эйш, часціца.

Разм.

1. Ужываецца, каб звярнуць увагу, указаць на што‑н.: вось, глядзі і пад. Калі Марыля даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала: — Эйш, панюся знайшлася надта! Карона з галавы не звалілася б, калі цмокнула б лішні раз у панскую ручку. С. Александровіч.

2. Ужываецца для выражэння здзіўлення, незадавальнення, злосці (звычайна ў спалучэнні са словамі: «як», «які», «колькі» і пад.). [Рыгор:] — Дурань скажа! Я дурня і слухаць не буду. [Яўхім:] — Не будзе ён слухаць! Эйш, які разумны! Чорны. Ідзе немец лёгкім пружыністым крокам, высока ставіць ногі ў кароценькіх ботах з шырокімі халявамі. — Эйш, які рабы чорт, — гаворыць нехта ў мяне за спіною. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапра́ўднасць, ‑і, ж.

1. Тое, што існуе на самай справе, у жыцці; рэальнае існаванне чаго‑н., рэальнасць. Колю і цяпер усё яшчэ здаецца, што гэта быў не сон, а жывая сапраўднасць. Якімовіч. Усе нядаўнія падзеі ўсталі перад .. [Саўкам] у сваёй страшнай сапраўднасці. Колас. У апавяданнях Янкі Брыля ўпершыню знайшла шырэйшае эпічнае адлюстраванне заходнебеларуская сапраўднасць. Таўлай.

2. Уласцівасць сапраўднага (у 1 знач.). У старога пачалі ўжо з’яўляцца сумненні ў сапраўднасці запрашэння і вырастаць трывога за Таццяну і Любу. Шамякін. // Аўтэнтычнасць, праўдзівасць. [Лейтэнант] павёў ліхтарыкам, нібы лішні раз хацеў пераканацца ў сапраўднасці дакумента, змешчанай у ім фотакарткі. Лынькоў.

3. Сучаснасць. І гэта было ўсё, што нагадвала пра колішні Грабскі хутар, усё, што звязвала сапраўднасць з мінулым. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

грош, гроша; мн. грошы, ‑аў; м.

1. Даўнейшая медная манета (да 1838 г. двухкапеечная, а пасля паўкапеечная) у Расіі з 1657 да 1917 г. Хай грошай ні гроша, абы слава хароша. Прыказка. // зб. Грошы. І грош стаў лішні завадзіцца, Было што есці, чым акрыцца, І быў парадак, лад у хаце. Колас.

2. звычайна мн. (грашы́, ‑эй). Зусім нязначная сума грошай. Атрымаць грашы. Купіць за грашы.

3. Сучасная разменная манета ў Польскай Народнай Рэспубліцы, роўная 1/100 злотага, і ў Аўстрыі, роўная 1/100 шылінга.

•••

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Грош цана (у базарны дзень) каму-чаму гл. пана.

Ні за грош (капейку) — зусім дарэмна, без патрэбы (загінуць, прапасці і пад.).

Ні ў грош не ставіць гл. ставіць.

