аддзе́л, ‑а, м.

1. Падраздзяленне ў структуры якой‑н. установы або прадпрыемства. Аддзел кадраў. Планавы аддзел. Раённы аддзел народнай асветы.

2. Адна з частак, на якія падзяляецца што‑н. цэлае на аснове пэўных прыкмет. Аддзелы галаўнога мозгу.

3. Састаўная частка чаго‑н. (магазіна, музей, выстаўкі), дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Аддзел беларускага жывапісу. Галантарэйны аддзел.

4. Раздзел у навуцы, прысвечаны пэўнаму колу пытанняў. Генетыка — аддзел біялагічнай навукі. // Раздзел у газеце або часопісе, у якім змяшчаюцца артыкулы, аб’яднаныя тэматычна. Літаратурна-крытычны аддзел газеты.

5. Уст. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім, канцы водруба. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́чар ’час сутак ад канца дня да наступлення ночы’ (КТС, БРС, Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк., Бяс.); ’увечары, вечарам’ (Сцяшк. МГ, Янк. I); ’забавы моладзі з танцамі’ (Інстр. лекс.); ’грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой-небудзь даце, падзеі’ (КТС, БРС), укр. ве́чір ’вечар’, рус. ве́чер ’тс’, урал. ’перадвясельная вечарынка’, вяц. ’вечарам’, смал. ’старасць’, ст.-рус. вечеръ ’вечар’; ’увечары’; ’забава’, вечерний ’заходні’ (з XIII ст.), польск. wieczór ’вечар’; ’вячоркі’; ’вечарам’, н.-луж. (w)jacor, в.-луж. wječor ’вечар’; ’захад’, чэш. večer ’вечар, вечарам’, славац. večer ’тс’, славен. večér ’вечар’; ’захад’, серб.-харв. ве̏че, ве̏чер ’ранні вечар’; ’вячоркі’; ’увечары’; ’захад’, макед., балг. вече́р ’вечар’; ’увечары’, ст.-слав. вечеръ ’вечар’. Прасл. večerъ суадносіцца з літ. vãkaras ’вечар’ (< *vekeros < *ve‑ke(spe)ros), арм. gišer (гл. Махэк₂, 680; Рудніцкі, 1, 376), лат. vakars, а таксама, відаць, з грэч. ἑσπέρα, ἕσπερος, лац. vespera, ірл. fescor ’тс’ (< *ve‑(ke)speros), ст.-інд. vaskara. Некаторыя даследчыкі звязваюць večer з ням. West ’захад’, ст.-в.-ням. wästan, англа-сакс. west, ст.-нарв. vestr (Эндзелін, KZ, 52, 119; Траўтман, 348; Мюленбах-Эндзелін, 4, 448). Гл. таксама Міклашыч, 376; Вальдэ, 827; Бругман, IF, 13, 1902, 157; Покарны, 1174; Брукнер, 614; БЕР, 1, 140; Фасмер, 1, 309; Праабражэнскі, 1, 81; Шанскі, 1, В, 81. Малаімаверна збліжэнне *večer з *věko ’века’ (КЭСРЯ, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уро́к, ‑а, м.

1. Вучэбны час (звычайна 45 мін.), прысвечаны асобнаму прадмету. Урок літаратуры. Урок алгебры. □ Скончыўся ўрок, і настаўнікі адзін за другім заходзілі ў настаўніцкую. Даніленка. Пасля ўрокаў, чакаючы яго, .. [Кавалёва] паспявала прагледзець сшыткі вучняў. Прыходзіў Апанас, і яны ішлі гуляць. Дуброўскі. // звычайна мн. (уро́кі, ‑аў). Прыватныя навучальныя заняткі; работа рэпетытара. Браць урокі. Даваць урокі. □ Зыгмунт яшчэ з апошніх класаў гімназіі пачаў збіраць грошы, зарабляючы прыватнымі ўрокамі. Якімовіч.

2. Вучэбная работа, заданне, якое дае настаўнік вучню для падрыхтоўкі да наступных заняткаў. Вывучыць урокі. □ Вова якраз рыхтаваў ўрокі, бацька чытаў газету, а маці займалася чымсьці на кухні, калі прыйшлі Патапавы. Хомчанка. Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі. Брыль.

3. Уст. Работа, якая павінна быць выканана да пэўнага тэрміну. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі. Караткевіч.

4. перан. Вопыт, веды, набытыя ў працэсе працы, у барацьбе, жыцці. [Стэфа:] — Не, дарагая Ніна, я не змірылася. Я толькі атрымала ўрок. Савіцкі. // Вынік, вывад, карысныя на будучае. Урокі вайны. Урокі гісторыі.

•••

Адкрыты ўрок — школьны ўрок, на які запрашаюцца другія настаўнікі для абмену вопытам работы.

Прадметны ўрок — урок, які суправаджаецца дэманстрацыяй прадметаў, аб якіх ідзе гутарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эцю́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. У выяўленчым мастацтве — твор, які выконваецца з натуры, з’яўляецца першапачатковым накідам, эскізам, часткай кампазіцыйнага цэлага. Пісаць эцюд. □ Каля дзесятка менш значных эцюдаў і эскізаў былі выстаўлены ў мастацкім магазіне, што таксама гарантавала пэўныя шансы. Васілевіч. // толькі мн. (эцю́ды, ‑аў). Маляванне фарбамі з натуры для практыкавання, загатоўкі эскізаў. Пайсці на эцюды.

