клі́каць, клічу, клічаш, кліча; незак., каго-што.
1. Голасна зваць, прасіць прыйсці, прыблізіцца або адгукнуцца. Клікаць людзей на дапамогу. Клікаць маму. // Запрашаць, зазываць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Клікаць на вяселле. □ Лемяшэвіч быў здаволены, што Арэшкін не з’явіўся клікаць яго на вячэру. Шамякін. // Падзываць, склікаць (жывёл, птушак). Клікаць курэй. □ — Кліч сабаку, Алесь, — згадзіўся і Федзя. — Пойдзем хутчэй. Ваданосаў.
2. Заклікаць, зваць да якіх‑н. дзеянняў. Клічуць свой народ бальшавікі На буржуяў павярнуць штыкі. Грахоўскі. // перан. Узнімаць, пабуджаць, быць матывам для чаго‑н. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // перан. Вабіць, прыманьваць. Часта маладосць кліча Надзю ў краіну светлых мараў, у свет радасных пачуццяў, асабліва з узнікненнем кахання да Андрэя. Хромчанка.
3. Разм. Называць якім‑н. імем, мянушкай. І помніцца мне першае каханне, З тых пор ніколі болей не кахаў. Так шчыра і так лёгка і так сумна, Як я кахаў яе — адну дзяўчыну. Якую людзі клікалі Алесяй. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго. Аклікаць, зваць. — Цімох! Кірыла! — нарэшце гукае .. [дзед Мірон]. — Падыйдзіце .. сюды! Даніленка. Ля варот яго хтосьці паклікаў. Павярнуўшы галаву і ўбачыўшы таго, хто яго гукаў, Мікола сумеўся. Сіняўскі.
2. Гучна гаварыць, крычаць. — Паехалі! — гукае шафёр. Ракітны. На двары гулі машыны, і на кагосьці ўсё гукала дзяжурная: — Ну, толькі звязі маю хустку! Адамчык.
3. Абл. Гаварыць, размаўляць. Ля клуба стукаў рухавік. Дзяўчаты гукалі ў халоднай і ядранай маладой начы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. насеў, ‑села; заг. насядзь; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. У вагон насела многа народу. На плот населі птушкі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асядаючы на чым‑н., пакрыць сабою. На мэблю насеў пыл. // Прычапіцца да чаго‑н. На адзежу населі асцюкі.
3. Націснуць сваім цяжарам, наваліцца з сілай. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі. Баранавых. // Насунуцца, навіснуць. Выехалі [людзі] падвечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак. Мележ. Неба .. насела на самыя верхавіны дрэў. Быкаў.
4. перан. Разм. Настойліва патрабаваць ад каго‑н. чаго‑н. Клічка была зацверджана большасцю галасоў. — Лена, а як мы будзем цябе зваць? — населі дзяўчаты. — У мяне ўжо ёсць імя. Можаце зваць Алёшкам. Няхай.
5. Накінуцца на непрыяцеля. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машыны, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі. Казлоў. І населі тут на лебедзя Птахі дробныя. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Абаку́ліваць ’падманваць, ашукваць’ (Нас., Бяльк.), абакуліцца ’памыліцца’ (Нас., Яруш.), абакульнік ’ашуканец’ (Бяльк.), абакула ’той, хто ашуквае’ (Касп., Яруш.) < *о‑ба‑кул‑ити < *бакуля < *бакаць. Што датычыць словаўтваральнай мадэлі, параўн. абдзяжуліць (гл.). Рус. бакулить ’гаварыць, балбатаць’, бакуля, бакуня ’балбатун’, бакать ’гаварыць, балбатаць’. Параўн. ст.-польск. bakać, чэш. bakati ’зваць’ (< прасл. bajati ’гаварыць’). Інакш Фасмер, 3, 97, які абакуливать < аб + акула. Рус. окула ’ашуканец’ хутчэй за ўсё памылковая дэкампазіцыя ад обакулить, бакулить. