край 1, ‑ю, м.

1. Канечная лінія, якая абмяжоўвае якую‑н. паверхню, а таксама частка паверхні, што прылягае да гэтай лініі. Край стала. Край неба. □ Маша падышла, села на край ложка, палажыла руку на яго [Васілёву] галаву. Шамякін. Сымон Карызна выйшаў наперад, на самы край сцэны. Зарэцкі. / Пра канечную частку адзення, матэрыі і пад. Абрубіць краі хусцінкі. □ Даўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе. Мележ. // Самая аддаленая ад цэнтра частка чаго‑н.; ускраіна. Дом, дзе жыў Міхалка, стаяў на краі горада. Колас. Будынак урачэбнага ўчастка стаяў на краі вёскі. Шамякін. // Верхні абрэз сценак пасудзіны; верх якога‑н. паглыблення. Да самых краёў сырадой Запеніцца ў звонкай даёнцы. Аўрамчык. Калі [Зося] пачала піць, зубы дробна застукалі аб край шклянкі. Хомчанка.

2. Вобласць, мясцовасць, што вылучаюцца па якой‑н. характэрнай прымеце. Палескі край. Партызанскі край. Родны край. □ Паўночную частку Беларусі .. называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі.

3. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Краснаярскі край, Прыморскі край.

•••

Пярэдні край — першая лінія размяшчэння агнявых пазіцый пяхоты ў раёне баявых дзеянняў.

Біць (ліцца) цераз край гл. біць.

З краю ў край; з краю да краю; ад краю да краю — па ўсіх напрамках, з канца ў канец.

Канца-краю не відаць (няма) гл. відаць.

Краем вока — мімаходам, вельмі кароткі час (бачыць каго‑, што‑н.).

Краем вуха — а) выпадкова, мімаходам (чуць пра каго‑, што‑н.); б) няўважліва, урыўкамі (слухаць каго‑н.).

Край свету — вельмі далёка.

Мая хата з краю гл. хата.

На краі гібелі (магілы) — у непасрэднай блізкасці са смяртэльнай небяспекай (быць, знаходзіцца і пад.).

На краі свету (зямлі) — дзе‑н. вельмі далёка.

На край свету — куды‑н. вельмі далёка, абы-куды (пайсці, пабегчы і пад.).

Непачаты край чаго — вельмі многа, без ліку. Непачаты край работы.

Хапіць цераз край гл. хапіць.

Цераз край — у вялікай колькасці, з лішкам. А хараства, а пекнаты — аж цераз самы край бывала. Дубоўка.

край 2, прыназ. з Р.

Разм. Каля, ускрай. Сядзець край стала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ‑ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

век, ‑у; мн. вякі, ‑оў; м.

1. Стагоддзе. Дваццаты век. Мінулы век. □ Збуцвеўшы лад былых вякоў З магілы не паўстане. Колас. Аж праз дзевяць вякоў [Мінск] Раптам стаў — Мільянерам! Барадулін.

2. Жыццё, перыяд існавання каго‑, чаго‑н. Пастарэлі, пакрыліся мохам будынкі. Усё дажывае свой век. Грамовіч. У хлусні кароткі век. Прыказка. // Узрост. Чалавек сярэдняга веку. □ Сярод нас былі людзі рознага веку — і старэйшыя, і маладзейшыя, і зусім маладыя. Лынькоў.

3. Перыяд, характэрны чым‑н.; эпоха. Каменны век. Касмічны век. Век тэхнікі.

4. Вельмі доўгі час, усё жыццё. Захаваць успаміны на век.

5. у знач. прысл. Заўсёды, вечна. Век вас буду слухаць. □ [Максіму Астаповічу] здалося, што ён век ведаў гэтыя рысы. Чорны. Ды не век я тут гарую, Дачакаю волі. Колас.

•••

Ад веку да веку — усё жыццё, вечна.

Век веку падасць — пра нешта вельмі моцнае, трывалае, носкае.

Век да веку — усё жыццё, да апошніх дзён жыцця.

Век звекаваць гл. звекаваць.

Век цэлы — усё жыццё, вельмі доўга.

