Моц ’трываласць, мацунак, моцнасць’, ’фізічная сіла’, ’аўтарытэт, магутнасць’, ’устойлівасць’, ’сіла, здароўе’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; гродз., КЭС; КЭС, лаг.), моца ’ўлада’, ’сіла’ (Нас.), ст.-бел. моцъ ’сіла, значэнне’, моць ’паўнамоцтва’ (Гарб.) запазычаны са ст.-польск. moc (Карскі, Труды, 312; Мядзв.; Кюнэ, Poln., 78; Пальцаў, Лекс. і гр., 38; Крапівін, Бел. лекс., 88; Булыка, Лекс. Запазыч., 208). Аналагічна моцны. Сюды ж моцна (моцно, моцнэ), мацнава́ты, моцнасць (Нас., Гарэц., Булг., Касп., ТС, Сл. ПЗБ), мацне́ць ’набірацца сіл, рабіцца мацнейшым’, мацне́ць ’сцягваць, узмацняць’ (ТСБМ, Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бязлі́тасны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае літасці, жалю, спачування. Бязлітасны чалавек. □ Але вораг напаў на маю бацькаўшчыну, каварны, бязлітасны, люты вораг. Гарбук. Патапавіч закрываў рукою шыю і стараўся цішэй ступаць, каб не ўвесці ў злосць гэтых бязлітасных пастаяльцаў. Кулакоўскі. // Які не заключае, не выяўляе ў сабе літасці, спачування; жорсткі, суровы. Бязлітасны прысуд. Бязлітасная крытыка. Бязлітасная праўда. Бязлітасныя словы. □ Узросшая магутнасць міжнародных манаполій зрабіла канкурэнтную барацьбу яшчэ больш бязлітаснай. Брэжнеў. Хлопец мімаволі сціснуў аўтамат і змерыў Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачамі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аслабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зрабіцца фізічна слабым, нядужым. [Алесь:] — Мяне ранілі, я аслабеў, не магу ісці. Адамчык. У .. [Макса Вэла] аслабелі рукі і ногі, ён дрыжаў. Гамолка. // Страціць ранейшую душэўную сілу. Аслабець духам. Воля аслабела. // Страціць ранейшую палітычную і эканамічную магутнасць. // Стаць менш вострым на ўспрыманне, прытупіцца. Мне нават падумалася, ці не аслабелі ад пажылога ўжо ўзросту яго [Ціхона] заўсёды неспакойныя вочы? Паслядовіч.

2. Зменшыцца ў сіле свайго выяўлення. Парадзела група, у якой быў Каляда, аслабеў агонь супраціўлення. Гурскі. [Пракоп:] — Апошнія паведамленні зараз будуць. Можа што пра марсіянскую касмічную лабараторыю скажуць. Нешта сігналы ў апошні час аслабелі. Шыцік. Шпарка трацячы свядомасць, .. [Кастусь] прабег колькі крокаў, і хада яго адразу аслабела. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вяльмо́жа ’вяльможа’ (БРС). Ст.-рус. вельможа, рус. вельмо́жа, укр. вельмо́жа (з XV ст. у форме вельможа, велможа), польск. wielmoża, чэш. velmož, ст.-слав. вельможа, балг. велмо́жа. Складанае слова (першая частка да *velьjь ’вялікі’, гл., другая да *mog‑ti ’магчы’). Гл. Праабражэнскі, 1, 71; Фасмер, 1, 290; Брукнер, 616; БЕР, 1, 133. Махэк₂ (683) мяркуе, што чэш. velmož, як і рус. вельмо́жа, — гэта зваротныя ўтварэнні ад прыметніка *velьmožьnъ (гэта азначае, што назоўнік з’явіўся пазней). Сюды ж бел. вяльмо́жны (Мал., Нас., Шат.). Ст.-бел. вельможный, велеможный (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.), рус. вельмо́жный, укр. вельмо́жний, польск. wielmożny (старое і wielemożny) і г. д. Бел. вяльмо́жствамагутнасць’ (Гарэц.), здаецца, не мае адпаведнікаў у польск. мове і ўтворана на бел. глебе. Можна ставіць пытанне, ці бел. вяльмо́жа, вяльмо́жны не з’яўляюцца запазычаннямі з польскай мовы (так думае Булыка, Запазыч., 59)? Да гэтага трэба дадаць, што і ўкр. вельмо́жа, вельмо́жний маюць не фанетычную форму (замест *вільмо́жа, *вільмо́жний). Уплыў ст.-слав., рус. або польск. мовы?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нако́лькі, прысл.

1. меры і ступені. У якой ступені, у якой меры. [Гудовіч партызанам:] Абяцаю вам, што я выкарыстаю гэтую зброю на ўсю яе магутнасць, наколькі хопіць маіх сіл. Крапіва. Жанчына, наколькі я разумеў гэта, хварэла на сэрца, і яе, небараку, у дарозе хапіў прыступ. Чыгрынаў.

