аддзе́л, ‑а, м.

1. Падраздзяленне ў структуры якой‑н. установы або прадпрыемства. Аддзел кадраў. Планавы аддзел. Раённы аддзел народнай асветы.

2. Адна з частак, на якія падзяляецца што‑н. цэлае на аснове пэўных прыкмет. Аддзелы галаўнога мозгу.

3. Састаўная частка чаго‑н. (магазіна, музей, выстаўкі), дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Аддзел беларускага жывапісу. Галантарэйны аддзел.

4. Раздзел у навуцы, прысвечаны пэўнаму колу пытанняў. Генетыка — аддзел біялагічнай навукі. // Раздзел у газеце або часопісе, у якім змяшчаюцца артыкулы, аб’яднаныя тэматычна. Літаратурна-крытычны аддзел газеты.

5. Уст. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім, канцы водруба. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыда́нае ’пасаг’ (Растарг., Ян., ЛА, 3), пры́дань, пры́дано, прыда́нэ, пры́данна, пры́даная ’тс’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ, ТС), прыда́нне (prydánje) ’зямельны надзел у пасаг маладой за межамі ўласнай вёскі’ (Маш.), прыда́нства ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.). Сюды ж назвы вясельных чыноў: прыда́нка, рэдка м. р. прыда́нак, часцей мн. л. прыда́нкі, прыда́ныя, прыда́ные, прыда́ні ’шаферкі нявесты, якія дапамагаюць ёй шыць пасаг, а на вяселлі збіраюць на яе карысць падарункі; удзельніцы вяселля — замужнія жанчыны сярэдніх гадоў, маладзіцы ці дзяўчаты, звычайна госці з боку маладой, якія дапамагаюць пры падрыхтоўцы і перавозцы прыданага, пасагу; удзельнікі вяселля, якія прыйшлі без запрашэння з падарункамі для маладых’ (Нас., Кос., Федар., Касп., Хрэст. дыял.; чырв., віл., З нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Сіг., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс., Цых.), прыда́ны, прыда́нкі ’госці вясельныя’ (Нар. Гом.), прыда́нэ ’маладыя з бацькамі маладога ў гасцях у бацькоў маладой’ (беласт., Сл. ПЗБ). Аддзеяслоўныя ўтварэнні ад прыда́ць < прасл. *pridati, прэфікс, да *dati (гл. дар). Параўн. рус. прида́ное, укр. при́да́не ’пасаг’, а таксама адно са значэнняў балг. прѝдав ’пасаг (не жывёльны)’, якое ад прыдавам (БЕР, 5, 707).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

даста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; зак., каму.

1. Зрабіцца чыёй‑н. уласнасцю, перайсці ў чыё‑н. распараджэнне. Самі ж яны, хлопцы, дапамаглі выганяць жывёлу, якую пагналі на ўсход, каб не дасталося часам дабро ворагу. Лынькоў. [Ганне] дасталася ў спадчыну ад бацькоў хатка. Дубоўка. // Прыйсціся пры размеркаванні, дзяльбе і пад. Але як гэты надзел дастаўся .. [Раману] па жэрабю, то і не было на каго наракаць. Колас. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Дацца, набыцца пэўным чынам. Набытак дастаўся цяжкай працай. □ Нам свабода дасталася дорага, Адной рукой мы край свой будавалі, Другою ж — адбіваліся ад ворага. Свірка.

2. безас. Перанесці цяжкія выпрабаванні, нацярпецца. Многа разоў гарэла Устронь: і татарын яе паліў, і швед, і француз... Дасталося Устроні і ў вайну з белапалякамі. Лобан. Міколка з бацькам набраліся .. перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Лынькоў. // Атрымаць спагнанне, пакаранне, вымову і пад. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? Колас.

•••

Дасталося на арэхі каму — атрымаў наганяй, вымову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу (у полі, на снезе), межы зямельных участкаў і пад. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прыйшлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсці канал. Колас. Пакуль што я памагаў дзядзьку Гарасіму: ставіў тычкі на межах дзялянак, падчэсваў іх сякераю зверху і пісаў хімічным карандашом з аднаго і другога боку, каму надзел вызначаецца. Якімовіч.