Век-вяком; векі вечныя; век вечны — а) заўсёды, з самых даўніх часоў, спрадвеку. У падхалімаў так вядзецца век-вяком! Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком», Дык знойдуцца заўсёды Івановы, Што памахаць яму гатовы. Крапіва. — Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дык ахвоты не было нікому да яе! Мележ; б) ніколі. Не забудзеш век-вяком Ты ў бары вячэру! Гілевіч.

Да (канца) веку — да апошніх дзён жыцця.

Дажываць (свой) век — а) жыць, існаваць апошнія дні; б) рабіцца няздатным, непрыгодным.

З век вякоў — з далёкіх часоў, заўсёды.

З векам упоплеч — не адставаць ад жыцця.

З веку (ад веку) ў век — пастаянна, на працягу доўгага часу.

З вякоў вечных — спрадвеку.

Залаты век — час росквіту навукі, мастацтва ў гісторыі якога‑н. народа.

Зжываць (свой) век — траціць сваё ранейшае значэнне.

Малады век — юнацкія, маладыя гады жыцця.

На век — назаўсёды, на доўгі час.

На векі вечныя (на век вечны); на векі вякоў; на ўсе вякі — назаўсёды.

На маім вяку — у час майго жыцця, за маю памяць.

На сваім вяку — на працягу свайго жыцця.

Напроці (свайго) веку (стаяць) — быць у маладым узросце.

Не першага веку — не першай маладосці, сярэдняга ўзросту.

Па век вякоў (веку) — да скону дзён, назаўсёды.

Праз (увесь) век — на працягу ўсяго жыцця, праз усё жыццё.

Праз вякі (век) — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

Спакон вякоў (веку) — з самага даўняга часу, спрадвеку.

У вякі — назаўсёды.

У глыбіню вякоў — у глыбіню гісторыі, у старажытнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не страціў сваіх натуральных якасцей. Свежае мяса. Свежае малако. Свежы сыр. // Толькі што прыгатаваны (пра ежу, напіткі). І адкуль на стале тваім Бохан свежага хлеба пахучы. Барадулін. [Бацька:] — Ці не час нам падсілкавацца? Давай свежага чайку заварым. Шыловіч. // Такі, якога не закранула апрацоўка (вэнджанне, саленне, кансерваванне і пад.); які застаўся ў натуральным выглядзе. У каго толькі ўзыходзяць, а ў яго, у Нічыпара Кавалёнка, як звалі бацьку, ужо свежыя агуркі. Кавалёў. Першыя сотні кілаграмаў свежых грыбоў былі адпраўлены на прадпрыемствы.. Мінска. «Звязда». // Толькі што, нядаўна зрэзаны, сарваны (пра расліны, плады). Зноў мы слаўна пагуляем, Свежых ягад назбіраем. Колас. На грэблю кожную вясну накідвалі рознага ламачча, свежага яловага і хваёвага галля, а найбольш зыбкія мясціны высцілалі жэрдзем. Дуброўскі. // Нядаўна або толькі што зроблены, падрыхтаваны, атрыманы. Свежыя стагі. □ Ды прайшла па золкіх росах На сінім досвітку чуць свет, Дзе пахнуць свежыя пракосы, пакінуўшы мне босы след. Матэвушаў. Сцены ў пакоі былі зроблены са свежых дошак, шчыліны паміж імі свяціліся. Карпюк.

2. Такі, які не быў у карыстанні, ва ўжыванні. Асцярожна, каб лішне не прымаць свежую пасцель, Усцін Тарасавіч прысеў на краёк свайго ложка. Марціновіч. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой ва ўсе бакі пырснулі маленькія конікі, і задумаўся. Дуброўскі. / Пра новае і чыстае адзенне, бялізну. Свежая прасціна. □ Трафім Зіновіч падшыў да сваёй салдацкай гімнасцёркі свежы каўнерык. Кірэйчык.

3. Чысты, нічым не забруджаны, які часта абнаўляецца (пра ваду, паветра). Дзеці слухаюць сваю настаўніцу і старанна наліваюць градкі свежай, прынесенай з калодзежа, вадзіцай. Барашка. Грудзі яго [Мацуты] з палёгкай удыхалі свежае, халоднае паветра. В. Вольскі.