2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. Сцяпан Каваль не раз трапляў пад паліцэйскую аблаву. Даводзілася ўсяк — і цяжка і лёгка. Усё залежала ад таго, наколькі сілы паліцыі пераважалі яго сілы. Пестрак. Сам па сабе ўзровень мастацкага твора не заўсёды з’яўляецца паказчыкам таго, наколькі пісьменнік выкарыстаў свае творчыя магчымасці. Крапіва; б) у даданых дзейнікавых сказах. Вочы .. [зубра] паблісквалі з-пад кучаравай, навісаючай грывы. Барада была чорная і густая. Дзіўна, наколькі яго аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі; в) у даданых сказах меры і ступені (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «настолькі», «нагэтулькі» ў галоўным сказе). Наколькі дапамог.. [Чыкілевічу] Пракоп, нагэтулькі, калі не болей, пашкодзіць яму.. [Мікіта]. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́ла, -ы, мн. -ы, сіл, ж.

1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія або маральная магчымасць чалавека, жывёліны актыўна дзейнічаць.

Мець немалую сілу.

Страціць сілу.

Набрацца сіл.

Прымяніць сілу (фізічнае ўздзеянне).

2. спец. Велічыня, якая з’яўляецца мерай механічнага ўзаемадзеяння цел; энергія, якая ўздзейнічае на матэрыю, цела, а таксама ступень інтэнсіўнасці, напружанасці гэтай энергіі.

С. зямнога прыцяжэння.

С. цяжару.

С. электрычнага току.

3. звычайна мн. Матэрыяльная аснова як крыніца энергіі, дзейнасці.

Сілы прыроды.

4. чаго. Здольнасць праяўлення якой-н. дзейнасці, стану, якая адрозніваецца пэўнай ступенню напружанасці, накіраванасці.

С. характару.

С. духу.

5. Улада, магутнасць, уплыў.

Магутная і непераможная с. барацьбітоў за мір.

6. Сутнасць, сэнс (разм.).

Уся с. ў тым, што чалавек гэты — майстар сваёй справы.

7. Значэнне, дзейнасць, правамоцтва.

Закон уступае ў сілу з 1 студзеня.

С. закона.

8. мн. Грамадская група, наогул людзі, якія вызначаюцца якімі-н. характэрнымі прыкметамі або накіраванасцю ў сваёй дзейнасці.

Дэмакратычныя сілы міру.

Лепшыя філарманічныя сілы.

Творчыя сілы інтэлігенцыі.

9. мн. Тое, што і войскі.

Сухапутныя сілы.

Узброеныя сілы краіны.

10. Т мн. сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго-н.

Сіламі аднавяскоўцаў адрамантавалі дарогу.

11. каго-чаго. Велізарная колькасць, мноства (разм.).

Гэты чалавек мае сілу дабра ўсякага.

Ад сілы (разм.) — самае большае.

З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).

З усёй сілы або на ўсю (поўную) сілу або з усіх сіл — з найбольшым напружаннем; што ёсць моцы.

(Не) па сіле каму або (не) пад сілу каму — пра адпаведнасць (неадпаведнасць) магчымасцей каго-н. рабіць што-н.

(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што-н.

Нячыстая сіла (разм.) — чорт, д’ябал.

Па меры сіл — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.

У сіле (разм.) —

1) у стане фізічнага і духоўнага росквіту;

2) у разгары, у росквіце.

Усімі сіламі — прыкладваючы ўсё старанне, намаганні.

Цераз сілу — звыш магчымасцей, жадання.

|| прым. сілавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

малы́ I прил. ма́лый; небольшо́й;

мала́я ко́лькасць — ма́лое (небольшо́е) коли́чество;

са́мы м. — са́мый ма́лый;

мала́я магу́тнасцьтех. ма́лая мо́щность;

мала́я ху́ткасць (ско́расць)спец. ма́лая ско́рость;

мала́я лі́тара — строчна́я бу́ква;

мала́я кало́рыя — ма́лая кало́рия;

мала́я ку́ча — мала́ ку́ча;

бяда́ мала́я — невелика́ беда́;

з малы́х гадо́ў — с ма́лых лет; с малоле́тства;

малы́я жа́ртыэ́то не шу́тка;

м. залатні́к, ды дарагі́посл. мал золотни́к, да до́рог;

з вялі́кага гро́му м. дожджпогов. гора́ родила́ мышь

малы́ II сущ. ребёнок м., дитя́ ср.; несмышлёныш м.; младе́нец м.;

стары́ і м. — и ста́рый и ма́лый; и стар и млад;

ад мало́га да вялі́кага — от ма́ла до вели́ка

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)