Ла́нка1 ’таўстуха, сытая, гладкая дзяўчына’ (Бяльк.), ’непаваротлівая жанчына’ (Горленка, Совещ. ОЛА, Гомель). Магчыма, з’яўляецца роднасным да рус. валаг. ландуха ’здаровая, мажная жанчына’. Семантычная тоеснасць лексем ланка і ландушка даецца ў Даля₃ (2, 609), а лань і ландёха ў СРНГ (16, 258). Тое ж і ў Фасмера (2, 456 і 457). Бел. лексема, як і рус. ланка ’самка аленя’, паходзіць ад ланя ’лань, самка аленя’. Параўн. ланя ’вельмі тоўстая, здаровая жанчына’ (З нар. сл.).

Ла́нка2 ’дзялянка зямлі, участак’ (Мат. Гом.). Балтызм (параўн. літ. lankà ’заліўны луг’, лат. lañkaнізіна, нізкі луг’). Генетычна роднаснае з прасл. lǫka ’луг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пель, пе́ля, пе́лка, пе́лька, пе́лячканізіна сярод поля, звычайна круглая або авальная’ (парыц., Янк. Мат.), ’лагчына’ (жытк., Мат. Гом.); ’сажалка; балота’ (брагін., Шатал.), ’лунка’ (лельч., Нар. лекс.), ’палонка’ (Шат., ТС, Сл. ПЗБ; рэчыц., Нар. сл.; петрык., Шатал.; Ян.; Растарг., Янк. 1; Мат.; Яшк.; хойн., Мат. Гом.; З жыцця; маг., гом., ЛА, 1), ’мачулішча’ (добр., ЛА, 4), ’частка ракі, якая зімой не замерзла’ (рэч., ЛА, 2); ’невялікі прыродны вадаём — круглы ў лесе ці на полі, дзе стаіць вада’ (петрык., Шатал.; калінк., ЛА, 2). Балтызм, параўн. літ. pélkė ’балота’, ст.-прус. pelky ’багна, твань’, лат. pelce ’лужа’. Больш падрабязна гл. Талстой, Геогр., 167–169; яго ж, Этимология–1967, 145–157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сця́ганізіна са сцёкам’ (ТС), сця́гліна ’дол, упадзіна, лагчына’ (паст., Сл. ПЗБ); да сцягнуць < цягнуць, г. зн. месца, якое сцягвае ваду або якое цягнецца на пэўную адлегласць.

Сцяга́ ’сцежка’ (Ласт., Рам. 8–9, Касп.; рас., Шатал.), ’дарога, шлях’ (Сл. ПЗБ), сціга́ ’тс’: за гумном ідзець сціга, вы той сцягой ідзіці (рас., ЛА, 4), ’троп’: сцегі́ ваўчыныя (брасл., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. стега́ ’сцежка’. Прасл. *stьga, звязанае чаргаваннем галосных са сцігаць (гл.), параўн. роднасныя лат. stiga ’сцежка, пешаходная дарожка’, ст.-в.-ням. stëg ’тс’, з іншай ступенню вакалізма гоц. staiga ’дарога’, ст.-в.-ням. steiga, алб. shtek ’сцежка, праход’, што да і.-е. *steigh‑ ’крочыць, падымацца’ (Фасмер, 3, 752; Скок, 3, 331; Глухак, 583). Гл. таксама сцежка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дол, ‑у, м.

1. Паверхня зямлі, зямля. Схіліцца к долу. Апусціцца на дол. □ Расце земляны вал, ніжэй у дол уваходзяць землякопы. Колас. Лугавінай, чвякаючы чаравікамі па мокрым доле, хлопцы дабіраюцца да ручая. Навуменка. // Падлога ў памяшканні, звычайна земляная. Укрыты металічнымі плітамі дол падмецены, паліты вадою. Карпаў. І толькі самае малое не зважала ні на што, поўзала сабе ракам сярод хаты па земляным доле. Лобан.

