ВЯРЫ́ГІ,

прылады рэліг. самакатавання — кайданы, аковы, жал. або медныя ланцугі, кольцы, пласціны і да т.п., якія насілі на голым целе — аскеты, падзвіжнікі з мэтай пакаяння і ўтаймавання плоці. Паводле евангельскіх сказанняў, вярыгамі наз. ланцугі, у якія быў закаваны апостал Пётр.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБІ́ЗМ,

слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.

А.​І.​Жураўскі.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗІ́Ф, Сісіф,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж. Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАРГА (ад познагрэч. katergon галера),

асобы від пакарання за крымін. і паліт. злачынствы, што спалучаў пазбаўленне волі з асоба строгім рэжымам, у т. л. закоўванне ў кайданы і цялесныя пакаранні, і прыцягненнем зняволеных да цяжкай фіз. працы. Узнікла ў сярэднія вякі ў шэрагу еўрап. краін спачатку як адпраўка засуджаных грабцамі на галеры (адсюль назва), потым з’явіліся спец. катаржныя турмы. У Расіі вядома з пач. 18 ст.; з канца 18 ст. пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на К. пачалі ссылаць дзярж. злачынцаў і з Беларусі. Праца катаржан у Расіі выкарыстоўвалася пры буд-ве крэпасцей, марскіх партоў, караблёў, дарог і на рудніках; гал. месцамі адбыцця К. былі Нерчынскія руднікі і в-аў Сахалін. На тэр. Беларусі з 1820-х г. існавала катаржная турма ў Бабруйскай крэпасці. У 18 ст. сярод катаржан былі ўдзельнікі Пугачоўскага паўстання, у 19 ст. — дзекабрысты, петрашэўцы, удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, пазней удзельнікі народніцкага руху. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Расіі ўзнікла сістэма цэнтр. катаржных турмаў, сярод якіх найб. жорсткім рэжымам утрымання зняволеных вызначаліся Арлоўскі і Аляксандраўскі «цэнтралы», Акатуйская турма; значную колькасць катаржан разам з рэвалюцыйна настроенымі інтэлігентамі складалі рабочыя, сяляне і салдаты — удзельнікі масавых рэв. выступленняў, у т. л. рэвалюцыі 1905—07. Ліквідавана у Расіі ў сак. 1917.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)