Ска́за ‘скажэнне, вада, загана’ (Нас., Гарэц., Ласт., Др.-Падб., Сержп., Байк. і Некр.), сказ ‘скажэнне’ (Байк. і Некр.), ‘пашкоджанае месца’ (Варл.), сказэ́ ‘пашкоджанне клубняў бульбы’: сказэ́ праз усю картофлю, сказава́ты ‘пашкоджаны’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Аддзеяслоўныя з нулявым суф. і суф. ‑а дэрываты ад сказіць < казіць (гл.), параўн. сказі́ць ‘скалечыць, знявечыць’ (Нас., Стан., Пятк. 2), сказі́цца ‘скрывіцца’ (Касп., Растарг.), сказні́ць ‘знявечыць’ (ТС), ст.-бел. сказити ‘знішчыць, разбурыць’ (Ст.-бел. лексікон, Альтбаўэр) і сказнь, сказ ‘вызначэнне, суд, прыгавор’ (Ст.-бел. лексікон). У казёл ‘захворванне бульбы’ (Юрч.), казлы́ ‘пашкоджаныя вочкі бульбы’ (шчуч., Сл. ПЗБ) назіраецца кантамінацыя сказіць і казёл (гл.). Параўн. яшчэ ўкр. сказ ‘агрэх’, ‘дэфект у палатне пры тканні’, польск. skaza ‘рыса; шчыліна; рана; блізна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недахо́п, ‑у, м.

1. Памылка, хіба; недасканаласць чаго‑н. Новы парторг праўдзіва і адкрыта расказвае пра недахопы .., пра тыя цяжкасці, якія перажывае будоўля. Дадзіёмаў. Паказваць на недахопы, вядома, лягчэй, чым выпраўляць іх. Шамякін. // Фізічная загана; вада. У Косці Грушэўскага быў адзін фізічны недахоп, які хутка і даў аб сабе знаць.. У апошнія дні вайны яго раніла ў лёгкае. Карпюк. // Адмоўная рыса ў каго‑н. Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну вельмі станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Шыцік.

2. Адсутнасць неабходнай колькасці каго‑, чаго‑н.; патрэба ў кім‑, чым‑н. Недахоп вільгаці ў глебе. Недахоп часу. □ У адным з баёў на Заходнім фронце дывізія Старобінскага, з-за недахопу патронаў, вымушана была адступіць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ва́дзіць1 ’шкодзіць’ (БРС, Шпіл., Яруш., Др.-Падб., Гарэц.); ’муляць, назаляць; турбаваць; калоцца’ (Юрч., Грыг., Сцяшк. МГ, Янк. БП); ’(мяне) нудзіць, (мне) моташна, млосна’ (безасаб.) (КСТ), ва́дзіцца ’сварыцца’ (Гарэц., Хрэст. дыял., 333); ’весці звадку’ (лаг., КЭС), ва́дка ’сварка’, ва́дазагана’ (Хрэст. дыял.); ’налог, недахоп’ (Шпіл.); ’няшчасце’ (Карскі, Труды, 337); ’недахоп, загана’ (Арх. Бяльк.); ’ганьба, фальш, хіба’ (лаг., КЭС); ’боль’ (КСТ). Рус. ва́дить ’узводзіць паклёп, сварыцца’, польск. wadzić ’сварыць, звадзіць’, wada ’недахоп’, в.-луж. wadźić ’перашкаджаць, шкодзіць’, чэш. vaditi ’тс’, vada ’звадка, сварка’, славен. váditi ’абвінавачваць’, балг. ва́дя ’паклёпнічаць, быць зламоўным’. Прасл. *vaditi роднаснае з літ. vadinti ’зваць, запрашаць’, ст.-в.-ням. farwáʒan ’абяцаць, клясціся’, ст.-інд. vádati ’гаворыць, паведамляе’. Гл. Фасмер, 1, 265–266; БЕР, 1, 112; Махэк₂, 674; Брукнер, 598; Скок, 3, 557.