2. Даліна, нізіна. Сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды, на ўзгорак, як бы на якую параду. Броўка.

3. Магільная яма. Толькі тады, як цалаваў апошні раз матчыны халодныя вусны, я закрычаў як сам не свой і ледзь не кінуўся следам за труною ў халодны глыбокі дол. Сабаленка. Хавалі бацьку летнім пагодлівым днём. На новым могільніку, пад маладымі бярозамі. На пагорку выкапалі дол. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укліні́цца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.

Увайсці, удацца клінам, вузкаю палосай у сярэдзіну чаго‑н. Сабраўся быў павярнуць у вёску, як заўважыў у маладым калгасным садзе, што глыбока ўклініўся ў поле, чалавечую постаць. Хадкевіч. На мяккай мураве ў зацішку. Дзе лес густы ўклініўся ў луг, Гуляюць [дзеці] у ката і мышку. Смагаровіч. У вярхоўях Бярэзіны, прытоку Дняпра, паміж марэннымі ўзвышшамі ўклінілася Верхне-Бярэзінская нізіна. Прырода Беларусі. // Уварвацца куды‑н. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ. Лыжныя батальёны, разведка, конніца, пяхотныя падраздзяленні глыбока ўклініліся ў варожы тыл. Асіпенка. // Уціснуцца паміж кім‑, чым‑н. [Марынка] ўклінілася паміж Паходнем і Заранікам, сунула Паходню свой пакунак і ўзяла абодвух пад рукі. Хадкевіч. // перан. Разм. Умяшацца ў што‑н. — Дык можа б за гэта і па чарцы выпілі? — нарэшце дачакаўся моманту Басько, каб уклініцца ў гаворку мужчын. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бало́на1 ’шкло ў раме’, бало́нка (Гарэц., Др.-Падб., БРС, Касп., Бяльк.). Рус. дыял. боло́на, боло́нка ’тс’, укр. боло́на ’шкло ў ахне’, болонка́рь ’шкляр’, польск. błona ’тс’, чэш. blána прамасленая папера ў акне (замест шкла)’ і г. д. Слова, ідэнтычнае па паходжанню з прасл. bólna, bolnь ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána і г. д., гл. балонкі ’перапонкі’). У некаторых славянскіх мовах гэтае слова азначае і ’аконнае шкло’. Мабыць, зыходзіць трэба ад значэння ’плеўка’ (замест шкла раней ужываліся плеўкі з пузыроў жывёлін і пергаментная папера). Параўн. блона і абалонка1 (гл.).