4. Халаднаватыя досыць халодны. З поля дзьмула свежым халадком, прабірала вільгаццю. Гартны. Раніца была свежая, і буйная раса шчыпала босыя ногі. Чарнышэвіч. Па дварэ быў вецер — дзьмуў на ганак — сухі, свежы, аж холадна стала ў грудзі. Пташнікаў.

5. Які не страціў сваёй сілы, бляску, яркасці ці натуральная афарбоўкі. Ён [трамвай] бяжыць з вясёлымі Званкамі, Афарбоўкай свежай зіхаціць. Броўка. Доўгі кароўнік,.. бялеўся новымі сасновымі сценамі, чырванеўся свежай чарапіцай. Якімовіч. // Ярка-зялёны, малады (пра траву, дрэвы і пад.). Свежая трава. □ Свежай зелянінай.. разгарнуліся вузкія палоскі аўса. Бядуля. Яшчэ дацвіталі сады, і дужа яркай была зелень свежага лісця на маладых бярозах. Машара. // перан. Выразны, ясны, незабыты. Усе дзяліліся свежымі ўражаннямі, усе апавядалі адзін аднаму пра новыя цікавыя падзеі. Зарэцкі. Прарасло жалеза Вострымі шыпамі, Будзе вечна свежай Аб салдаце памяць. Вітка.

6. Здаровы, поўны сіл, энергіі, запалу (пра чалавека). Якія.. [Богуш і Цымбал] здаровыя і свежыя, нібы прынеслі з сабою другі свет. Скрыган. Быў.. [Адам] спакойны, свежы і, лёгкі. Мо ад вады, мо ад цішыні і сонца. Вышынскі. // Які выражае такі стан, сведчыць пра яго. Смяялася кожная рыса.. [Дашынага] твару: свежыя паўнаватыя вусны, роўненькія, адзін у адзін, зубы. Васілевіч. Свежы румянец на твары прадвяшчаў поўнае выздараўленне. Кавалёў. // Звонкі, чысты (пра голас, смех і пад.). Голас у яе [Ядвісі] быў малады, свежы, сакавіты. Колас.

7. Не стомлены, не знясілены. Праціўнік пад вечар з яшчэ большай ярасцю кінуўся ў атаку. У бой уступілі свежыя часці. Гурскі. // перан. Адноўлены, абноўлены (сном, адпачынкам). Узяцца за справу са свежымі сіламі. □ Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны.

8. Які нядаўна або толькі што з’явіўся, узнік; новы. Свежы след. Свежая рана. Свежы нумар газеты. □ Яшчэ пяскі магілы свежай Пад сонцам Крыма не цвілі... Трус. За школаю едкім, удушлівым гарам пахла свежае пажарышча, і ў тонкай сасне маладою цягучаю смалою заплываў незаржавелы асколак ад бомбы. Адамчык. // Які ўпершыню з’явіўся дзе‑н.; чужы, дагэтуль тут невядомы. А вось свежы чалавек — той абавязкова спыніцца, каб паглядзець на дзве вуліцы [вёскі] ў садах. Ракітны. Увага мужчын была сканцэнтравапа на паспеўшых прыехаць у час — па свята — Міхала і Васіля, свежых людзей. Васілевіч. // Які пакуль нікому невядомы; самы новы, апошні. Свежыя навіны. □ [Вадзім Іванавіч:] — Добра, што вы заўтра выступіце. Свежае слова пра Маскву нам цяпер патрэбна як паветра. Гэта вельмі важна зараз... перад баямі. Дзенісевіч. У дзядзькі ўжо некалькі сшыткаў, у якіх ён запісвае казкі і песні, прыказкі, прымаўкі, свежыя словы, свае ўражанні і думкі. Брыль. // перан. Які ўпершыню сфармуляваны, выказаны, выкарыстаны; арыгінальны. Свежая думка. Свежая рыфма. □ Няма вычарпаных вершаваных форм і няма памераў, якія можна было б выкінуць як старызну: яны кожны раз становяцца свежымі, калі да іх дакранаецца сапраўдны талент. «Маладосць».

•••

Глянуць свежым вокам гл. глянуць.

На свежае вока гл. вока.

На свежую галаву гл. галава.

Па свежых слядах гл. след.

Свежае вока гл. вока.

Свежая капейка гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)