ро́зум, -у, М -е, м.

1. Здольнасць чалавека лагічна і творча мысліць, абагульняць вынікі пазнання. Чалавек вялікага розуму. Яна адрозніваецца і розумам, і прыгажосцю. Прыродны р.

2. Разумовае развіццё, інтэлект. Р. дыктаваў ёй зрабіць так. Што галава, то р. (прыказка). Каб не твой р. ды не наша хітрасць, прапалі б усе на свеце (прымаўка). Па адзенні сустракаюць, а па розуму праводзяць (прыказка).

3. перан. Пра чалавека як носьбіта інтэлекту. Лепшыя розумы чалавецтва (вялікія мысліцелі, вучоныя; высок.).

Ад (з) вялікага розуму (разм., іран.) — здуру, па дурасці.

Давесці да розуму каго (разм.) — тое, што і на розум наставіць.

Дайсці да розуму (разм.) — паразумнець, разабрацца ў чым-н.

Дайсці сваім розумам (разм.) — самастойна разабрацца ў чым-н.

Жыць сваім розумам (разм.) — прытрымлівацца сваіх поглядаў, быць самастойным ва ўсім.

Жыць чужым розумам (разм.) — прытрымлівацца чужых поглядаў, не маючы самастойнай думкі.

Звесці з розуму каго (разм.) —

1) давесці да страты розуму;

2) захапіць, зачараваць. Яе прыгажосць звяла з розуму хлопца.

З розумам або з галавой (рабіць што-н.; разм.) — разумна, з веданнем справы.

З розуму сышло (разм.) — зусім забыў.

На розум наставіць (навесці) каго (разм.) — даць разумную параду, навучыць чаму-н. добраму.

Не пры сваім розуме хто (разм.) — не зусім нармальны псіхічна.

Прыйсці да розуму (разм.) — стаць разважлівым.

Пры сваім розуме хто (разм.) — у нармальным псіхічным стане.

Розум за розум заходзіць у каго (разм.) — не ў стане разумна разважаць, дзейнічаць з-за разгубленасці, мноства спраў.

Розуму не дабяру (разм.) — не магу зразумець, здагадацца.

Траціць розум

1) дурнець;

2) ад каго-чаго, надта захапляцца кім-, чым-н. (разм.).

Ці маеш ты розум? (разм.) — ці разумееш ты, што робіш?

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс, часткова)