2. Спец. Паплавок у выглядзе шаста з мяцёлкай або перакладзінай наверсе, які абазначае мель, фарватэр і пад. — Пакупаемся, Галіна Казіміраўна, — прапанаваў Зянон. — Тут жа, мусіць, вельмі глыбока? — Не, не! Вунь аж да тых тычак можна ісці. Сабаленка. // звычайна мн. (ты́чкі, ‑чак). Шост, які выкарыстоўваецца як падпорка для павойных раслін. Вацькоўскі дом: шчыт — узыходзячае сонца, На тычцы ўецца белабровы хмель. Лойка. Халахцей баяўся Мар’і. «Бледны чорт» — было вышэйшай ступенню яе абурэння, і ён хуценька ныраў у тычкі з фасоляй і выбягаў на сцежку за поплавам. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

План1 ’чарцёж — памяншальны выгляд мясцовасці, прадмета на плоскасці’ (ТСБМ, Яруш., Шат.), ’прысядзібны ўчастак калгасніка, надзел, сядзіба, зямля пры хаце’ (гом., ЛА, 3; Мат. Гом.; Ян.; свісл., Сл. рэг. лекс.; ветк., рэчыц., нясвіж., слаўг., Яшк.), ’незабудаваны ўчастак зямлі ў межах вёскі, які належыць аднаму гаспадару, пляц’ (Нар. сл.), пла́нік ’тс’ (жлоб., ЛА, 3), плян ’тс’ (Яруш.), план ’агарод’ (ветк., ЛА, 2), план ’зямля былога сталыпінскага хутара’ (Яшк.). З рус. ці польск. моў, у якіх — з франц. plan ’плоскасць’ ці з ням. Plan ’паверхня’, апошнія ўзыходзяць да с.-лац. plānum ’роўнае месца, раўніна, плоскасць’ (Фасмер, 3, 273; Махэк₂, 454; Банькоўскі, 2, 597, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж швянч. плано́к ’узор для ткання’ (Сл. ПЗБ).

План2 ’праграма заданняў і прац’, ’парадак, паслядоўнасць, сістэма’ (ТСБМ), ’жыццёвы парадак, спосаб грамадскага жыцця’ (ТС). Праз польск. plan ’план, расклад, праграма’ (ужо ў А. Міцкевіча), а таксама старыя plant, piania, ці рус. план ’тс’ з ням. Plan ’задума, мэта’, якое ў XVIII ст. было запазычана ў франц. мову (plan ’задума, праект, план’ для plant ’саджанец, флянс’ > ’гадавальнік’ як ’нешта задуманае, выдуманае’, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж жыт. планаваць з пераносным значэннем ’абмяркоўваць (пра старога, які ідзе і размаўляе сам з сабою)’ (Мат. Гом.) < польск. planować ’меркаваць, будаваць планы’ (Кюнэ, Poln., 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пляц ’сядзіба калгасніка’, ’зямля пад сядзібай’, ’незабудаваная тэрыторыя ў горадзе ці вёсцы’, ’частка прысядзібнага ўчастка каля хаты ці ў полі’ (ТСБМ, БРС, Нас., Сцяшк. МГ, Бір., Яруш., Выг., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС; карэліц., Янк. Мат.; капыл., Жыв, сл.), ’месца для пасеву, плошча’ (Растарг.), ’прастора вакол царквы, цвінтар’ (стол., Яшк.), ’прысядзібны ўчастак’ (ЛА, 4), ’зямельны надзел (у мінулым)’ (ЛА, 3); плац ’участак зямлі’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. пляцъ ’участак зямлі пад гаспадарчымі будынкамі і агародам’, ’роўнае незабудаванае месца ў горадзе, ад якога ва ўсе бакі разыходзяцца вуліцы’, плацъ ’поле бою’ (1441 г.). З польск. plac (з 1496 г.), płac (з 1434 г.) ’месца, не забудаванае ў горадзе’, ’месца пад будынкі’, ’месца бою’, якія запазычаны з мовы нямецкамоўных мяшчан польскіх гарадоў — з н.-ням., с.-н.-ням. platz, апошняе, як і франц. place, італ. piazza, узыходзіць да лац. platea ’вуліца, двор’ < ст.-грэч. πλατεῖα ’шырокая дарога, вуліца’. Бел. пляц ’плошча для ваенных парадаў і страявых заняткаў’ (ТСБМ) — з рус. пляц, запазычанага (пры Пятры I) з ст.-бел. пляцъ ці ст.-польск. plac; а рус. плац ’тс’ — з ням. platz ’плошча’ (Брукнер, 416; Карскі, БР, 156, Кюнэ, Poln., 87, Булыка, Лекс. запазыч., 189; Банькоўскі, 2, 595; Фасмер, 3, 276). Сюды ж: пляцава́ць ’мераць на участкі’, пля́цны, пляцовы ’які адносіцца да планавай меры’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пера..., прыстаўка.

Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў і абазначае: 1) накіраванасць дзеяння, руху з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напрыклад: перабегчы, перавярнуць, перайсці, перакласці (са стала на паліцу); 2) накіраванасць руху цераз які‑н. прадмет, перашкоду, напрыклад: перакінуць (цераз сетку), пералезці (цераз плот), пераплыць, пераскочыць; 3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму‑, чаму‑н., напрыклад: перадаць (у спадчыну), пераспаць; 4) паўтарэнне дзеяння яшчэ раз, нанава, напрыклад: перакрыць, перарабіць, перачытаць, перашыць; 5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напрыклад: пераесці, перапаліць, перасіліць, ператрымаць, перахваліць; 6) перавагу, першынство ў якім‑н. дзеянні, напрыклад: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць; 7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напрыклад: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перастраляць, перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі); 8) надзел чаго‑н. на часткі, напрыклад: перагарадзіць, перакусіць (нітку), пераламаць; 9) запоўненасць дзеяннем якога‑н. прамежку часу або правядзенне пэўным чынам якога‑н. прамежку часу, напрыклад: перазімаваць, пераначаваць, перачакаць (дождж); 10) пераўтварэнне ў што‑н. іншае, пераход у іншы стан, від і інш., напрыклад: перакласці (на іншую мову), перарасло (сяброўства ў каханне), перамяніць (свой колер), перафразіраваць; 11) спыненне якога‑н. дзеяння, стану, напрыклад: перабалела (сэрца), перабаяцца, перабрадзіць; 12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напрыклад: перадыхнуць, перакусіць (перад абедам); 13) (з часціцай ‑ся/‑ца) узаемнасць дзеяння, напрыклад: перамігвацца, перапісвацца, перасварыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́та1, ла́тка ’лапік’ (Нас., Гарэц., Яруш., ДАБМ, к. 324, Касп., Сцяшк., Зн., Мал., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Ян., КЭС, лаг.), ла́ціна, латачка, латочка (ДАБМ, Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.), ’старая адзежына’, ’недарэзкі, акраўкі’, ’бялізна’, ’пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны’ (Сл. паўн.-зах.), ’пустое, голае месца, на якім нічога не расце’ (Жд. 1, Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’прагаліна’ (Мат. Гом.), ’невялікі зямельны надзел’ (Выг.), ’кішэня’ (Ян.). Укр. лата, латка, харк. лат, рус. бран., смал., кур., арл., тамб. лата, ст.-польск. łata, польск. łatka, чэш., славац. lata ’лапік’, серб.-харв. ла̀тица, ла̏тица, latȉca ’трохкутны кавалак тканіны, цвікля’, макед. алтица ’латка, клін з сукна’, алтица ’цвікля’, балг. латица, рум. altită ’падшыўка’, ’вышываная ўстаўка ў кашулі’. Прасл. ȍlta ’кавалак тканіны, скуры’ з суф. ‑ta (Слаўскі, 5, 34–37; Слаўскі, SP, 2, 41) генетычна звязана з і.-е *ēlē ’шыла’: *elh‑ ’шыць, прашываць, прышываць’, параўн. ст.-в.-ням. ála, ст.-інд. ā́ra ’шыла’ (Ваян, BSL, 44, 2, с. 143–144). Іншыя версіі малаімаверныя (гл. Фасмер, 2, 464; Скок, 2, 274 і інш.).

Ла́та2, ла́ты, ла́тэ ’паплеціна, жэрдкі, на якія насцілаецца страха’ (Нас., ТСБМ, Янк. I, Мядзв., Шн. 3, Мат. Гродз., Яруш., Шушк., Бес., Касп., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), паст. ’жэрдка, якою прымацоўваюць салому зверху на страсе’, пін. ла́тіна ’тс’, віл. ’бервяно, якім змацоўваюць плыт’ (Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’прыклад стрэльбы’ (КЭС), ст.-бел. лата, латва ’лата’ (XVI ст.), ла́ціна ’жэрдка’ (Нас., Касп., Шат.; беш., Нар. сл.). Запазычана са ст.-польск. łata, якое з с.-в.-ням. latte, late ’доўгая вуглаватая лацвіна’ (Кюнэ, Poln., 73; Слаўскі, 5, 38; Фасмер, 2, 464 і інш.). Сюды ж ла́ціць (гл.).

Ла́та3 ’сярэдняя перасоўная аднасценная сетка з заходам’ (Крыв.), ’невад без матні’ (Помн. этнагр., 66), ’сеткавае палатно невада, якое ў час руху прымае выгляд жолаба’ (брэсц., гродз., Браім), лельч. ’круглы сак з дубовых дубцоў’ (ЛАПП). Ст.-польск. łatnica ’сетка для лоўлі рыбы’, в.-луж. łata ’вялікая сетка, невад’. Да прасл. lat‑(iti) ’схапіць’ (Брукнер, 307). Параўн. серб.-харв. ла̏тити ’тс’. Гл. таксама ла́тацца.