2. У музыцы — твор віртуознага характару для аднаго інструмента, а таксама высокамастацкае сачыненне для канцэртнага выканання. Фартэп’янныя эцюды Ліста. □ Кожны ўдзельнік выканаў адзін твор Баха, тры віртуозныя эцюды. «ЛіМ».

3. Практыкаванне (звычайна імправізацыйнага характару), якое служыць для развіцця і ўдасканальвання тэхнікі артыстычнага майстэрства ў студыі, кіно і пад. — Пакажы які-небудзь эцюд. — А што гэта такое? — пытаюся. Смяюцца. — Ну, якую-небудзь сцэнку з жыцця. Сяргейчык.

4. Невялікі твор навуковага, крытычнага і пад. характару, прысвечаны якому‑н. асобнаму пытанню. Якраз у гэты час, у перыяд актыўнай публіцыстычнай дзейнасці, пісьменнік ад празаічных эцюдаў пераходзіць да апавяданняў. Каваленка.

5. Шахматнае (шашачнае) заданне, якое заключаецца ў тым, каб выйграць або зрабіць нічыю пры пэўнай пазіцыі з невялікай колькасцю фігур. Шахматны эцюд. Шашачны эцюд. □ У эцюдзе выдатнага савецкага майстра Л. Кубеля галоўнай дзеючай асобаю быў ферзь белых. «Маладосць».

[Фр. étude.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тво́рчы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да творчасці, уласцівы ёй. Творчы працэс. □ Акцёр [П. Малчанаў] многа працуе над тым, каб зрабіць тэкст сваім, блізкім, арганічным, і колькі б ён ні іграў адну і тую ж ролю, яго творчыя шуканні ніколі не спыняюцца. «Полымя». // Які заключае ў сабе элементы новага, што‑н. развівае, удасканальвае. Творчая ініцыятыва мае. □ Ідуць [воіны] смела і сурова Пад напеў пургі, І законы праўды новай Нясуць іх сцягі. Гэта праўда — дружба, згода, Творчай працы шыр, Разняволеных народаў Непарушны мір. Колас. Рэвалюцыя ўзняла да творчай дзейнасці Я. Купалу і Я. Коласа, якім суджана было стаць заснавальнікамі сапраўды народнай, рэвалюцыйна-дэмакратычнай беларускай літаратуры. Казека. // Накіраваны на творчасць. Творчая думка. □ І чула б [жалеза] цеплыню рукі, І творчую жывую сілу, І доўгія гады, вякі З людзьмі спявала б і дружыла б. Танк. Бывала так, што рабочыя падказвалі тую ці іншую ідэю, а інжынер правяраў і тэарэтычна абгрунтоўваў яе. Такі творчы падыход да справы, такое спалучэнне навукі і практыкі намнога павысілі і палепшылі праходку. Кулакоўскі.

2. Які здольны тварыць. Творчая моладзь тэатра. □ Не будзе ані класаў, ані нацый, А будзе ўсюды Вольны творчы чалавек. Бядуля.

•••

Творчая індывідуальнасць — а) асоба, якая стварае духоўныя каштоўнасці; б) характэрныя асаблівасці, уласцівыя такой асобе.

Творчая лабараторыя — непасрэдная работа аўтара над сваім творам; працэс творчасці.

Творчы вечар — вечар з удзелам самога аўтара, творчасці якога ён прысвечаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

франтавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да фронту (у 2, 3 знач.). Франтавы аэрадром. □ Даўно не бачыўся я з ёю [бярозкай] — З тае юнацкае пары, Калі дарогай франтавою Выходзіў з вёскі на зары. Прыходзька. Не інакш як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык. // Звязаны з дзейнасцю фронту (у 3 знач.), франтавікоў, прызначаны для патрэб фронту, франтавікоў. Франтавыя заказы. □ Выступленні камандуючых франтамі зводзіліся да таго, як яны думаюць вырашаць свае франтавыя задачы. «Звязда». // Які абслугоўвае фронт (у 3 знач.); які знаходзіцца на фронце. Франтавы друк. □ З другой паловы ночы загаварыла па-нямецку франтавая радыёстанцыя. Навуменка. Са здымкаў і архіўных і сямейных Сыны далёкіх франтавых палкоў На незнаёмых пажылых ваенных Глядзяць цяпер вачыма хлапчукоў. Чэрня. // Які ўжываецца, прыняты на фронце; уласцівы франтавікам. Сяргей падумаў: «Цікава, які гэты чалавек быў у акопах?» У яго была яшчэ свая, франтавая мерка да ўсяго. Чыгрынаў. // Такі, што ўзнік на фронце (у 3 знач.), прысвечаны фронту, пасланы з фронту. Франтавое прывітанне. □ Навекі слава нашым генералам І пяцікутнай зорцы агнявой, І зброі, што Радзіма вартавала, І непарушнай дружбе франтавой. Панчанка. // Такі, які бывае на фронце (у 3 знач.), які нагадвае фронт. Пойдуць размовы пра франтавыя і партызанскія будні, пра памятныя выпадкі ў жыцці, пра сённяшняе і заўтрашняе. Хадкевіч. У грозным франтавым агні Адны мы зносілі нягоды І разам волю ў тыя дні Мы здабывалі назаўсёды. Тарас.

2. Уст. Страявы. Франтавая выпраўка.

3. Спец. Пярэдні, франтальны. Застыла праменямі на франтавой сцяне цырульні Ёшкі, — сонца яснае, спакойнае. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)