Уваткнуць (уставіць) свае тры грошы гл. уваткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліха, лі́хо, лі́ка, лі́хінько ’бяда, гора, зло, няшчасце’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Яруш., Бяльк., Шат., Грыг., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ, Янк. 1; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ’боль’, ’нячыстая сіла, чартаўшчына’ (Нас.); ’эпілепсія’ (бялын., Нар. сл.), ’блага, кепска’ (КЭС, лаг.; ТС, Бяльк., ТСБМ), ліхо́ ’моташнасць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), лі́хо паду́шчае, паду́шчэ лі́хо ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ, ТС); ліхі́, ліхі́й, ліхы́й, лыхы́й, лыхе́й ’благі, паганы, дрэнны’, ’нядобры’, ’злы (аб сабаку)’, ’хворы, худы, састарэлы, стары’, ’д’ябал’, ’смелы, удалы, маладзецкі’, ’рэзвы, жвавы, хуткі, імклівы (аб кані)’, ’адваротны бок матэрыі, адзення’ (Нас., Яруш., Мал., Бес., Касп., Шат., Янк. 1, Сцяшк., Маш., Мат. Гом., Клім., Федар. 1, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.; слонім., Нар. лекс.); ст.-бел. лихий ’нядобры, паганы, нізкаякасны, стары, непрыдатны’, ’злы, нячэсны, варожы’, ’неспрыяльны, непадыходзячы’ і другаснае (Булахаў, Гіст., 115) ’левы’. Укр. лихо, рус. лихо ’зло, бяда, няшчасце’, смал. ’нячыстая сіла’, ’злы лёс’, валаг., арханг. ’гора, смутак’; перм., алан. ’гультайства’, арханг. ’задавальненне’; ст.-рус. лихо ’зло’, ’лішка’, ’прыбыль’; польск. licho, драг. lich ’няцотны лік’, а з XVII ст. ’зло, няшчасце, бяда’, ’д’ябал’, каш. ’няшчасце’, ’няўдача, няпоспех’, чэш. licho ’няцотны лік’, ’няшчасце’, ’нячысцік’, мар. lichó ’няцотны’, славац. у выразах sudo licho, četno či licho, серб.-харв. та̏ко или лијо, ст.-слав. токъмоѥ и лихоѥ ’цот і лішка’, балг. лихо ’тупы чалавек’, прасл. lixo. Утворана ад прыметніка lixъ (укр. лихий, рус. лих, лихой, ст.-рус. лихый; польск., н.-луж. lichy, в.-луж. lichi, чэш., славац. lichú, славен. lȋh, серб.-харв. ли̑х, балг. лих, ст.-слав. лихъ) агульнай лініяй развіцця семантычнай структуры кораня якога lix‑ у слав. мовах быў, па-першае, пераход ад сінкрэтызму першапачатковага значэння кораня да расчлененых палярных якасных значэнняў: ’які перавышае норму’ і ’які не дасягае нормы’, па-другое, фарміраванне другасных якасных значэнняў, уласцівых усім або некаторым асобным слав. мовам, напрыклад н.-луж. ’свабодны’, рус. ’смелы, зухаваты’ (Сіліна, ОЛА–1975, 38). Узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so < *leiku̯‑ ’пакідаць’ (ст.-грэч. λείψᾰνον ’рэшта, астатак’, λειψό‑θριξ ’той, хто згубіў валасы’, лац. relinquō, ‑ere, relietus ’пакідаю’, літ. liẽkas ’няцотны, які застаецца пакінуты’, ãtlykis ’перапынак пасля работы’, лат. lìeksлішні, празмерны’, ст.-інд. rinákti ’пакідае, уступае’ (Фасмер, 2, 505; Слаўскі, 4, 228–229; 237–239; Бязлай, 2, 140. Махэк₂ (333) у прасл. lixъ бачыць дзве лексемы: 1) ’лішні, няцотны’; 2) ’злы, благі’. Няма падстаў). Сюды ж ліхам ’дрэнна; не так, як трэба; навыварат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рот, -а, М ро́це, мн. раты́, -о́ў, м.

1. Поласць паміж верхняй і ніжняй сківіцамі, якая мае адтуліну ў ніжняй частцы твару.

Паласкаць р.

Горка ў роце.

Дыхаць ротам.

Адкрыць р. (таксама перан.: надта здзівіцца; разм.). У р. не лезе што-н. каму-н. (не хоча і не можа есці; разм.). Не браць у р. чаго-н. (не есці або не піць, не ўжываць; разм. У р. не бярэ гарэлкі).

Разявіць р. (таксама перан.: тое, што і адкрыць рот; разм.). Баяцца р. разявіць (перан.: баяцца што-н. сказаць, паспрачацца; разм.). Заціснуць р. каму-н. (таксама перан.: не даць свабодна выказацца; прымусіць маўчаць; разм.). Заляпіць Р. каму-н. (перан.: подкупам, падарункамі прымусіць маўчаць, не гаварыць праўду; разм., неадабр.). Не закрываючы рота гаварыць (не змаўкаючы; разм.). У р. глядзець каму-н. (таксама перан.: угодліва слухаць або слухацца каго-н.; разм., неадабр.).

2. Абрысы і разрэз губ.

Вялікі р.

Прыгожы р.

3. У жывёл: тое, што і пашча. Рыбін р.

4. перан. Ядок, утрыманец (разм.).

Карміць шэсць ратоў.

Лішні р. у сям’і.

|| памянш. ро́цік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 2 знач.) і рато́к, -тка́, мн. -ткі́, -тко́ў, м. Маленькі роцік або раток.

|| павел. раці́шча, -а, мн. -ы, -аў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. ро́тавы, -ая, -ае (да 1—3 знач.; спец.).

Ротавая поласць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ныць, ныю, ныеш, ные; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.