Лата́ ’жулік’ (Бяльк.), польск., каш. łata ’абадранец, нягоднік, хуліган, гультай’, ляш. łata, чэш. lataпольск.). Слаўскі (5, 37) суадносіць польск. лексему з łata ’лапік’ (гл. ла́та1) > ’палапленае адзенне’, якое перайшло на асобу ў такім адзенні. Націск на канцы слова пад уплывам лексем ⁺латай (параўн. латайстваваць), ⁺латуй (лацу́й).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вяцю-вяцю, вецю́‑вецю́ ’падзыўныя словы для свіней’ (КСТ). Укр. ваць, вацю, вець (Грынч.), вац‑вац, ваць‑ваць, вец‑вец, вець‑вець (Лыс., Пал.). З паметай «юж.» вацу, вацю, вачу (Даль), вац‑вац‑вац (Раст.) ’тс’. Існуючыя этымалогіі (Смаль-Стоцкі, Приміт., 148: ваць < паць‑паць ад паця ’парася’; Рудніцкі, 1, 329, якому сувязь укр. вець‑вець з воклічам ацю! уяўляецца больш падыходзячай) не пераконваюць. Для першай, аднак, можна знайсці падтрымку на ўкраінскай тэрыторыі; параўн. у Грынчанкі: «Біжу, як те поросятко, як на його скаже: «паць! паць!» або вацюкне». Не выключана таксама, што маг. уцю! Уцю куды! ’воклічы, якімі заганяюць парасят у хлеў’ (З нар. сл.) адпавядае поглядам Рудніцкага. Улік матэрыялаў рускіх дыялектаў дазваляе прапанаваць больш надзейную версію. Маг. выць! Выць куды! (З нар. сл.) ’воклічы, якімі адганяюць парасят’ знаходзяцца, бясспрэчна, у непасрэднай сувязі з рус. смал. выть‑выть‑выть ’словы, якімі падзываюць парасят і падсвінкаў’ (СРНГ). На іншай рускай тэрыторыі тыя ж словы ўжываюцца як падзыўныя для авечак: выть‑выть‑выть (куйб., СРНГ), вец‑вец‑вец, вечь‑вечь‑вечь (тамб., разан., СРНГ), веч‑веч, вещ‑вещ (СРДГ) і г. д.; дадаткова гл. АРНГ, к. 228. Такім чынам, атрымоўваецца пазіцыя, у якой бел. і ўкр. словы з’яўляюцца толькі пагранічнымі ў адносінах да рускай лексікі, і іх магчыма разглядаць як пранікненні з рускай тэрыторыі. Фармальныя змены — вынік спецыфікі ўжывання падобных слоў, якія да таго ж знаходзяцца ў рыфма-рытмічных адносінах. Параўн. метатэзы: цку‑цку < куц-куц (АРНГ), баська‑баська < кабась‑кабась (Германовіч, Междом.) і г. д. Больш істотны «семантычны» бок пытання, аднак ёсць вялікая колькасць прыкладаў, якія дэманструюць пераносы: падзыўныя словы → адгонныя словы, падзыўныя словы для адной жывёлы → падзыўныя словы для іншай і да т. п. Падрабязней аб гэтым Германовіч, Междом., 55 і наст. Звычайна і часта для падзыву свіней ужываюцца падзыўныя словы для авечак: куць-куць (з варыянтамі), вець‑вець і г. д., гл. АРНГ, камент., 1051–1054, к. 223–224; Германовіч, Междом., 55–56, 61. Параўн. яшчэ тоеснасць: кацю‑кацю/вацю‑вацю, кеч‑кеч/веч‑веч ’падзыўныя словы для свіней’ (Лыс., Пал.). Дадаткова параўн. яшчэ баша‑баша ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, камент.) і баша‑баша ’падзыўныя словы для свіней’ (СБГ). Да разглядаемай групы слоў адносіцца і бел. вешка (вешка-раба) ’тс’ (Шпіл.); параўн. рус. дыял. вʼешка ’падзыўное слова для авечак’ (АРНГ, Камент.). Магчыма, аднак, што рус. вʼешка да вʼешынʼка, вʼешенʼка, вʼеженʼка (там жа). Частка разглядаемых слоў паходзіць, відаць, ад назваў тыпу ’авечка’, для іншых неабходна шукаць больш падыходзячыя тлумачэнні. Не пераконвае спроба Германовіча звязаць падзыўныя словы выч і пад. з рус. (ст.-рус.) вытьнадзел зямлі, ракі; ежа, час для ежы’ і г. д., якія і фармальна падобны толькі для часткі падзыўных (рус. выть‑выть, напр.). Гл. яшчэ адносна рус. вычь. Фасмер, 1, 372 (трактуецца як гукапераймальнае; параўн. між іншым у Даля, 1, 830: «Вячить вор., ряз. блеять, кричать как овцы, отчего вяч-вяч, выч-вычь, зазывная кличка овец»).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)