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 17. Гл. бакулы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пярэ́звы ’ўзаемнае запрашэнне ў госці; запрашэнне ўсёй бяседнай кампаніі ў другі дом на пачастунак’ (ашм., Стан.; Хрэст. дыял.), ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да яе мужа або наведванне нявесты з мужам яе бацькоў пасля вяселля’ (Шат., Ян., Жд., Сцяц., Янк. 2). Ад перазыва́ць, параўн. пярэ́звы ’перазыванне гасцей для пачастункаў’ (Некр.), што ад зваць ’клікаць, запрашаць’ (гл.). Множналікавая форма характэрна для называння абрадаў і іншых этапаў вяселля, гл. сваты́ ’сватанне’, агле́дзіны, зару́чыны і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыклі́ка ’прэтэнзія, прычына да незадаволенасці; прымета, від; напасць; праклён’ (Нас.), пры́кліка ’прычына, падстава’ (Кос., Растарг.); сюды ж прыклю́к ’прычына, прычэпка’ (пін., Нар. лекс.) з дыялектным чаргаваннем націскнога галоснага і пры́кляўка ’зачэпка, падстава’ (жлоб., Мат. Гом.) з суфіксальным фармантам на месцы ўсечанай часткі кораня. Да клі́каць ’голасна зваць’ (гл.), параўн. прыкляка́ць ’заўважаць, звяртаць увагу’ (Мат. Гом.) < прасл. *klikati гукапераймальнага характару (ЭССЯ, 10, 41) з далейшым семантычным развіццём. Усходнеславянскае арэальнае ўтварэнне, параўн. рус. смал., зах.-бранск. при́клика, пры́клика ’прычына, падстава, нагода’, бранск. ’абгавор, паклёп’, смал. при́клик ’нагода, падстава’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
узду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Нечакана задумаць, захацець зрабіць што‑н. — Не ўздумайце страляць, — крыкнуў праваднік. — Мы партызаны. Вядзіце нас да начальства. Новікаў. Мажэйка вырашыў рашуча адбівацца ад усіх, хто ўздумае на яго нападаць. Шахавец. // Надумаць. — З інспектарам аблана Віктарам Кучэрыным нам даводзілася ездзіць даволі часта, і паміж намі ўстанавілася такая блізкасць, пры якой кожны меў права распытваць другога, што толькі ўздумае. Карпюк.
2. каго-што і з дадан. сказам. Разм. Успомніць, прыпомніць. Маці .. ніяк не магла ўспомніць і выгаварыць сынава імя. Возьме дзіця на рукі, а як зваць, не ўздумае. Васілевіч. Хацела [Алена] запрасіць: «Прыходзьце вы да нас», але ўздумала, што не яна гаспадыня тут, — Ядзя павінна запрашаць. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крича́ть несов.
1. крыча́ць;
2. (подзывать) гука́ць, клі́каць, зваць, падзыва́ць;
◊
крича́ть во всё го́рло крыча́ць на ўсё го́рла;
не свои́м го́лосом крича́ть крыча́ць не сваі́м го́ласам;
крича́ть дурны́м го́лосом (благи́м ма́том) крыча́ць не́мым го́ласам;
хоть карау́л кричи́ хоць гвалт крычы́;
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Звіне́ць ’утвараць металічны гук’. Рус. звенеть, укр. дзвеніти, звеніти, палаб. znane ’звініць’ (3 ас.), славен. zvę́niti. Ст.-слав. звенѣти. Ст.-рус. звенѣти. Ст.-бел. звинети (Скарына). Прасл. zvьnčti (або zvъněti, Копечны, Zákl. zásoba, 430) > чэш. zníti, славац. znieť ’звінець’ і інш. Прасл. слова мае спрэчныя суадносіны з і.-е. (Фасмер, 2, 86–88; Шанскі, 2, З, 77; Голуб-Копечны, 438). Першая магчымасць: zvьněti < і.-е. *gʼhu̯en‑ ’гучаць’: літ. žvéngti, лат. zvíegt ’іржаць’, алб. zē ’голас’ (Покарны, 1, 490; Траўтман, 374; Скок, 3, 668). Іншая магчымасць: і.-е. корань su̯en‑ ’гучаць’, ст.-інд. svanati ’гучыць’, лац. sono ’гучу’. Махэк₂ (717–718) пачатковае z замест s тлумачыць уздзеяннем зваць (гл.), звяк (гл.), які тады ўзводзіцца да *gʼhu̯en‑ (БЕР, 1, 623). Гл. звяга, звон, звяк.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)