Ва́дзіць2 ’прыцягваць’ (Гарэц.); ’шанцаваць, мець карысць’ (КЭС). Рус. повадка, ва́да ’звычка’, ва́дить, важивать ’вабіць, прынаджваць, прыкормліваць’, повадиться ’займець звычку’, балг. ва́дя ’атрымліваць’, серб.-харв. на́вада ’звычка’, на̀вадити ’прывучаць’, славен. vaditi ’прывучаць’, ст.-слав. навада ’прывучэнне’. Прасл. *vaditi < *vada, якое Праабражэнскі (1, 63) суадносіць з санскр. svdhhā́ ’звычка, звычай, навык’, адасабляючы ад рус. ва́да ’сварка’, ва́дзіць ’маніць, гаварыць няпраўду’. Магчымасць пераходу ’сварыцца’ > ’прынаджваць, прывучаць’ дапускае Фасмер (1, 266). Гл. яшчэ Скок, 3, 558; Варбот, Этимология, 1963, 213–216; Даруля, SR, 1968, 217–223.

Вадзі́ць1. Прасл. *voditi — ітэратыў да весці (гл.).

Вадзі́ць2 ’шукаць у схованках’ (КСТ). Утворана лексіка-семантычным спосабам ад вадзі́ць/ве́сці. Параўн. рус. водить ’у дзіцячых і спартыўных гульнях выконваць галоўную ролю адпаведна з правіламі’; ’канаводзіць’, балг. водя ’кіраваць’, серб.-харв. он води ’ён уперадзе’. Праабражэнскі (1, 100) указвае на рус. ва́ди́ть, якое ўжываецца ў гульнях у адносінах да таго, хто прайграў і абавязаны, напрыклад, падаваць шар, мячык. Можна меркаваць, што ў рус. ва́ди́ть «аб’яднаны» розныя дзеясловы: води́ть і ва́дить. Даль (1, 160) адзначыў, маючы на ўвазе гэта значэнне: «здаецца, гэта будзе води́ть, а не ва́дить». Параўн., аднак, ва́дзіць ’ставіць цурку пры гульні ў клёк’ (Сцяц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зака́ла ’помслівы чалавек’ (мядз., Нар. словатв.). Рус. дыял. зака́л ’чалавек, што крыўдзіць слабых’, пск. ’пятніца’, урал. ’зух’, польск. zakał ’чалавек, што кампраметуе блізкіх’, zakała ’ганебная, кампраметуючая рэч’, укр. уст. дыял. зака́ла ’сорам’ (Жэлях.), рус. кастр. зака́ла ’неакуратнасць, нядбайнасць’. Ст.-польск. zakał (XIV ст.) ’пляма, бруд, загана’. Параўн. чэш., славац. zákal ’пакаламучанне вады, піва, віна’. Параўн. рус. арханг., алан. зака́л ’смелы, бывалы чалавек’. Назва чалавека з адмоўнай характарыстыкай узыходзіць, відаць, як семантычны перанос да адмоўнай назвы рэчы. Можна меркаваць аб двух вытоках такога пераносу: хлеб з закальцам (закалам) ганьбіць гаспадыню, адкуль ідзе семантычны шлях: ’закалец у хлебе’ > ’нядбайнасць’ > ’ганебная рэч’, ’сорам’ > ’чалавек, што кампраметуе блізкіх’ > ’кепскі чалавек’, у тым ліку ’помслівы’, ’п’яніца’ і г. д. ’Пакаламучанае віно’ > ’кепскае віно’ > ’кепская рэч’ > ’кепскі чалавек’. Адносна другога шляху важна ўлічыць адцягненае, пераноснае ўжыванне слова ўжо ў XIV ст. у ст.-польск., якое можа ўзыходзіць да ст.-чэш. (суч. чэш. zákal тлумачыцца як аддзеяслоўны бязафіксны назоўнік ад zakaliti да кал ’бруд’, параўн. каламуціць). Гл. закалец. Рус. зака́л ’смелы, бывалы чалавек’, ’зух’ можа быць непасрэдна ад закалять(ся) ’гартавацца, атрымліваць вопыт’ і хутчэй не звязана са словамі са знач. адмоўнай характарыстыкі чалавека.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед. жаба, польск. żaba, чэш., славен. žába, серб.-луж. žaba, палаб. zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав. жаба ’жаба’. Прасл. *žaba < *gēbā < і.-е. g​eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням. Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл. kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед. дыял. (s)kvabb ’нешта тлустае’, англ. quab ’балота’, ст.-прус. gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр. жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор. žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.

Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ. gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац. rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням. frösch im Halse ці англ. frog in the throat літар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур. kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац. angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.

Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял. жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ. frog ’жаба’, ’засаўка’, узб. бақа, кірг. бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).

Жа́ба4загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш. žaba ’тс’ (PSJČ), балг. жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.

Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус. дыял. жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).

Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1 па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац. žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недахоп, хіба, брак, няспраўнасць, недаробка, дэфект / прыроджаны: ганьба; загана, вада, завада, агрэх, пахіба, пахібка (разм.); непаладкі (разм., мн.); сказа (абл.); грэх, прарэха, слабасць, слабінка, пляма, памарка, хвароба, балячка, вывіх, мінус (перан.) □ слабы бок, слабае месца, слабая мясціна, цёмны бок, ценявы бок, ахілесава пята

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ва́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Загана, недахоп. А колькі хварэла яна сама — малою і ўжо нават дзеўкаю, калі хвароба лічыцца самаю большаю вадаю для дзеўкі. Дамашэвіч.

вада́, ы́, ДМ ‑дзе́; мн. во́ды, ‑аў; ж.

1. Празрыстая бясколерная вадкасць, якая ўтварае рэкі, азёры, моры і з’яўляецца хімічным злучэннем кіслароду і вадароду. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёманам, дзе так страшна бушуе вада. Колас. // Водная маса. Аж гудзе параход, налягаючы грудзьмі на глыбокія воды. Лынькоў. // (звычайна з азначэннем). Напітак, тэхнічныя растворы. Газіраваная вада. Мінеральная вада. Вапнавая вада. // толькі мн. (во́ды, ‑аў). Курорт з мінеральнымі крыніцамі. Лячыцца на водах.

2. толькі мн. (во́ды, ‑аў). Водныя прасторы, участкі рэк, азёр, мораў. Тэрытарыяльныя воды. Дзяржаўныя воды. Антарктычныя воды.

3. толькі адз.; перан. Разм. Пра наяўнасць пустога, беззмястоўнага шматслоўя ў дакладзе, лекцыі і пад.

4. Якасць каштоўнага каменя, якая вызначаецца чысцінёй бляску, празрыстасцю.

5. у знач. прысл. вадо́ю. Водным шляхам, па вадзе. Дастаўляць грузы вадою.

6. Паводка, разводдзе. Вялікая вада.

•••

Верхавая вада — вада, якая сцякла ў рэчку пасля дажджу або ўтварылася з расталага снегу.

Жорсткая вада — вада, якая ўтрымлівае шмат кальцыевых і магніевых солей.

Жоўтая вада — хвароба вачэй, пры якой зрэнка набывае жоўты колер.

Мяккая вада — вада, якая ўтрымлівае мала кальцыевых і магніевых солей.

Цёмная вада — слепата, выкліканая атрафіяй зрокавага нерва.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Вада не ўстоіць на кім — пра таго, хто ўмела і хутка ўсё робіць.

Вадой не разліць (не разальеш) каго гл. разліць.

Ваду малоць гл. малоць.

Вады (нікому) не замуціць гл. замуціць.

Віламі па вадзе пісана гл. пісаны.

Вывесці на чыстую ваду гл. вывесці.

Выйсці сухім з вады гл. выйсці.

Дзесятая вада на кісялі — пра далёкае сваяцтва.

Жывая вада (у казках) — цудадзейная вада, якая вяртае жыццё мёртвым.

Каламуціць (муціць) ваду гл. каламуціць.

Канцы ў ваду гл. канец.

Ліць ваду на млын каго, чый гл. ліць.

Мёртвая вада — а) вада, узровень якой настолькі нізкі, што не можа прывесці ў рух колы млына або іншыя вадзяныя рухавікі; б) у казках — цудадзейная вада, ад апырсквання якой зрастаецца пасечанае на кавалкі цела (ажывае ад апырсквання жывой вадой).

На ваду брахаць гл. брахаць.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Не з хараства ваду піць гл. піць.

Пасадзіць на хлеб і ваду гл. пасадзіць.

Перабівацца з вады на хлеб гл. перабівацца.

Сплыць вадою гл. сплыць.

Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць гл. лавіць.

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Цішэй вады, ніжэй травы гл. цішэй.

Як вадой змыла гл. змыць.

Як вады ў рот набраць гл. набраць.

Як дзве каплі вады гл. капля.

Як з гусі вада каму — нічога не дзейнічае.

Як камень у ваду гл. камень.

Як пугаю па вадзе гл. пуга.

Як рыба ў вадзе гл. рыба.

Як у вадзе растаць гл. растаць.

Як у ваду глядзеў гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)