2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.

3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.

•••

Душа (сэрца) ные гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кло́пат, -ту м.

1. забо́та ж.;

к. аб дабрабы́це наро́да — забо́та о благосостоя́нии наро́да;

без клапо́т — без забо́т;

2. хло́поты ед. нет;

лі́шні к. — ли́шние хло́поты;

3. беспоко́йство ср.;

нарабі́ць ~ту — причини́ть беспоко́йство;

вялі́кі к. — велика́ ва́жность; что за беда́;

~ту па ву́шы — хлопо́т по́лон рот;

ма́ла ~ту — невелика́ забо́та; беда́ больша́я;

і ~ту ма́ла — и го́ря ма́ло;

не ме́ла ба́ба ~ту, дык купі́ла парася́погов. не́ было печа́ли, так че́рти накача́ли

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

мяжа́, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.

1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.

2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. □ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.

3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.

•••

За мяжой — у замежных дзяржавах.

За мяжу — у замежныя дзяржавы.

З-за мяжы — з замежных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. каго. Адчуваць жаль, спагаду да каго‑н. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак, Свайго камунара Шкадавалі так. Купала. Шкадуюць людзі палячку, наракаюць на Арцёма за ганарлівую натуру. Гарэцкі. Ганька шкадуе цётку, і ёй хочацца зрабіць цётцы хоць нейкую палёгку, хоць чым дапамагчы ёй. Васілевіч.

2. каго-што і чаго. Берагчы, ашчаджаць. [Людзі] не шкадавалі і жыцця, каб абараніць свае землі і сваю справу. Шахавец. Толькі іграйце, музыкі, мацней, Ды не шкадуйце цымбал і смыкоў. Танк. // Не даваць, скупіцца. Да таго ж, у гэтай прыгодзе з аброццю або ў хітрыках дзеда, які шкадаваў унучцы ежы, было мінулае Шарупічаў. Карпаў.

3. аб чым і з дадан. сказам. Смуткаваць, бедаваць з прычыны чаго‑н. Гануля шкадавала, што ўвечары больш яна гаварыла, ёй хацелася, каб Яўхім расказаў усё-усё, дзе ён быў і што бачыў, як людзі жывуць на свеце. Гурскі. Не шкадую я аб згубленым, Рад таму, што знойдзена. Звонак.

4. з інф. Не адважвацца што‑н. зрабіць. Максім прыдзірліва сачыў за спідометрам, шкадаваў праехаць лішні кіламетр. Шамякін. Трэба было ісці, а я нібы шкадаваў наступаць на месца, дзе толькі што ступала яна. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. што. Аддзяліць частку чаго‑н. рэжучым інструментам. Выняўшы свежую, дамашняй выпечкі, буханку хлеба, [цётка] адрэзала акраец. Скрыпка. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка.

2. што. Аддзяліць частку зямельнага ўчастка. [Якуб] не раз абводзіў вачыма раўніну Жагулавага поля, абкружанага з усіх бакоў высокай сцяной бору, і стараўся ўгадаць, з якога боку адрэжуць у Жагулы лішні кусок зямлі, дзе давядзецца Якубу забудавацца. Крапіва. Карычанцы прыйшлі, каб ім панскай зямлі адрэзалі па кавалку. Скрыган.

3. што, ад чаго што. Аддзяліць, разлучыць, пазбавіўшы зносін, сувязі з кім‑, чым‑н. Адрэзаць авангард ад галоўных сіл.

4. што. Перагарадзіць (дарогу, праход і пад.). Трэба было хутчэй дапаўзці да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Карпюк. Матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся бліжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Міколку ўсякія шляхі да адступлення. Лынькоў. // Зрабіць немагчымым дасягненне якой‑н. мэты. Некалькі разоў парываўся [Іван] вярнуцца .. назад дадому, але жонка адрэзала ўсе шляхі да гэтага звароту: перасварылася з усім калгасам. Васілевіч.

5. без дап. Разм. Рэзка і ў катэгарычнай форме сказаць, заявіць. [Камендант:] — Кідай зброю!.. — І не падумаю, — адрэзала Юзя. Бажко. — Мне з вамі няма аб чым гаварыць, — адрэзала Ніна і пакінула Гаркуна пасярод хаты. Гроднеў.

•••

Як (нажом) адрэзаць — катэгарычна (сказаць), рашуча прыпыніць якое‑н. дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)