Бало́на2, бало́нка ’палянка на нізкай лугавой мясціне’ (Гарэц.), бало́нне ’ўскраіна лесу’ (Інстр. III), ’багна, нізіна’ (Касп.), бало́ння ’заліўны луг, вельмі нізкі’ (Янк. Мат.), балу͡онне ’плёс’ (Лысенка, ССП). Рус. болонь, боло́нье ’поймавы луг, нізіна’, укр. боло́ня, боло́нє і да т. п. ’раўніна, паша, выган і г. д.’, польск. bl̃oń, błonie, błonia, чэш. blana, балг. блана́ ’роўнае месца, поплаў’ і г. д. Прасл. bolnь, bolna, bolnьje. Далейшыя сувязі слова не вельмі ясныя. Паводле Фартунатава, AfslPh, 4, 579, ёсць сувязь з прасл. bolto ’багна’ (гл. бало́та), літ. báltas ’белы’, balà ’тарфянік’ (гл. і Слаўскі, 1, 37), а таксама з прасл. bólna плеўка і г. д.’ (гл. бало́на1 і бало́нкі ’перапонкі’): усё гэта далей да *bělъ ’белы’. Гэту версію падтрымліваў Траўтман, 25 (які зыходзіў з балта-слав. праформы *bālna‑ ’белы’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 189. Падрабязна пра форму, семантыку і магчымую гісторыю слав. форм гл. Талстой, Геагр., 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луг1, лужок ’сенажаць, пераважна заліўная, пакрытая шматгадовай травой’, ’забалочанае месца, парослае хмызняком і дрэвамі, поплаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, Зеньк., Бес., Бяльк., Клім., Сцяшк., Касп., ТС, лях., Янк. Мат.), ’балоцістая сенажаць’ (Сл. ПЗБ), луог ’лагчына’ (Сержп., Грам.); ’сухадольны лог’ (мазыр., пух., слаўг., шчуч., Яшк.), ’лес, лісцевы лес на абалоні’, ’лес на нізкім месцы, парослы травой’ (Зеньк., Шн., Бяс.; жытк., Талстой), ’алешнік у нізіне’ (Сержп. Грам.), лужок ’некалькі дрэўцаў у лагчыне сярод поля’ (Прышч., дыс.), лужэйка ’поплаў, лужок’ (калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луг ’лес у нізіне’, ’сенажаць, луг, парослы травой і кустамі’; рус. луг ’заліўная сенажаць, лясістая абалона’, ’забалочаная нізіна, паша’, ст.-рус. лугъ ’лес, дуброва’, ’балота’, ’заліўная сенажаць’, ’нізіна, нізкі бераг, пакрыты травою, кустамі, трыснягом’, ’лес, дуброва, лесастэп’; польск. ląg, łęgi ’забалочаны (у даліне ракі) луг, парослы кустамі’, ’лес, поле на такіх лугах’, ’роўнае поле, нізіна’, н.-луж. ług ’забалочаная даліна’, ’мокры луг’, чэш. luh ’лес над ракой’, ’луг’, ст.-чэш. ’лес, гай’, ’луг у лесе’, ’даліна’, славац. luh ’лес над вадой’, ’высокі лес на мокрай глебе’, славен. lǫ̂g ’нізкі лес’, ’луг над вадой з рэдкімі дрэвамі’, серб.-харв. лу̑г ’лес, гай’, ’чарот’, макед., балг. лаг, лак, лък, лъг, лъгъ́тнізіна, абалона’, ’луг, сенажаць’, ’лясок на мокрым лузе’, ’яр, парослы густым лесам’, ’раўніна ля ракі’, ’гай, дуброва’, ’лес уздоўж ракі’, ’ручэй з парослымі лесам берагамі’, ’нізкае месца на лузе’, ’лес з вялікіх дрэў’, тырнаўск. луг ’паляна, паша’, ’клін паміж дзвюма рэкамі’, ст.-слав. лѫгъ ’гай, малы лес’. Прасл. lǫgъ ’лука, балонь, нізкі лес на поплаве, багна’ (параўн. яшчэ каш. lëgnoc są ’пакрывіцца на дажджы і сонцы’, lëgti ’нізінны’, legńica ’яма’, lëgaнізіна’, рус. сіб. ла́га ’вільготнае месца ў зарасніках’, ’яма з вадой, лужа’), і.-е. адпаведнікам да якога з’яўляецца літ. léngė ’поле, луг у нізіне і інш.’ Узыходзіць да і.-е. *leng‑ ’згінаць’, сіноніма да блізкага *lenk‑ > лука́ (Слаўскі, 5, 79–82; Фасмер, 2, 527; Махэк₂, 343; Скок, 2, 327; Бязлай, 2, 147–148; БЕР, 3, 336–537).

