ро́зум, -у, М -е, м.

1. Здольнасць чалавека лагічна і творча мысліць, абагульняць вынікі пазнання.

Чалавек вялікага розуму.

Яна адрозніваецца і розумам, і прыгажосцю.

Прыродны р.

2. Разумовае развіццё, інтэлект.

Р. дыктаваў ёй зрабіць так.

Што галава, то р. (прыказка). Каб не твой р. ды не наша хітрасць, прапалі б усе на свеце (прымаўка). Па адзенні сустракаюць, а па розуму праводзяць (прыказка).

3. перан. Пра чалавека як носьбіта інтэлекту.

Лепшыя розумы чалавецтва (вялікія мысліцелі, вучоныя; высок.).

Ад (з) вялікага розуму (разм., іран.) — здуру, па дурасці.

Давесці да розуму каго (разм.) — тое, што і на розум наставіць.

Дайсці да розуму (разм.) — паразумнець, разабрацца ў чым-н.

Дайсці сваім розумам (разм.) — самастойна разабрацца ў чым-н.

Жыць сваім розумам (разм.) — прытрымлівацца сваіх поглядаў, быць самастойным ва ўсім.

Жыць чужым розумам (разм.) — прытрымлівацца чужых поглядаў, не маючы самастойнай думкі.

Звесці з розуму каго (разм.) —

1) давесці да страты розуму;

2) захапіць, зачараваць.

Яе прыгажосць звяла з розуму хлопца.

З розумам або з галавой (рабіць што-н.; разм.) — разумна, з веданнем справы.

З розуму сышло (разм.) — зусім забыў.

На розум наставіць (навесці) каго (разм.) — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

Не пры сваім розуме хто (разм.) — не зусім нармальны псіхічна.

Прыйсці да розуму (разм.) — стаць разважлівым.

Пры сваім розуме хто (разм.) — у нармальным псіхічным стане.

Розум за розум заходзіць у каго (разм.) — не ў стане разумна разважаць, дзейнічаць з-за разгубленасці, мноства спраў.

Розуму не дабяру (разм.) — не магу зразумець, здагадацца.

Траціць розум

1) дурнець;

2) ад каго-чаго, надта захапляцца кім-, чым-н. (разм.).

Ці маеш ты розум? (разм.) — ці разумееш ты, што робіш?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

насі́цца, насіўся, носішся, носіцца; незак.

1. Тое, што і несціся ​1 (у 1 знач.), але абазначае рух у розных напрамках, працяглы, у розны час. [Камандзір] насіўся ўдоўж лініі фронта пад жорсткім агнём. Брыль. Над нізкім іржышчам .. насіліся шпакі. Пташнікаў. Цэлымі днямі .. [Косцік] насіўся з сябрамі вакол азярца, што шапацела хвалямі за вёскай. Даніленка. // Хутка перамяшчацца (пра вецер, хмары, пыл і пад.). Па-над полем носіцца гуллівы лёгкі вецер. Галавач.

2. перан. Разносіцца, распаўсюджвацца (пра гукі, чуткі, пахі і пад.). Насіліся па лесе нейкія таемныя гукі. Лынькоў. Цераз паўгадзіны па ўсім Бродзе насіліся чуткі пра вайну. Баранавых. Над поплавам носіцца пах свежазгрэбенага сена. Галавач.

3. Быць, знаходзіцца ў нашэнні. Паліто добра носіцца. □ [Дзядзька] нават раіўся з Толем, якую падэшву лепш, паставіць пад бот, каб ён даўжэй насіўся. Даніленка. // Быць ва ўжыванні, у модзе. Універсітэцкі значок носіцца з правага боку.

4. Разм. Празмерна захапляцца кім‑, чым‑н.; вельмі многа думаць, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. Насіцца з ідэяй. □ [Галя:] — Не раўнуючы, як хлапчанё якое, з авантурамі рознымі носіцца. Можа яно і не авантура, можа ён [Ігнат] проста кепікі нада мной строіць. Лынькоў. // Надаваць вялікае значэнне, удзяляць шмат увагі чаму‑н. — І вось бачыш, — .. [Сяргей] паказаў на нагу, — нашуся цяпер з ёй, як з цацкай. Сіўцоў.

5. Разм. Задавацца. Ён, Юрка, паказаў бы таму Чаркашыну... Ён нават не ведае, што зрабіў бы... Але хай Чаркашын надта не носіцца... Юрка яму яшчэ не даруе. Пташнікаў.

•••

Насіцца ў паветры — пра блізкі надыход чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ка, -а, мн. во́чы і (з ліч. 2, 3, 4) во́кі, вок, вачэ́й, Д вача́м, Т вача́мі і вачы́ма, М на вача́х, н.

1. Орган зроку, а таксама сам зрок.

Левае в.

Блакітныя вочы.

Хвароба вачэй.

Вернае в.

Вочы загарэліся на што-н. (вельмі захацелася мець што-н.). З завязанымі вачамі (неабачліва, не раздумваючы). Падняць вочы (паглядзець уверх або знізу ўверх). Рабіць вялікія вочы (здзіўляцца). Ісці куды вочы глядзяць (ісці абы-куды, без пэўнай мэты). Закрыць вочы каму (перан.: прысутнічаць пры чыёй-н. смерці). Паганае в. (у забабонах: позірк, які прыносіць няшчасце).

2. перан., толькі адз. Здольнасць бачыць, набытая ў працэсе жыццёвага вопыту.

Бывалае в.

Звыклае в.

Гаспадарчае в.

Глядзець вачамі каго або чыімі на што — не мець уласнай думкі.

