кало́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Невялікая калода; тое, што і калода (у 1 знач.). Мой бацька і дзядзька Язэп наняліся.. зваліць у гаі пару дзесяткаў дубоў і парэзаць на кароткія калодкі для клёпак. Бядуля. Зелянюк сеў пры стале на калодку і ўзіраўся ў старога. Зарэцкі.

2. Кусок дрэва, выструганы ў форме ступні, які выкарыстоўваецца пры пашыве абутку; капыл. Пацягнуць загатоўку на калодку. Выплятаць лапці па калодцы.

3. звычайна мн. (кало́дкі, ‑дак). Масіўныя драўляныя кайданы, якія надзявалі раней на ногі, рукі і шыю арыштанта для папярэджання ўцёкаў. Надзець калодкі на ногі.

4. Сярэдняя частка кола, у якой умацоўваюцца спіцы. Колы па калодкі западвалі ў чорную гразь. Лобан.

5. Драўляная або металічная аправа, у якую ўстаўляецца або на якую насаджваецца асноўная частка інструмента. Калодка рубанка.

6. Металічны або драўляны брусок у тормазным прыстасаванне які прыціскаецца да вобада кола або тормазнага шківа для тармажэння.

7. Планка, пры дапамозе якой прымацоўваюцца да адзення ордэны, медалі. // Вузкая палоска ордэнскай стужкі, якую носяць замест ордэна, медаля. На грудзях Яўмена Іванавіча былі пярэстым радком калодкі ўсіх яго ордэнаў і медалёў. Ермаловіч.

8. мн. (кало́дкі, ‑дак). Абл. Род скуранога абутку на драўлянай падэшве; дзеравяшкі. Калодкі часта слізгалі, ад пастаяннага напружання хутка пачалі ныць калені. Быкаў.

•••

Класці галаву на калодку гл. класці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ланцу́г, ‑а, м.

1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.

3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.

4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.

5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.

•••

І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.

На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.

Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.

Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун. ’бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisícaкайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

які́, ‑ая, ‑ое; займ.

1. пытальны. Абазначае пытанне аб якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. «Патрэбны тэмпы», — сказаў Куніцкі. — «Якія тэмпы?» — «Такія. Бальшавіцкія». Самуйлёнак. І хто яны? Якія людзі? Мо праўды светлае сыны? Куды ідуць? Чаго там блудзяць? З якою помстаю для суддзяў Нясуць на сэрцы кайданы? Трус. // Абазначае пытанне аб часе і парадку з’яўлення каго‑, чаго‑н. У якой колькасці і якім парадкам паедзем на палявыя работы? // Каторы іменна, каторы па парадку. Якая ж цяпер гадзіна? □ Ох, гэта дзецям знаць цікава, Калі якая будзе страва?.. Колас. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: «зусім не», «хіба», «ніякі». — Які з цябе будзе муж! — сказала Мальвіна, калі Адам прапанаваў выйсці за яго замуж. Корбан. І стралок з .. [Талаша] быў не кепскі: які ж ён быў бы паляшук, каб не ўмеў добра страляць? Колас.

2. азначальны. Выражае захапленне, здзіўленне якасцю, уласцівасцю каго‑, чаго‑н. Якія горы! А сады якія! Панчанка. Час не так вялікі, а якія змены! Колас. — І якая дзяўчына! — хваліў Веру Рыгор Паўловіч. — Партызанка, камсамолка, мае медаль «За баявыя заслугі». Арабей. // (у спалучэнні са словам «вось»). Такі. Латаны кажушак Ці такая ж світка, Лапці на сем вушак — Вось які Мікітка. Крапіва. Калі строга разбірацца ў фактах, то хата, аб якой была тут гутарка, не зусім дведава хата.. Шэсцьдзесят гадоў таму назад прыстаў Талаш у прымы да Насці Балыгі.. Вось якім парадкам стаў Талаш уладаром гэтай хаты. Колас. // (у спалучэнні са словам «хоць»). Любы, магчымы, усякі. Хоць які там салдацкі пачастунак, але ён, відаць, быў дарагі для дзіцяці. Няхай. Можа, хоць сукеначку [Нюрка] якую сабе справіць, пальцечка, не будзе локцямі свяціць. Гіль.

3. неазначальны. Разм. Які-небудзь, якісьці. Праз якіх хвілін пяток вартавы асцярожна падсунуў.. [Васілю Іванавічу] пад галаву нечую ватоўку, пакрыў шынялём. Лынькоў. Пільня патроху скрыпела, і не на адны толькі вайсковыя патрэбы. Праўда, цывільных рабочых тут было ўсяго якіх чалавек дзесяць. Чорны. [Люська:] — Хто той чарнявы? У будзёнаўцы?.. Брат ваш ці сваяк які блізкі-далёкі? Ракітны. // Каторы. Дзе ж вы хаваліся? Мой жа стары які дзень шукае вас па лесе. Дзенісевіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Наперадзе.. цягнулася паласа альховых кустоў, праз якія працякаў ручай. Шамякін. Прыгоды, якія пачаліся яшчэ раніцой, не скончыліся для людзей пад самы вечар. Лынькоў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых камянях. Чорны. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. З-пад гаці спакойна цякла рэчка, несучы тую порцыю вады, якую прызначалі ёй будаўнікі. Колас. [Русаковіч:] Я гавару пра тыя дасягненні, якія ўжо выкарыстоўваюцца на перадавых заводах. Крапіва.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. Не гадаю, з якое дарогі ўбачу я край любы мой. Панчанка. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была сутнасць — Раман не мог разабрацца. Колас. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Помню, я думаў пра тое, які дзень там, у нас, за Дняпром. Шамякін.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. Які ты ў быту, такі ты і на справе. Корбан. [Ціхан:] — А наш народ угору ўзняўся, Васіль Іванавіч, не той ён, якім быў у тыя гады. Лынькоў. Якая работа, такая і плата. Прыказка.

7. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Сустракаліся і такія, якія нібы абмяклі адразу, страцілі ўсякую волю і жылі раслінным жыццём, абы дзень пражыць. Лынькоў.

•••

З якой (гэта) ласкі? гл. ласка.

Калі што якое гл. што.

На якое ліха (лаянк.) гл. ліха.

Не лезе ні ў якія вароты гл. лезці.

Ні за якія грошы гл. грошы.

Ні ў якім выпадку гл. выпадак.

Ні ў якой меры гл. мера.

Якая розніца? гл. розніца ​1.

Які з сябе (сабою)? — як выглядае? (пра знешнасць чалавека).

Якім ветрам (прыгнала, занесла, прынесла) гл. вецер.

Якім макарам гл. макарам.

Якога чорта гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)