Луг2 ’нізкае месца, лужа з вадой’, ’невялікі вадаём у полі ці ў лесе, які часам перасыхае ўлетку’ (Федар. I, Федар. 2, Яшк., ТС, Сл. ПЗБ), лужок ’азярцо сярод лугу, натуральны вадаём’, ’невялікая балаціна, дзе не высыхае вада’ (ТСБМ, Сл. Брэс., Сл. ПЗБ; слуц., КЭС; Бір. дыс.). Ст.-польск. ług ’багна, дрыгва’, славінск. łuk, каш. ług ’тс’, ług ’лужок сярод поля’, палаб. lai̯g ’луг, паша’, н.-луж. ług ’дрыгва, якая зімою пакрываецца вадой, а летам высыхае, і там расце трава’, в.-луж. łuk ’дрыгва’. Прасл. паўн.-зах. lugъ ’балота, дрыгва’. І.‑е. адпаведнікі: літ. liū̃gas ’дрыгва, лужа’, lū́gos, lū̃gas ’глыбокае месца, напоўненае вадой’, ’балота’, ’дрыгва’, ’ставок’, ’яма на дне ракі’, ілір. lugas/luga ’дрыгва’ > алб. lëgatë ’лужа, балота’ (Слаўскі, 5, 298–299). У сучасных слав. мовах і дыялектах семантыка луг1 і луг2 часта змешваецца.

Луг3, малар. луз ’шчолак з попелу, залітага варам’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Грам., Бір. дыс., Клім., Сцяшк., Уладз., Бяльк., Шат., Касп., ТС; зэльв., Сцяц. Словаўтв.; лях., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; КЭС, лаг.). Укр. луг, рус. смал., кур. луг ’тс’, луга ’раствор галына’, польск. ług ’луг’, каш. lug (lëgu) ’луг, мыла, змыліны’, палаб. lau̯g ’луг, шчолак’, н.-луж. ług ’тс’, в.-луж. łuh ’пратрава, дубільнік’; чэш. louh, ст.-чэш. lúh ’луг’, ’мача’, славац. lúh ’брудная вада пасля мыцця’, ’раствор, у якім апрацоўваюцца маткі пражы’, славен. lúg, lùg ’луг’, серб.-харв. лу̑г ’тс’, ’попел’, чак. (з XV–XVII стст.) luga ’тс’, макед. луга ’луг’, балг. луга́, лу́га, лугя ’луг’, ’асадак, які застаецца, калі вараць мыла’. Прасл. lugъ/luga ’луг як мыючы і адбельваючы сродак’ (Машынкі, Kultura Sl., 1, 616). Мартынаў (Лекс. взаим., 166–168) не выключае запазычанне з прасл. у прагерм. (laugō), у чым сумняваецца Слаўскі (5, 296–298), паводле якога прасл. lugъ — запазычанне са ст.-в.-ням. louga (с.-в.-ням. louge, суч. ням. Lauge ’луг’), luhhen ’мыць’ < і.-е. *lou‑/*louə ’мыць’ (параўн. ст.-грэч. λούω ’мыюся’, лац. lavō, lavāre ’тс’, ’купацца’, арм. loganam ’купаюся’, хецк. lah(h)u‑ ’ліць’. Гэтак жа БЕР, 3, 485; Скок, 2, 326; Бязлай, 2, 155. Бернекер (744), Брукнер (314), Фасмер (2, 527–528), а таксама Курыловіч (Przegląd Zach., 1951, 5/6, 201–202) меркавалі, што lugъ з’яўляецца запазычаннем з с.-в.-ням. louge або нават з ням. Lauge. Слаўскі (5, 297) указвае на польск. мову як пасрэднік для ўзнікнення бел. і ўсх.-слав. луг, а Фасмер (2, 527) — польск. і чэш. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дол1 ’ніз, зямля’. Прасл. *dolъ (агляд значэнняў гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 64–65): рус. дол, укр. діл, чэш. důl, польск. dół, балг. дол, ст.-слав. долъ. Лічыцца роднасным з гоц. dal ’даліна, нізіна’, ст.-ісл. dalr, ст.-в.-ням. tal ’даліна’ (параўн. таксама ў кельцкіх мовах dol ’даліна’). Гл. Фасмер, 1, 523; Бернекер, 1, 208–209, Трубачоў, Эт. сл., 5, 65 (апошні падкрэслівае, што вельмі характэрным з’яўляецца адсутнасць роднасных форм у балт. мовах, дзе паняцце ямы, нізіны выражаецца асновай *daub‑, *duob‑).

