак. // Апусціць у глыб чаго‑н.; утапіць. — Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа, — загаварыла Параска. — Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць. Грахоўскі.

2. каго-што. Вызваліць ад прывязі (пра жывёлу). Спусціць сабаку на ноч. // Нацкаваць на каго‑н. [Бацька:] — Як спушчу з ланцугу сабаку, дык без штаноў пачыкільгаеш дамоў. Бажко. [Хлопцы] пайшлі, азіраючыся, бо баяліся, што сярдзітая цётка спусціць з ланцуга ваўкадава. Асіпенка.

3. што. Выпусціць вадкасць, газ і пад. адкуль‑н. Спусціць пару з катла. □ [Мікалай Патапавіч:] — Што, вы не маглі б навесці тут парадак: спусціць ваду, зграбці гной у кучы. Кулакоўскі. Відаць, нямала палажыў тут сілы Кірыла, каб зраўнаваць пагоркі, павыкопваць канавы, спусціць гнілую балотную ваду, ды павыкарчоўваць імшары. Скрыган. / Ачысціць, зрабіць парожнім (ад вады, газ; і пад.). Спусціць шыну. □ Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Колас. // Сабраць, набраць выпускаючы адкуль‑н. вадкасць. — Вось з гэтае бярозы .. спусцілі дзве бочкі соку, — сказала Антоля брату, калі яны падышлі бліжэй. Дамашэвіч. // без дап. Выпусціць з сябе паветра (пра напампаваныя прадметы). Але ў дарозе нам [рыбаловам] не пашанцавала — спусціла кола газіка, і на возера прыбылі на захадзе сонца. Сіняўскі. А як жа чалавеку катацца без насоса? А раптам камера спусціць? Прокша.

4. што і без дап. Разм. Пахудзець, палягчэць у вазе. Спусціць тры кілаграмы.

5. каго-што. Накіраваць, паслаць што‑н. у ніжэйшую арганізацыю, інстанцыю. Ды і сапраўды трэба было прагледзяць цэлы стос тэхнічнай літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» службам. Карпаў. // перан. Панізіць на службе. Кажуць, што спусцілі .. [кіраўніка ўстановы] па колькі прыступак ніжэй за тое, што працаваў слаба, а сябе любіў дужа. Кавалёў. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару .. А тут яго раптам спусцілі ўніз. Шамякін.

6. што. Зрушыўшы, ссунуўшы што‑н., вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў). Спусціць затвор фотаапарата. □ [Міхась] плаўна спусціў курок. Якімовіч. Яшчэ раз спусціў [баец] курок — Асечка. Нідзе нікога. Калачынскі. // Закончыць або звузіць вязанне, захапіўшы адразу некалькі вочак. Спусціць плячо ў кофце. // Пры вязанні даць саскочыць вочку з прутка або з кручка.

7. што. Разм. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва). [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Яўхім:] — Або паехаў у лес па дровы. А поруч хвойка стаіць, выносістая такая, што сама ў сцяну просіцца. Ну як, скажы, старшыня, крывуліну ссекчы, а хвойку гэтую пакінуць! Возьмеш ды спусціш яе на дол. Чарнышэвіч.

8. што. Скінуць што‑н. уніз, падарваўшы. [Валодзя:] — Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік. Федасеенка. Сёння мы [падрыўнікі] павінны спусціць хоць адзін эшалон. Новікаў.

9. перан.; каго-што. Збыць, прадаць. Бацька .. [Асмалоўскага] быў яшчэ багаты, але амаль усю зямлю спусціў, і дзеці ўжо жылі, як гарох пры дарозе — кожны іх шчыпаў. Сіўцоў. Фактычна .. [музей] утрымліваў гэты дробны памешчык Касцюк, які спусціў на музей, усю сваю гаспадарку. Карпюк. // Зрасходаваць, патраціць. І з-за гэтай самай дзяўчыны .. [сябар] у першы ж дзень семінара спусціў усе камандзіровачныя. Прокша. // Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑н. Ды хай будзе вам вядома, Я чужога не хачу, Але ўласнага нікому Я таксама не спушчу. Кляўко.

10. што і без дап. Збавіць цану. [Стафанковіч да Вэні:] — У гаспадара два япрукі на продаж. — Заязджайце ў двор; таргуйцеся, дорага не давайце. Спусціць, чорт яго не возьме. Чорны. І хаця б адна душа падышла да вязкі — спусціў бы [Дзімка] цяпер які рубель з цаны, бо хіба выцерпіш на такім марозе. Капыловіч.

11. перан.; што і без дап. Дараваць, пакінуць без пакарання які‑н. учынак. [Гулік:] — Будзь асцярожны: Фогель, калі пранюхае, то не спусціць. Навуменка. [Лейка:] — Правільна. Мірон яшчэ хітрэй за Давыдзюка. Возьмеш у яго, то ён табе ўжо не спусціць. Галавач. // Змоўчаць, прамаўчаць. Міхал згаджаўся з тым, што .. [Анэта] казала: і язык такі, што нікому не спусціць. Васілевіч.

12. каго-што. Разм. Упаляваць. — А ведаеш, што я надумаў? — зірнуў на мяне Сцяпан, наразаючы каўбасу. — Спусцім заўтра не аднаго, а пару глушцоў. Ляўданскі.

13. што. Спец. Зрабіць патрэбнай формы, памераў; падагнаць. Спусціць край дэталі на конус. Спусціць дошку фуганкам.

14. што. Страсціць (пра ніткі). Спусціць ніткі.

•••

Спусціць вочы — засаромецца.

Спусціць дух — памерці.

Спусціць з вока (вачэй) — страціць пільнасць, перастаць сачыць.

Спусціць з думак — выкінуць з галавы, перастаць думаць пра каго‑, што‑н.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) — моцна набіць, адлупцаваць каго‑н.

Юху спусціць — разбіць нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)