Ра́давацца ’адчуваць радасць’, ра́даваць ’прыносіць, выклікаць радасць’ (ТСБМ), рус. ра́доваться, радовать, укр. ра́дуватися, ра́дувати, польск. radować się, чэш. radovati se, славац. radováť sa, в.-луж. radować so, славен. radovati se, серб.-харв. ра̏довати се, балг. радвам се, ст.-слав. радовати сѧ. Прасл. *radovati sę (< *radъ). Слова не мае роднасных сувязей у іншых і.-е. мовах, акрамя некаторых моў германскай групы. Тут мяркуецца і.-е. корань *red‑ (: *rod‑) ’радасны, вясёлы’, ’падбадзёрваць’; славянскія словы з прасл. коранем *rad‑ супастаўляюцца з англ.- сакс. rōtрадасны’, ’вясёлы’, ст.-ісл. rǿtask ’станавіцца вясёлым, ясным’ (Покарны I, 853; Фасмер, 3, 429 з літ-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыспе́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыспешыць.

2. у знач. прым. Больш хуткі, таропкі, чым звычайна. Вісарыён пачуў прыспешаныя крокі. Самуйлёнак. Трывожны і радасны стук «тэлеграфа» перадаваў толькі прыспешанае, з перабоямі, біццё Паўлавага сэрца. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расквітне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які расквітнеў, распусціўся. За вёскаю з азёрнай гладдзю Зліваўся расквітнелы лён. Смагаровіч.

2. перан. Які стаў прыгожым, здаровым, дасягнуўшы росквіту. // Ажыўлены, радасны. Дуня і ўчотчыца Галя, абедзве прыбраньгя, расквітнелыя, як у вялікае свята, дапамагалі накрываць сталы. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасве́тлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прасвятліць.

2. у знач. прым. Ясны, радасны, светлы. Твары першых людзей здаваліся мне такімі прасветленымі, незвычайна адухоўленымі, нібы чалавек ніколі не ведаў ні сумненняў, ні гора, ні тугі. М. Стральцоў. // Які выяўляе радасць, задавальненне; ззяючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ружо́вы, -ая, -ае.

1. Светла-чырвоны.

Р. колер.

Ружовыя шчокі (румяныя). Ружовая кофта.

2. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы (разм.).

Ружовыя мары.

3. Ружовае дрэва — драўніна некаторых трапічных дрэў, афарбаваная ў ружовы колер.

Праз ружовыя акуляры глядзець на каго-што (неадабр.) — уяўляць усё ў прыемным выглядзе, глядзець на ўсё жыццярадасна, не заўважаючы дрэннага.

У ружовым святле бачыць каго-што — тое, што і праз ружовыя акуляры глядзець.

|| наз. ружо́васць, -і, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ры́на, ‑ы, ж.

Абл. Металічная труба для сцёку дажджавой ці снегавой вады з даху; вадасцёк. Толькі цяпер угледзеў, што рына на доме вісіць зусім крыва. Карпюк. Калі ж, нарэшце, раннім ранкам Гром грымне, дождж заплешча ў рынах, Ён [Я. Колас] выйдзе радасны на ганак З усмешкай мудрай селяніна! Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Свіце́цца, свіці́цца ‘прасвечвацца’, ‘быць чуць бачным’ (Гарэц., Касп., Шат., Стан., Сл. ПЗБ, ТС): голэ це́ла сьвіці́цца (Сл. нар. фраз.). Магчыма, з свяці́цца ‘тс’ (гл. свяці́ць): страха свяці́лася (Сл. ПЗБ) у выніку прыпадабнення да наступнага складу, аднак не выключаны ўплыў літ. svitéti ‘ззяць, свяціць’, параўн. світы́й ‘шчаслівы, радасны’, якое выводзяць з літ. дыял. šviñtas ‘святы’ (Сл. ПЗБ, 4, 399).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уце́шны, ‑ая, ‑ае.

Які прыносіць уцеху; радасны, прыемны. Залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя. Пестрак. Самыя ўцешныя моманты ў Ганьчыным жыцці бываюць тады, калі ў мацеры нічога не баліць і калі яна можа цэлы вечар расказваць і расказваць, пра што б Ганька ні пыталася. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мажо́р, ‑у, м.

1. Музычны лад, акорд якога складаецца з вялікай і малой тэрцыі і мае радасную, бадзёрую гукавую афарбоўку; проціл. мінор. / у знач. нязм. прым. Сімфонія сі-бемоль мажор.

2. перан. Разм. Вясёлы, радасны настрой. Захапленне .. [вясною] нараджала ў пісьменніка лад іскрыста-сонечнага мажору, лірычнага хвалявання, нястрыманай нічым радасці. Лойка.

[Фр. majeur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяце́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непасрэдныя адносіны да мяцяжу. І помніць дагэтуль Замосце і Снежна, Як беглі палкі генералаў мяцежных. Глебка. // Які заклікае, падбухторвае да мяцяжу. Мяцежная прамова.

2. перан. Трывожны, неспакойны, бурны. Мяцежны характар. □ Мяцежныя жаданні напаўнялі.. [Юльчына] сэрца. Бядуля. Прыходзіў вялікі, прыходзіў мяцежны І радасны росквіт суровай зямлі. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)