Дол2 ’магіла’ (Сцяшк.). Зыходзячы з спецыфічнага значэння слова (’магіла’), можна думаць, што гэта непасрэднае запазычанне з польск. dół (прасл. *dolъ), якое сярод іншых мае і семантыку ’магіла’. Агляд форм гл. у Трубачова (Эт. сл., 5, 64–65), які лічыць (неабгрунтавана) бел. дол ’магіла’ спрадвечнай лексемай. Іменна значэнне слова і яго геаграфія (зах. гаворкі бел. мовы) сведчаць аб запазычанні гэтай лексемы з усх.-польск. гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́ка ’гульня накшталт карагоду’ (паўд.-усх., Растарг.). Відавочна, да лука́ (гл.).

Лука́, лукаві́на ’выгіб ракі ці возера і луг каля іх у форме дугі’, ’мыс, які абгінаецца возерам ці ракой’ (ТСБМ, Нас., Рам. 8, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Прышч. дыс.; Крыч., Яшк.; мін., паўд.-усх., КЭС), зах.-палес. лу́кы (Бес.), нясв. лу́кавіна ’тс’ (Яшк.); паст., слаўг., стаўб. лучкі, лучкі ’лука’ (Яшк.), лу́чка ’лужок, сенажаць’ (Мікуц.; лёзн., Яшк.), ’паўвыспа, зробленая загібам ракі’ (Бяльк.), ’тарфяная яма, запоўненая вадой’ (касц., Мат. Маг.). Укр., рус. лука́, польск. łąka, кялецк. u̯uka, łuka; н.- і в.-луж. łuka, чэш. louka, luka, славац. lúka; славен. lǫ́ka, серб.-харв. лу́ка, косавамятох. лу̑ка, макед. лака, лу́ка, балг. лъка́, радоп. ло̂ка, ц.-слав. лѫка. Прасл. lǫka — роднаснае да lǫkъ > лук (гл.) і ўтворана ад lękti ’гнуць, выгінаць, крывіць’. І.‑е. адпаведнікі: літ. laukà ’заліўны луг’, ’даліна’, į́‑lauka ’выгін, заліў’, лат. lañkaнізіна’ (Агляд л-ры гл.: Фасмер, 2, 531–532; Слаўскі, 5, 83–85; БЕР, 3, 551–552).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паго́ня1 ’праследаванне таго, хто ўцякае, і тыя, хто праследуе’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Яруш.), паго́н (Нас.), паго́нь (ТС) ’тс’. Рус. пого́ня, укр. пого́ня, пого́нь, ст.-рус. погон, погоня, погона (13 ст.), польск. pogoń ’тс’, серб.-харв. погон ’рухаючая сіла цягі’, славен. pogon ’пагоня’. Ад pogъnati (гл. гнаць) з рознымі суф.: ъ, ja, . Праславянская мадэль з іншай аналагічнай ступенню ў назоўніку.

Паго́ня2 ’невялікае балота’ (Шатал.), пого́ня ’невялікае балота, заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), пого́ня ’месца, якое заліваецца вадой у час паводкі або пасля дажджу; сена, якое скошана на такіх месцах’ (Клім., 58), ’нізіна, балоцістая даліна’ (ТС), ’вузкая лагчына, месца сцёку вод пры вясновым раставанні і атмасферных ападках’, ’вузкая і доўгая нізінная мясцовасць сярод больш узвышанай’, ’вельмі густыя зараснікі, якія цягнуцца больш на балоце і нізкіх месцах’ (Талстой, Геогр., 196). Палескі геаграфічны тэрмін. Ад pogъnati з суф. ‑ja: утворана па праславянскай мадэлі з унутранай формай ’месца, дзе гоніць ваду’ (гл. Талстой, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)