Кідацца ў вочы — прыцягваць увагу, быць асабліва прыметным.

Лезці ў вочы (разм., неадабр.) —

1) старацца быць увесь час на віду, назойліва маячыць перад вачамі;

2) быць асабліва прыметным.

Адвесці вочы каму (разм.) — адцягнуць увагу чыю-н. ад чаго-н.

Адкрыць вочы каму на каго-што — паказаць каго-н. у праўдзівым свеце.

Закрываць вочы на што — знарок не заўважаць чаго-н., пакідаць без увагі што-н.

Глядзець у вочы чаму (небяспецы, смерці і пад.) — быць блізкім да чаго-н.

Вочы б мае не бачылі (разм.) — пра што-н. непрыемнае, што не хочацца бачыць.

У вочы казаць (сказаць) — казаць (сказаць) адкрыта, прама.

Чортава вока (разм.) — вельмі глыбокае, бяздоннае месца на балоце.

Як вока схопіць або як вокам ахапіць (разм.) — колькі можна ўбачыць, як толькі далёка бачыць вока.

Як вокам маргнуць (разм.) — пра вельмі хуткае дзеянне.

У вочы не бачыў каго (разм.) — ніколі не бачыў каго-н.

За вочы (гаварыць; разм.) — завочна, у адсутнасць.

На вока (разм.) — прыблізна, без дапамогі вымяральных сродкаў.

З вока на вока або вока на вока — сам-насам.

З п’яных вачэй (разм.) — у стане ап’янення.

Упасці (укінуцца) у вока (разм.) — запомніцца, спадабацца.

Адбіраць вочы — асляпляць (пра веснавое сонца).

Берагчы як зрэнку вока — пільна сачыць, уважліва ахоўваць што-н.

Вачэй не зводзіць з каго-чаго (разм.) — вельмі захапляцца кім-, чым-н.

Вачэй не паказваць (разм.) — пазбягаць сустрэчы.

Глянуць адным вокам (разм.) — няўважліва, хутка прачытаць што-н.

Мець вока на каго (разм.) — таіць злосць на каго-н.

Хоць вока выкалі (разм.) — пра начную цемнату.

Хоць пальцам у вока (разм.) — пра густую цемру.

|| памянш. во́чка, -а, мн. -і, -чак, н. (да 1 знач.), мн. таксама вачаня́ты, -ня́т (да 1 знач.; разм.).

Строіць вочкі каму-н. (какетнічаць з кім-н.).

|| прым. во́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

хілі́цца, хілюся, хілішся, хіліцца; незак.

1. Прымаць нахіленае становішча; нахіляцца, нагінацца. Выносныя стромкія хвоі з хрыпаватым стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой. Крапіва. І хіліцца хмызняк, І сцелецца лазняк. Бабоўнік, сітнік, хвошч Страсаюць росны дождж. Пушча. // Кланяцца. Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца — сваты былі важныя — Воўк і Лісіца. Танк. // Хістацца ад знямогі. [Андрэй] зноў павярнуўся да яе [Балюты] спінай і нагнуўся ўперад. Пачуў, што і яна хіліцца разам з ім. Пташнікаў. [Палонныя] хіляцца ад лёгкага подыху ветру, ад лёгкага дотыку.. кованага бота. Лынькоў. // Прысланяцца да чаго‑н., апускацца на што‑н. Хілілася галава на гармонік. Валасы лезлі ў вочы, гарманіст хвіліну спаў, потым рэзка ўзнімаў, шырока расцягваў гармонік. Мікуліч. Аксана хіліцца галавой да .. [Кастусёвага] пляча. Галавач. // Падыходзіць, падступаць да чаго‑н. Там, дзе к рэчцы хіліцца бальшак, Можа век стаіць, людзьмі пакінуты, З крыл[а]мі зламанымі вятрак. Астрэйка.

2. Нахіляцца набок (пра судна, самалёт і пад.). А потым бег, падскокваючы па мёрзлым полі, самалёт. Падняўся. Хіліўся на адзін бок, робячы круг над мястэчкам. М. Стральцоў. Хрупнула пад перадком падводы, і яна памалу пачала хіліцца набок. Капыловіч.

3. перан.; да чаго. Набліжацца да якой‑н. мяжы, пэўнага моманту. Дзень хіліцца к вечару, і пакрысе цямнее панурае неба. Чарнышэвіч. Ноч хілілася да свайго канца, калі.. [Валодзя] зноў пастукаў да Наталі. Чорны. / у безас. ужыв. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы. Кулакоўскі. // Схіляцца (пра нябесныя свяцілы). Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Асіпенка.

4. перан. Накіроўвацца, ісці да чаго‑н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.). Хаця справа даўно ўжо хілілася да такога канца, Люба раптам падумала: — А ці дасць шчасце Віне такая самаахвярнасць? Васілевіч. З кожным днём рабілася відавочней, куды хіляцца падзеі. Новікаў.

5. Пяшчотна туліцца, гарнуцца да каго‑н. Тацяна хілілася да маленькага, што ляжаў побач з ёю, і глыбока ўдыхала паветра. Кавалёў. // перан. Мець цягу да каго‑н., сімпатызаваць каму‑н. Але да бабы.. [Косця] так прывык, што хіліўся больш, чым да маці. Грамовіч. Выбіраў, сама, хіліся да таго, хто любы, ідзі з ім, шануй знойдзенае шчасце, бо лепшага за гэта ў жыцці не бывае. Дуброўскі.

6. Мець схільнасць, ахвоту да чаго‑н., захапляцца чым‑н. Да работы па гаспадарцы [у Казіміра] не хілілася сэрца, не падымаліся рукі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)